Млын на сямі колах
Беларускія народныя легенды і паданні
Выдавец: Юнацтва
Памер: 334с.
Мінск 1998
Шмат бітваў выйграў у барацьбе з чужынцамі Мянеск. Загартаваліся ў бойках і яго таварышы. He разбойнікамі ўжо клікалі яны сябе, а Мянескавай дружынай, мянянамі.
Да жаху спалоханыя перамогамі чарадзея Мянеска, яго таямнічым сяміколавым млынам, ворагі з ляшскай зямлі назаўсёды пакінулі гэтыя мясціны.
I паставілі Мянеска над сабой князем удзячныя землякі. Добрым, мужным, справядлівым быў гэты князь, і таму да яго сцякаліся адусюль усё новыя падданыя.
Пабудавалі мяняне на ўзвышшы ля ракі вялікае паселішча ды і абняслі яго драўлянымі сценамі. Думалі: век будзе княжыць у новым горадзе слаўны Мянеск. Толькі аднойчы раніцай прачнуліся мяняне без князя. Шукалі
яго, але не знайшлі. Чакалі — не дачакаліся. Знік невядома куды слаўны Мянеск...
Сумна жылі людзі цэлы год. I толькі Мянескава жонка, верная Свіслач, была спакойная. Бо ведала яна: прыйшоў час яе мужу стрымаць слова, дадзенае вялікаму Перуну. Уночы прынеслі вялікаму воіну вестку пра смерць яго названага бацькі-вешчуна, і пакінуў усё Мянеск, пайшоў ад людзей на свяшчэнную гару.
Праз год абралі мяняне сабе новага князя з Мянескавых сыноў. А яго змяніў Мянескаў унук...
Горад, заснаваны князем-млынаром, рос і мацнеў. Невядома, як і хто першы пачаў называць яго па імені слаўнага заснавальніка — Менск. Але назва гэтая захавалася як назва самага вялікага беларускага горада і да нашых дзён. Таксама, як і назва ракі, на якой ён стаіць спаконвеку — Свіслач.
I яшчэ дайшло да нас праз стагоддзі як спадчына тых далёкіх часін — мужнасць і непахіснасць, шчырасць і добры гумар, любоў да сваёй зямлі. Сэрца продкаў-мянян б’ецца ў нашых грудзях, душа іх жыве ў нас.
НАПАЛ60Н
I ЯГО GKAPE
мператар ехаў у карэце, адкінуўшыся на спінку сядзення
і прыплюшчыўшы вочы. Вайна была прайграна, яго войска разбіта. Ён ратаваўся ўцёкамі, і на пяткі яму наступалі салдаты Кутузава. Абозы захопліваліся партызанамі, на невялічкія атрады яго воінаў паля-
валі казакі.
Аднак імператар умеў валодаць сабою, таму толькі найбольш блізкія да яго людзі маглі заўважыць пад іранічнай усмешкай Напалеона роспач. Імператар добра ведаў, што зараз вочы ўсіх накіраваны на яго асобу, кожнае яго слова, кожны ўчынак запамінаюцца, каб пасля трапіць у летапісы. У гэты жудасны для яго час імператар больш чым калі-небудзь не належыў сабе.
— Жазэф,— звярнуўся Напалеон да слугі, які сядзеў побач з ім, бледны і спалоханы,— што з табою? Ты не захварэў? У цябе дрэнны выгляд.
— Я здаровы... здаровы, мой гаспадар. Але, як падумаеш, што мы амаль трымалі ў руках нашу перамогу, што ўсе багацці гэтай варварскай краіны ўжо належылі Францыі...
— Даволі, Жазэф,— перапыніў яго Напалеон.— Прайграваць трэба з годнасцю. У рэшце рэшт, усё ў руках Бога. А любое багацце — мітусня і недарэчнасць. Памятаеш, я расказваў табе пра цара Мідаса. Ён выпрасіў у Бога здольнасць рабіць золатам усё, да чаго дакранаецца. I загінуў з-за сваёй прагнасці. Прагнасць да золата згубіла шмат людзей.
— Усё так, Ваша Вялікасць. Але як зіхацела тая залатая карэта, якую вы загадалі кінуць у багну! А тыя шматлікія скрыні, закапаныя вамі па ўсім шляху нашага адыходу?!
— Хіба ты жадаў бы, каб яны дасталіся казакам? — горка ўсміхнуўся Напалеон.
— 3 чым жа вы вернецеся ў Францыю? Пакіньце хаця б апошні куфар. У ім скарбаў столькі, што на іх можна купіць Луўр!
— Ведаю,— рэзка абарваў слугу гаспадар.— Але ён вельмі цяжкі. А мы і так рухаемся занадта павольна. Было б смешна, калі б натоўп брудных сялян, узброеных віламі, узяў у палон імператара. Ад куфра мы пазбавімся сёння ж...
* ♦ ♦
Мужычок Ціхан з вёскі Стрыгава Кобрынскага навета быў пасланы жонкай у бліжэйшы лес за ламаччам. Зіма выдалася лютая, і сям’я замярзала.
Ён ужо назбіраў цэлае бярэма, калі яго ўвагу прыцягнуў незразумелы шум зусім недалёка. Асцярожна Ціхан наблізіўся да таго месца, адкуль шум зыходзіў. Святы Божа! На заснежанай палянцы шасцёра чалавек у адзенні напалеонаўскіх салдат закопвалі ў зямлю велізарны медны куфар. Ціхан затаіўся і моўчкі дачакаўся, пакуль яны скончаць сваю работу і пойдуць. Потым, выйшаўшы са свайго сховішча, агледзеўся і памеціў месца засечкамі на бліжэйшых дрэвах.
Ціханава свядомасць не дазволіла яму прамаўчаць пра ўбачанае і таму праз дзве гадзіны чацвёра яго аднавяскоўцаў, абліваючыся потам, цягнулі куфар у Стрыгава. Яшчэ каля дзесяці сялян-разявакаў суправаджалі іх.
Было вырашана: знаходку выкарыстаць на дабро ўсёй абшчыне. Але калі ў хаце старасты з куфра ўрачыста быў збіты замок, усе ахнулі і надоўга замоўклі — такога ніхто не чакаў. Увесь куфар па краёчкі быў напоўнены золатам: манеты і ўпрыгожанні, залатыя абклады з-пад абразоў і залаты посуд.
— Ці ведаеце, што гэта такое? — усхвалявана прагаварыў стрыгаўскі стараста Гардзей.— Гэта — наша свабода, мужыкі. Пан дасць нам усім волю, каб атрымаць такі скарб. А залатыя абклады аднясём у царкву заўтра ж, скажам: адбілі ў французаў. I non, я ўжо ведаю яго натуру, будзе нашым абаронцам, калі нас надумаюць ашукаць.
Тут узняўся вялікі шум і гоман, вясёлае ажыўленне. Сяляне перабіралі скарбы, дзівіліся на іх, дапамагалі старасту лічыць грошы. Але, здаецца, больш за іншых уражаны быў лысаваты мужычок Яфрэм. Ён хапаў жменямі бліскучыя манеты і з радаснымі воклічамі перасыпаў іх з рукі ў руку. Яфрэм рабіў гэта так зграбна, што ніхто і не заўважыў, як дзесяткі тры залатых кругляшкоў скацілася з яго далоняў проста ў шырокія рукавы кажуха.
* ♦ *
— Магрэта! Жоначка! Сустракай хутчэй! — закрычаў Яфрэм, шырока расчыніўшы дзверы ў сваю хату.
— Што яшчэ ў цябе здарылася? — незадаволена адклікнулася адарваная ад сваёй працы высокая і хударлявая кабета, якая ўчыняла цеста.
— А ластаўка мая клапатлівая, а каровачка мая карміцелька, уся ў рабоце, спіначку не разгінаючы днём і ноччу. Але мужу твайму, Магрэтачка, сёння так пашанцавала, што хутка, мабыць, зажывеш, як пані.
— Э, ды ты, Яфрэм, пэўна, перабраў гарэлкі,— падазрона ўглядаючыся ў гаспадара, прагаварыла жанчына.— Іншы раз тыднямі ад цябе добрага слова не пачуеш, а тут раптам гэткія песні... Прызнавайся, ці не з карчмы ідзеш?
Магрэта выцерла аб фартух рукі і на ўсялякі выпадак ухапілася за качалку, якой яшчэ нядаўна раскатвала цеста.
— He шануеш, не цэніш,— пакрыўджана ўздыхнуў Яфрэм, убачыўшы гэты рух.— Але нічога, зараз ты пакладзеш сваю любімую зброю і кінешся абдымаць мужанька, які толькі і думае, як дагадзіць сваёй нядобрай Магрэце.
Сказаўшы гэта, трасянуў рукавамі Яфрэм прама над сталом, і пасыпаліся, зазвінелі сярод мучнога пылу залатоўкі.
Ад здзіўлення вочы ў Магрэты сталі велізарныя, як яблыкі.
— Вой, Яфрэмка,— заплакала раптам кабета.— Што ж гэта ты, ёлуп стары, нарабіў? Каго, ліхадзей, жыцця пазбавіў з-за гэтых грошай? Чыёй цёплай крывёю снег белы запэцкаў?
— Чаго галосіш? — узлаваўся Яфрэм.— Зірні мне ў вочы, дурная варона, ці падобны я на забойцу? Ды я нават, перш чым пеўню галаву скруціць, перажагнаюся на абразы!
I расказаў Яфрэм жонцы пра Ціханаву знаходку ды пра сваю хітрасць. Тады ўзрадавалася і Магрэта.
— Купім на грошы гэтыя яшчэ адну карову, хату новую паставім, апранемся, як паны. На полі працаваць не будзем — за грошы гэткія любы згадзіцца выканаць усё за нас. А пры такім жыцці ці патрэбна і вольная?
Пералічылі яны залатыя, схавалі ў таемнае месца. Толькі тады ўспомніла Магрэта пра цеста. 3 радасці схапіўся дапамагаць ёй Яфрэм. Кладзе боханы на бляху, спяшаецца дагадзіць жонцы, а думкі так і круцяцца вакол
здабытага дабра. Перакуліў Яфрэм бляху, упала цеста на падлогу. Але не з мяккім звычайным гукам, а з дзіўным звонам. Схілілася Магрэта і раптам ускрыкнула спалохана. He цеста, але залатыя зліткі памерам з яе боханы ляжалі на падлозе.
— Што гэта, Яфрэмка? — прагаварыла яна, падняўшы адзін з іх.
— He ведаю,— збянтэжана вымавіў ён.
— Боханы сталі залатымі — ці добра гэта? — спыталася Магрэта.
— Золата не можа быць злом,— адказаў Яфрэм, які ўжо пачаў адыходзіць ад першага здзіўлення. Ён рашуча схапіў бляху, каб прыбраць яе як далей — у такі час было ўжо не да хлеба. Але як толькі Яфрэмавы рукі дакрануліся да яе, бляха са звонам ператварылася са звычайнай жалезнай у залатую. Ад нечаканасці Яфрэм перакуліў лаўку — і яна стала залатой, закрануў нагой цяжкое вядро з вадою, што стаяла ля дзвярэй — і яно зазіхацела прывабным залатым колерам. Нават вада ў ім стала вадкім золатам. Тады Яфрэм зразумеў, што па чыёйсьці вялікай волі ён набыў дар пераўтвараць у золата ўсё, да чаго дакранаецца. Ён пачаў бегаць па пакоі і на вачах у спалоханай жонкі рабіць усё хатняе начынне залатым. Дакрануўся нават да іконы, памацаў нават святую лампадку. Вачам ужо балюча было глядзець па баках: залаты бляск сляпіў іх. Але шаленства напаўзвар’яцелага гаспадара яшчэ не скончылася. Ён хапаў усё, што траплялася пад рукі.
— Жоначка! Мы багатыя! Багатыя! — закрычаў ён урэшце і кінуўся абдымаць Магрэту. Але як ад ляснога страшыдла адскочыла ад яго кабета.
— He дакранайся да мяне! He дакранайся! — у жаху завішчэла яна.— Я хачу жыць! Я не жадаю ператварацца ў халодны залаты слуп!
I крык гэты спыніў Яфрэма, вярнуў яго да рэчаіснасці. Быццам прачнуўшыся ад кашмарнага сну, абвёў ён вачыма дом. Усё ў хаце было бліскучае і сярод страшэннай гэтай велічы стаяла ў кутку спалоханая жанчына.
— Магрэта,— ціха паклікаў ён жонку.— Што гэта было, ці скончылася яно?
Адказам яму быў жаласны ўсхліп. I страшная думка раптам наведала Яфрэмаву галаву. Ён уявіў, што будзе з ім, калі ён прагаладаецца. Любая страва ў яго руках, яшчэ не трапіўшы ў рот, стане неспажыўнай. Ён загіне
з голаду! Дык вось што абяцае яму дзіўны дар! Значыць, гэта не што іншае, як пакаранне нябёсаў. Яфрэм ужо пачаў здагадвацца, за што атрымаў яго, але ўпарта вырашыў змагацца з лёсам да канца.
— Жонка, любачка мая,— паклікаў ён.— Будзь ласкавая, прынясі поліўкі ў гаршчэчку ды накармі мяне. Я не магу дакрануцца да ежы сам, дык дапамажы мне.
Любімая гаспадарская лыжка — самая вялікая ў хаце — трапіла ў гаспадарскі рот і, зазвінеўшы, выпала з рук кабеты. Ледзь дакрануўшыся да Яфрэмавых вуснаў, яна стала залатою. Лаючыся на чым свет стаіць, Яфрэм выплюнуў тое, што калісьці было глытком поліўкі: трапіўшы ў рот, імгненна загусцела і стала невялічкім зліткам.