Мур
Жан-Поль Сартр
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 231с.
Мінск 1991
на яна ўсім целам адхілілася ўлева — нібы каб унікнуць дотыку з чымсьці непрыемным, нібыта каб прапусціць нейкую цяжкую, нязграбную рэч. Раптам падлога рыпнула, і Еве жудасна захацелася расплюшчыць вочы, зірнуць направа, адагнаць паветра рукой.
Але яна стрымалася і не расплюшчыла вачэй, ажно ўздрыгануўшыся ад гэтай чаканай і горкай радасці. «Я таксама баюся»,— падумала яна. Усё яе жыццё затаілася ў правым баку. Яна нахілілася бліжэй да П’ера, па-ранейшаму не расплюшчваючы вачэй. Цяпер ёй досыць было аднаго, самага маленькага намагання, і ўпершыню — яна ўвойдзе ў гэты трагічны свет. «Я баюся статуй»,— падумала яна. Гэта было як нейкае сляпое, утрапёнае перакананне, як закляцце; Ева ўсёю сілаю хацела паверыць у прысутнасць статуй; яна старалася ператварыць гэтае трывожнае аняменне, што паралізоўвала ёй правы бок, у нейкае новае пачуццё — у дотык. Сваім бокам, рукою, плячом — яна адчувала, як яны пралятаюць побач.
Статуі ляталі паволі і нізка; і ўвесь час гудзелі. Ева ведала, што ў іх хітры, хлуслівы выгляд і што вакол вачэй, з каменя, у іх растуць вейкі; алэ ўвогуле яна іх уяўляла кепска. Яна ведала, што яны яшчэ не зусім жывыя і іх вялікія целы пакрытыя, нібы цёплымі лушпінамі, кавалкамі плоці; што на кончыках пальцаў у іх лушчыцца камень і далоні заўсёды свярбяць.. Ева не магла ўсяго гэтага ўбачыць, яна толькі ўяўляла, што нейкія вялікія кабеты, велічна і ўрачыста, слізгаюць недзе зусім побач з ёй і што ў іх — чалавечы выгляд і цвердалобая ўпартасць каменя. «Яны схіляюцца да П’ера». Ева зрабіла над сабой такое моцнае намаганне, што рукі ў яе пачалі дрыжаць. «Яны схіляюцца нада мной...» Раптам жудасны крык апаліў яе холадам. «Яны дакрануліся да яго». Ева адчула вялікую стому. «Гульня,— падумала яна з папрокам,— усё гэта толь-
кі гульня. Я ні на імгненне не паверыла ў іх шчыра. А ён увесь гэты час — пакутаваў сапраўды».
П’ер абмякнуў і глыбока ўздыхнуў. Але зрэнкі ў яго былі яшчэ расшыраныя, ён увесь быў мокры ад поту.
— Бачыла? — спытаў ён.
— Я не магу іх бачыць.
— Тым лепш для цябе: яны б цябе напалохалі. Мне што,— сказаў ён,— я прывычны.
Рукі ў Евы яшчэ дрыжалі, у галаве пульсавала кроў. П’ер выняў цыгарэту. Але не запаліў.
— Мне ўсё роўна, калі я іх бачу,— сказаў ён,— але я не хачу, каб яны да мяне дакраналіся, я баюся, каб мне не перадалося іх скулле.
Ён падумаў хвіліну і спытаў:
— Ты іх хоць чула?
— Чула,— сказала Ева,— гудуць, як матор у самалёта. (У мінулую нядзелю П’ер сам гэта апісваў.)
П’ер усміхнуўся крыху паблажліва.
— Ну, ты перабольшваеш,— сказаў ён. Твар у яго быў па-ранейшаму бледны. Ён зірнуў на Евіны рукі.— Ды ў цябе рукі дрыжаць. Бедная мая Агата, як цябе гэта ўразіла. Але цяпер няма чаго хвалявацца: да заўтрага яны болей не прыйдуць.
Ева не магла гаварыць, у яе клацалі зубы, і яна баялася, каб гэтага не заўважыў П’ер. П’ер доўга яе разглядаў.
— Ты проста чорт ведае якая прыгожая,— сказаў ён, ківаючы галавой.— Шкада, вельмі шкада.
Ён хутка выпрастаў руку і мякка крануў яе за вуха.
— Мой чароўны дэман! Ты мяне крыху бянтэжыш, ты занадта прыгожая, і гэта адцягвае маю ўвагу: я не магу засяродзіцца. Нічога б яшчэ, каб не трэба было рэзюміравання...
Ён змоўк і здзіўлена зірнуў на Еву:
— Я не гэтае слова... Яно прыйшло... яно прыйшло,— сказаў ён з няпэўнай усмешкай.— На языку
было зусім іншае... а гэтае... заняло яго месца. He памятаю ўжо, што я хацеў сказаць.
Ён хвіліну падумаў і трасянуў галавой.
— Добра,— сказаў ён,— трэба паспаць,— і дадаў дзіцячым голасам: — Ведаеш, Агата, я стаміўся. У мяне ўжо ўсё блытаецца ў думках.
Ён кінуў цыгарэту і ўтаропіўся ў дыван з занепакоеным выглядам. Ева падсунула яму падушку.
— Можаш таксама паспаць,— сказаў П’ер і заплюшчыў вочы,— яны болей не прыйдуць.
«РЭЗЮМІРАВАННЕ». П’ер спаў з застылай на твары ціхамірнай усмешкай; галава ў яго нізка схілілася, і здавалася, што яму хочацца пацерціся шчакой аб плячо. Еве спаць не хацелася, яна думала: «Рэзюміраванне...» Твар у П’ера раптам зрабіўся дурны, і слова, доўгае і бясколернае, само выкацілася з рота. П’ер зірнуў перад сабой здзіўлена, нібы ўбачыў гэтае слова і не пазнаў; рот у яго быў млява разяўлены; нешта нібы надламалася ў ім. «Ён стрызніў. Гэта здарылася з ім упершыню; зрэшты, ён і сам заўважыў. Ён жа сказаў, што ў яго ўсё зблыталася ў думках». П’ер ціха, салодка застагнаў і плаўна махнуў рукой. Ева зірнула на яго цяжкім поглядам. «Які ён цяпер прачнецца!» Гэтая думка не давала ёй спакою. Кожны раз, калі П’ер засынаў, яна толькі пра гэта і думала, яна не магла сябе перасіліць. Ева ўвесь час баялася, каб ён не прачнуўся з мутнымі вачыма і не пачаў раптам трызніць. «Якая ж я дурніца,— падумала яна,— гэта ж павінна пачацца не раней як праз год. Франшо сам так казаў». Але трывога не пакідала яе; праз год: зіма, вясна, лета, пачатак яшчэ адной восені. Аднойчы твар у яго перакрывіцца, сківіца адвісне, і ён адно паўрасплюшчыць слязлівыя вочы. Ева схілілася да П’еравай рукі і прыпала да яе вуснамі: «Я заб’ю цябе раней».
ГЕРАСТРАТ
Людзі... На іх трэба глядзець з вышыні. Я гасіў святло і прыстройваўся каля акна: у іх нават і ў думках не было, каб нехта мог за імі сачыць зверху. Яны клапоцяцца адно пра фасад, ну, часам яшчэ пра задворкі, але ўсё іх старанне разлічана ўрэшце на гледача ў метр семдзесят. Ці задумваўся калі хто-небудзь з іх, як выглядае фетравы капялюш з сёмага паверха? Яны чамусьці зусім не дбаюць, каб абараніць свае плечы і чарапкі кідкімі колерамі ці яркай тканінай, яны не ўмеюць змагацца з гэтым вялікім ворагам Чалавечага: вертыкальнаю перспектывай. Я высоўваўся з акна, і мяне разбіраў смех: ну, дзе яна, дзе гэтая іх славутая «пастава ўрост», якой яны так ганарацца: яны проста расплюшчваліся аб тратуар, і з-пад плечаў у іх плазам высоўваліся толькі доўгія ногі.
На балконе сёмага паверха, вось дзе мне трэба было б пражыць усё жыццё. Бо маральная перавага заўсёды павінна быць падмацаваная нейкімі матэрыяльнымі сімваламі, іначай — яна проста знікае. Якая ж, урэшце, перавага над людзьмі была ў мяне? Перавага ў пазіцыі — болей нічога: я паставіў сябе па-над тым чалавечым, што было ўва мне, і пачаў яго разглядаць. Менавіта таму мяне заўсёды вабілі вежы сабора НотрДам, пляцоўкі агляду на Эйфелевай вежы, царква Сакрэ-Кёр, мой сёмы паверх на вуліцы Дэлямбр. Усё гэта — цудоўныя сімвалы.
Часам, вядома, даводзілася спускацца на вуліцу. Каб схадзіць на працу, напрыклад. Я задыхаўся. Калі бачыш людзей на адным з імі ўзроўні, іх намнога ця-
жэй лічыць за мурашак: яны кранаюць. Аднойчы я ўбачыў на вуліцы мерцвяка. Ён ляжаў ніцма. Яго перавярнулі, і аказалася, што ён у крыві. Я ўбачыў яго расплюшчаныя вочы, нейкі незразумелы выраз на твары, які невядома пра што казаў, і ўсю гэтую кроў. Я стараўся сябе пераканаць. «Ну і што,— думаў я,— усё гэта хвалюе не болей за свежую фарбу. Ён проста ўквэцаў сабе нос у чырвонае, вось і ўсё». Але потым я адчуў нейкую паскудную млявасць у нагах і ў патыліцы і самлеў. Мяне зацягнулі ў аптэку, пачалі тузаць за плечы і прымусілі глынуць спірту. Я быў гатовы ўсіх забіць.
Я ведаў, што яны мае ворагі, але ж яны — яны гэтага не ведалі. Яны любілі адзін аднаго і заўсёды трымаліся разам, локаць да локця; яны і мне часам дапамагалі — у тым, у сім: яны ж лічылі мяне за свайго, да іх падобнага. Але каб яны здолелі здагадацца хоць пра самую маленькую крыху праўды — яны б мяне екамісавалі. Дарэчы, пазней яны так і зрабілі. Калі спаймалі і даведаліся, хто я. Яны сцерлі мяне на дробны мак, білі ў камісарыяце цэлыя дзве гадзіны, малацілі кулакамі і давалі поўхі, выкручвалі рукі, раздзерлі ў шмоцце штаны, а пасля, каб было чым закончыць, кінулі на падлогу мае акуляры, і пакуль я іх шукаў, на карачках, білі мяне нагамі пад задніцу і рагаталі. Я заўсёды прадбачыў, што гэтым скончыцца — мяне скамісуюць: я ж не дужы і абараніць сябе не магу. А некаторыя ўжо даўно на мяне палявалі: бамбізы. Яны штурхалі мяне на вуліцы — каб пасмяяцца і каб пабачыць, што я буду рабіць. А я маўчаў. Я рабіў выгляд, што не разумею. I ўсё роўна — папаўся. Нездарма, відаць, ува мне заўсёды жыў гэты страх: гэта было прадчуванне. Зрэшты, вы, вядома, разумееце, што ў мяне былі і намнога сур’ёзнейшыя прычыны іх ненавідзець.
А што да страху, дык усё пайшло намнога лепей з
таго дня, як я купіў сабе рэвальвер. Дарэчы, калі ўвесь час носіш пры сабе якую такую штучку, якая можа выбухнуць ці нарабіць грукату, дык сапраўды адчуваеш сябе неяк мацнейшым. I вось я кожную нядзелю браў яго з сабой, соваў проста ў штаны, у кішэню, і ішоў прагуляцца — звычайна на бульвары. Я адчуваў, як ён адцягвае мне штаны, што той краб, як халодзіць металам сцягно. Але пакрысе ад дотыку з целам ён саграваўся. Хада ў мяне была трошкі ненатуральная, збоку я, відаць, нагадваў тыпа, у якога пачалася эрэкцыя і член кожны раз замінае яму вольна ступіць. Тады я соваў руку ў кііпэню і папраўляў гэтую рэч. Часам я заходзіў у прыбіральні — але, вядома, і там я быў таксама ўважлівы, бо часта побач можа быць нейкі сусед,— я вымаў рэвальвер, узважваў яго ў руцэ і разглядаў яго дзяржанне з чорнымі краткамі і чорны курок, падобны на прыплюшчанае павека. А тыя, хто бачыў звонку мае расстаўленыя ногі і ніз калашын, думалі, што я мачуся. Але я — ніколі не мачуся ў публічных прыбіральнях.
А аднойчы мне прыйшла ў галаву думка пастраляць у людзей. Гэта было суботнім вечарам, калі я збіраўся да Леі — адной бландзінкі, якая заўсёды цікуе перад гатэлем на вуліцы Манпарнас. Між іншьім, я ніколі не меў інтымных сувязяў з ніводнай жанчынай: я ўпэўнены, што пасля адчуў бы сябе толькі абрабаваным. Вядома, на іх залазіш зверху, але ж потым яны праглынаюць сваім вялізным валасатым ротам тое, што ў вас пад жыватом, і мяркуючы па тым, што я чуў, якраз яны ў такім абмене і выйграюць — і выйграюць многа. А я нічога ні ў кога не прашу, і сам аддаваць нічога не збіраюся. Прынамсі, каб я і рашыўся займець каханку, яна павінна была б быць жанчынай фрыгіднаю і пакорліваю і такой, каб пераносіла мяне з гідлівасцю. У першую суботу кожнага месяца я падымаўся з Леяй у нумар у гатэлі «Дзюкэн». Яна
распраналася, і я разглядаў яе, не дакранаючыся. Здаралася, што яно выходзіла неяк само, проста ў штанах, але часам я раней паспяваў вярнуцца дадому.