• Часопісы
  • Млын на сямі колах Беларускія народныя легенды і паданні

    Млын на сямі колах

    Беларускія народныя легенды і паданні

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 334с.
    Мінск 1998
    104.05 МБ
    — Калі-небудзь ты зразумееш,— з уздыхам адказала маці.
    Здаецца, ён сапраўды зразумеў: Рагнеда была апошняй з сям’і полацкіх князёў. 3 яе замужжам род абрываўся. Яна павінна была вярнуцца да сваёй зямлі, і не адна. Яна павінна была даць ёй новага князя. Князем гэтым стаў Ізяслаў.
    Сын углядаўся ў твар маці. Гавораць, чым прыгажэйшая жанчына ў маладосці, тым больш брыдзяць яе гады ў старасці. Маці не паспела стаць старой, Ізяслаў ніколі не ўбачыць яе брыдкай, але і былой прыгажосці, з-за якой калісьці пралілося столькі крыві, ужо няма. Яе ўзялі пакуты і цяжкія думкі. Ізяслаў памятае маці яшчэ прыгожай. Памятае, як горда трымалася яна перад Уладзімірам тады, у ноч, калі ледзь не забіла яго, як спакойным голасам нагадвала мужу і яго крывавае сватаўство, і гібель сваёй сям’і, і першую шлюбную ноч — ноч адчаю і слёз, і пастаянныя прыніжэнні. У той момант Ізяслаў ненавідзеў Уладзіміра і ў душы маліў Бога, каб сталася раптам, што гэты суровы, жорсткі чалавек — не яго бацька. Ізяслаў заўсёды паважаў чысціню і сумленнасць маці, але тады ўпершыню пажадаў, каб яна аказалася нявернай жонкаю. I калі ён выйшаў перад Уладзімірам са сваёй дзіцячай пагрозай, кіеўскі князь убачыў гэтую нянавісць і спалохаўся яе. Мабыць, гэта было ўпершыню, калі ён палохаўся чагосьці... А Рагнеда?! Якой прыгожай была яна
    ў гэтую хвіліну, як радасна заблішчэлі яе вочы! Божа! Чаму Ізяслаў не мае такую жонку, якой была калісьці яго маці?
    — Яна нічога не перадавала для мяне? — спытаў Ізяслаў у старога слугі Ігната.
    — He. Сканала ціха, без скаргаў, праведна. Хіба толькі...
    — Што?
    — Прасіла, каб князь Ізяслаў паклапаціўся аб яе крынічках.
    — Якіх крынічках? — здзівіўся Ізяслаў.— Яна трызніла?
    — He. Крынічкі сапраўды ёсць. Маці твая часта бавіла ля іх час, там плакала.
    — Ты пакажаш мне іх! — рашуча вымавіў Ізяслаў і пацягнуў старога да выхаду.
    Яны спыніліся ля маленькага ручайка ў зарасніках алешніку.
    — Вось адна,— сказаў стары,— а там, удалечыні, бачыш, другая. Гэтую яна называла Княгінькай, тую — Чарніцай.
    — Якія дзіўныя імёны! — прашаптаў узрушаны Ізяслаў.— Чаму яна іх так называла?
    — He ведаю,— адказаў Ігнат, дапытліва гледзячы на маладога князя, які ўслухоўваўся ў шум вады.
    А Ізяслаў слухаў і баяўся зразумець. Плач і жалоба чуліся ў вірлівай плыні Княгінькі. Білася яна аб камяні, бы чалавек у роспачы. Затое сумна і ціха, нібы чытаючы малітвы, журчала Чарніца. I князь зноў звярнуўся да старога Ігната. Ужо больш настойліва спытаў:
    — Кажы, чаму яна так назвала іх? Ты ж ведаеш! Кажы яшчэ, чаму я ніколі не бачыў раней гэтых крынічак? Хіба яны былі? А калі не былі, то адкуль узяліся?
    — Дзіўныя пытанні задаеш ты, князь,— адказаў Ігнат.— Скуль жа ведаць мне? Я вельмі мала магу расказаць. Каля года назад я ўпершыню ўбачыў тут тваю маці. Плакала яна, і яе слёзы падалі ў ваду. Крынічкі былі, але ж ледзь выбіваліся з-пад зямлі. I малая травінка тады была ўжо істотнай перашкодай для іх плыні. Тады ціхенька стаў я назіраць за княгіняй штодзень. I рэдка было, калі пасля вячэрняй малітвы не з’яўлялася яна тут. Плакала і шаптала нешта над вадою. Аднойчы словы пачуў. Ля гэтай крынічкі аплаквала Рагнеда сваё мінулае. Ля той — будучае і цяперашняе. Таму і імёны такія ім абрала.
    Княгінька і Чарніца. I з кожным днём усё больш паўнаводнымі рабіліся ручаіны, што бяруць пачатак з крынічак...
    I схіліўся Ізяслаў над вадою і быццам пачуў ён, як Княгінька матчыным голасам скардзіцца Перуну на горкі свой лёс, расказвае, як моцна кахала яна аднаго і як дзеля яго адмовіла іншаму, а той, іншы, у вялікай злосці пайшоў вайною на родны Полацк. I ўздрыгваў голас Рагнеды, калі даходзіла яна ў сваёй споведзі да таго страшнага дня, у які родныя яе прынялі ад князя Уладзіміра смерць, а яна — гвалт і здзекі. Але дачка полацкага князя была надта прыгожай, каб забіваць яе пасля ганьбы, і пераможца павёз паланянку з сабою.
    I перакрывалі горкія рыданні словы Рагнеды, калі ўспамінала яна аб сваім жыцці ўсе гэтыя гады, што была жонкаю Уладзіміра, аб тым, як вучылася любіць дзяцей ад нялюбага чалавека. I станавіўся моцны і халодны яе голас, калі гаварыла яна гіра тое, як аднойчы ноччу ўзняла руку на кіеўскага князя, пра тое, як старэйшы сын заступіўся за яе, і з гэтага пачалося яго ўзмужненне. I яшчэ чуў Ізяслаў, як Княгінька сумавала аб сваёй зямлі, якую, як Рагнеду, трымалі па законах сілы чужыя і злосныя рукі, гвалцілі і насміхаліся над усім лепшым, што было ў яе...
    А Чарніца шаптала пра зняволенне, чужую веру, сум, горкі пах ладана, суровыя пасты і малітвы, смерць і пакуты. I яшчэ пра тое, як спрабуюць Уладзіміравы спадчыннікі зрабіць гэтай верай з душамі Рагнедзіных аднапляменнікаў тое, што не змаглі зрабіць з іх целамі...
    Каб адагнаць ад сябе кашмар, Ізяслаў зачэрпнуў вады рукою, паднёс да вуснаў. Дзіва! Вада была салёнаю. Ён падбег да другой крыніцы — салёная таксама!
    — Ігнат! — закрычаў ён,— яна — салёная!
    Стары пакаштаваў вады, здзіўлена глянуў на маладога князя:
    — Звычайная вада.
    — Ты не адчуваеш? Чаму ж тады я?.. — пачаў Ізяслаў і раптам зразумеў. He крынічкі былі перад ім — слёзы Рагнеды, якія прараслі праз родную зямлю дзвюмя празрыстымі ручаінамі.
    Але адчуць горыч і самоту гэтай вады дадзена не кожнаму, а толькі тым людзям, у кім прачнецца крыўда за Рагнеду, чые кулакі сціснуцца ад нянавісці да ўсіх Уладзіміраў, што гвалцяць жанчын толькі за іх прыгажосць, тым,
    у кім ажыве боль за сваю зямлю, лёс якой так падобны на лёс Рагнеды. I гэтыя людзі ўжо не змогуць жыць спакойна, а пачнуць змагацца за свабоду і шчасце сваёй радзімы, за волю яе людзей... Для іншых вада будзе звычайнаю.
    — Я захаваю твае крынічкі, маці,— прашаптаў Ізяслаў. I выканаў сваё абяцанне.
    * ♦ ♦
    Ці былі вы калі ў Заслаўі? Ці каштавалі вады з тутэйшых крыніц? Ці не здавалася яна вам салёнаю?
    РуЖЛ К0Л6РУ сонвчных ПРОМНЯў
    ны рушылі праз лес. Іх было пяцёра. Стары Крук, ідучы на-
    перадзе, расхінаў галіны дрэў і злёгку прытрымліваў іх, каб ні адна не ўдарыла дзесяцігадовага хлопчыка, што крочыў побач з ім. У некалькіх кроках за імі ступаў старэйшы брат хлопчыка, ладны,
    з прыгожым, як у дзяўчыны, тварам. Справа ад юнака, абсякаючы на хаду цяжкапраходнае калючае кустоўе, рушыў мужны, моцны мужчына. Нягледзячы на спёку, ён быў у даспехах і са зброяй. Апошнім цягнуўся босы чалавек у доўгім чорным адзенні, месцамі ўжо разарваным галінамі. Ён ішоў за ўсімі, быццам у сне, амаль не звяртаючы ўвагі ні на яловую ігліцу, што блыталася ў яго доўгіх нечасаных валасах, ні на камяні і калючкі, што скрывавілі яго ногі. Ён штосьці ціха мармытаў, толькі зрэдку кідаючы на сваіх спадарожнікаў шалёны позірк вар’ята.
    Усе яны ратаваліся ад смерці. У спіну кожнага горача дыхала страшная таямніца.
    Гэта быў ужо сёмы дзень небяспечнай вандроўкі, сёмы дзень іх знаёмства, бо спачатку кожны ішоў самастойна. Потым у вёсцы, што амаль вымерла ад чумы, стары Крук падабраў двух братоў, Шэравока і Траццяка, слабых і галодных, і ўгаварыў іх ісці з ім. Яшчэ пазней вандроўнікам сустрэўся літоўскі воін Крыштупас, які ратаваўся ад уласнага князя. Апошнім прыстаў беглы манах Даміян. Ніхто не ведаў дакладна, куды ідуць, але ўсе марылі аб новым, ціхім, багатым месцы, дзе б можна было схавацца і пачаць новае жыццё.
    Раптам хлопчык Траццяк спыніўся і пацягнуў носам: «Ці чуеце?»
    Прынюхаліся і іншыя. Ледзь чутны водар, празрысты, дурманлівы, даносіўся да іх.
    — Што гэта можа быць? — спытаў Крыштупас, а Даміян спалохана жагнуўся.
    Стары Крук рашуча рушыў скрозь зараснік хмызняку і... выйшаў з лесу. За ім, жмурачыся на яркае сонца, з’явіліся яшчэ чатыры постаці.
    Гэта было дзіўнае месца, светлае, духмянае. Удалечыні смяялася маленькая, незвычайна чыстая рачулка, вялікія цяністыя дрэвы пачціва схілялі перад ёй галовы. 1 нельга было зрабіць і кроку, каб не наступіць на кветку. Дзікія ружы, здавалася, аплялі ўсю зямлю, і яна стала адзіным квітнеючым кустом. Белыя і жоўтыя, ружовыя і цёмначырвоныя, колеру вінаграднага віна і колеру чалавечага румянцу,— усе яны складалі адзін дзівосны дыван.
    — Гэй, як тут хораша! — хлопчык з радаснымі клічамі кінуўся бегчы па ружовым полі.
    Зрабіў некалькі крокаў і апусціўся на зямлю перад адной з самых вялікіх і прыгожых ружаў юны Шэравок. Прысеў і стары Крук, выцягнуўшы хворыя ногі на сонцы. Крыштупас жа, падазрона агледзеўшы прыгожую паляну, пайшоў да вады, ні на хвіліну не выпускаючы свой меч.
    Праз некаторы час Шэравок узняў вочы і са здзіўленнем агледзеў сваіх спадарожнікаў.
    — Стары, а дзе Даміян? — спытаўся ён.
    Сапраўды, Даміяна нідзе не было. Крук у пошуках яго нават зайшоў у лес, але потым цвярозы розум вярнуў яго ў ружавую даліну.
    — А, Пярун з ім! — сказаў стары.— Хіба гэта першы ці апошні раз? I хіба мы пастухі яму?
    Але прыкрасць не пакідала Крука. Яму сапраўды надакучылі за гэтыя сем дзён таямнічыя знікненні звар’яцелага манаха. Аднойчы той зайшоў у багну, пачаў тануць, але на дапамогу не клікаў і толькі ціха маліўся. Стары выпадкова заўважыў яго. Другі раз ён заснуў проста перад мядзведжай бярлогай.
    3 кароткіх адрывістых расказаў Даміяна стары зразумеў, што быў ён спачатку селянінам, потым прыняў хрышчэнне, надта паверыў у новага Бога, пастрыгся ў манахі і разам з княжымі дружыннікамі стаў хадзіць па паселішчах, абарочваць паганцаў у хрысціянства. У яго роднай вёсцы людзі адмовіліся хрысціцца, і іх усіх пасеклі ў яго на вачах. Пасля гэтага ён збег з манастыра і пазбавіўся розуму. Былі моманты, калі да Даміяна вяртаўся ваяўнічы запал, тады ён чапляўся да сваіх спадарожнікаў з патрабаваннем неадкладна прыняць хрысціянства. Але звычайна ён быў вельмі ціхім.
    Раптоўна вярнуўся Крыштупас, і ўсе здзівіліся, як ціха і асцярожна, амаль нячутна, ступае ён.
    — Там, ля ракі, хтосьці ёсць,— паведаміў воін.
    — Ты лічыш, нам лепш пайсці адсюль? — спытаў Крук.
    — He ведаю. Там — жанчына, і яна спіць. Хадзем, я пакажу яе вам.
    Каля ракі, у цяні дрэў, дяжала жанчына. Цела яе, прыгожае і гібкае, не было прыкрыта ніякім адзеннем. Доўгія светлыя валасы хвалямі падалі на высокія пругкія грудзі. Белае ільняное пакрывала, якое яна падаслала пад сябе на зямлю, ахоўвала яе ад ружавых калючак. Жанчына спала і ўсміхалася ў сне. I чацвёра вандроўнікаў міжволі залюбаваліся ёю.