Млын на сямі колах
Беларускія народныя легенды і паданні
Выдавец: Юнацтва
Памер: 334с.
Мінск 1998
Пільна сочыць Барыслава за тым, як павольна бляднее твар у Бяляя, чырванее твар у Ваўка, цямнее твар у Дабрыты. I разумее яна, што ў сэрцах іх ужо няма адданасці свайму гаспадару: там толькі крыўда, зайздрасць ды злосць, і, значыць, могуць яны здзейсніць тое, чаго жадае яна...
Цёмнай ноччу тры маўклівыя коннікі пад’ехалі да хаты Чараўніцы-Прыгажуні. Яны ўвайшлі ўсярэдзіну з пустымі рукамі, выйшлі ж з цяжкай ношай у мяшку. Толькі хвалі блакітнай ракі ды месяц былі сведкамі іх чорнай справы...
Сярод ночы ўскочыў з ложка князь Рацібор. У цішыні, здалося яму, паклікаў яго самотны голас каханай. I скочыў у сядло Рацібор з хваляваннем вялікім і адчуваннем надыходзячай бяды.
Выбегла са сваёй святліцы княгіня Барыслава, кінулася да сына, заклінаючы яго спыніцца. Але сцебануў каня князь, і той панёс яго да знаёмай лясной хаткі...
Ён усё адразу зразумеў, калі ўбачыў на падлозе змятую хусцінку ды разарваныя рабінавыя каралі. Ногі самі прывялі яго да ракі. I схіліўся князь над хуткай плынню,
і бязгучна затрэсліся яго плечы. I тады, здалося яму, зашаптала голасам Чарнавы, ласкава і пяшчотна, рачная вада.
Але тут з крыкамі і шумам на паляне з’явіліся дружыннікі, якія кінуліся ўслед за сваім князем. I выехала наперад на сваім кані старая Барыслава.
— Сыне, апамятайся! — крыкнула яна, але было ўжо позна.
Ён зрабіў толькі адзін крок наперад. I не было нават усплёску. Быццам каханага ў абдымкі, прыняла яго рака.
I з нейкім незразумелым страхам адступілі ад вады воіны, што ўжо кінуліся былі ратаваць князя Рацібора.
У цішы пад зорным небам былі чутны толькі дзіўны, незвычайны шэпт вады ды Барыславіны рыданні: «Навошта, сыне?! Ах, гэтая ведзьма!»
* * *
Нясе сваю плынь праз горад Ляхавічы блакітная рака. 3 даўніх часін называюць яе Ведзьмай. Кажуць, калі доўга стаяць ля вады і добра прыслухацца, можна пачуць праз шум хваляў ціхі пяшчотны шэпт двух галасоў, жаночага і мужчынскага.
I яшчэ кажуць: тых, хто пачуе гэты шэпт, куды б іх не заносіла жыццё, заўсёды будзе вабіць сюды, на радзіму, да блакітнай ракі Ведзьмы — гэтаксама, як усё жывое на зямлі імкнецца да сонца і цяпла.
«овяты»
ШЭРАШ
арашоўскі кірмаш. Яркімі фарбамі расквечаны купецкія крамкі, блішчаць
на сонцы золатам велізарныя яблыкі ў кошыках, спалохана квохчуць куры ў руках
гандлярак, весела гучаць заклікі: «А вось гліняныя гаршкі!», «Каму, каму спелых сліў? Падыходзь! Хапай!», «Стужкі! Стужкі красуням у косы!». У самым цэнтры базарнай плошчы размясціўся батлеечнік. Дзесяткі разявакаў стоўпіліся вакол яго і са смехам назіраюць за пацешнымі прыгодамі мужыка, што спачатку лупіць кіем пана, потым — папа і, урэшце, самаго чорта. Усім падабаецца вясёлы паказ. I толькі стары з вялікай калматай барадой, здаецца, не раздзяляе агульнага настрою. Ён пражыў ужо не адзін дзесятак гадоў на свеце і не ўпершыню прысутнічае на батлеечным спектаклі. Заўсёды паказваюць адзін і той жа сюжэт, толькі зрэдку штосьці мяняючы ў ім. Але ж вось гэтак, праз вясёлых лялек, можна расказаць людзям шмат пра што. Хаця б гісторыю Шэраша, таго самага легендарнага заснавальніка іх мястэчка. Гэта было б не толькі цікава: гэта дапамагло б людзям захаваць памяць аб продках, якую яны ўсё больш і больш страчваюць. Вырашана: пасля спектакля стары падыдзе да батлеечніка і прапануе для яго лялек новы сюжэт...
Калісьці даўно на месцы Шарашова быў толькі лес. I не было нідзе паблізу чалавечага жытла, калі не лічыць маленькай бруднай карчмы, што стаяла на ўскрайку гандлёвага шляху, які праходзіў за некалькі вёрстаў адсюль. Хадзіла пра карчму дурная слава, быццам яе гаспадар водзіць сяброўства з ляснымі ліхадзеямі. 3-за гэтага апусцела карчма, і даўно ўжо багатыя вандроўнікі не спыняліся ў ёй. Але аднойчы познім вечарам тут з’явіўся малады чалавек, багата апрануты, па ўсім відаць, шляхціц.
— Гэй, гаспадар! — гукнуў ён.— Вось табе залатоўка — за вячэру для мяне і авёс для майго каня. Я спынюся ў цябе на ноч.
Убачыўшы золата, неяк дзіўна бліснулі карчмаровы вочы. Кінуўся ён да нечаканага госця, кланяецца яму, усміхаецца, налівае самае лепшае віно, саджае на самае
лепшае месца, адганяючы ад яго п’яных пастаяльцаў у лахманах, што ўжо былі абступілі з усіх бакоў маладога шляхціца. Тыя моўчкі адыходзяць і рассаджваюцца па кутках, змрочна аглядаючы адтуль госця. I доўга ў цішыні чуваць толькі ліслівы карчмароў голас, які прапануе маладому вандроўніку стравы. Але вось і ён сціхае і пакідае пастаяльца, каб паклапаціцца пра каня. Тады за стол да шляхціца падсаджваецца невядомы, хутчэй падобны на жабрака, чым на чалавека, які здольны заплаціць за ноч у карчме.
— Ты хто такі? — пытаецца ён у маладога чалавека пасля некалькіх хвілін маўчання.
— Гэтае пытанне павінен задаць я,— з гонарам вымаўляе шляхціц.
— Я магу адказаць табе, але баюся, што маё імя нічога табе не скажа. А даведаўшыся пра тое, хто ты, я мог бы дапамагчы табе,— гаворыць жабрак.
— Мне не патрэбна нічыя дапамога,— усміхаецца шляхціц,— пры мне мой гонар і шабля.
— Што ж, шкада, што ты адмаўляешся ад сяброўства са мною,— уздыхае незнаёмы і знікае.
* * *
Сярод ночы нешта прымусіла маладога госця прачнуцца і сціснуць дзяржак шаблі, якая знаходзілася заўсёды побач з ім. Рыпелі прыступкі, што вялі ў пакой, прапанаваны карчмаром для начлегу. Імгненне, і дзверы расчыніліся. У іх з’явіўся сам карчмар, які трымаў у адной руцэ свечку, а ў другой — вялікі нож. Свечка добра асвятляла яго бледны, перакрыўлены грымасай твар. Ен зрабіў некалькі крокаў у бок пастаяльца і спыніўся.
— А, вы не спіце? — прамовіў ён.— Што ж, тым горш...
Карчмар свіснуў, і ў пакой уляцела адразу шэсць чалавек.
Прытуліўшыся спіной да сцяны, шляхціц зграбна адбіваў удары, якія сыпаліся на яго. Некалькі разоў яго шабля трапляла ў нешта мяккае, і тады ў цемры чуліся лаянка і глухія стогны. Але і сам ён быў ужо ўвесь у крыві. I тады нечакана прыйшла дапамога. Нехта моцны і спрытны скочыў праз вакно ў пакой, і ў галовы нападаючых паляцелі лава, шандалы, збан з вадой, што стаяў у кутку пакоя. Перавернуты дагары нагамі стол прыдушыў некага,
цяжкая дубінка прайшлася па чыісьці рэбрах. I тады з ровам начныя забойцы кінуліся прэч з пакоя.
— Як мне аддзякаваць вам, мой заступнік? — цяжка дыхаючы, спытаўся шляхціц.
— Твой конь пад вакном,— адказалі яму з цемры.
♦ * *
Пасля доўгай і хуткай скачкі два вершнікі спыніліся, і шляхціц, які змог, урэшце, добра разгледзець свайго спадарожніка, са здзіўленнем пазнаў у ім учарашняга жабрака, які прапанаваў яму сяброўства.
— Можа, цябе здзіўляе, што ў мяне таксама конь? — адазваўся жабрак.— Дык гэта не мой, я вывеў яго з канюшні карчмара.
— За што яны хацелі забіць мяне? — спытаўся шляхціц.
— 3-за тваіх грошай. Хіба ты не ведаеш, што такім людзям, як гэты карчмар, нельга паказваць золата?
— Але ж той залаты, якім я расплаціўся за начлег, быў у мяне апошні.
Хвіліну спадарожнік маладога чалавека здзіўлена глядзеў яму ў твар, а потым пачаў рагатаць. Ён споўз з сядла на зямлю і пачаў качацца па ёй.
— Вой, дурні, дурні! — чуецца праз смех.— Каб жа яны ведалі! Вось ужо сапраўды, па знешнім выглядзе яблыка ніколі не разгадаеш, ці не чарвівы ён! Глядзі, каго яны павінны былі рабаваць,— на далоні жабрака з’яўляецца незвычайнай велічыні дыямент, і вочы ў яго субяседніка становяцца здзіўлена-вялікімі.
* * *
Так нечакана пачалося сяброўства шляхціца з-пад Кракава Яна Красоўскага і вольнага чалавека Шэраша. Незвычайныя былі лёсы кожнага з іх. Збяднелы Ян Красоўскі меў шчасце спадабацца адной з самых знатных дам пры двары караля. На жаль, у каханкі маладога прыгажуна быў раўнівы муж, які намогся і канчаткова разарыў свайго саперніка. Пастаяннымі праследаваннямі ён прымусіў яго пакінуць Польшчу і бегчы ў суседняе Вялікае княства Літоўскае.
Шэраш жа за сваё жыццё паспеў памяняць шмат гаспадароў і набыў упэўненасць, што лепей за ўсё ні ад каго не залежаць. У час сваіх прыгод ён атрымаў мноства
сечаных і колатых адмецін, якія сведчылі аб нераўнадушных адносінах да яго многіх людзей. Але больш за ўсё Шэраш ганарыўся глыбокім шрамам праз увесь твар, па якім пазнавалі яго і сябры, і ворагі. Што датычыцца алмаза-дыямента, дык з’яўленне яго ў дзіравых Шэрашавых кішэнях толькі падцвярджала: не заўсёды дзейнасць гэтага чалавека была бездакорнай у стаўленні да законаў.
Як бы там ні было, Шэраш прапанаваў свайму новаму сябру дагавор: яны аб’яднаюць знатнае імя Красоўскага і патаемнае багацце Шэраша, каб дабіцца ад караля дазволу пабудаваць невялічкае паселішча, якое насіла б імя Шэраша і фармальна належала Красоўскаму. Гэта было выгадна аднолькава і беспрытульнаму двараніну, і бадзягу з цёмным мінулым.
Так узнікла Шарашова. I першымі жыхарамі яго былі сябры Шэраша па яго небяспечных вандроўках. Суровыя, моцныя, гордыя, яны прыходзілі сюды, каб знайсці часовы прытулак ад шматлікіх ворагаў, і заставаліся назаўсёды. У новае паселішча перабраліся таксама сяляне, якім абрыдлі прыцясненні мясцовых уладальнікаў. У Шарашове пасяліліся рамеснікі і купцы, стары святар. Душой усіх быў дзейсны, вясёлы, справядлівы Шэраш. Ён назіраў за жыццём і працай мястэчка, разбіраў скаргі жыхароў, іх спрэчкі, бласлаўляў шлюбы, разам з узброеным атрадам бліжэйшых сяброў абараняў паселішча ад ворагаў. Яго знатны таварыш толькі здзіўляўся энергічнасці і сардэчнай шчодрасці, якія праяўляліся ва ўсім: ад падзелу паміж жыхарамі Шарашова адбітага ў шматлікіх ворагаў багацця да кахання, якое ён шчыра дараваў кожнай ахвотніцы. Шэраш не абраў сабе жонку, але шмат хто з дзяцей новага паселішча горда насіў прозвішча Шарашовіч, Шаршуновіч, Шарашовец, утворанае ад імя іх бацькі...
* * *
Аднойчы Яна Красоўскага знайшлі ў лесе. У яго грудзях тырчаў дарагі кінжал з вензелямі. Стары раўнівец адшукаў, нарэшце, свайго суперніка. Змрочны цень лёг на Шэрашаў твар...
Ноччу, пасля пахавання сябра, ён сабраўся ў дарогу, узяўшы з сабою кінжал, якім быў забіты Красоўскі. Прайшло няшмат часу, і нават да гэтых глухіх мясцін даляцела жудасная вестка пра страшную Шэрашаву помсту і пра тое, што кароль пакляўся злавіць і пакараць мсціўца. I гэта было адзінае, пра што дакладна даведаліся жыхары
Шарашова. Шмат гадоў яны чакалі Шэрашавага вяртання, але дарэмна. Хадзілі чуткі, што ён загінуў у сутычцы з атрадам каралеўскіх стралкоў. Але ніхто не хацеў верыць у гэта. Бо доўга яшчэ іншыя маладыя маці паселішча ўпарта называлі бацькам сваіх нованароджаных дзяцей Шэраша, які як быццам хаваецца ў лесе разам з найбольш смелымі і адважнымі сваімі паплечнікамі. Як бы там ні было, праўды аб лёсе Шэраша і да гэтых часоў ніхто не ведае...