• Газеты, часопісы і г.д.
  • Млын на сямі колах Беларускія народныя легенды і паданні

    Млын на сямі колах

    Беларускія народныя легенды і паданні

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 334с.
    Мінск 1998
    104.05 МБ
    Ворагам кашталяна ўдалося знайсці гэтае нешта для свайго супраціўніка, бясстрашнага, непадкупнага.
    «Твая Сігрыд...» Далёкія ўспаміны, ахутаныя, быццам воблакам туману, пяшчотай і сумам, павольна ажываюць у сэрцы.
    Ён быў тады вельмі малады. «Узрост пажа»,— жартавалі пры польскім двары ганарыстыя паненкі, якія таемна марылі далучыць да сваіх калекцый разбітых сэрцаў яшчэ і сэрца юнага князя-літвіна. Але выхаванне будучага наваградскага кашталяна было больш суровае і аскетычнае, чым выхаванне яго распешчаных польскіх равеснікаў.
    Ён здаваўся прыгожым дамам няздольным на каханне толькі таму, што быў няздольны на пустыя любоўныя інтрыгі.
    Але князя, як рок, чакала ўжо тое адзінае, сапраўднае, пакутлівае, як хвароба, пачуццё. I яго віноўніцай была маладзенькая Сігрыд, пляменніца шведскай каралевы. Яна з’явілася пры польскім двары нечакана для ўсіх, каб гэтаксама нечакана знікнуць праз месяц.
    Сігрыд была сапраўднай прынцэсай нават з выгляду. Ніводнае футра не было ёй так да твару, як футра каралёў — гарнастай, такі ж белы, як яе скура і амаль такі ж, як валасы. Гэтак жа, як на белай каралеўскай мантыі, вылучаюцца чорныя плямы з кончыка хваста гарнастая, так на яе твары вылучаліся вялікія вочы і густыя, прыгожыя бровы.
    Князь закахаўся адразу і назаўсёды ў яе ўсмешку, тонкія доўгія кісці рук, лёгкую паходку, голас, падобны на звон ільдзінак, у яе зграбную фігурку і імя, якое нагадвала яму мяккі серабрысты пад месячным святлом снег.
    Гэта магло здацца безразважнасцю, але Сігрыд адказала на яго каханне разуменнем і пяшчотай, хаця юная прынцэса паспяшалася паведаміць князю, што іх адносіны не могуць змяніцца на больш блізкія. Яна была нявестай аднаго з фаварытаў караля. Яго Вялікасць вельмі настойваў на гэтым саюзе...
    Князю думалася, што ён можа забыць аб сваім першым каханні. Але мінула амаль пятнаццаць гадоў, а ён так і не абраў сабе жонку. Для яго не існуе іншай жанчыны, акрамя Сігрыд. Нездарма так выдала яго сэрца, калі нечакана шведскі пасланец падаў яму пісьмо ад яе.
    «Мой адзіны каханы! — пісала Сігрыд.— Я доўга сумнявалася, ці варта пісаць табе, калі прайшло так шмат гадоў. А потым зразумела: трэба. I не таму, што заўсёды я думала толькі пра аднаго цябе, і нават не таму, што вось ужо год, як я — удава, але таму, што выпадкова знайшла сярод мужавых папер твае пісьмы. Мноства тваіх пісьмаў, якія на працягу ўсіх гэтых гадоў ты пісаў мне і якія заставаліся без адказу, бо іх перахопліваў мой муж. Ты не забыўся пра мяне, кахаеш па-ранейшаму. I я свабодная! Ці гэта не шчасце?! Але ёсць перашкода — воля караля Карла, які не можа аддаць такую блізкую сваячку замуж за ворага. I таму ён прапануе табе сяброўства. Я магу стаць тваёй толькі ў тым выпадку, калі брамы Наваградка адчыняцца перад Карлам. Табе няма чаго баяцца. Крэ-
    пасці не пагражае разбурэнне. Кароль — рыцар, і ён у маёй прысутнасці пакляўся сваім гонарам, што не дапусціць гібелі замка і яго жыхароў у выпадку добраахвотнай здачы. Карл не мае намеру пакідаць у Наваградку сваіх воінаў. Яго Вялікасць — славалюб, таму ён жадае выйсці з гонарам са становішча, даволі непрыемнага. Ён абяцаў аддаць Наваградак мне ў якасці шлюбнага падарунка. Гэта будзе наш горад, каханы. Што значыць доўг, клятва васальнай вернасці ў параўнанні з сапраўдным каханнем? Ты яшчэ не рашыўся? Тады я скажу табе, што твая Сігрыд захавала ўсю сваю прыгажосць, стала яшчэ больш прыгожай. Бо нічога так не красіць, як спадзяванне на магчымасць шчасця...»
    Невядома, што больш усхвалявала кашталяна: тое, што Сігрыд зможа стаць яго, ці яе дзіўная прапанова, якая ніяк не ўкладалася ў яго разуменне гонару. Першым пачуццём яго было жаданне з абурэннем адрынуць умовы, знойдзеныя Сігрыд для таго, каб быць разам з ім. Рука яго ўжо нават скамячыла пісьмо, але невядома якая сіла прымусіла яго расправіць ужо змятую паперу.
    He, ён, канешне ж, адмовіцца ад Сігрыд, ён павінен гэта зрабіць дзеля свайго гонару. Але хіба не мае ён права захаваць гэтае пісьмо? Ён будзе насіць яго ля сэрца, адзіны дар Сігрыд. Кашталян рэзка ўстаў.
    — Адказу не будзе. Вы выканалі сваё даручэнне, граф, і можаце быць свабодныя...
    Калі маладосць, гэты бясцэнны дар прыроды, пакідае чалавека, у ім з’яўляецца жаданне мець надзейны прыстанак у жыцці, сям’ю, дзяцей, каб перадаць ім усё тое, што ведае і ўмее ён сам. Гэтае натуральнае імкненне мець прадаўжальніка роду, паўтарыць сваю маладосць у ім, пачало апошні час з’яўляцца і ў князя. Але сын яго мог з’явіцца толькі ад каханай жанчыны. А кахаў ён адну Сігрыд. I калі раней нейкае спадзяванне ўсё ж такі жыло ў ім, то зараз кашталян раптам зразумеў, што адмовіўся не толькі ад каханай, але і ад магчымасці мець сына. 1 гора перапоўніла яго. Ён кідаўся па сваім пакоі ў замку, быццам паранены звер. Ён не мог больш ні пра што іншае думаць, акрамя сваіх страт. I што ж ён палічыў за лепшае? Службу польскаму каралю, які амаль ніколі не цікавіўся тым, як жыве Наваградская крэпасць? Горад, чужы яму, служыламу князю, насцярожаны, не заўсёды зразумелы? Адзіноту і старасць пад арэолам уласнага воінскага доўгу?
    А калі б ён згадзіўся? He, усё вырашана! Але хіба нельга пра гэта і падумаць? Ён адчыніў бы браму... Холм-
    ская крэпасць пасля таго, як кашталян, падкуплены Карлам, здаў яе без бою, была разбурана. Але хіба Карл даваў слова холмскаму кашталяну захаваць яе? А наконт Наваградка каралеўскае слова было б стрымана. Сігрыд не можа ілгаць. Яна ж — прынцэса і ўнучка каралёў!
    Уночы ён на некалькі хвілін забыўся сном і ўбачыў, як па апушчаным праз роў мосце ў горад на белым кані ўязджае Сігрыд, а за ёю бягуць зграяй пушыстыя гарнастаі... Сігрыд усміхаецца, працягвае яму рукі... Князь са стогнам прачнуўся. Яго акружаў халодны мёртвы камень Наваградскага замка. Кашталян быў толькі чалавекам...
    Раніцай, нечакана для ўсіх, брама была адчынена... Шведы з радаснымі крыкамі кінуліся ў крэпасць. Тыя, хто паспрабаваў супраціўляцца іх шалёнаму націску, былі адразу забіты. Потым смерць спасцігла астатніх, хто, па прыкладу кашталяна, выйшаў да шведаў без зброі.
    Страшэнным, поўным непаразумення паглядам глядзеў на знішчэнне сваіх людзей і рабаванне замка князь. Здавалася, што толькі аднаго яго ворагі мелі намер пакінуць жывога. Шведскі салдат, які прабягаў міма, моцна штурхнуў кашталяна, і той, выхапіўшы з рук загінуўшага воіна ружжо, стрэліў у яго. Імгненна князя акружылі чужынцы, невядома адкуль з’явіўся капітан Свансан і патрабаваў здаць зброю, прызнаць сябе палонным.
    Князь засмяяўся і кінуў ружжо на зямлю. У руках яго заблішчэў кінжал. Спалоханы Свансан адхіснуўся ад кашталяна, але той ударыў клінком сабе ў сэрца...
    На другі дзень абрабаваная мёртвая крэпасць была ўзарвана.
    * * *
    Шведская каралева гуляла з маленькім сынам. На хвіліну адарваЎшыся ад свайго занятку, яна са здзіўленнем заўважыла, што яе статс-дама, сумна схіліўшы галаву, стаіць ля вакна.
    — Сігрыд! Я вамі не задаволена! — вымавіла каралева.— Вы заўсёды былі самай вясёлай сярод нас. Што здарылася?
    — Мая каралева, я думаю пра таго, каму не так даўно напісала пісьмо ў Наваградак. Я адчуваю, што яго больш няма,— адказала прыгожая жанчына ў белым.
    — Памятаю, Сігрыд, вы казалі мне, што ніколі не кахалі гэтага чалавека.
    — Так. Але ён шчыра кахаў, і мяне мучыць думка аб тым, што я падманула таго, хто мне даверыўся. Гэта ж вялікі грэх.
    Каралева ўсміхнулася і паправіла пасму валасоў, якія выбіліся з прычоскі ў час гульні:
    — Мая мілая! Тое, што робіцца дзеля караля і Швецыі, не можа быць грахоўным, бо кароль — абраннік Божы. Вы дапамаглі каралю, вы дапамаглі Швецыі, і тым самым выканалі волю Усявышняга. Ганіце ж прэч ваш дрэнны настрой!
    Але твар Сігрыд па-ранейшаму заставаўся сумны. Яна моўчкі глядзела ўдалечыню праз вакно, і яе тонкія пальцы нядбайна перабіралі гарнастаева футра, якім была абшыта яе атласная сукенка.
    МЛРЫОІН ПАРК
    а вялікім вежавым гадзінніку прабіла шэсць. Прыцемкі яшчэ
    марудзілі і не апускаліся на ўвесь прыбраны снегам, як тканінай, абсыпанай дыямента-
    мі, Нясвіжскі палац. Але доўгія калматыя цені ўжо скакалі па сценах маленькага пакойчыка на самым версе вежы.
    Поўная заплаканая жанчына, карміцелька Радзівілавых дзяцей, запаліла свечкі і, усхліпнуўшы апошні раз, пакінула пакой. Цяжка ляснуў замок, і тая, што засталася
    адна ў напружанай цішыні, павольна ўзняла галаву. Твар Марысі, дачкі князя Радзівіла, быў незвычайна бледны, вусны пасінелыя, пад вачыма — цёмныя цені, а ў вачах агонь шаленства. Страшны прывід, балотная русалка. Хто, гледзячы на яе зараз, скажа, што ўсяго толькі ўчора гэта было самае шчаслівае стварэнне ва ўсім Нясвіжы? Любіміца старога князя, прызнаная красуня, самая багатая нявеста, смяшлівае, гарэзлівае дзяўчо... Нічога гэтага больш няма. Ёсць толькі туга, адзінота, роспач...
    На гадзінніку прабіла сем. Яна прыслухалася. Дзесьці знізу даносілася вясёлая музыка. Гаспадары Нясвіжа давалі баль. Аб ім было шырока абвешчана. Марыся ведала: зараз там, унізе, у вялікай святочнай зале — самая радавітая мясцовая шляхта, госці з Польшчы, Расіі, нават
    з Францыі. Такім прыёмам нельга ахвяраваць нават з-за любімай дачкі. I таму добрая Марысіна маці, пані Радзівіл, хаваючы сляды слёз і бяссоннай ночы пад румянамі, ветліва ўсміхаецца гасцям, адказваючы на пытанні пра іх маладую панну: «Марысечка не зусім здаровая сёння, і доктар сказаў, каб яна засталася ў сваім пакоі».
    3 вежы данеслася восем удараў — восем гадзін вечара... Здаецца, там, унізе, іграюць вальс... Ах, яна лепш за ўсіх танцавала гэты танец. Шляхетныя кавалеры біліся за чаргу вальсіраваць з Марысяй. Калі ў захапленні слізгацела юная панна па бліскучай, як люстра, падлозе, пяшчотна мігцелі агеньчыкі свяцільнікаў у такт яе рухам, і, здавалася, плыў разам з ёй увесь сусвет, і сыходзілі зоркі з нябёсаў, каб заблытацца ў Марысіных валасах. Калі дачка Радзівіла кружылася ў вальсе, яна часта нават не
    адчувала рук свайго партнёра, не бачыла яго твару. Мроіўся ёй у той час нехта іншы: добры, ласкавы і дужы. Дужэйшы за ўсіх, каго ведала яна, прыгажэйшы за ўсіх, з кім сустракалася. I Марысіна сэрца спявала ў адчуванні таго незвычайнага кахання, якое, верыла яна, хутка наведае яе раскрытую для шчасця душу...