Млын на сямі колах
Беларускія народныя легенды і паданні
Выдавец: Юнацтва
Памер: 334с.
Мінск 1998
Бацька Тэафілі быў задаволены: у зяця ёсць свая справа, вельмі прыбытковая, багаты маёнтак, шмат грошай. 3 такім і парадніцца не сорамна. Навошта ж адкладаць вяселле?
Заручыны было вырашана зрабіць у маёнтку жаніха,
ля таго самага млынка, з якога пачалося яго багацце.
Вось падышла шчаслівая нявеста да самай ракі.
— Якая чысцюткая тут вада,— кажа,— якая хуткая плынь! Напэўна, цяжка прымусіць такую рэчку варочаць млыновае кола?
— Ды чаму ж цяжка? — смяецца жаніх.— Яна ў мяне — пакорлівая, як служанка. Кожнаму майму жаданню дагаджае,— багацце маё памнажае і нічога ўзамен не патрабуе.
Ніхто не заўважыў, як пры словах гэтых замарудзілася на хвіліну рачная плынь, прыпынілася кола вадзянога млынка...
Уначы пасля заручын соладка спалася пану-жаніху. Бачыў ён у сне прыўкрасную Тэафілю, якая разам з ім лічыць залатыя чырвонцы і складае іх у вялікія мучныя мяшкі. А мяшкамі такімі ўжо да самага даху забіты млынок. Толькі раптам узнімаецца вецер, млын зносіць моцным парывам і ўсе грошы з мяшкоў сыплюцца-падаюць у раку, якая прагна глытае іх. Дарэмна спрабуе пан выратаваць хаця б частку свайго багацця — устае насустрач яму велізарная хваля, і ў ёй бачыць гордую постаць сваёй нявесты-ракі.
— Ты парушыў слова гонару, пан! — кажа яна.— Ты — няварты майго кахання, бяры ж назад свой пярсцёнак, ён не патрэбны мне. Бяры і помні: ніколі не была і не будзе Паненка пакорлівай служанкай, як ты аб тым марыў, здраднік.
— Пра якую здраду ты кажаш? — спрабуе апраўдацца пан.— Ты — толькі рака, а я — жывы чалавек. Мне патрэбна жонка з людзей.
— Усяго месяц заставалася чакаць табе, пане,— адклікаецца рака.— Мы згулялі б наша вяселле, і душа ракі набыла б чалавечую плоць. Ты быў бы шчаслівы і багаты. Але ты не вытрымаў выпрабаванне вернасцю. Мала таго, ты прынізіў, пры людзях абразіў мяне, Паненку. Дык лепш Паненцы знікнуць зусім, лепш вадзе ў зямлю пайсці, лепш павярнуць яе назад, чым дапамагаць нажываць багацце такому чалавеку, як ты!
Сказала і знікла. Прачнуўся пан увесь у халодным поце. He апранаючыся, кінуўся на вуліцу. А там — дзіва дзіўнае: разваліўся млын у парахню, знікла са сховішчаў кудысьці ўсё багацце, а гордая Паненка прабіла сабе ля запруды новае рэчышча, абагнула сядзібу нявернага пана і панесла свае воды зусім у іншы бок.
Убачылі нечаканае жаніхова разарэнне Тэафіля і яе бацька-шляхціц і скасавалі шлюбны дагавор.
Адзін застаўся пан, ды яшчэ бяднейшы, чым быў спачатку. 3 гора, кажуць, утапіцца надумаў, але вада заўсёды збягала ад яго, калі ён падыходзіў да калодзежа ці ў сажалку заглядаў.
Ну ды што ж з яго возьмеш? Тады ўсе людзі былі бесталковыя, бо адбылося гэта ў тыя часіны, калі ў курэй раслі рогі, а ў кароў — крылы.
• * *
Гэтае паданне і зараз яшчэ расказваюць унукам і ўнучкам сваім сівыя бабулькі ў вёсках Петрыкаўскага раёна, што на Гомельшчыне.
грлфскі сддоушк
адыходзіла вясна. У графскім парку сышоў снег, і зямля пад ім была пяшчотна-мяккая, духмяная, цёплая і вільготная. Яшчэ не было ніякіх кветак — на клумбах не прыжываюцца лясныя падснежнікі — але таямнічы водар зямлі, якая прачынаецца для нараджэння новага жыцця, быў такі моцны, такі дурманлівы, што дайшоў урэшце і да пакояў гаспадароў маёнтка Станькава. Ён прымусіў пані Мальвіну ўсхапіцца ў адной лёгкай кашулі з шыкоўнага ложка, падбегчы да вакна і расчыніць яго насустрач сонцу, цяплу, нечаканай радасці.
Юнай вясной магла падацца гэтаму імгненню маладая графіня Чапская, зеленавокая, залатавалосая, незвычайна мілая ў сваёй ранішняй непрыбранасці, калі б не так моцна зіхацеў пад сонечнымі промнямі на руцэ яе заручальны пярсцёнак. Акальцаваць можна птушку і харошанькую жанчыну. Вясну акальцаваць, прыняволіць, падпарадкаваць чужому жаданню немагчыма.
— Мон амі! Уставайце! Няўжо вы хочаце праспаць такую цудоўную раніцу? — з усмешкай звярнулася пані Мальвіна да некага, хто з пыхценнем вазіўся ў алькове, засланяючы вочы ад вясёлых сонечных зайчыкаў.
Граф Чапскі, непаваротлівы, нязграбны, урэшце таксама ўзняўся.
— He зразумею, ма шэры, што вас так узрадавала? На вуліцы звычайная ранішняя сырасць,— прабурчаў ён.
— Ды вы паслухайце, як спяваюць птушкі! Яны вітаюць вясну! — ускрыкнула маладая жанчына.
— Ну што ж, тады, мабыць, сапраўды самы час прымусіць працаваць нашага садоўніка. У мінулы раз ён занадта марудзіў з нарцысамі, і яны ў нас з’явіліся значна пазней, чым ва ўсіх суседзяў.
Граф адышоў ад вакна распальваць сваю любімую люльку. А графіня ўсё ўдыхала пах зямлі і не магла надыхацца.
I раптам на фоне трапяткіх веснавых дрэў яе вочы вылучылі далёкую постаць. Чалавек у высокіх рабочых ботах ішоў па алеі, часта спыняючыся і падыходзячы то да
аднаго дрэва, то да другога. Ён схіляўся перад імі, мацаўправяраў глебу, праводзіў далонню па шурпатых стромах, нават прыкладаў вуха да іх, услухоўваючыся ў тое, як гуляюць пад карою веснавыя сокі.
Чалавек моцна кульгаў. Пані Мальвіна пазнала па паходцы садоўніка Стаса.
— Які малайчына,— падумала яна,— граф яшчэ толькі ўспомніў пра яго, а ён ужо працуе.
Але тут з суседняга пакоя данёсся раздражнёны голас Чапскага:
— Ма шэры, вы ўжо занадта доўга стаіце ля адчыненага вакна. Вы прастудзіцеся. Ідзіце лепш сюды.
Уздыхнуўшы, маладая жанчына адышла прэч.
* * *
Старэйшы сын селяніна Данілы, Станіслаў, нарадзіўся калекам. Адна яго нага была нашмат карацейшая за другую. Гэта было няшчасце, бо ўбогае дзіця, калі яно толькі не памірала ў маленстве, станавілася для сям’і вялікім цяжарам, лішнім ротам.
Стас не памёр у дзяцінстве, але вырас у даволі гожага, шыракаплечага мужчыну. Калецтва, як і баяўся бацька, перашкодзіла Стасу стаць пасля яго карміцелем сям’і, і гэты цяжар усклалі на свае плечы малодшыя Данілавы сыны. Але ў Станіслава адкрыліся вялікія здольнасці ў садоўніцкай справе. I яго ўзяў граф Чапскі да сябе ў маёнтак.
Хаця Стасу было толькі дваццаць сем, іншым дваровым Чапскіх ён здаваўся чалавекам у гадах. Сутулы, маўклівы, кульгавы, зарослы шорсткай барадою, ён імкнуўся пазбягаць усялякіх размоў са слугамі і парабкамі, і нават калі сам гаспадар маёнтка заводзіў з ім гутарку, адказваў коратка і неахвотна. Стас саромеўся свайго калецтва, баяўся насмешак і здзекаў, і таму выконваў работу ціха, старанна і непрыкметна.
Так было да тых часін, пакуль у Станькаве не з’явілася маладая гаспадыня.
Быццам веснавы вецер, лёгкі і п’янкі, уварвалася яна ў жыццё беднага садоўніка. I раптам пачаў заўважаць Стас, што, гледзячы на юную пані, усё часцей успамінае, што ён — мужчына. I ўсё часцей стала з’яўляцца ў маладога калекі жаданне зрабіць нешта, каб яго заўважылі, пахвалілі за добрую работу, проста ўсміхнуліся.
Садоўнік пачаў працаваць на знос. Раніцай, да сонейка, яго можна было ўжо ўбачыць ля клумбаў перад сядзібай.
Прапрацаваўшы ўвесь дзень, позна ўначы Стас яшчэ рабіў абыход парка, правяраў кожнае дрэўца, выяўляў хворыя і непрыгожыя, каб пры выпадку замяніць іх іншымі, каштоўнымі — заморскімі.
Цяпер не звярнуць увагу на маладога садоўніка было немагчыма. Але Стас не ведаў, што, разгледзеўшы пад густой расліннасцю на яго шчоках прыгожы юнацкі твар, многія маладыя дзяўчаты сталі спрабаваць пазнаёміцца з ім бліжэй. He ведаў таму, што ўсе сілы свае кідаў на тое, каб звярнуць на сябе ўвагу пані Мальвіны.
He, ён не страчваў галаву: дабіцца кахання прыгожай жанчыны, гаспадыні, ды да таго ж замужняй, яму было немагчыма. Але калі б яна падаравала яму ўсяго толькі адно ласкавае слова, ён змог бы, урэшце, паверыць у сябе, у сваю моц, маладосць, чалавечую годнасць — ва ўсё тое, што адабрала калецтва.
У тую сонечную раніцу, калі юная графіня ўпусціла ў свой пакой праз вакно вясну, Стас прыдумаў, нарэшце, спосаб заслужыць пахвалу пані Мальвіны.
Праз два дні ён абвясціў графу Чапскаму, што жадае ўпрыгожыць сядзібу трыма незвычайнымі кампазіцыямі з дрэў, жывымі скульптурамі, алегорыямі Веры, Надзеі і Кахання. Здзіўлены граф даў згоду.
Для працы абраны былі тры даволі высокія дрэвы пад вокнамі графскай спальні. I некалькі дзён Стас толькі хадзіў каля іх, углядаўся, нешта вымяраў. А потым некалькі работнікаў прынеслі шырму і паставілі яе. 3 раніцы да вечара штодзень стаў працаваць малады садоўнік за шырмай, мудруючы нешта над няшчаснымі дрэвамі. Ён акуратна абразаў галіны, надаючы ім нейкую новую форму, рабіў надрэзы на ствалах, прывіваючы да іх галінкі ад іншых, маладых дрэў.
У клопаце гэтым прайшла вясна і большая частка лета. Тады, урэшце, Стас абвясціў, што работа яго — скончана. Чапскі паспяшаўся запрасіць гасцей, якія ўжо даўно цікавіліся, што робіцца за шырмай ля вокан графскага маёнтка. Але яго вельмі хвалявала думка: ці не сапсаваў садоўнік дрэвы, зрабіўшы з іх вырадкаў, якіх варта будзе толькі спілаваць. Ён нават хацеў паглядзець на работу Стаса раней, каб не асароміцца перад суседзямі. Але ўпершыню за ўвесь час сваёй службы ў графа пасмялелы садоўнік упэўнена і пераканаўча параіў свайму гаспадару не спяшацца. I Чапскі, здзіўлены нечаканай упартасцю хлопца, адступіў.
I надышоў дзень раскрыцця таямніцы. I ўпалі покрывы, за якімі хаваліся цудоўныя жывыя скульптуры. I на імгненне змоўклі ўражаныя госці.
Было першае дрэва падобна на чалавека, які ў захапленні і падзяцы ўзняў рукі да неба. Урачыстым гімнам Богу гучала гэтая работа садоўніка-скульптара. Здавалася, быццам у працягнутыя насустрач Богу рукі-галіны з нябёсаў сыплецца залаціста-зялёны дождж Боскай ласкі, створаны з жывой лістоты.
Скульптура ж, якая адпавядала алегорыі Надзеі,— нібы згорблены чалавек з кульбай у зялёным доўгім плашчы. Гэты чалавек узнімаў угару галаву, чакаючы, што хтосьці моцны, добры працягне яму адтуль руку дапамогі.
Алегорыя Кахання была самай незвычайнай. Трэцяе дрэва не мела падабенства з чалавечай постаццю, але расло быццам дагары карэннямі. Як удалося садоўніку зрабіць такое дзіва — невядома, толькі выглядала ўсё так, быццам вырвалі дрэва гэтае з глебы і, абкарнаўшы ўсе галіны, утыркнулі вершалінай у зямлю. Падпарадкоўваючыся нейкай невядомай сіле, карэнні, якія трапілі ў нябёсы, выпусцілі лісты.
Доўга ўглядалася ў гэтую апошнюю работу маладая графіня. I неўзабаве адкрылася ёй яшчэ больш вялікая таямніца — тонкая, нервова-хваравітая, добрая, прыгожая душа чалавека, што стварыў гэтае дзіва.