• Газеты, часопісы і г.д.
  • Млын на сямі колах Беларускія народныя легенды і паданні

    Млын на сямі колах

    Беларускія народныя легенды і паданні

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 334с.
    Мінск 1998
    104.05 МБ
    — Чым жа яны лепшыя за мяне? Хіба я не працую з ранку да ночы, а што з гэтага маю? I коні ў іх больш сытыя, дагледжаныя, быццам не тым жа аўсом кормяць іх, і жонкі — паслухмяныя, не тое што мая — злая ды сварлівая, і дзеці ніколі не хварэюць, і ўраджай збіраюць багацейшы. А ўсё з-за таго, што побач з іх вёскаю гэты сіні камень-абярог ляжыць!
    Гультаём быў Пахом, таму і поле не радзіла, зарослае бур’янам, і коні былі сухарэбрынамі недагледжанымі, таму і жонка злавалася на свайго гаспадара. Але не гэта было галоўнай Пахомавай заганай, а тое, што быў ён нячысты на руку, усё цягнуў у хату, што ні ўбачыць: ці то цвік ад падковы, ці то збан, які выпадкова забыла на вуліцы суседка. Усяму знаходзіў ужытак. Таму хаця і была яго хата з выгляду бедненькай, паўразбуранай, але знутры больш за ўсё мела падабенства са сховам рознай дробязі.
    Вось і вырашыў Пахом, што ў хаце яго знойдзецца месца і цудоўнаму сіняму каменю, а з ім і ўдача прыйдзе Ў дом.
    Сабраўся ён уночы, запрог сваіх схуднелых кляч і накіраваўся да суседняй вёскі. 3 цяжкасцю ўсклаў зіхатлівы нябесны камень на воз, пацягнуў павады, але ледзь зрушыліся з месца коні: быццам не камень, а гару наважыўся перавезці ў сваю гаспадарку Пахом.
    Толькі на світанку давалакліся Пахомавы коні дахаты. Выкаціў зайздроснік камень і паклаў яго пад вугал сваёй хаты,— лепшай апоры паўразбуранаму жытлу і не адшукаеш.
    Пацёр задаволены Пахом руку аб руку ды пачаў шчасця чакаць. Толькі дзе ж яно, тое шчасце? Акалелі абое коней, што з апошніх сіл валаклі цяжкую паклажу, скасабочылася, завалілася на бок хата, у хаце прыдушыла лаваю жонку. Праз два дні выпаў град і пабіў пасеў, злодзеі знеслі ўсё хатняе начынне, пачалі хварэць і паміраць дзеці.
    Мітусіцца сярод няшчасцяў сваіх Пахом, нічога зразумець не можа. Толькі мудрыя вясковыя бабулькі ківаюць галовамі ды перашэптваюцца паміж сабою:
    — Няйначай, грэх на душу ўзяў!
    Здагадаўся ўрэшце Пахом, хто віною яго бедам. Выцягнуў камень з-пад вугла хаты, ды і паклаў на тое месца, адкуль калісьці ўзяў.
    I як толькі сіні камень упаў ва ўжо амаль размытую дажджамі яміну, якую прабіў ён калісьці ў зямлі, падаючы з неба, скончыліся нягоды неразумнага Пахома.
    I міналі стагоддзі, і змяняліся людзі, а сяло Сіні Камень па-ранейшаму лічылася мясцінай шчаслівай, жытлом людзей, якія не ведаюць пра гора, і камень-абярог па-ранейшаму зіхацеўся таямнічым, глыбокім, як нябесная сінь, святлом...
    ...Пачарнеў сіні камень назаўсёды, калі ў час апошняй вайны была спалена датла шчаслівая вёска...
    клсцёл
    ДЛЯ МАЛвНЬКАЙ дзяучынкі
    ранцузы — вельмі акуратны народ. Нават цэглу, прызначаную для перавозкі са сваёй краіны ў іншую, для рэкламы
    фірмы загортваюць паасобку ў спецыяльную паперу. Калі прымалася рашэнне заказаць чырвоную цэглу для новага Мінскага касцёла, памылкі зроблена не было.
    Усё каталіцкае насельніцтва Мінска з радасным нецярпеннем чакала завяршэння будаўніцтва. Грошай на ўнутранае абсталяванне і аздобу дома пана Езуса паступала ўсё больш. Гарадское кіраўніцтва было задаволена энтузіязмам вернікаў. Асабліва ж ахвяраваннем сям’і слуцкага памешчыка, старшыні Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, былога члена Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі, Эдварда Вайніловіча. Амаль усё сваё багацце ён уклаў на ўзвядзенне касцёла. Яго ж намаганнямі зроблены план і каштарыс. Кажуць, знешні выгляд будынка падка-
    заны варшаўскаму архітэктару Марконі таксама Вайніловічам. Памешчыка часта бачылі на будоўлі, дзе ён прыдзірліва назіраў за працай муляраў. Іншы раз побач з ім з’яўлялася маўклівая постаць пані ў жалобным адзенні. Мінчане ўжо ведалі, што гэта жонка Вайніловіча Алімпія і што яна ледзь ачуняла пасля ўзрушэння, звязанага са смерцю сваіх дзяцей: семнаццацігадовай Гэлены і чатырнаццацігадовага гімназіста Сымона. Яны памерлі адзін за адным у час эпідэміі іспанкі. Новы Мінскі касцёл будзе названы імёнамі іх анёлаў...
    * * *
    У свае семнаццаць гадоў Гэля выглядала яшчэ падлеткам. Ёсць такія гатункі ружаў — вельмі доўга спее іх бутон, перш чым пачаць павольна разгортваць пялёсткі, адкрываючы махнатую залацістую сярэдзінку. Але аднаго разу закружыцца галава ад дзіўнага водару, якім раптам павее ад кветкі: падыдзеш, а яна ўжо зусім раскрылася, і вакол яе ў зачараванні — матылькі і пчолы. I доўга потым стаіць, не асыпаючыся, гэтая ружа, радуе вока.
    Неаднойчы знаёмыя пры сустрэчы заўважалі Вайніловічам, што Гэля хутка расквітнее і стане сапраўднай красуняй. А пакуль яна была толькі сціплым бутонам на фоне сваіх пышных равесніц, нізкарослай, па-хлапечы вуглаватай і нязграбнай.
    Але калі пра знешнасць дачкі Вайніловічаў можна было яшчэ толькі рабіць здагадкі, Гэлінага таленту нельга было не прызнаць нават зараз. Ён кідаўся ў вочы ўсім, рабіў маленькую дзяўчыну не падобнай на сваіх сябровак, вылучаў сярод іншых. I талент гэты радаваў і хваляваў бацькоў, бо Гэля марыла стаць мастачкай. Увесь яе пакой быў застаўлены эцюдамі да карцін, сцены завешаны акварэлямі і малюнкамі. Нарадзіўшыся ў набожнай каталіцкай сям’і, Гэля пераносіла на паперу самыя хвалюючыя сцэны з абодвух Запаветаў. Хрыстос, біблейскія героі, святыя былі як быццам часткай яе самой. Гэлі падабалася даставаць іх са старонак святых кніг і ажыўляць пры дапамозе пэндзля.
    Былі ў яе і любімыя героі, любімыя сцэны: святая Элізабета сярод ружаў, святая Жэнеўева, якая ўтаймоўвае страшэннага цмока, Матка Боска, што ўзносіцца на воблаку, бласлаўляючы зямлю і людзей, якія жывуць на ёй.
    Гэлю прыцягваў вобраз праведнай, цнатлівай жанчыны. Ёй здавалася, што сваім набожным жыццём і міласэрнымі справамі яна таксама магла б дасягнуць Боскай ласкі і вечнага жыцця пасля смерці. Яна будзе мастачкай, якая карцінамі сваімі праславіць пана Езуса і Матку Боску. Да яе прыйдзе прызнанне і любоў людзей, карціны яе будуць выстаўляцца для ўсеагульнага паказу, і сродкі, што атрымае яна ад гэтага, пойдуць бедным і хворым.
    Аднойчы, калі Гэля малявала Хрыста, які сядзіць паміж сваіх прыхільнікаў і павучае іх, паказваючы простыя лугавыя лілеі, за сціпласць сваю расквечаныя Усявышнім так, што «пазайздросціць ім нават сам Саламон», яна адчула нясцерпны галаўны боль. Давялося кінуць амаль гатовы эскіз і легчы ў ложак. Доктар, выкліканы заклапочанымі бацькамі, убачыў толькі лёгкую прастуду, якая, па яго словах, павінна была мінуць праз два-тры дні.
    Каб хворай сястрычцы не было сумна, яе брат Сымонка ўвесь вечар знаходзіўся побач. Дзеці Вайніловіча разам чыталі «Катэхізіс» і абмяркоўвалі яго, потым брат прыдумаў для сястры цікавую гульню, калі на зададзенае ўслых пытанне трэба знайсці адказ у Бібліі, адкрыўшы
    наўздагад старонку. Гэля забылася пра сваю хваробу і нават усміхалася.
    Але назаўтра ёй стала вельмі блага. Захварэў і Сымон. Іншы доктар, стары сябра Вайніловічаў, выпадкова трапіўшы ў Слуцк пасля доўгай адсутнасці, тэрмінова адмяніў лекі, прыпісаныя калегам. Яго дыягназ быў нечаканы і больш небяспечны — іспанка. Доктар па ўласнай ініцыятыве вырашыў застацца побач з хворымі і хмура назіраў за тым, як хвароба з кожным днём усё больш і больш перамагае. Праз тыдзень ён вымушаны быў прызнаць, што ўсе яго намаганні дапамагчы брату і сястры Вайніловічам — беспаспяховыя. I калі малады арганізм сам не здолее справіцца з хваробай, магчыма нават смерць...
    У гэтую ноч Гэля ўбачыла ў сне Матку Боску. Яна схілілася над яе ложкам, дакранулася да яе палаючай жарам галавы, і боль прайшоў. Гэля рушыла за дзевай Марыяй. Спачатку яны ішлі праз камяністую пустыню. Насустрач ім, вывяргаючы з пашчы агонь і дым, выпаўз цмок. Але стройная бялявая жанчына ў светлым адзенні бясстрашна наблізілася да страшыдла і звязала яго сваім доўгім поясам. Цмок пакорліва апусціўся перад ёй на зямлю.
    — Святая Жэнеўева! — у захапленні вымавіла Гэля, і бялявая жанчына ветліва ўсміхнулася ёй.
    Потым Матка Боска павяла Гэлю праз даліну. I там убачыла дзяўчына стройную постаць прыгожай жанчыны з доўгімі, ажно да зямлі, чорнымі косамі. Яна раздавала жабракам, што сабраліся вакол яе, хлеб і віно. Потым да жанчыны наблізіліся з пагрозлівымі крыкамі коннікі: «Маркграфіня адна сярод чэрні! Яна ганьбіць сваё імя! Навошта яна тут? Калі яна займаецца недастойнай яе сану справай, яе чакае суровае пакаранне!»
    «Я толькі ружы тут збіраю!» — адказала чарнакосая жанчына, і імгненна хлеб і віно ў руках жабракоў пераўтвараецца ў ружы. Ружавай становіцца ўся даліна...
    — Святая Элізабета! — шэпча шчаслівая Гэля, і святая з цікаўнасцю зазірае дзяўчыне ў вочы.
    Тады азіраецца, уся ў ззянні, Матка Боска:
    — Ты заўсёды памятала пра нас, у цябе было няшмат часу для таго, каб зрабіць штосьці вялікае ў імя Бога. Але ты несла дабро людзям, якія бачылі твае малюнкі. Заўтра гэтай жа дарогай ты і твой брат прыйдзеце да мяне. Падрыхтуйся ж. Ты можаш папрасіць у мяне папярэдне што хочаш. Я паспрабую выканаць тваё пажаданне, Гэля.
    — Зрабі так, каб мы паправіліся,— просіць Гэля.— Я не баюся смерці, але што будзе з нашымі бацькамі, калі мы пакінем іх?
    — Ёсць рэчы, над якімі не ўладна нават я,— сумна ўздыхае Матка Боска, і з вачэй яе павольна сцякаюць дзве вялікія слязінкі.— Іншы раз душа чалавечая павінна прайсці праз пакуты і нават праз смерць, каб трапіць у рай. Чалавечае жыццё не доўгае, і хутка бацькі вашы трапяць туды ж, куды заўтра павядзе вас дабрыня і чысціня ваша. Вы сустрэнецеся, Гэля!
    — Але яны будуць пакутваць і аплакваць нас, мабыць, яшчэ дваццаць — трыццаць гадоў. Гэта так жорстка. I ці ў радасць будзе нам светлы рай? — кажа Гэля.
    — Ах, я вельмі добра ведаю, што значыць боль страты,— гаворыць Матка Боска.— I я калісьці страціла свайго сына. Я дапамагу вашым няшчасным бацькам. Слухай уважліва мяне, Гэля. Няхай пасля вашай смерці бацькі ўсё багацце сваё ўкладуць у пабудову касцёла з чырвонымі сценамі і дахам. Чырвоны колер — колер радасці, Гэля. Пабудаваўшы касцёл, яны спазнаюць незвычайную радасць. Бо душы вашы ў час вялікіх святаў змогуць наведваць гэты храм, каб суцешыць іх. Яны будуць адчуваць пяшчотны дотык нябачных рук і трапятанне нябачных крылаў, і туга па страце не будзе абцяжарваць іх сэрцы. Запамятай жа, Гэля, якім павінны быць гэты касцёл.
    I ў паветры ўзнік-павіс падобны на казачны замак будынак з чырвонай цэглы.