• Газеты, часопісы і г.д.
  • Млын на сямі колах Беларускія народныя легенды і паданні

    Млын на сямі колах

    Беларускія народныя легенды і паданні

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 334с.
    Мінск 1998
    104.05 МБ
    На гары, ля капішча, было яшчэ больш горача, чым унізе. Рамонак адразу знайшоў вешчуна. Той сядзеў пад чорнымі, бы абсмаленымі, галінамі дуба і, здавалася, драмаў. Рамонак нерашуча спыніўся каля старога. Той, не расплюшчваючы вачэй, прамовіў:
    — Сыне, мяне пакінулі мае памагатыя. Яны спалохалі-
    ся цмока.
    Вяшчун зірнуў на юнака і хрыпла засмяяўся. Рамонку стала страшна: бацькаў смех быў падобны на рыпенне старога дрэва пад ветрам, у ім быў голас вечнасці. Раптам стары змоўк і зрабіўся сумны:
    — А я ж таксама бачыў яго, сыне.
    Рамонак ажно здрыгануўся.
    — Так,— працягваў вяшчун,— я сню яго вось ужо тыдзень, але нікому яшчэ не казаў пра гэта. Навошта?
    — Чаму ён з’яўляецца людзям, адкуль? — спытаў усхваляваны юнак.
    — Мы ўсе хворыя,— паківаў галавой вяшчун,— і ў нас адна хвароба — спякота, смага. Таму нам прыходзіць у сне цмок — гаспадар сухавеяў. Ён радуецца, гэты злы Бог: вада знікла, і нас чакае непазбежная смерць.
    — Хіба нельга нічога зрабіць?
    — Мы — людзі, сыне. Чалавек не павінен змагацца са стыхіяй,— павольна адказаў вяшчун.
    — Але чаму не паспрабаваць,— параіў Рамонак.
    — Паспрабаваць? Садзіць у пустынях дрэвы? Спыняць рэкі? Асушаць балоты? Загадваць дажджу ісці не тады, калі трэба, а тады, калі нам хочацца? А калі ў гэтым вялікая мудрасць багоў, нам не зразумелая?
    — Пра што гаворыш ты? — не зразумеў юнак.
    — Я кажу пра тое, што спякоту і сухавей, уладаром якіх з’яўляецца вогненны цмок, можа перамагчы толькі вялікі Пярун. Але мы ўгнявілі Бога, і таму засох наш вешчы дуб.
    Бацька і сын доўга маўчалі, а потым Рамонак ціха спытаў:
    — За што Пярун гневаецца на людзей?
    — А хіба ж ты не бачыш, як адштурхоўваюць мацнейшыя ад крыніцы тых, хто слабейшы, як адбіраюць мужчыны апошнія кроплі вады ў дзяцей, як за магчымасць прагнаць смагу нешматлікія шчасліўцы, якія маюць запасы вады, патрабуюць кахання ў самых прыгожых жанчын? — узрадаваўся вяшчун.— Мы забылі, што адрознівае чалавека ад жывёлы, сыне. Мы развучыліся быць спагадлівымі, міласэрнымі, добрымі. Мы больш не ўмеем ахвяраваць сабою, а толькі гэта магло б яшчэ выратаваць нас.
    Вяшчун змоўк, і калі ён зноў пачаў гаварыць, голас яго быў ужо іншы і словы былі падобныя на заклінанні:
    — Чалавечая кроў павінна заўтра раніцай напаіць свяшчэнны дуб. Ад яе ажыве Перунова дрэва, пачуе тады нас вялікі Бог і сыдзе, каб уступіць у бой з вогненным цмокам і перамагчы яго. I ты будзеш дапамагаць мне ў гэтым ахвярапрынашэнні, сыне. Гэта будзе першая твая ахвяра, малады вяшчун, бо багі вырашылі, каб ты змяніў мяне, старога і нядужага.
    Юнак з жахам адштурхнуўся ад вешчуна.
    — Няўжо я павінен забіць чалавека, бацька?! — крыкнуў ён.
    — Такая воля багоў,— непахісна адказаў вяшчун.
    — I хто ж стане ахвярай? Каго ты абраў? Я ведаю ўсіх гэтых людзей, хіба змагу я ўзняць руку на любога з іх?
    — Зможаш, Рамонак,— прагаварыў стары.— Гэта не будзе насіллем, сыне. Ахвяра сама назаве сябе, яна будзе згодная на смерць.
    Вечарам усе жыхары сяла сышліся ля капішча. Вакол сухога дрэва злавесна гарэлі вогнішчы, гучаў напружаны, таямнічы напеў. Вяшчун абыходзіў усіх з чашай і даваў глынуць нейкага духмянага напою. Людзі ахвотна прыпадалі да чашы, спадзеючыся прагнаць смагу. Вось вяшчун падышоў да дрэва і, працягнуўшы з маленнем да яго рукі, пачаў гаварыць. Водбліскі вогнішча скакалі па твары сівога жраца, голас яго гучаў у цішы моцна і сурова. Вяшчун дакараў Перуна за тое, што Бог адвярнуўся ад людзей. Яны не заслугоўваюць яго гневу, бо не ўсё добрае загінула ў іх душах. 1 зараз усе сабраліся тут, каб даказаць гэта яму. Пярун убачыць, як выйдзе наперад адзін, самы самаадданы, самы дзёрзкі, смелы чалавек, каб крывёю сваёй напаіць сухую зямлю і заслужыць гэтым дараванне вялікага Бога.
    Усе замерлі, нервовая сутарга прайшла па целе ў Рамонка, што стаяў ля алтара з ахвярным нажом у руках. Маўчанне цягнулася вельмі доўга. Вяшчун углядаўся ў твары людзей і не бачыў у іх нічога, акрамя страху. Раптам з натоўпу аддзялілася худзенькая постаць і зрабіла некалькі крокаў да алтара. Рамонак ахнуў і кінуўся да яе, бо гэта была яго нявеста, Шчарыца.
    — Ты хочаш памерці? Чаму? Навошта? — закрычаў ён.
    — Рамонак,— уздыхнула дзяўчына.— Мая маці ляжыць у непрытомнасці, бацька ад слабасці не можа нават узняць лук,— рукі яго высахлі і сталі падобныя на рукі падлетка. Сястра памерла на маіх вачах,— яна прасіла піць, а я нічым не магла дапамагчы ёй. Я яшчэ тады падумала: «Каб жа было магчыма, кроўю сваёй напаіла б іх усіх». Багі пачулі мае думкі. Рыхтуйся ж да вялікага ахвярапрынашэння, каханы.
    Дарэмна просіць Рамонак нявесту адмовіцца ад сваіх слоў, дарэмна заклінае сваім каханнем... Смела падыходзіць Шчарыца да алтара і схіляе сваю прыгожую гордую галаву. У роспачы кідаецца юнак да старога вешчуна:
    — Бацька, дапамажы!
    — Волі багоў трэба падпарадкоўвацца, сыне,— гучыць суровы адказ.
    — Каб я забіў яе? — крычыць Рамонак, і слёзы крыўды і болю з’яўляюцца на яго вачах.— Ды лепш загіну я! Чаму ты сам не зробіш таго, чаго патрабуеш ад мяне? — звяртаецца ён да бацькі.
    — Рамонак, сыне,— уздыхае вяшчун.— Я ўжо стары, мая рука стала нявернай. Я не хачу, каб апошнія хвіліны гэтай мужнай дзяўчыны былі пакутлівыя. Твая рука — цвярдзейшая. Няўжо ты менш мужны, чым яна?
    Доўга стаяў перад нявестай Рамонак. I рука яго, узнімаючыся шмат разоў, бяссільна апускалася. I тады Шчарыца штосьці ціха і пяшчотна сказала яму. Ніхто не пачуў гэтых слоў, толькі ўбачылі ўсе, як горка зарыдаў пасля іх вешчуноў сын...
    Калі кроў юнай Шчарыцы пралілася на сухую зямлю, грымнуў гром. Маланка, што бліскучая страла, упілася ў падножжа старога дуба. 3-пад каранёў свяшчэннага дрэва з’явілася вада. Спачатку — крынічны струменьчык, потым ручаіна і, урэшце, бурны пеністы паток. Ён падхапіў цела няшчаснай Шчарыцы і панёс яго кудысьці ўдалечыню, пракладваючы сабе рэчышча на выпаленай зямлі.
    — Слава Перуну! — крыкнуў стары вяшчун.— Ён пачуў нас, ён перамог страшэннага цмока!
    Радасныя людзі кідаліся адзін аднаму ў абдымкі, цалаваліся, спявалі. I толькі адзін чалавек не падзяляў іх весялосці. Гэта быў Рамонак. Да самай сваёй смерці, якая прыйдзе да яго ў глыбокай старасці, застанецца ён сумны і маўклівы. Ён стане вешчуном, як таго пажадалі багі і яго бацька, але першая яго чалавечая ахвяра будзе апошняй у гэтых мясцінах, бо Рамонак пакляўся сабе адвучыць Перуна ад чалавечай крыві. Ён стрымаў сваё слова. Раку ж у гонар мужнай Шчарыцы назавуць Шчарай. I ніколі людзі, што будуць сяліцца потым на яе берагах, не забудуць пра тое, што найвышэйшы сэнс чалавечага жыцця — ахвяраваць сабой дзеля шчасця іншых.
    Кажуць, мястэчка, што вырасла з маленькага паселішча на беразе Шчары, і назву сваю — Слонім — атрымала з-за пастаяннай гатоўнасці мясцовых людзей ахвяраваць сабою, засланяючы ад бяды іншых. Моцнай заслонай быў Слонім увесь час свайго існавання для Наваградка, багатага гандлёвага горада, якім заўсёды імкнуліся авалодаць чужынцы.
    Але гэта ўжо — гісторыя. А там, дзе пачынаецца гісторыя, заканчваюцца паданні.
    ьелыя слупы
    іха гарэла лампадка перад абразамі, змрочныя памінальныя спевы, здавалася, суправаджаліся раскатамі грому, якія былі
    добра чутны тут, у глыбіні манастырскай. Час ад часу бліскавіцы асвятлялі твары святых братоў, што стаялі побач з мёртвым целам свайго ігумена. Многія з іх былі
    маладыя, а на па-дзявочы прыгожым твары юнага паслушніка, які ў роспачы схіліўся над нябожчыкам, нават яшчэ не абазначыўся лёгкі пушок, што з часам ператвараецца ў вусы. Некалькі наводдаль ад усёй браціі рабіў паклоны перад абразамі стары манах, брат Сергій.
    Гучны стук у манастырскую браму прымусіў усіх уз-
    няць з непаразуменнем галовы.
    — Брат Агафон,— звярнуўся стары манах да аднаго з тых, хто знаходзіўся побач з целам ігумена,— ідзі і даведайся, хто з мірскіх асмеліўся парушыць спакой святога жытла ў такую ноч. I калі гэтаму чалавеку патрэбна суцяшэнне, дапамога альбо ціхі прыстанак, няхай брат Пётр прапусціць яго.
    Пачціва апусціўшы галаву перад старцам, брат Агафон паспяшаўся выканаць загад. Праз некаторы час ён вярнуўся, але не адзін. Мужчына з суровым, поўным годнасці тварам ішоў побач. Шэрае дарожнае адзенне яго было наскрозь мокрае, вада струменнямі сцякала па доўгіх валасах, твары і барадзе.
    — Браціе,— сказаў ён, перахрысціўшыся,— я пасланы да вас, каб замяніць пакліканага Богам прападобнага айца-настаяцеля. Імя маё Паісій.
    У святле бліскавіцы не многія паспелі заўважыць хуткі пагляд, кінуты на новага настаяцеля маладым паслушнікам.
    Раніцай нябожчык быў аддадзены зямлі, і брат Сергій ціхмяна перадаў усе манастырскія справы ў рукі айца Паісія. Яму быў паказаны ўвесь манастыр: келлі братоў, трапезная, царква і капліца, склеп і бібліятэка, у якой штодзень браты рупліва перапісвалі велізарныя фаліянты. Пасля вячэрняга малення брат Сергій увёў новага настаяцеля ў келлю, болын прасторную і ўтульную, чым іншыя.
    — Тут жыў наш настаяцель,— ціха прагаварыў ён.— Тут ад гэтага часу жыць табе, святы айцец.
    — Але чаму тут два ложкі? — здзіўлена спытаўся Паісій.
    — Былы настаяцель дазваляў хлопчыку-паслушніку быць з ім у адной келлі. Але калі тваё распараджэнне будзе іншае, ён пяройдзе ў келлю да братоў Агафона і Іаана. Гэта — самыя маладыя з усёй браціі.
    Нешта ў голасе старога манаха здалося настаяцелю дзіўным, быццам з вялікаю неахвотаю ён прапанаваў перавесці паслушніка да маладых манахаў. Паісій паспрабаваў зазірнуць у яго вочы, але нізка была схілена галава брата Сергія. I адказаў Паісій:
    — Я вырашу гэта заўтра, пакуль жа няхай усё застаецца, як і пры маім папярэдніку.
    3 паклонам увайшоў у келлю юны паслушнік.
    — Святы айцец, ці накажаце мне чакаць вас сёння вечарам, каб перад сном разам з вамі ўзнесці небу малітву за нябожчыкаву душу?
    — He, сыне мой,— адказаў настаяцель.— У мяне ёсць яшчэ справы, кладзіся спаць без мяне.
    I зноў дапытлівы, хуткі пагляд паслушніка спыніўся на твары і постаці Паісія. Але на гэты раз святы айцец заўважыў яго.
    Да ранішняга звону маліўся настаяцель у капліцы. Ён прасіў Бога дапамагчы яму на новым месцы. Дзень, праведзены ў гэтым манастыры, упэўніў яго ў існаванні нейкай злавеснай таямніцы. Манахі маўкліва імкнуліся ўхіліцца ад шчырай размовы з ім, стары Сергій часта цяжка ўздыхаў, расказваючы пра таго ці іншага з братоў; слёзы блішчалі на вачах яшчэ аднаго старога, братаключніка Пятра. Паісій не ведаў, якой небяспекі чакаць яму і адкуль, але адчуваў, што яна існуе.