• Газеты, часопісы і г.д.
  • Млын на сямі колах Беларускія народныя легенды і паданні

    Млын на сямі колах

    Беларускія народныя легенды і паданні

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 334с.
    Мінск 1998
    104.05 МБ
    — Уф, а я ўжо думаў, што незнарок забіў цябе,— з палёгкай уздыхнуў ён.
    Са стогнам абмацваючы галаву, разбойнік падняўся з зямлі.
    — Чым гэта ты мяне? — спытаўся.
    — Ды вось...— волат збянтэжана паказаў Міколу цяжкі бот, які трымаў у руцэ.
    — Нічога сабе зброя,— усміхнуўся наш герой, агледзеўшы бот.— He зайздрошчу таму, каму давядзецца яго насіць. 3 такім цяжарам на нагах хутка не пабегаеш, а ў вашых мясцінах, пэўна, гэта трэба ўмець кожнаму, калі ён не хоча, каб яго нізавошта пабілі.
    — Ну, прабач, дружа,— прагаварыў волат.— Я вінаваты. Але навошта ты дражніўся?
    — Я?!
    — А хіба ты мяне не абзываў капылом? — ужо не так упэўнена сказаў Міколаў субяседнік.
    — Капылом? Я сапраўды, здаецца, услых вымавіў такое слова, але якое дачыненне мае яно да цябе?
    — Няўжо я памыліўся? — прамовіў волат.— Але, ведаеш, як надакучыла ўсё. Ну, хіба вінаваты я, што бацькі аддалі мяне ў вучні шаўцу? У мяне рукі цяжкія, а шавецкая справа тонкая. He атрымліваецца ў мяне нічога. Няма каб паспачуваць чалавеку, пашкадаваць яго. Дык не. Як ідуць гараджане міма майстэрні, дык і зачэпяць. To «падэшвай» дражняць, то «асновай», то «цвіком», a то і проста «ботам». Я як пачуў ад цябе «капыл», проста страціў розум. Дык ты не крыўдуй ужо на мяне.
    — А што такое капыл? — зацікаўлена спытаў Мікола.
    — Адкуль жа ты, сябра, калі гэтага не ведаеш? — здзівіўся вучань шаўца.— Пойдзем у майстэрню, я пакажу табе капыл.
    Усё ў шавецкай майстэрні было незвычайнае і цікавае для ляснога брата. Капыл жа аказаўся проста кавалкам дрэва, зробленым у форме чалавечага ступака. На яго нацягваюць скуру і па гэтай мерцы робяць боты.
    — Хіба гэта так крыўдна называцца капылом? — здзіўлена спытаўся Мікола, які вельмі часта сустракаў у сваіх сяброў мянушкі тыпу «кісцень», «нож», «парваны кашэль».— Я б на тваім, братка, месцы зрабіў так, каб мянушку гэтую людзі вымаўлялі з павагай.
    — Тады ідзі вучнем да майго майстра, і праз год пагаворым,— пакрыўдзіўся волат.
    — Добра, я падумаю,— рассмяяўся Мікола, бо намер праславіць мянушку «капы», зрабіўшыся ліхім разбойніцкім атаманам, зноў з’явіўся ў яго галаве.
    Якраз у гэты момант у майстэрню ўляцеў маленькі сухенькі чалавечак з доўгімі моцнымі рукамі. Гэта быў майстар-шавец, і Мікола раптам адчуў, як дробна задрыжэла падлога пад яго нагамі, гэта затросся ўсім целам волат, што стаяў побач.
    — А ты зноў гультуеш, Зміцер? — накінуўся майстар на вучня.— Хто гэты чалавек? Навошта ён тут? — спытаў стары, зірнуўшы на Міколу.
    — Ён... ён выбірае сабе работу па душы,— нечакана вымавіў Зміцер.— I я вельмі раіў яму пайсці да вас вучнем. Вы ж, нібыта, самі шукалі памагатага.
    — Гэта сапраўды, шукаў,— сказаў шавец, пільна ўглядваючыся ў твар і постаць нашага героя.— Ды хіба ж ён з гэтай мэтай тут?
    — Так, я жадаю навучыцца добраму рамяству,— адказаў Мікола, адчуваючы ў паглядзе майстра нейкую небяспеку для сябе.— Але я яшчэ не вырашыў канчаткова, ці хачу займацца шавецкай справай. Я яшчэ падумаю.
    I ён накіраваўся да дзвярэй, але стары шавец заступіў яму дарогу.
    — Здаецца мне, сынку, што ты ўжо валодаеш нейкім рамяством. Яно не вельмі карыснае, але бывае прыбытковым. Ці не так?
    Мікола моўчкі зноў паспрабаваў выйсці, але майстар раптам пачаў гаварыць, ды так ціха, што нават Зміцер, які стаяў недалёка, не мог разабраць яго слоў.
    — Слухай, сынку, толькі што ў мястэчка вярнуліся мужыкі, якія разам з салдатамі ўдзельнічалі ў аблаве на разбойнікаў. Усіх схапілі, акрамя аднаго. Яны прызналіся, што іх таварыш быў пасланы на кірмаш назіраць за купцамі. Ты ж, хаця і апрануты селянінам, бачна па руках, ніколі ні касы, ні плуга блізка не бачыў. Калі я не памыляюся ў сваіх здагадках, то паслухай старога, у лесе табе больш няма чаго рабіць. Я мог бы выдаць цябе, але не ведаю чаму — шкада. Так што падумай і заставайся тут. Будзеш маім вучнем. Бог даруе мне ўсе грахі, калі ўдасца з бандыта зрабіць добрага рамесніка.
    Так амаль супраць волі стаў Мікола вучнем шаўца. Праз месяц пасля гэтага ў мястэчка прыйшла вестка, што ўсе разбойнікі, схопленыя ў тутэйшых лясах, павешаны. Штосьці зламалася тады ў Міколы. Цэлымі днямі сядзеў ён у майстэрні, закрыўшы твар рукамі, а праца стаяла. Але, мабыць, стары майстар вельмі добра разумеў усё і не чапаў свайго незвычайнага вучня.
    I аднаго дня той урэшце накінуўся на працу, нібы галодны на хлеб.
    — Што, Мікола, зрабіў выбар? — ціха спытаўся ў канцы рабочага дня стары.— Малайчына, хлопец. Я непакоіўся, што не зразумееш, пойдзеш адсюль. Але калі ўсё вырашылася менавіта так — будзеш майстрам!
    I прагна штодзень слухаў настаўленні шаўца Мікола, і яго рукі пакрывалі крывавыя мазалі ад нязвыклай працы, і шмат матэрыялу псаваў новы вучань. Але аднаго разу атрымаўся ў былога разбойніка неблагі чаравік. I з тых часін ён пачаў радаваць сваім уменнем старога майстра.
    Прайшоў год. Шавец адаслаў у родную вёску няўмеку Зміцера, а Міколу пачаў даручаць нават самую складаную працу. Яшчэ праз год усё наваколле ўжо ведала пра маладога шаўца Міколу Капыла, бо менавіта такое прозвішча абраў сабе былы разбойнік.
    А яшчэ праз год майстар сказаў яму:
    — Усё, сынку, больш я нічому цябе не навучу, бо ты ўсё ўмееш, што ўмею я. Уваходзь са мною ў долю, будзем разам валодаць майстэрняй.
    Дзень за днём прыбывала слава Міколы Капыла. I спачатку ён майстэрствам сваім перамог настаўніка, потым стаў лепшым шаўцом на ўсёй вуліцы. А пасля кірмашу, на якім заморскія купцы скупілі ўсе боты, зробленыя Міколам, каб завезці ў далёкую Англію, маладогаі шаўца
    прызналі лепшым майстрам у мястэчку. 3 усяго наваколля з’язджаліся да яго заказчыкі. I нікому не адмаўляў былы разбойнік.
    Аднаго разу вясной у дзвярах майстэрні ўзнікла ладная дзявочая постаць. Паўлінка, пачуўшы пра шаўцовы здольнасці, прыйшла прасіць пашыць ёй новыя чаравікі. Здзіўленыя маладыя людзі пазналі адно аднаго. I зноў пацягнула Міколу да гэтай прыгожай дзяўчыны, і радасная ўсмешка з’явілася на яго твары, калі яна збянтэжана вымавіла:
    — Дык гэта ты Капыл? Прабач мяне, майстар, што смяялася тады з цябе, але ж я сапраўды нічога не ведала...
    Што тут доўга казаць. Хутка наш герой згуляў вяселле з прыгожай Паўлінкай. Жылі яны доўга і шчасліва, і было ў іх шмат дзяцей. Усе, калі выраслі, сталі шаўцамі. I да іх прозвішча Капыл, людзі заўсёды ставіліся з павагай, як марыў пра гэта іх бацька. Спачатку вуліца, дзе знаходзілася майстэрня, пачала называцца Капыл. Пасля назва перайшла на ўсё мястэчка, якое да таго часу ўжо праславілася па ўсёй Беларусі, як сталіца шаўцоў. Невядома толькі, хто, калі і навошта змяніў яе на Капыль.
    ПЛН6НКЛ
    аўно гэта было. Мабыць, у тыя часіны, калі ў курэй раслі рогі, а ў кароў — крылы.
    Жыў тады на зямлі пан. Ну, мабыць, і не зусім пан, а так, падпанак. Але фанабэрыстасці ў яго было на трох вялікіх паноў. Калі б яшчэ і багацце меў, зусім жыцця нікому не даваў бы. Ну, ды Бог мілаваў, багацця якраз і не было. Але займець яго пану надта ж хацелася. Спрабаваў разводзіць авечак з густой бліскучай воўнай — паздыхалі авечкі ад нейкай хваробы. Сабраў быў тавару гандляваць у чужыя землі — напалі па дарозе разбойнікі. Зусім сумным пан зрабіўся: не есць, не п’е, схуднеў, пачарнеў.
    Тады з’явілася яму ў сне паненка: сама бялявая, вочкі жвавыя, блакітнага колеру, косы доўгія, па зямлі цягнуцца, на галаве вянок з лілеяў, а вакол яго стракозы лётаюць, звіняць. Такую прыгажосць, мабыць, толькі ў сне ўбачыць можна!
    — Што ты невясёлы, галаву звесіў? — пытае прыгажуня, а сама лагодна ўсміхаецца.— Багацця хочаш — багацце атрымаеш. Вазьмі сабе ў жонкі працавітую дзяўчыну, з ёю ўсё мець будзеш.
    Ці не з табою мне ажаніцца трэба?
    — А няхай і са мною. Хіба не прыгожая? — смяецца паненка.— I па знатнасці табе нічым не саступаю. Ты пан, я — таксама панскага роду,— чым мы не пара адно аднаму? Заручыся са мною, і я дапамагу табе разбагацець. А ўжо пасля і вяселле згуляем.
    Паплыло тут нешта перад вачыма ў пана, убачыў ён сябе побач з незнаёмай прыгажуняй. А вакол дзяўчаты з песнямі карагоды водзяць, музыкі граюць на скрыпачках. Абмяняліся яны пярсцёнкамі ды пацалункамі. Зусім закруцілася галава ў пана. Чуе толькі голас сваёй нарачонай:
    — Заўтра раніцай як прачнешся — нічому не здзіўляйся. Усё, што атрымаецца,— нам на дабрабыт. I толькі памятай: не свабодны ты зараз, а жаніх. Трымай жа слова. дадзенае мне...
    Саступіў сон перад яваю, калі адазваўся ранішні звон на бліжэйшай ад панскага жытла царкве. Расплюшчыў вочы пан, ды адразу ж на руку сваю — зырк. Глядзіць, а там замест пярсцёнка, што ён заўсёды насіў, чужы пярсцёнак з блакітным, як вочы невядомай красуні, каменем. Ускочыў пан з ложка ў здзіўленні вялікім. А на вуліцы гамоняць людзі, гучна абмяркоўваюць штосьці, спрачаюцца, войкаюць. Аказваецца, за ноч нехта пабудаваў на рацэ, што цякла ледзь не пад вокнамі панскага дома, млынок. I тут нешта быццам ударыла пана па галаве. Зразумеў ён, хто была яго начная нявеста, бо ўспомніў, якое імя спакон веку насіла гэтая рачулка — Паненка. Заручыўся ён, выходзіць, з самой рэчкаю!
    Ну, ды нядоўга цягнуўся панаў спалох і непаразуменне. Сэрца падказала яму, што знайшоўся, урэшце, для яго шлях разбагацець, бо не было паблізу іншага млына, і заўсёды мясцовыя людзі наракалі долю за тое, што вельмі ўжо далёка даводзіцца ім вазіць зерне на памол.
    ♦ * ♦
    Прайшло тры гады. Разбагацеў пан, паважнеў, патаўсцеў, зрабіўся лянівым. Ён ужо амаль забыў пра свае дзіўныя заручыны, бо не бачыў з тых часін сваю нявесту, а толькі ціха і старанна працавала на яго рака, быццам і не Паненкаю зусім была, а сялянкай-парабчанкаю.
    Але вось аднойчы здарылася нешта такое, што прымусіла нашага пана забыцца пра сваю ляноту і спакой. Запрасіў яго аднойчы сусед-пан у свой маёнтак на імяніны, і там сярод гасцей ён убачыў прыўкрасную Тэафілю.
    Ці сапраўды гэтая Тэафіля была такой ужо харошанькай — пра тое мы не ведаем. Нехта кажа, што мела яна ўстаўныя зубы, іншыя — што пад пышным парыком хавала рэдкія, кароткія валасы, а трэція — што Тэафілі даўно пайшоў ужо трыццаты гадок. Аднак у гэтай красуні быў вельмі багаты бацька, ды да таго ж — сапраўдны шляхціц.
    Адным словам, пан наш закахаўся. Панна Тэафіля таксама ўпадабала спрытнага, вясёлага маладога чалавека і яна, пасля нядоўгіх хістанняў, аддала яму сваё сэрца.