• Газеты, часопісы і г.д.
  • Млын на сямі колах Беларускія народныя легенды і паданні

    Млын на сямі колах

    Беларускія народныя легенды і паданні

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 334с.
    Мінск 1998
    104.05 МБ
    Здарылася тое, чаго ніколі яшчэ не здаралася: сыны Хатуні пасварыліся. Упершыню за ўвесь сумесны паход яны не падзялілі здабычу. Менавіта гэтая вестка так устрывожыла маці. Яна паспела своечасова, якраз у той момант, калі ўжо зазвінелі ў паветры шаблі.
    Адзіны ўладны ўзмах рукой, і спыніліся раз’юшаныя браты, апусціўшы зброю. У цяжкім маўчанні вочы Хатуні знайшлі тое, з-за чаго ўзнікла сварка: прыгожую маладзенькую дзяўчыну са спалоханымі вялікімі вачыма... I, углядаючыся ў пяшчотны яе твар, лёгкую постаць, доўгія хвалістыя валасы, зразумела Хатунь: з-за гэтай незвычайнай красы пераб’юць сыны адзін аднаго. I казала тады Хатунь:
    — Сорамна мне за маіх дзяцей, бо звар’яцелі яны, убачыўшы прыгожы твар ды доўгія косы. Што ж, калі вы ўсе страцілі галовы, я вырашу вашу спрэчку, і вы зробіце так, як загадаю вам я, маці ваша Хатунь.
    Сыны пакорліва схілілі свае галовы, тады працягвала Хатунь, ужо больш спакойна:
    — Магла б я загадаць вам забіць яе, каб не вылучаць нікога з вас, ды баюся, што будзеце ўсе насіць у сваіх сэрцах крыўду на мяне. Магла б падараваць яе Тулібу, бо старэйшы ён сярод вас і па законах нашых старэйшаму павінна належаць лепшая здабыча. Але не хачу, каб іншыя пазайздросцілі і замыслілі штосьці супраць брата.
    Таму аддаю прыгожую паланянку ўсім вам. I няхай валодае ёю ў гэтую ноч кожны з маіх сыноў па чарзе, ад старэйшага да малодшага. I так хай будзе ўсякі раз, калі здабыча аднаго з вас спадабаецца іншым.
    Ажывіліся, загаманілі браты. 3 усмешкай падышоў да красуні Туліб, і ў гэты момант прасвістала і ўпілася ў плячо старэйшага сына Хатуні страла. Калі б не адхіснуўся военачальнік татарскі ўбок, то пранізала б яна яго сэрца, бо цвёрдай, відаць, была рука ды трапным вока таго, хто пусціў яе.
    Ускрыкнула Хатунь, нібы ўстрывожаная начная птушка, кінуліся татары на пошукі смельчака, прывялі яго. 3 нянавісцю глядзеў на ворагаў сваіх пятнаццацігадовы радзежанін.
    — Смерць яму! — курчачыся ад болю, крыкнуў татарскі военачальнік.
    — He! Вы не заб’яце яго! — раздаўся раптам чыйсьці голас. Распіхваючы воінаў-чужынцаў, да белага вярблюда Хатуні наблізілася жанчына і, як падсечаная, упала на калені.
    — Хатунь! Мудрая Хатунь! Гэта мой сын, а ўступіўся ён за гонар сваёй сястры. Хіба ж твае сыны інакш на яго месцы зрабілі б? Ты маці, Хатунь, няўжо не зразумееш мяне? Дзеці мае — адзінае, што маю на гэтай зямлі, бо ўдавіца я горкая. He будзе іх — навошта і жыць? Даруй ім, калі ў чым вінаватыя перад табою, і захавай ім жыццё...
    Моўчкі, з бясстрасным тварам слухала Хатунь радзежанскую маці. 1 калі тая скончыла, вусны татаркі скрывіла пагардлівая ўсмешка:
    — Ты ўсё сказала, жанчына? — спыталася Хатунь.— Цяпер слухай мяне. Няма ў жыцці іншай праўды, чым праўда сілы. I гэтаму я як маці вучыла сваіх сыноў. Яны добра прынялі да сэрца маю навуку. Па праву моцнага прыйшлі яны сюды, па гэтаму ж праву дасталася ім твая дачка, і трэба скарыцца іх волі. Непакорным жа мы спрадвеку хрыбты ламаем. Пакараем і сына твайго. Ён будзе забіты, каб іншыя зразумелі: так будзе з кожным, хто пойдзе супраць сыноў Хатуні.
    — Дык забі ж тады і мяне, жорсткая жанчына! — ускрыкнула радзежанка.
    — Мы — справядлівыя,— ганарыста вымавіла Хатунь.— Ты ні ў чым не вінаватая перад намі. Мы пакідаем табе жыццё. Гэй, адцягніце яе ад мяне хутчэй!
    Так загінуў юны сын Еўпраксіі-ўдавіцы. He на шмат перажыла яго і сястра, яшчэ да раніцы памерла яна ў грубых абдымках сыноў Хатуні. Пасівела галава ў няшчаснай Еўпраксіі, зацямніўся светлы розум...
    Уночы ўспыхнула вартавая вежа. Ускінулася Хатунь, у шацёр мурзы Туліба паспяшалася:
    — Ты наказаў спаліць?
    — Я. Той, хто страляў у мяне, адтуль цэліўся. He хачу, каб прыстанішчам для іншых ворагаў стала гэтая вежа,— адказаў старэйшы сын татаркі.
    — Загадай загасіць полымя! Хутчэй! — усхвалявана ўсклікнула Хатунь,—Дрэнныя адчуванні на сэрцы ў мяне, а я яшчэ ніколі не памылялася...
    Агонь быў закіданы зямлёю, але паспелі заўважыць яго княжыя дружыннікі, і звон ужо склікаў апалчэнцаў-гараджан на дапамогу Радзежу. Надзявалі белыя смяротныя кашулі ратнікі, рыхтуючыся на бітву з нечаканымі ворагамі, і пры святле паходняў бласлаўляў укленчыўшага князя святар...
    Сэрца Хатуні недарэмна трывожылася. Бітва адбылася на світанку. У ранішнім тумане наляцелі на няпрошаных гасцей слаўныя славянскія воі, і загінулі ў той бойцы ўсе сыны Хатуні. А мурзу Туліба дык сам князь забіў уласнай рукою.
    I пабеглі ў страху татары. Уцякаючы, крычалі яны старой Хатуні, каб таксама спяшалася. Але моўчкі праводзіла іх татарка пустым, нежывым паглядам. Потым узяла яна ў рукі нож і перарэзала горла беламу вярблюду. Целы ж сыноў сваіх знайшла, паклала побач ды і лягла ў іх у нагах.
    Са слязамі на вачах глядзеў князь на тое, што зрабілася з яго Радзежам. Калі ж наблізіўся да яго невялічкі гурт уцалеўшых радзежан і з яго выйшла няшчасная Еўпраксія, знямелая, сівая, з пагаслымі вачыма, апусціў князь сваю галаву.
    — Прабачце мяне, радзежане. He змог я раней прыйсці, абараніць вас...
    I тады сказала ціха Еўпраксія:
    — Княжа, за сялом, на полі, дзе білі вы паганых,— забойца дзяцей маіх. Адпомсці за мяне...
    Убачыўшы людзей, што набліжаліся да яе, узнялася, выйшла перад імі Хатунь.
    — Гэта — жанчына? — здзівіўся князь.— Хіба павінны мы скіраваць помсту сваю на жанчыну?
    — Гэта — Хатунь! Жорсткая забойца! Маці нелюдзя Туліба! Кат Радзежа! — закрычалі з усіх бакоў радзежане.— Смерць ёй! Смерць! Няхай загіне, як загінулі і яе сыны!
    — Але я не магу дазволіць забіць жанчыну! — адказаў князь.
    Натоўп зашумеў, тады Хатунь моўчкі зрабіла некалькі нерашучых крокаў наперад, і Еўпраксія раптам зразумела: яна жадае смерці. Зразумела, бо сама не так даўно маліла аб гэтым чужынцаў. 1 тады яна закрычала:
    — Княжа! Нельга нам быць у жорсткасці сваёй падобнымі на паганых. Ты хочаш пакінуць ёй жыццё... Але хіба для маці, што страціла ўсіх сваіх дзяцей, не будзе значыць яно катаванне, у тысячу разоў больш страшнае за смерць? Днём маліць будзе яна, каб хутчэй надышла ноч і прынесла забыццё, а ноччу — каб узышло сонца і разагнала кашмарныя сны, у якіх кожны раз будзе бачыць адно і тое ж: смерць сваіх дзяцей. Так магла зрабіць і так зрабіла яна, Хатунь, са мною. Але ж у мяне яшчэ застаўся Бог, справядлівы і сапраўдны. У святым манастыры буду да скону маліць Творцу аб душах сваіх дзяцей. Яе ж жорсткае сэрца не ведае Бога. А без надзеі і ўцехі нельга чалавеку жыць. Будзем жа міласэрныя, падорым ёй смерць.
    Хатунь памерла лёгка. Па знаку князя адзін з ратнікаў спыніў яе сэрца кінжалам. Яе пахавалі тут жа, у адной магіле з сынамі. 3 тых часоў поле гэтае ды і ўсе землі ўрочышча сталі называцца «Збыта-пазбаўлена», бо са смерцю Хатуні скончыліся набегі татар у гэтыя мясціны.
    Жыхары сяла Радзеж, што пад Маларытай, здаецца, і да гэтых часоў вераць, што ўсё зло, уся жорсткасць і злосць чалавечыя пахаваны ў магіле Хатуні, за іх сялом. Таму па-ранейшаму ўпэўнена і светла гучаць іх спевы ў час працы. Бо кажуць жа, назва Радзеж узяла пачатак адразу ад двух слоў: «радзець» і «радавацца».
    КРЭПАСЦЬ
    той! — вартавыя з крапасной сцяны спынілі адзінокага вершніка ў доўгім шэрым плашчы, калі той наблізіўся да землянога вала перад Наваградскім замкам.
    — У мяне ліст да князя-кашталяна! — раздаўся ў адказ малады дзёрзкі голас з ледзь адчувальным іншаземным акцэнтам.
    Адразу быў пасланы чалавек да князя. I пакуль чакалі яго вяртання, салдаты абложанай крэпасці з непрыязнасцю разглядалі пасланца з варожага боку.
    — Цікава, што патрэбна гэтаму шведу ад нашага князя? — хмура спытаўся адзін з іх.
    — Адно з двух: альбо зноў пагражаць будуць, альбо паспрабуюць падкупіць,— уздыхнуў другі.
    — Хіба ім не надакучыла ўсё гэта? — злосна ўсміхнуўся нехта.— Гэты пасланец будзе ўжо пятым за апошні час. Няўжо яны думаюць, што пасля таго, што зрабілі яны з Холмскай крэпасцю, ім удасца купіць нашага кашталяна?
    Аблога Наваградка шведамі цягнулася ўжо месяц. Было бачна: крэпасць не здасца нават такому прызнанаму палкаводцу як кароль Карл. Але прыродная ўпартасць не дазваляла шведскаму манарху адвесці войскі. Да таго ж яму моцна назаляў наваградскі кашталян, які вёў такую ўмелую абарону і аказаўся такім цвёрдым і непадкупным. Гэта быў вопытны военачальнік, якога не адмовіўся б мець над сваімі войскамі і сам Карл. I гэта яшчэ больш злавала караля.
    Прынеслі адказ ад князя, і зарыпеў мост. Вершнік уехаў у крэпасць.
    Яго доўга вялі па цёмных лабірынтах калідораў і галерэй, пакуль перад ім не адчыніліся дзверы ва ўтульны невялічкі пакой, пасярэдзіне якога стаяў высокі стол. Чалавек, што сядзеў за ім у акружэнні папер, карт, павольна ўстаў і выйшаў насустрач шведу. Той зняў трохвуголку і раскланяўся.
    — 3 кім маю гонар? — спытаўся кашталян.
    — Капітан каралеўскай гвардыі граф Свансан. Рад магчымасці бачыць перад сабою славутага наваградскага кашталяна,— усміхнуўся госць.
    — Вы прыбылі з пісьмом? — не звяртаючы ўвагу на залішнюю ветлівасць шведа, адказаў князь.— Што, гэта зноў ультыматум?
    — О, князь перабольшвае мае паўнамоцтвы,— пачціва адказвае пасланец.— Пісьмо, якое я прывёз, хутчэй асабістага характару. I, наколькі мне вядома, замест пагроз там толькі просьбы.
    — Гэта ўсё роўна,— не змяняючы выразу твару, гаворыць кашталян. Ён выглядае вельмі стомленым і таму здаецца значна старэйшым, чым ёсць.— Давайце пісымо сюды. Я кіну яго ў агонь, не чытаючы, бо пасля апошняй вашай спробы падкупіць мяне, даў слова, што ніколі больш не прачытаю ні радка, напісанага ілжывай рукою шведа.
    — Можа, князь згадзіцца прачытаць пісьмо, напісанае рукою шведкі? — і пасланец з паклонам перадае маленькі, перавязаны ружовай стужкай канверт.
    Князь ламае пячатку і падносіць да вачэй ліст, ад якога яшчэ зыходзіць тонкі пах духоў. Пагляд яго падае на апошнія радкі і выхоплівае напісаны прыгожым, з завіткамі, почыркам подпіс: «Твая Сігрыд...» Капітан Свансан з цікаўнасцю назірае, як, быццам атрымаўшы нечаканы ўдар, мужны абаронца Наваградка робіць некалькі крокаў да стала і павольна апускаецца на крэсла.
    Швед і не здагадваецца, што значыць у такі час убачыць напісаныя знаёмай рукою два словы: «Твая Сігрыд».
    Няма ў свеце такой сілы, якой не была б уласціва слабасць. Непрыступную каменную скалу падточваюць нікчэмныя мурашкі, а для самага моцнага з людзей існуе нешта, што пазбаўляе яго волі, робіць безабаронным.