• Газеты, часопісы і г.д.
  • Мур  Жан-Поль Сартр

    Мур

    Жан-Поль Сартр

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 231с.
    Мінск 1991
    53.66 МБ
    — Завядзіце яго на вялікі двор, да іншых,— сказаў ён.— Калі скончацца ваенныя аперацыі, яго лёс будзе вырашаны звычайным судом.
    Мне здалося, што я не так зразумеў. Я спытаў:
    — Дык што, мяне, значыць, не... мяне не расстраляюць?..
    — He цяпер, ва ўсякім выпадку. А што будзе пасля, мяне ўжо не датычыць.
    Я па-ранейшаму нічога не разумеў. Я сказаў яму:
    — Але... чаму?
    Ён паціснуў плячыма і нічога не адказаў. Салдаты вывелі мяне на вялікі двор. Там было каля сотні вязняў, жанчыны, дзеці, колькі старых. У поўным атупенні я пачаў хадзіць вакол невялікага лапіка зялёнай травы на сярэдзіне пляца. Апоўдні нас павялі есці ў сталоўку. Два ці тры чалавекі мяне аклікнулі. Я, напэўна, іх ведаў, але не азваўся: я ўжо нават не ўсведамляў, дзе знаходжуся.
    Адвячоркам у двор заштурхнулі яшчэ каля дзесятка арыштаваных. Сярод іх я пазнаў булачніка Гарсію. Ён сказаў:
    — Ха, чортаў шчасліўчык! А я ўжо не думаў убачыць цябе жывога.
    — Мяне асудзілі на смерць,— сказаў я,— а потым чамусь перадумалі. Я сам не разумею чаму.
    — Мяне арыштавалі а другой гадзіне,— сказаў Гарсія.
    — За што?
    Гарсія не займаўся палітыкай.
    — He ведаю,— адказаў ён.— Яны хапаюць усіх, хто не думае, як яны.
    Ён панізіў голас.
    — Яны натрапілі на Грыса.
    Мяне прабрала дрыготка.
    — Калі?
    — Гэтым ранкам. Вядома, ён сам даў маху. Яны там, у сераду, нешта пагыркаліся з стрыечным братам, дык ён і пайшоў ад яго. Яго заўсёды знайшлося б каму схаваць, але ж ён нікому не хацеў быць вінен. Сказаў толькі: «Схаваўся б я, мусіць, у Іб’еты, ды яго ўзялі, то пайду я на могілкі».
    — На могілкі?
    — Ну. Гэта было глупства. Натуральна, гэтым ранкам яны там былі, гэта павінна было некалі здарыцца. Яго заспелі ў хаце ў далакопаў. Ён пачаў адстрэльвацца, і яны яго забілі.
    — На могілкі!
    Усё закруцілася ў мяне ў галаве, і калі я ачуўся, то заўважыў, што сяджу на зямлі. Я рагатаў як вар’ят — так, што на вочы набягалі слёзы.
    ПАКОЙ
    і
    Пані Дарбеда трымала кавалачак рахат-лукуму, сціснуўшы яго самымі кончыкамі пальцаў. Яна беражна паднесла яго да вуснаў і затаіла дыханне, баючыся, каб тонкая цукровая пудра, якой ён быў прысыпаны, не зляцела ад яе неасцярожнага подыху. «Пахне, як ружа»,— падумала яна. Потым рэзка ўкусіла студзяністую масу, і яе рот напоўніўся своеасаблівым затхлым водарам. «Дзіўна, як хвароба абвастрае пачуцці». Ёй падумалася пра мячэці, пра падлізлівых жыхароў Усходу (даўно, яшчэ ў час сваёй вясельнай вандроўкі, яна была ў Алжыры), і яе вусны кранула ледзь прыкметная ўсмешка: рахат-лукум быў такі самы, падлізлівы.
    Ёй давялося некалькі разоў правесці далоняй па кнізе, бо, нягледзячы на перасцярогі, старонкі пакрыліся тонкім слоем белай пыльцы. Цукровыя зернеткі суха парыпвалі пад рукой, скатваліся, слізгалі па гладкай паперы. «Нібы ў Аркашоне, калі я чытала на пляжы...» Лета 1907 года яна правяла на марскім узбярэжжы. У яе тады быў вялікі саламяны капялюш з зялёнаю стужкай; яна сядала каля самай дамбы і брала раман Жып ці Калеты Івэр. Вецер сыпаў на калені жмені пяску, і час ад часу яна абтрасала кнігу, узяўшы яе за ражкі. Цяпер у яе было такое ж пачуцце: толькі пясчынкі былі зусім сухія, а цукровыя зернеткі крыху ліплі да кончыкаў пальцаў. Яна зноў убачыла палосу шэра-маціцовага неба над чорным морам. «Ева тады яшчэ не нарадзілася». Яна адчувала сябе ацяжэлаю ад успамінаў і адначасова — нейкаю вычварнаю,
    як брызельны куфэрак. Раптам ёй прыгадалася назва рамана, які яна чытала тады: ён называўся «Мілая пані» і быў даволі забаўны. Але з той пары, як невядомая хвароба не дазваляла ёй пакінуць гэтага пакоя, пані Дарбеда аддавала перавагу ўспамінам і гістарычнай літаратуры. Яна хацела, каб боль, сур’ёзныя кнігі і пільная, несупынная ўвага да мінуўшчыны, да самых тонкіх пачуццяў дазволілі ёй даспець, як прыгожаму аранжарэйнаму плоду.
    Крыху раздражнёна яна падумала, што хутка ў дзверы пастукае муж. У іншыя дні ён прыходзіў толькі пад вечар, моўчкі цалаваў яе ў лоб і, сеўшы насупраць у глыбокі фатэль, пачынаў чытаць «Тан». Але чацвер — гэта быў яго дзень: у чацвер пан Дарбеда на гадзіну хадзіў у госці да іхняй дачкі — звычайна паміж трэцяю і чацвёртай. Перад тым як пайсці, ён заўсёды заходзіў да жонкі, і яны з горыччу гаманілі пра зяця. Гэтыя гамонкі, у якіх можна было прадбачыць кожную дробязь, бо яны паўтараліся кожны чацвер, знясільвалі пані Дарбеду. Пан Дарбеда запаўняў сабой увесь гэты звычайна ціхі пакой. Ён не садзіўся ні на хвіліну і ўсё хадзіў сюды і туды, круціўся ваўчком. Кожны яго палкі выпад раніў пані Дарбеду, як востры шкляны асколак. А ў гэты чацвер усё мелася быць яшчэ горш, чым звычайна: ад думкі, што зараз ёй давядзецца пераказаць мужу Евіныя прызнанні і ўбачыць, як яго вялізнае жахлівае цела закалоціцца ў гневе, пані Дарбеду ўганяла ў пот.
    Яна ўзяла са сподка кавалак лукуму, некалькі імгненняў нерашуча пазірала на яго і потым сумна паклала назад: ёй не хацелася, каб муж бачыў, як яна есць лукум.
    Пачуўшы стук, яна ўздрыганулася і адказала слабым голасам:
    — Увайдзі.
    Пан Дарбеда ўвайшоў на дыбачках.
    — Я зараз пайду да Евы,— сказаў ён, як і кожны чацвер.
    Пані Дарбеда ўсміхнулася.
    — Пацалуй яе ад мяне.
    Пан Дарбеда не адказаў і заклапочана зморшчыў лоб: кожны чацвер, у аднолькавы час, яго апаноўвала глухая злосць, якая прымешвалася да цяжкасцяў страўлення.
    — Вяртаючыся назад, я зайду да Франшо. Мне б хацелася, каб ён сур’ёзна пагутарыў з ёй і пастараўся пераканаць.
    Ён часта хадзіў да доктара Франшо. Але марна. Пані Дарбеда нахмурыла бровы. Раней, калі яна адчувала сябе яшчэ добра, яна паціскала плячыма. Але з той пары, як хвароба абцяжыла яе цела, яна замяніла рухі, якія вельмі стамлялі яе, наборам грымас. Яна ківала — вачыма, казала «не» — куточкамі губ, ускідала бровы замест плячэй.
    — Можа, яго трэба забраць у яе сілай.
    — Я ўжо казаў табе, што гэта немагчыма. Закон зроблены вельмі кепска. Франшо мне неяк казаў, што ў іх амаль заўсёды жудасныя цяжкасці з крэўнымі: ёсць такія, што ніяк не могуць рашыцца ці наогул — упарта хочуць пакінуць хворага ў сябе; а ў дактароў звязаныя рукі — яны могуць толькі выказаць сваю думку, нейкае меркаванне, і ўсё.— Счакаўшы, ён дадаў: — Гэта трэба, каб ён учыніў публічны скандал ці яна сама папрасіла б, каб яго забралі.
    — Ну... — сказала пані Дарбеда,— калі гэта і будзе, дык яшчэ не заўтра.
    — Ужо ж.
    Ён павярнуўся да люстра, запусціў у бараду пальцы і пачаў яе расчэсваць. Пані Дарбеда абыякава пазірала на магутны чырвоны карак свайго мужа.
    — Калі яна і далей так будзе,— сказаў пан Дарбеда,— дык хутка звар’яцее яшчэ болей, чым ён. Гэта
    ж жудасна небяспечна для здароўя. Яна не адыходзіць ад яго ні на крок: сама ні да каго ў госці не ходзіць, апроч цябе, і да сябе не запрашае нікога. А якое ў іх у пакоі паветра? Няма чым дыхаць! Яна ніколі не адчыняе вокнаў, бо П’ер — не хоча. Нібыта трэба пытацца ў хворага! Яны там, здаецца, паляць у сябе нейкія духмянасці, розную брыдоту: адчуваеіп сябе, як у царкве. Далібог, я часам пытаюся ў сябе... Ведаеш, у яе нейкія дзіўныя вочы...
    — Я не заўважыла,— сказала пані Дарбеда.— Памойму, яна выглядае нармальна. Хіба што, вядома, сумная.
    — У яе такі выгляд, нібы яе з таго свету вярнулі. Калі яна спіць? Калі есць? Лепш у яе пра гэтае не пытацца. Але мне чамусьці здаецца, што, маючы пад бокам такую цацу, як П’ер, яна ўсю ноч павінна не заплюшчваць вачэй.— Ён паціснуў плячыма.— Па-мойму, гэта ўвогуле чорт ведае што — каб мы, яе бацькі, і не мелі права абараніць яе ад самой жа сябе! Заўваж, што за П’ерам, дарэчы, у Франшо даглядалі б лепей. Там вялікі парк. Дый потым,— дадаў ён, крыху ўсміхнуўшыся,— мне здаецца, што ён хутчэй бы знайшоў агульную мову з такімі ж, як сам. Яны ж — тыя самыя дзеці, ім трэба даваць пабыць сам-насам: яны любяць сакрэты, любяць утвараць гэткія масонскія ложы, Я табе кажу: вось куды яго трэба было аддаць з першага ж дня — і яму ж на карысць. Вядома! Яму там было б толькі лепей!
    Праз пэўны час ён дадаў:
    — Прызнаюся табе, мне непрыемна думаць, што яна там з П’ерам адна, асабліва ноччу. Уяві, што, калі што здарыцца. У П’ера, дарэчы, увогуле нейкі дужа ўжо хітры выгляд.
    — He ведаю,— адказала пані Дарбеда,— ці трэба праз гэта так хвалявацца. Асабліва калі ўлічыць, што ў яго заўсёды быў такі выгляд. Увесь час здавалася.
    што ён з усіх кпіць. Небарака,— сказала яна, уздыхнуўшы,— быць такім ганарыстым і дайсці да такога. Ён жа лічыў сябе разумнейшым за ўсіх нас. Якім тонам ён казаў табе: «Вашая праўда»,— каб толькі закончыць спрэчку... Гэта яшчэ дзякуй богу, што ён не можа ўбачыць, у якім ён стане.
    Яна з непрыязнасцю ўспомніла яго доўгі, заўсёды крыху схілены ўбок іранічны твар. Першы час пасля Евінага вяселля пані Дарбеда вельмі хацела, каб яе адносіны з зяцем зрабіліся болей блізкімі. Але як яна ні старалася, усё было марна: той заўсёды быў вельмі маўклівы, амаль ніколі не гаманіў і з усім адразу згаджаўся з абсалютна абыякавым выглядам.
    Пан Дарбеда развіваў сваю думку.
    — Франшо мне паказваў, якія ў іх там умовы,— сказаў ён.— Проста цудоўныя! У кожнага хворага — свой пакой, скураныя фатэлі — калі ласка, ложкі-канапы. Нават тэніс ёсць, ведаеш. А яшчэ збіраюцца будаваць басейн.
    Ён стаяў насупраць акна і пазіраў скрозь шыбу, крыху калываючыся на сагнутых нагах. Раптам, не вымаючы рук з кішэняў і ўвагнуўшы плечы, ён спрытна крутануўся на абцасах. Пані Дарбеда адчула, як яе пачынае прашыбаць пот: гэта паўтаралася кожны раз; зараз ён пачне кідацца з кута ў кут, як мядзведзь у клетцы; і пры кожным кроку чаравікі ў яго будуць рыпець.
    — Мілы дружа,— сказала яна,— я малю цябе, сядзь, ты мяне вельмі стамляеш.— I з няўпэўненасцю ў голасе дадала: — Я маю сказаць табе нешта важнае.
    Пан Дарбеда сеў у нізкі фатэль і паклаў далоні сабе на калені; па спіне ў пані Дарбеды прабегла дробная дрыготка: час прыйшоў, ёй трэба было ўсё расказаць.
    — Ты ведаеш,— сказала яна і ад збянтэжанасці
    закашлялася,— ты ведаеш, што я бачылася з Евай у аўторак.
    Ну.
    — Мы пагаманілі з ёй пра тое, пра сёе, шмат пра што ўспомнілі. Яна была вельмі мілая. Я даўно ўжо не бачыла яе такою даверліваю. Ну, я крыху яе распытала, разгаварыла яе наконт П’ера. I вось... я даведалася,— дадала яна зноў збянтэжаным голасам,— я даведалася, што яна вельмі ім даражыць.