Млын на сямі колах
Беларускія народныя легенды і паданні
Выдавец: Юнацтва
Памер: 334с.
Мінск 1998
вешчуном гэтага краю.
Усе сціхлі ўражаныя. У вялікім узрушэнні схіліўся перад божым служкам млынар. Так быў пазбаўлены слова чацвёрты вандроўнік. Усміхаючыся аднымі вуснамі, ён пакінуў жытло. «Спадзявайцеся на высокую долю немаўляці,— думаў ён, ідучы па вузкай лясной сцяжынцы.— Усё роўна малы будзе разбойнікам, і мы яшчэ сустрэнемся з ім на крывой дарожцы. Ужо тады майму названаму сыну спатрэбіцца мая парада».
Правёўшы гасцей, задумаўся млынар. Нельга ж, стоячы на скрыжаванні, адразу пайсці ў чатыры бакі. Але гэтак прадказана было яго сыну.
— Нічога,— вырашыў ён урэшце,— сын вырасце, сам зразумее, як жыць.
I Мянеск рос пад рып вялікага кола старога млынка і пяшчотны плёскат вады. Часта ў гэтых мясцінах з’яўляўся названы бацька-селянін. Разам з млынаром ён прывучаў хлопчыка да працы, наказваў быць сумленным, трывала пераносіць усе цяжкасці і ніколі не наракаць багам за тое, што паслалі яму такі лёс.
Аднойчы Мянеска запрасілі дапамагчы нядужай старой данесці мяшок з мукою да хаты. А калі хлопчык вяртаўся назад праз лес, нечакана шлях яму перарэзаў атрад коннікаў. 3 захапленнем глядзеў на мужных моцных мужчын у бліскучых даспехах пятнаццацігадовы юнак. Ён упершыню бачыў так блізка княжых дружыннікаў. 3 зайздрасцю Мянеск пачаў у думках прымяраць на сябе іх адзенне, зброю, падбіраць каня. Як хацелася яму быць сярод гэтых людзей!
I раптам адзін з воінаў, велічны, як бог, аддзяліўся ад сваіх паплечнікаў і пад’ехаў да Мянеска.
— Ці не падкажаш нам, хлопча, дзе тут знаходзіцца млын?
— Навошта вам млын? — спытаў Мянеск.— Ці вы збіраецеся перамолваць на муку вашы мячы? Нясмачны хлеб атрымоўваецца са зброі.
Здзіўлена агледзеў з галавы да ног хлопчыка воін:
— Чакай, а ці не ты — сын млынара Мянеск?
— Я. А што? — здзівіўся хлопчык.
— Дык ты нам і патрэбны. Я — названы твой бацька. I еду зараз, каб забраць цябе адсюль. 3 таго дня, як я ўбачыў цябе, маленькага, у калысцы, прайшло ўжо пятнаццаць гадоў. Ты дастаткова вырас, каб стаць сапраўдным мужчынам. Я навучу цябе трымацца ў сядле, трапна страляць з лука, валодаць цяжкім і лёгкім мячом. Я — княжацкі ваявода. Ці паедзеш са мною?
Узрадаваны, кінуўся Мянеск да свайго названага бацькі ў абдымкі.
Прайшло пяць гадоў. Аднойчы ў летнюю спякоту, калі пад сонечнымі промнямі сохнуць ручаі і мялеюць рэкі, у мясцінах гэтых з’явіўся прыгожы станісты юнак з фігурай волата і ўсмешкай дзіцяці. Цёмны густы загар пакрываў усё яго цела. Некалькі глыбокіх шрамаў на руках сцвярджалі, што гэта — сапраўдны сын вайны.
Малады воін прыслухаўся, нацягнуў лук, стрэліў. Ля ног яго ўпала дзікая качка, якую ён з радасным воклічам узняў высока над галавою. Але раптам ён сціх, рэзка азірнуўся і апынуўся твар у твар з сівабародым прамым і высокім старым у доўгай палатнянай кашулі.
— Ты падкраўся да мяне ззаду так ціха, быццам замысліў нядобрае. Хто ты? — насцярожана спытаў малады волат.
— Ты стаў сапраўдным воінам, моцным і зграбным, трапным і асцярожным,— быццам не чуючы пытання, сказаў стары.— Такім я і чакаў цябе ўбачыць, Мянеск, сыне мой названы. Твой апякун, ваявода, сцвярджаў, што твая справа — паходы ды бойкі. Чаму кінуў ты княжацкую службу? Чаму добраахвотна адмовіўся ад славы воінскай? Ці не таму, што смерць забітага ў час усобіцы ваяводы адкрыла табе вочы на сапраўдную існасць княжацкага дружынніка? Ці не таму, што ўспомніў ты, урэшце, пра старых бацькоў і паўразбураны млын? Ці не таму, што ўласны розум даўно ўжо падказаў табе іншы шлях?
— Ці не на свяшчэнную гару клічаш мяне, жрэц Перуновы? — ва ўзрушэнні казаў малады воін, які ўжо здагадаўся, хто перад ім.
— Так, Мянеск. Мудрасць зямная, усе таінствы і заклінанні, сэнс жыцця чалавечага павінны адкрыцца перад табою. Надышоў час,— усміхнуўся вяшчун.
— Але няўжо я нават не ўбачу бацькоў?
— Пазней. Табе дазволена будзе раз у сонцаварот сустракацца з імі. Так будзе, пакуль не скончыцца тэрмін вучнёўства і не станеш ты вешчуном.
Зачараваны вешчуновымі словамі, рушыў за ім малады Мянеск. I зноў пацягнуліся гады. Мянеск жыў, як у сне. Ён прагна ўбіраў у сябе мудрасць. I хаця туга па роднай хаце ўсё часцей сыходзіла ў яго душу, ён стрымліваў свае пачуцці дзеля ведаў, што набываў тут ад старога вешчуна і іншых валхвоў-служыцеляў. I надышоў час, калі сказалі Мянескавы настаўнікі:
— Хопіць. Ты ўзяў усё, што маглі мы даць табе. Веды твае нават больш дасканалыя, чым нашы. Бачна па ўсім, менавіта ты — Перуновы абранец. Калі хочаш, заставайся сярод нас, як роўны, калі ж цягне цябе да людзей — ідзі, мы больш не трымаем цябе. Але абяцай вярнуцца і змяніць свайго названага бацьку ў час, калі паклічуць яго да сябе вялікія багі.
I Мянеск вярнуўся да бацькоў, якія так доўга чакалі яго, каб перадаць яму галоўнае багацце сям’і — стары млын. Мянеск стаў млынаром замест бацькі. Весела ўзяўся ён за аднаўленне сваёй спадчыны. Сцены і дах млына былі нанова выкладзены, старое кола замянілася больш моцным і трывалым. I яшчэ хутчэй, чым раней, зажурчэлазапела пад ім вада.
Аднойчы ў час працы заўважыў Мянеск, што за работай кола з вялікай увагай назірае прыгожая дзяўчына.
— Ты хто? Навошта ты тут? — спытаўся млынар.
— Я — тая, хто кахае цябе,— адказала незнаёмка.— Мяне клічуць Свіслач. He адмаўляйся ж ад мяне, добры Мянеск. У працы і ў адпачынку, у шчасці і бядзе я ніколі не пакіну цябе...
Так з’явілася ў Мянескавай хаце маладая гаспадынька. I пасяліліся там дабрабыт і парадак. Работа ж млынарская ўсё больш узбагачала сям’ю. I тады ўпершыню папаўзлі па зямлі чуткі пра тое, што не працаю, але чарадзействам дабіўся Мянеск багацця. Ён, быццам, заклінаннямі прымусіў служыць яму дух ракі — у абліччы прыгожай жанчыны. Знаходзіліся нават людзі, якія кляліся Перуном, што бачылі, як у час работы Мянескавай яго жонка, Свіслач, выклікае з рачных хваляў калматых вадзянікаў ды русалак. Яны дапамагаюць круціць кола, перацягваюць цяжкія мяшкі з млына ў пуню.
Іншыя, баючыся нячыстай сілы, паспяшаліся парваць знаёмства з удалым млынаром. Але сапраўдныя Мянескавы сябры разумелі, што чуткі пра маладую сям’ю распускаюць зайздроснікі. I тым не менш усё часцей простыя людзі называлі раку, на якой стаяў Мянескаў млын, імем яго прыгожай жонкі. Волата гэта толькі весяліла. Млынар, воін і вядун адначасова, жыў па іншых законах, чым яго сапляменнікі. Працавітасць, моц і розум маглі абараніць яго ад любога нядобразычліўца.
Так усё жыццё сваё і пражыў бы ў працы ды шчасці Мянеск, калі б не вялікая бяда...
3 земляў ляшскіх прыйшлі ворагі, каб паланіць сінявокую краіну лясоў ды азёр. I адступіла перад іх моцаю княжацкая дружына. Пакінутыя чужынцам безабаронныя сяляне ў страху хаваліся па лясах. Густа ўзняліся каласы на раллі ў той год. Але не было каму збіраць ураджай. Ніхто не вёз зерне да млынара Мянеска. I спынілася вялікае кола вадзянога млына.
— Нельга чалавеку жыць без працы,— уздыхаючы, скардзіўся сваёй старой Мянескаў бацька.— Баюся я за нашага сына. Якія думкі народзяцца ў яго адчайнай галаве цяпер, калі няма чым заняць рукі? Колькі моцных гаспадароў сапсавала беспрацоўе!
Пачуў гэтыя словы Мянеск, усміхнуўся:
— He хвалюйся, бацька. Для Мянескавых рук заўсёды праца знойдзецца!
У той жа дзень ажыло кола, але нейкае дзіўнае зерне малоў Мянеск. Пад жорнамі чуўся трэск і грукат. Шэры колер быў у мукі, якую дапамагала мужу перасыпаць у мяшкі Свіслач.
Незвычайны шум і лямант прыцягнуў увагу аднаго з атрадаў ворагаў. Акружылі яны млынок і хату, у якой жыла Мянескава сям’я. Але тут на ганку з’явіўся, гасцінна ўсміхаючыся, сам гаспадар:
— Сардэчна запрашаем, дарагія госці! Ці не вас ужо які дзень чакаем мы з жонкай? Ці не для вас у склепе стаяць бочкі з мёдам ды півам? Ці не вам рыхтуе-пячэ п'рагі прыгожая маладая гаспадыня?
Саджае за дубовыя сталы чужынцаў Мянеск, поіць, а потым, рахмана апусціўшы вочы долу, уваходзіць Свіслач і падносіць гасцям духмяныя боханы з залацістай скарынкай. Прагна накідваюцца на іх ворагі і тут жа падаюць, курчачыся ў перадсмяротных сутаргах, на падлогу.
Халодны пагляд у Мянеска, твар незвычайна спакойны:
— Ну што, госці дарагія, не па зубах вам наш хлеб аказаўся? Зямлёю нашаю так жа падавіцеся,— потым ён абарочваецца да маладой жонкі: — Добрыя боханы атрымаліся ў цябе з каменнай мукі, гаспадынька. Але цяпер прыйдзецца табе са мною ісці, ратавацца ў непраходных лясах. Боханаў нашых не даруюць нам ворагі ніколі. Быў Мянеск сумленным млынаром — стане разбойнікам...
Пайшла слава пра каменны Мянескаў хлеб па ўсёй зямлі. I пачалі беспрытульныя выгнаннікі, пазбаўленыя жытла і сям’і, шукаць сустрэчы з ім. Мянеска бачылі людзі правадыром сваім, які адзін здольны аб’яднаць іх на барацьбу з чужынцамі.
Сустрэча адбылася ўночы на лясной паляне. Людскія твары мякка ахутвала месячнае святло. 3 натоўпу выйшаў пажылы, але яшчэ моцны мужчына:
— Мянеск! Мы абралі цябе для справядлівай барацьбы. Ты павядзеш нас на ворага, каб перамагчы альбо дастойна прыняць смерць.
— Я нядрэнна ведаю воінскае рамяство,— адклікнуўся Мянеск.— Паверце мне, землякі, у адкрытай бойцы нам не перамагчы. 3 аднымі лёгкімі лукамі мы нават не зможам дорага прадаць сваё жыццё. Ці ж мне весці вас на бязглуздую пагібель?
— Але хто кажа табе, млынар, што змагацца можна толькі гэтак? — усміхаецца пажылы Мянескаў субяседнік.— Багі далі табе вялікі розум. Думай жа! Я падтрымаю цябе, сын мой названы!
Доўга ўглядаецца ў твар сівога разбойніка Мянеск. А потым ківае галавою:
— Я пазнаў цябе па бацькоўскім аповедзе. Я згодны павесці людзей на чужынцаў, калі ты будзеш са мною.
Мабыць, сапраўды быў Мянеск вялікім ведуном, бо тое, што ён прыдумаў супраць сваіх ворагаў, не магло нарадзіцца ў галаве простага чалавека. А можа, добры дарадчык аказаўся побач з млынаром? Хто ведае...
Намаганнямі разбойнікаў быў перанесены на цвёрдую глебу стары млын. Яго паставілі на шэсць колаў. Вялікае кола, якое варочала шмат гадоў жорны, прыстасавалі як стырнавое.
I надышоў дзень, калі насустрач варожаму войску з лесу выкацілася дзіўная драўляная крэпасць на колах. Яна рухалася пры дапамозе моцных парываў ветру. Здавалася, чалавечая рука не кіравала ёю зусім. Быццам ладдзя пад лёгкім ветразем, ляцела дзіўная крэпасць проста на чужых воінаў. Імгненне, і з кожнай байніцы яе паляцелі ў ворага хуткія стрэлы. Кідаючы зброю, пабеглі захопнікі.