Млын на сямі колах
Беларускія народныя легенды і паданні
Выдавец: Юнацтва
Памер: 334с.
Мінск 1998
Князёўну-пустэльніцу рэдка бачылі чужыя. I зараз пінчукі не адразу пазналі Уладзіміраву дачку. Яна хутка змяшалася з натоўпам, які панёс яе ў бок княжацкага церама. Там Соф’я ўбачыла ваяводу Тамілу і пачала прабірацца да яго. Пачуўшы воклік, ваявода абярнуўся. Дзядзька княжацкіх дзяцей, ён адразу вылучыў Соф’іну постаць з сотняў іншых. Таміла зразумеў, што яна прыйшла гаварыць з ім, і крыкнуў, каб далі дарогу княжацкай дачцэ.
Сярод злосных выкрыкаў і здзіўлення Соф’я і Таміла ўвайшлі ў церам, каб праз некалькі хвілін таемнай размовы выйсці разам і рашуча спыніць гоман натоўпу.
— Слухайце мяне, пінчукі,— у голасе старога ваяводы гучала радасць.— Для тых, хто ад боязі патрабаваў толькі што чакаць лёсу за гарадскімі сценамі, для тых, хто згодны быў пакінуць усю зямлю пінскую на рабаванне вузкавокім драпежнікам, хто сваім недаверам перашкаджаў мне весці на бой з ардынцамі воінаў, прыйшла перадаць слова Божае, волю Усявышняга наша князёўна. Ведайце ж, не пакінуў нас Гасподзь, і тыя знакі, што бачылі мы перад татарскім нашэсцем, былі не знакамі гневу Яго, але папярэджаннем аб небяспецы.
А пасля загаварыла Соф’я. Расказала яна аб дзіўным сваім сне і аб ранішняй размове з Богам, калі адкрылася ёй Яго воля: каб не загінуць, Пінск павінен абараняцца. Соф’я павядзе пінчукоў на праклятага хана, і яны перамогуць.
Звычайна маўклівая і ціхая, князёўна ўсё гаварыла і гаварыла. Голас яе звінеў, як песня жаўрука, што высока ў паднябессі пяе славу Стваральніку. I здарылася дзіва: недаверлівыя, змрочныя пінчукі паверылі маленькай, кволай паслушніцы.
Неадкладна былі пасланы ганцы ў Тураў, Лунінец, Давыд-Гарадок. I пацягнуліся ў Пінск атрады ўзброеных людзей. Праз два дні славянскае войска, спяваючы «Багародзіцу», рушыла на сустрэчу з ворагамі.
Суровы Таміла вёў пінчукоў. Па левую руку ад яго на шэрым мышастым кані ехала князёўна. Яна была ў простым белым адзенні, вельмі падобным на тое, што, па паданню, носяць у раі пакутніцы. Белыя новыя кашулі апранулі і ратнікі.
Лета ішло на схіл. Але спёка не спадала. Пот струменіўся па тварах ратнікаў і крупах коней, пах яго змешваўся з пахам травы і п’янкім водарам яблынь, што раслі
проста ля дарогі. Пыл густым воблакам ахутваў воінаў. Але Соф’я быццам нічога не адчувала. Гледзячы на палі, што пахлі духмяным спелым коласам, яна бачыла ўжо іх вытаптанымі сотнямі капытоў. Дзівячыся на тое, як у садах пінскіх гаспадароў дрэвы гнуцца пад цяжарам пладоў, яна ўяўляла іх спаленымі, мёртвымі. I боль сціскаў сэрца князёўны.
Яны набліжаліся да месца бітвы, калі Соф’я загадала спыніцца. Ля дарогі, прыбраны ручнікамі, стаяў каменны крыж. Князёўна ўпала ля яго на калені і пачала маліцца. Воіны моўчкі глядзелі на яе, і толькі ў цішыні было чутно фырканне коней.
— Бог загадаў мне не ісці далей,— урэшце, скончыўшы маленне, сказала Соф’я.— Жанчыны створаны дзеля таго, каб даваць жыццё, а не адбіраць яго. Але ля гэтага святога крыжа я буду чакаць звестак ад маіх воінаў і маліць Усявышняга аб перамозе. Вас павядзе ў бой слаўны ваявода. Верце яму, як паверылі мне.
I пацягнуліся доўгія гадзіны чакання. He ўзнімаючыся з каленяў, адчувала ўсім целам князёўна, як трасецца зямля зусім недалёка, там дзе прымалі смерць яе воіны. Зрэдку даносіліся да яе крыкі і іржанне коней. Першы ганец наблізіўся да Соф’і на зыходзе дня. Ён быў пасланы Тамілам са звесткай аб тым, што пінчукі цясняць войска хана. Другі, які прыскакаў сярод ночы, паведаміў пра гібель хана Сатара. Трэці на світанку прывёз вестку аб вялікай перамозе. Тады ўпала без сіл на траву князёўна. Незвычайная воля, што падтрымлівала яе ў час небяспекі, пакінула Соф’ю тады, калі бяда мінула...
Радасныя воклічы ўзляталі ажно да нябёсаў. Гэтак пінчукі сустракалі пераможцаў па ўсім іх шляху. Але не было ўжо моцы радавацца разам з імі ў смяротна стомленых, запырсканых крывёю воінаў. Ледзь трымаўся ў сядле паранены ваявода. I адразу зноў ператварыўшыся з гордай князёўны ў ціхую паслушніцу, хавала вочы ад тых, хто славіў яе, Соф’я. Думкі яе былі далёка ад мітуслівага мірскога жыцця. Заўважыўшы ў паветры першае павуцінне, Соф’я ўспомніла гісторыю, якую чула неяк ад ігуменні. Павуцінне ў паветры — гэта ніткі цудоўнай пражы Багародзіцы, якую пачынае прасці яна ў канцы кожнага лета. Сядзіць Багародзіца на воблаку, побач з ёю — залаты калаўрот. Ля ног круціцца верацяно. 3 водару кветак, першых восеньскіх туманоў, гудзення пчол прадзе яна дзіўную пражу. А побач святыя і праведніцы ткуць
з яе тканіну для нябёсаў. Раптоўна абарваныя нітачкі падаюць уніз, на зямлю, абарочваюцца ў лёгкае павуцінне. У апошні дзень Сусвету цудоўнай тканінай, нацягнутай на нябёсы, будзе міласэрна схавана ад вачэй спагадлівых праведнікаў у раі зямля, якая гіне ў страшэнных пакутах. I яшчэ думала Соф’я, што пасля нечалавечай напружанасці апошніх дзён у ёй нешта зламалася. А ёй яшчэ трэба прыймець моцы, каб прымірыць пінчукоў з бацькам...
Прымірэнне гэта адбылося праз некалькі дзён. А яшчэ праз тыдзень Соф’і не стала. Пра яе смерць гаварылі рознае. Адны лічылі, што з ёю паспяшаліся расправіцца па загаду князя, які атруціў таксама і ваяводу Тамілу, што ўгаворваў пінчукоў замест Уладзіміра пасадзіць на княжацкі прастол Соф’ю. Іншыя таямнічую смерць князёўныпаслушніцы прыпісвалі злой волі загінуўшага хана Сатара. Пасля бітвы целы ўсіх татараў разам з целам іх правадыра былі пахаваны недалёка ад поля бою. Вакол кургана, насыпанага над імі, чорная татарская кроў выпаліла ўсю расліннасць. На вяршыні гэтага лысага кургана штоноч людзі бачылі здань — акрываўленага татарскага хана з адсечанай галавой. 3-за гэтага ўсю мясцовасць сталі называць Целяханамі.
Але былі нешматлікія людзі, якія пры ўспамінах пра смерць моўчкі ўзнімалі галаву ўгару, быццам жадаючы разгледзець нешта паміж аблокаў. Яны лічылі, што князёўна пайшла з гэтага жыцця па волі нябёсаў. Хто ведае? Мабыць, яно і так. Мабыць, зараз чыстая, светлая, яна сярод святых жанок сядзіць ля ног Багародзіцы, дапамагаючы ткаць дзіўную тканіну? Праведнікі ва ўсе часы занадта рана пакідалі нашу грэшную зямлю.
княства
пбрлкрэслены КРЫЖ
эта здарылася ў тыя часіны, калі на карце Белай Русі яшчэ не было мястэчка з назвай Мір. Але ўжо існавала магутнае
Наваградскае, князям якога часта даводзілася
ўступаць у жорсткія баі са злоснымі рыцарамі-крыжакамі, абараняючы спакой і свабоду свайго народа. Таму нават займаючыся мірнымі справамі, мужчыны княства не забывалі, як трымаецца ў руцэ меч, як нацягваецца цеціва ў лука. Іх даспехі не паспявалі пакрывацца павуціннем.
Звычайна чарговы прыход рыцараў з крыжамі на плашчах можна было прадвызначыць: не любілі яны пачынаць свае паходы ў веснавое і восеньскае бездарожжа, ішлі ў сухое лета ды снежную зіму. У сялян быў час для таго, каб працаваць на палях ды гадаваць дзяцей.
Але ўсё змянілася, калі ў гэтыя мясціны прыйшоў атрад эльзасцаў на чале з рыцарам-крыжаком Готфрыдам фон Фірбахам.
Быццам ураган, налятаў ён на мірныя паселішчы, паліў сялянскія хаты, забіраў скаціну, рабаваў і забіваў. Пасля дзёрзкіх набегаў хаваўся са сваімі воінамі па навакольных лясах.
Некалькі разоў выходзіла супраць Готфрыда-эльзасца княжацкая дружына. I знаходзілі яго прыстанак, і абложвалі, як звера. Але заўсёды ўдавалася хітраму, вопытнаму ворагу выслізгваць, выбірацца з-пад аблогі. Незвычайна, незразумела вёў сябе Готфрыд. Кідаўся са сваімі людзьмі па ўсяму княству, ад вялікай сілы хаваўся, маленькія атрады разбіваў, заўсёды нападаў у нечаканым месцы. Дарэмна спадзяваліся сяляне, што з пачаткам восеньскіх дажджоў вернецца ў Ордэн адчайны эльзасец. Надышла восень з яе золкім холадам і туманамі, а драпежнікі фон Фірбаха працягвалі рабаваць і паліць іх зямлю.
— Ну, хопіць,— рашуча сказаў тады свайму малодшаму брату, князю Васільку, сівавусы князь Юры.— Мне не падабаецца тое, што робіць Готфрыд. He таму, што нам не ўдаецца ніяк паквітацца з ім, але таму, што падобны ён хутчэй на звычайнага разбойніка, чым на ордэнскага
10 Млын на сямі колах
273
рыцара. Здаецца, што загад Ордэна ён ужо даўно выканаў, але штосьці трымае яго ў нашых мясцінах.
— Дзіўна, людзей з кожным днём у Готфрыда застаецца ўсё менш, а ён і не думае вяртацца туды, адкуль прыйшоў,— заўважыў юны Васілька.— Ды і калі паглядзець, дзеля чаго робіць ён набегі на нашы вёскі,— смешна становіцца. Як быццам галоўным для эльзасцаў стала здабыча харчавання.
— Вось гэта і здзіўляе мяне, і насцярожвае,— падхапіў князь Юры.— Готфрыд — моцны супраціўнік, добры вой. Але чамусьці ўсё больш палохае і крыўдзіць сялян, клапоцячыся не пра славу, а пра тое, што дае магчымасць яму выжыць у чужым краі. Мы павінны разгадаць гэтую таямніцу. Трэба паслаць нашага чалавека ў Нямеччыну...
* * »
I наступіла зіма, і прыйшла ўслед за ёю вясна. Тады вярнуўся пасланец князя Юрыя. He адзін вярнуўся. Госцю прывёз з Эльзаса. Ад яе і даведаліся наваградскія князі аб сумнай гісторыі свайго ворага.
Удалым ва ўсім быў Готфрыд. I шматлікія зайздроснікі вырашылі пазбавіцца ад яго. Калі, сабраўшы свой атрад, выступіў эльзасец у паход на Белую Русь, склалі яны на свайго былога сябра данос. Быццам не крыжу святому пакланяецца Готфрыд, а служыць чорную імшу. Быццам прадаў ён душу д’яблу за сакрэт здабычы золата.
I сабраў магістр Ордэна генеральны капітул, на якім было вырашана паспрабаваць выратаваць хаця б душу брата Готфрыда, калі цела ён згубіў беззваротна. Дачакацца яго вяртання з паходу і паспрабаваць.
А значыла гэта, што вернецца эльзасец пераможцам ці пераможаным, будзе ён схоплены, кінуты ў цямніцу, і пасля катаванняў спалены на кастры разам з воінамі атрада свайго, якія абвінавачваліся ў тых жа страшных грахах. Але хтосьці паспеў папярэдзіць фон Фірбаха пра каварны план Ордэна. I вырашыў ашуканы рыцар святога крыжа застацца ў той зямлі, куды паслалі яго забіваць і рабаваць, трымацца тут да апошняга і, калі сілы пакінуць яго, з гонарам загінуць.
Уражаныя, выслухалі гэты аповед князі Юры і Васілька. Рашэнне прыйшло адразу: неадкладна сустрэцца з эльзасцам. Але без зброі ў руках.
Нібы снежны ўраган, праімчаўся праз невялічкае паселішча атрад коннікаў у белых плашчах з чорнымі крыжамі. Спалоханыя людзі з крыкамі кінуліся ратавацца хто куды. Але дзіва, драпежныя крыжакі на гэты раз не кранулі нікога. Быццам нейкая больш важная справа чакала іх. Быццам ніколі іх вока не спакушалася на маёмасць няшчасных сялян.