• Газеты, часопісы і г.д.
  • Мур  Жан-Поль Сартр

    Мур

    Жан-Поль Сартр

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 231с.
    Мінск 1991
    Такое ўражанне, што самая плоць гэтай прозы працівіцца беларускай мове. Але працівіцца не плоць і не мова, а стэрэатып «прозы па-беларуску». Беларускаму перакладчыку Сартра цяжэй, чым рускаму ці польскаму. Бо на Беларусі яшчэ няма глебы — экзістэнцыяльнага мыслення, якое непазбежна спараджаецца горадам, калі ён становіцца заканадаўцам у нацыянальнай культуры. Беларуская проза яшчэ добра не ведае межаў чалавечнасці і бесчалавечнасці, калі яна апісвае сучаснае жыццё, у якім гэтыя межы праступаюць дастаткова выразна. Беларуская проза — гэта яшчэ пераважна адаптаванае люстэрка рэальнасці. I пера-
    кладчыку даводзіцца шукаць у мове не адэкватную сутнасць, а сутнасць, якая яшчэ не выражана беларускім словам, хоць і знаёмая чытачу не па кнігах. Напрыклад, псіхалагічны стан хлопчыка, якога спакушае педэраст. Ці — самаадчуванне чалавека, які адчаяўся ў адзіноце і няздатны сцвердзіць сябе ў шматлюдным абыякавым горадзе, дайшоў да рэальнага чалавеканенавісніцтва. Ці хоць бы — усю гаму пачуццяў антысеміта: ад юначай бравады да сталае нянавісці.
    Усе гэтыя сутнасці касмапалітычныя. А касмапалітызм, у сваю чаргу,— гэта стан спасцігнутае нацыянальнае сутнасці, калі яна ўжо не ўяўляецца містычнай, здольнай весці на барыкады ці ператварыць чалавека ў здрадніка, калі яна — дадзенасць, праз якую дзіця праходзіць усе стадыі маральнае эвалюцыі і беларус вырастае ў чалавека. Аніяк нельга адразу ўскочыць на гэтую пляцоўку ўсеагульнае маральнасці. Гэтаксама нельга адразу нарадзіцца, не прайшоўшы праз усе стадыі ўнутрыўлонневага развіцця. Ад любой мэты нас аддзяляе шлях да мэты. I дарма нехта блытае нацыянальнага нігіліста, які ідзе ў адваротным кірунку, з касмапалітам, які ўжо прайшоў свой шлях. Вось жа няма ніякага парадоксу, што касмапаліт Сартр піша па-французску, жыве ў Францыі, усведамляе сябе французам і патрыётам Францыі, якога ўсё жыццё хвалюе праблема Эльзас-Латарынгіі. Касмапаліт-патрыёт — гэта рэалістычны патрыёт, а не бязмежна крыўдлівы містык, схільны да піаленства пры выглядзе нацыянальных сімвалаў, але не здатны хоць штонебудзь практычна даць сваёй Бацькаўшчыне...
    Гэтак міжволі плынь маіх развагаў пра Сартра і ягоныя творы схіляецца ў рэчышча публіцыстыкі. А магчыма, гэткі зыход цалкам заканамерны, і пісьменнік — прыхільнік ангажаванае літаратуры, якая непасрэдна звязаная з рэальным жыццём,— гэты пісьменнік дасягнуў свае мэты.
    Пра Сартра кажуць, што ён — пачвара; ён выцягвае на белы свет увесь бруд з дна чалавечае душы! Гэта няпраўда. Бо гэта якраз містычны погляд і шаманская ацэнка. Што да бруду, дык вычышчаць душы трэба абавязкова.
    Сяргей Дубавец
    МУР
    АПАВЯДАННІ
    Вользе Казакевіч
    МУР
    Нас заштурхнулі ў вялікі белы пакой, і я адразу заміргаў ад яркага святла, якое ўдарыла ў вочы. Потым я ўбачыў стол і за ім — чатырох тыпаў у цывільным, якія разглядалі паперы. У дальнім куце гуртам таўкліся іншыя вязні, мы прайшлі праз увесь пакой і сталі побач. Многіх я ведаў, іншыя былі, напэўна, замежнікі. Двое, што стаялі бліжэй да мяне, былі вельмі падобныя: абодва бялявыя і круглагаловыя — мусіць, французы. Меншы ўвесь час падцягваў штаны: відаць, нерваваўся.
    Працэдура цягнулася амаль тры гадзіны; я зусім ачмурэў, у галаве не было ніякае думкі, але ў пакоі было цёпла, і ўвогуле мне гэта падабалася: за апошнія суткі мы добра пападрыжалі на холадзе. Наглядчыкі аднаго за адным падводзілі арыштаваных да стала. Чацвёра ў цывільным пыталіся ў іх імя і прафесію. Найчасцей яны гэтым і абмяжоўваліся, але зрэдку сяму-таму задавалі яшчэ адно нейкае пытанне, накшталт: «Прымаў удзел у сабатажы паставак узбраенняў?» Альбо: «Дзе быў дзевятага раніцай і чым займаўся?» Адказаў яны не слухалі, прынамсі, такі ў іх быў выгляд: пэўны час яны моўчкі глядзелі некуды перад сабой і потым пачыналі пісаць, У Тома яны спыталі, ці праўда, што ён быў у Інтэрнацыянальнай брыгадзе; адмаўляцца не мела сэнсу — пры арышце ў яго знайшлі дакументы ў куртцы. У Хуана яны нічога не запыталіся, але калі ён назваў сваё імя, доўга нешта пісалі.
    — Гэта мой брат Хасэ — анархіст,— сказаў Ху-
    ан.— Але ж вы ведаеце, яго тут цяпер няма. А я — беспартыйны, я ніколі не займаўся палітыкай.
    Яны не адказалі. Хуан сказаў зноў:
    — Я нічога не зрабіў. Я не хачу плаціць за іншых.
    Вусны ў яго дрыжалі. Наглядчык загадаў яму змоўкнуць і павёў за сабой. Настала мая чарга.
    — Вас завуць Пабла Іб’ета?
    Я сказаў: «Так».
    Тып зірнуў у свае паперы і запытаўся:
    — Дзе Рэйман Грыс?
    — He ведаю.
    — 3 шостага па дзевятнаццатае вы хавалі яго ў сябе.
    — He.
    Пэўны час яны пісалі, і потым наглядчыкі вывелі мяне ў калідор. Том і Хуан чакалі мяне там пад аховай двух іншых наглядчыкаў. Мы рушылі. Том запытаўся ў аднаго наглядчыка:
    — Ну і што?
    — Што? — перапытаў наглядчык.
    — Гэта быў допыт ці прысуд?
    — Прысуд,— сказаў наглядчык.
    — I што ж яны з намі зробяць?
    Наглядчык суха адказаў:
    — Вырак вам паведамяць у камеры.
    Зрэшты, тое, што служыла нам камерай, быў звычайны пакой у сутарэнні шпіталя. Ад пастаяннай проймы тут стаяў жудасны холад, і ўсю ноч напярэдадні мы прадрыжалі. Праўда, і ўдзень лепей не стала. Пяць дзён да гэтага я правёў у карцэры тутэйшага арцыбіскупства — гэта было нешта накшталт каменнага меха, пабудаванага, мусіць, яшчэ у сярэднявеччы: вязняў было шмат, а месца — вобмаль, вось іх і рассоўвалі дзе давядзецца. Я не вельмі сумаваў па сваім карцэры, бо
    хоць і не пакутаваў там ад холаду, але ўсё-такі быў адзін, а гэта ўрэшце заўсёды пачынае раздражняць. У сутарэнні ў мяне была кампанія. Хуан увесь час маўчаў: яму было страшна, дый ён быў яшчэ малады, каб мець права на сваё слова. Затое ўжо Том быў гаварун, якіх мала, і, апроч таго, ён выдатна ведаў іспанскую мову.
    У сутарэнні стаяла лава і было чатыры матрацы. Калі нас прывялі, мы селі і пачалі моўчкі чакаць. Першы маўчанне парушыў Том.
    — Па-мойму, нам капцы,— сказаў ён.
    — У мяне таксама такое ўражанне,— сказаў я,— але малому, па-мойму, яны нічога не зробяць.
    — У чым жа яны могуць яго абвінаваціць,— сказаў Том.— Ён усяго толькі брат змагара, і ўсё.
    Я зірнуў на Хуана: той, здаецца, нічога не чуў. Том загаварыў зноў:
    — Ведаеш, што яны вычвараюць у Сарагосе? Кладуць хлопцаў на дарогу і душаць іх грузавікамі. Нам гэта расказваў адзін мараканец, дэзерцір. Яны кажуць, гэта — каб эканоміць прыпасы.
    — Але гэта не эканоміць паліва,— сказаў я.
    Я злаваўся на Тома: ён не павінен быў пачынаць гэтай гаворкі.
    — А па ўзбочыне тым часам прагульваюцца афіцэры,— не сунімаўся ён,— якія глядзяць на ўсё, сунуўшы рукі ў кішэні і пыхкаючы цыгаркай. I што ты думаеш, яны дабіваюць гэтых небаракаў? Чорта лысага! Яны пакідаюць іх енчыць. Часам цэлую гадзіну. Мараканец казаў, што першы раз ледзь не званітаваў.
    — He думаю, каб яны рабілі тут тое самае,— сказаў я.— Хіба што ў іх сапраўды не стае прыпасаў.
    Дзённае святло сачылася праз чатыры маленькія акенцы і круглую адтуліну ў левым куце столі. Раней яна накрывалася люкам і прызначалася, каб згружаць
    у сутарэнне вугаль. Пад ёй і цяпер ляжала вялікая куча вугальнага друзу, якім апальваліся памяшканні ў шпіталі; але з пачаткам вайны хворых эвакуіравалі, і вугаль застаўся без ужытку; часам на яго ліў дождж, бо люк за паспехам на месца не паклалі, і цяпер на нас у дзірку глядзела неба.
    Тома пачала прабіраць дрыготка.
    — Трасца іх матары, мяне ўжо ўсяго калоціць,— сказаў ён,— зноў пачынаецца.
    Ён устаў і пачаў рабіць гімнастыку. Пры кожным руху кашуля на ім расхіналася і агаляла белыя і валасатыя грудзі. Ён выпрастаўся на спіне і, задраўшы дагары ногі, пачаў рабіць «нажніцы»: я бачыў, як дрыжаць яго тоўстыя клубы. Том быў хлопец каржакаваты, але тлушчу ў яго было ўсё-ткі шмат. Я ўявіў, як неўзабаве гэтую мяккую плоць, нібы масла, прашыюць штых або куля. Напэўна, каб ён быў худы, гэта не зрабіла б на мяне такога ўражання.
    Мне было не тое каб холадна, але я не адчуваў ужо ні плечаў, ні рук. Часам у мяне раптам узнікала пачуццё, быццам нечага не хапае, і я пачынаў шукаць куртку, але потым прыгадваў, што яны мне яе не вярнулі. Гэта было даволі прыкра. Яны забралі ў нас адзенне, каб аддаць яго сваім салдатам, а нас пакінулі ў адных кашулях ды выдалі кожнаму тыя палатняныя штаны, у якіх хворыя ў шпіталі ходзяць толькі ў самы разгар лета. Нарэшце Том устаў і, цяжка дыхаючы, сеў побач са мной.
    — Сагрэўся?
    — Ды не, трасца іх матары. Стаміўся толькі.
    Каля восьмай гадзіны вечара ў камеру ўвайшлі маёр і два фалангісты. У руцэ маёр трымаў аркуш пачеры. Ён спытаў у наглядчыка:
    — Як завуць гэтых трох?
    — Стайнбак, Іб’ета і Мірбал,— сказаў наглядчык.
    Маёр надзеў акуляры і зірнуў у свой спіс:
    — Стайнбак... Стайнбак... Ага, вось. Вы асуджаны на смерць. Заўтра раніцай вас расстраляюць.
    Ён зноў зірнуў на паперу.
    — I вас двух таксама,— сказаў ён.
    — Гэтага не можа быць,— сказаў Хуан.— Мяне не могуць...
    Маёр зірнуў на яго здзіўлена.
    — Вас як завуць?
    — Хуан Мірбал,— сказаў той.
    — Усё правільна, вось — тут вашае прозвішча,— сказаў маёр,— вы асуджаны на смерць.
    — Я нічога не зрабіў,— сказаў Хуан.
    Маёр паціснуў плячыма і павярнуўся да нас з Томам.
    — Вы баскі?
    — Сярод нас няма баскаў.
    Выгляд у яго быў расчараваны.
    — А мне казалі, што ёсць трое баскаў... Урэшце, што я — павінен ганяцца за імі! Дык вам, натуральна, свяшчэннік не спатрэбіцца?
    Мы нават не адказалі. Ён сказаў:
    — Хутка да вас прыйдзе адзін бельгійскі лекар. У яго ёсць дазвол правесці гэтую ноч з вамі.
    Падняўшы руку да скроні, ён развітаўся і выйшаў.
    — Ну, што я табе казаў,— прамовіў Том.-— Вясёлыя справункі.
    — Ужо ж,— сказаў я,— але тое, што яны так з малым,— гэта свінства.
    Я сказаў гэта, каб быць справядлівым, хоць малога і не любіў. У яго быў занадта далікатны, амаль дзявочы твар, які цяпер ад пакуты і жаху скрывіўся так, што ўсе рысы яго перакроіліся да непазнавальнага. Тры дні назад гэта была прыгожая, саладжавая лялька, некаторым гэта падабаецца, але цяпер ён нагадваў хутчэй старую раскудзеленую анучу, і я падумаў, што ён ніколі ўжо не будзе зноў малады, нават калі яго
    і адпусцяць. Можа, яго сапраўды няблага было б пашкадаваць, але шкадаванне ў мяне заўжды выклікала агіду, і глядзець на яго мне было, праўду кажучы, брыдка.
    Ён болей нічога не прамаўляў і ўвесь разам сшарэў: і твар, і рукі ў яго зрабіліся зусім шэрыя. Ён сеў і ўтаропіўся ў дол круглымі вачыма. Том быў заўсёды добры хлопец, ён хацеў узяць яго за руку, але малы рэзка вырваўся і скурчыў грымасу.