• Газеты, часопісы і г.д.
  • Млын на сямі колах Беларускія народныя легенды і паданні

    Млын на сямі колах

    Беларускія народныя легенды і паданні

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 334с.
    Мінск 1998
    104.05 МБ
    Застагнаў тады Яфрэм, заплакаў. Ён праклінаў сваю прагнасць і той дзень, калі бляск скарбаў з куфра спакусіў яго стаць злодзеем. Цяпер з-за свайго ўчынку ён павінны будзе загінуць лютай смерцю...
    Магчыма, каб не было побач Магрэты, сапраўды загінуў бы мужык-зладзюга. Гэта яна здагадалася, як адвесці бяду ад хаты. Загадала мужу сабраць усе да адной манеткі, якія ён украў у аднавяскоўцаў, і з пакаяннем несці назад, да старасты.
    Як толькі Яфрэм высыпаў золата ў агульны куфар, страшэннае закляцце скончылася. I ўсе рэчы ў яго хаце сталі такія, як раней.
    Ці купілі сабе волю стрыгаўцы ў абмен за скарб Напалеона — невядома. Толькі ўсе, хто ведае гэтую гісторыю, сцвярджаюць, што грошы з куфра вельмі дапамаглі стрыгаўскай абшчыне пасля вайны 1812 года.
    
    ЦЫГАНСКАЯ песня
    амыляецца, мабыць, той, хто сцвярджае, што легенды можа
    нарадзіць толькі народ, які мае радзіму. У цыгана дзе радзіма? Там, дзе сонейка прыгрэе, зямля накорміць-напоіць, дзе спыняцца колы яго кібіткі,— там і радзіма. Але жывуць і працягваюць хваляваць кожнага, хто ўмее разумець сапраўдную прыгажосць, цыганскія песні, легенды і паданні. I няма ў іх карэнняў, як няма карэнняў у бадзяжнага народа, што стварыў іх. Качуюць яны ўслед за цыганскай кібіткай па ўсім свеце. I толькі некаторыя з іх, такія ж гордыя і свавольныя, як іх
    складальнікі, назаўсёды прырастаюць да чужой зямлі, становяцца часткай культуры іншых народаў. Пра гэта ёсць легенда, якую я хачу вам расказаць.
    Народ цыганскі — народ артыстаў. Мабыць, ніводзін іншы не можа пахваліцца такой колькасцю музыкаў, спевакоў, танцораў, фокуснікаў, дрэсіроўшчыкаў, кожны з якіх — сапраўдны майстар сваёй справы, варты выступаць на лепшых сцэнах вялікіх гарадоў. Але цыганы — гордыя і свабодалюбівыя людзі. Ніколі не прамяняюць яны ні на якую, нават самую прэстыжную, сцэну сваёй свабоды, зялёнай травы пад нагамі ды высокага неба над галавой.
    Такой была і Росіца — каралева песні, танца, варажбы. Адзін з талентаў Росіцы — уменне прыручаць дзікіх звяроў. Яе адну дапускалі да сябе ланцужныя злыя мядзведзі старога важака Міхая, слухаліся і падпарадкоўваліся нават самыя наравістыя коні. На плячы ў Росіцы заўсёды
    сядзела ручная шэрая варона, якую красуня навучыла лічыць да дзесяці і выцягваць з калоды патрэбныя пры варажбе карты.
    Але яшчэ больш шчодрым дарам багоў была незвычайная лёгкасць рухаў, што рабіла дзяўчыну цудоўнай танцоўшчыцай. Хто бачыў хаця б аднойчы, як танцуе Росіца, памятаў пра гэта ўсё жыццё. Бо быў падобны танец прыгажуні да танцу ветру сярод макавага поля.
    Самым жа цудоўным быў голас Росіцы, моцны, густы і сакавіты. Калі зацягвала Росіца сумную песню, маркоціліся разам з ёй цыганкі ля вогнішча, цыганы ў паходнай
    кузні, коні ля ракі, дрэвы ў лесе, птушкі ў небе. А калі спявала яна вясёлую, то, смеючыся, скакалі вакол пяюхі смуглявыя цыганскія дзеці, жанчынам яе племені ўдавалася варажбой збіраць так многа золата, што хапала яго потым на цэлы тыдзень, а да мужчын ішлі ў рукі чыесьці беспрытульныя жарабцы...
    Але не толькі багі дапамагалі Росіцы ў яе чароўным мастацтве. Дапамагала ёй уласнае сэрца, у якім жыло каханне. Абранцам Росіцы быў малады цыган Мата. Але гордае сэрца не дазваляла ёй першай прызнацца ў сваім пачуцці. Яна чакала, калі Мата сам усё зразумее...
    Аднойчы табар Росіцы і Маты спыніўся недалёка ад мястэчка Зэльва. Там быў нядрэнны кірмаш, і вусатых ромаў з іх смуглымі ромі чакала шмат справы. Шатры ж цыганы раскінулі за горадам на лясной паляне, ля самай сажалкі. Там па начах запальваліся вогнішчы, гучалі бубны і скрыпкі, бойкія ромі падлічвалі дзённы заработак.
    Здавалася, удача павярнулася да іх. Мясцовыя жыхары вельмі ахвотна плацілі цыганскім артыстам. Асаблівым поспехам карысталася ў зэльвенцаў Росіца. Інакш і быць не магло. He кожны ж дзень у маленькае паселішча завітвае сапраўдная каралева, якой лічылася сярод смуглатварых гасцей Росіца.
    Але аднойчы здарылася тое, што вельмі здзівіла ўвесь табар: Росіца спатыкнулася ў час танца. Праўда, яна не разгубілася і працягвала танцаваць, але ж такога ніколі з каралевай яшчэ не было.
    — Я адчула чыйсьці нядобры пагляд, і нешта ўдарыла мяне па нагах,— казала яна сяброўкам.— Я б хацела хутчэй пакінуць гэтыя мясціны...
    Уночы ля вогнішча ўсе гаварылі толькі пра Росіцу. Цыганы — народ прымхлівы. Многія сыходзіліся на думцы, што гэта — нядобры знак, і, сапраўды, трэба рыхтаваць кібіткі. Але важак, стары Міхай, супакоіў сваё племя, нагадаўшы пра тое, які багаты прыбытак дае ім зэльвенскі кірмаш. Табар застаўся.
    На наступны дзень у горадзе да Міхая пад’ехаў у карэце багата апрануты пан, які прадставіўся князем Сапегам, малодшым родзічам уладальнікаў горада. Ён запрашаў Росіцу ў свой маёнтак, які знаходзіўся недалёка ад Зэльвы, і за гэта абяцаў цыганскаму важаку шмат грошай.
    — Я не ведаю, ці захоча чарнакосая Росіца паехаць да цябе,— асцярожна адказаў Міхай.— Я — важак свайго народа, але нават я не магу ёй загадаць.
    I яны ўдвух падышлі да Росіцы. Але каралева толькі рассмяялася князю ў твар:
    — Калі б багаты пан запрасіў мяне разам з усімі, я б зразумела, што яму патрэбны толькі песні і танцы,— наша племя з радасцю згадзілася б парадаваць гаспадара, але ён патрабуе мяне адну. I таму я не пайду з ім.
    — Я шчодра заплачу табе за тваю прыгажосць і за тваё мастацтва,— усміхнуўся князь.
    — Прыгажосць не прадаецца, мастацтва гіне ў палацах,— засмяялася Росіца і раптам, уздрыгнуўшы, пабляднела.— Ідзі адсюль, князь! — закрычала яна і ўцякла.
    У натоўпе знайшла Росіца свайго каханага Мату і кінулася яму на шыю.
    — Мата,— зашаптала яна.— Я пазнала яго; ён сапсаваў мой танец. Толькі што ён запрашаў мяне ў свой маёнтак, а калі я адмовілася, зноў зірнуў на мяне так, як тады. Мата, я кахаю цябе. Выратуй мяне ад яго.
    I Мата, сціснуўшы кулакі, вымавіў: «Не бойся». Відаць было па твары, што ён хутчэй дасць праткнуць сябе доўгім цыганскім нажом, чым дазволіць камусьці пакрыўдзіць Росіцу...
    Кірмаш заканчваўся, табар збіраўся ў дарогу. Усе ўжо ведалі: хутка вяселле Росіцы і Маты. Усе вельмі чакалі гэтага, не кожны ж дзень даводзіцца выдаваць замуж каралеву.
    Але раптам да Міхая дайшлі трывожныя чуткі: гіаблізу ад Зэльвы спыніўся яшчэ адзін табар. Міхай не ведаў гэтых цыганаў і баяўся, што яны належаць да іншага, варожага племені. Стары важак паслаў трох ромаў на разведку. Сярод іх быў Мата. Усе чакалі іх вяртання ў хваляванні, таму не адразу заўважылі, што знікла Росіца.
    Тыя трое вярнуліся вельмі хутка і з добрымі весткамі. Чужы табар быў табарам сяброў, якія нават далі згоду качаваць разам. Тады выкрылася знікненне каралевы. Мата адразу зразумеў, дзе трэба шукаць красуню, і павёў мужчын племені да маёнтка.
    А ў гэты час князь угаворваў гордую цыганку заспяваць перад гасцямі. Толькі злосна смяялася Росіца ў адказ:
    — Ты любіш цыганскія песні, князь? Дык ведай жа, што яны нараджаюцца толькі на свабодзе! У няволі нават птушка не спявае.
    — Дык застанешся тут, ганарліўка, пакуль не пачуюць госці тваёй песні,— сярдзіта казаў князь.— Ты не толькі
    згодзішся, ты сама будзеш прасіць мяне, каб дазволіў сябе пацешыць. Такіх, як ты, князі не кахаюць доўга, але ж прыгажосць твая варта таго, каб Сапега падараваў ёй адну сваю ноч...
    — Гэтага не будзе ніколі! — закрычала Росіца.
    — Гэта будзе, калі я таго пажадаю! — уладна адказаў князь.
    I ў гэты час слугі князя данеслі, што да маёнтка набліжаюцца падазроныя асобы на конях з палаючымі паходнямі. Гэта смуглыя браты ішлі прасіць за сваю сястру.
    — Гэй, князь! Вярні нам каралеву Росіцу, навошта яна табе? — закрычаў Мата. Убачыў знатны ліхадзей, як уздрыгнула маладая цыганка, пачуўшы гэты голас.
    — Ты абазнаўся, цыган,— адказаў князь.— Няма ў мяне вашай каралевы.
    — Гэта няпраўда! Я тут! — зазвінеў голас Росіцы. Рвануўся на яго, як на кліч, Мата, спрабуючы распіхаць княжых слуг, што заступілі яму шлях. Тады адазваліся іншыя цыганы.
    — Вярні нам Росіцу,— прасілі яны.— Адпусці сястру нашу.
    — Ганіце гэты зброд у шыю! — даў загад сваім людзям князь, і цыганоў пачалі адцясняць. Яны адбіваліся, але не нападалі, бо ведалі: няхай толькі ад рук цыгана загіне хаця б адзін Сапегаў слуга, за яго расплаціцца ўсё племя. I толькі Мата забыў пра ўсё. У адчаі выхапіў ён з-за пояса нож, спрабуючы пракласці шлях да сваёй нявесты...
    Позняй ноччу ў пакой, дзе Сапега трымаў нявольніцу, унеслі халодны труп Маты і кінулі яго ля ног Росіцы. Толькі адзін раз зірнула на яго каралева і адышла ўбок. Па твары яе нельга было зразумець, што ў яе на сэрцы...
    Раніцай князь зноў зайшоў да цыганкі. Са спакоем і светлай радасцю сустрэла яго Росіца.
    — Пан мой,— казала яна.— Прабач мяне за тое, што было ўчора. Ты не ведаеш, чаму я вымушана была рабіць так. Мяне стрымлівалі помслівыя цыганскія законы. Той чалавек, якога ўчора забілі твае слугі, лічыўся маім жаніхом, і ён абавязкова забіў бы мяне, калі б я згадзілася спяваць і танцаваць для цябе. Зараз няма каго баяцца: кахаць цябе буду, цалаваць буду, толькі для цябе аднаго спяваць буду. Але трэба, каб гэта было не тут — на свабодзе. Паедзем у лес удваіх, там, ля сажалкі, дзе раней стаяў мой табар, спынімся, запалім вогнішча. А вечарам вернемся, і я буду танцаваць перад тваімі гасцямі.
    Усміхнуўся князь. I згадзіўся. Выехалі яны ў ранішнім тумане. Суправаджалі князя ўсяго некалькі слуг. Агледзела Росіца наваколле, і хмара апусцілася ў яе душу. Пакінуў табар гэтыя мясціны, спалохаліся цыганы князевай помсты.
    — Холадна, князь. Вогнішча трэба раскласці,— прашаптала прыгажуня.
    Па знаку князя пад’ехаў адзін са слуг з сякерай, каб насячы галля для вогнішча, але спыніла яго Росіца, адабрала сякеру:
    — Мой гэты дзень. Дзеля такога свята сама ўслужу пану майму каханаму.
    I заспявала песню гарачую, бы агонь, і пяшчотную, бы тая вада. I з гэтай песняй пайшла секчы галлё. А князь, зачараваны голасам каралевы, наказаў сваім слугам пакінуць яго сам-насам з красуняй:
    — Калі вы спатрэбіцеся, паклічу вас. Але, напэўна, не спатрэбіцеся сёння наогул.
    Калі вярнулася Росіца да князя, нікога побач ужо не было. Паглядзела тады яна з усмешкай на яго і кажа:
    — Што ж, пан шаноўны? Даспадобы табе цыганская песня Росіцы? А я яшчэ і не такую праспяваць магу. Вось табе мая песня!