• Газеты, часопісы і г.д.
  • Мур  Жан-Поль Сартр

    Мур

    Жан-Поль Сартр

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 231с.
    Мінск 1991
    53.66 МБ
    — Мне гэта, чорт раздзяры, добра вядома,— сказаў пан Дарбеда.
    Ён крыху раздражняў пані Дарбеду, яму заўсёды трэба было тлумачыць кожную дробязь — каб стаялі ўсе кропкі над «і». А пані Дарбеда марыла жыць сярод людзей чуйных і вытанчаных — такіх, каб разумелі яе заўсёды з паўслова.
    — Ды не ж,— сказала пані Дарбеда,— я маю на ўвазе, што яна даражыць ім іначай, чым мы сабе гэта ўяўлялі.
    Пан Дарбеда гнеўна закаціў злыя вочы, як рабіў кожны раз, калі не надта добра разумеў сэнс намёка ці нейкай навіны.
    — Што? Што значыць «іначай»?
    — Шарль,— прамовіла пані Дарбеда,— не стамляй мяне. Ты ж павінен разумець, што ёсць рэчы, якія мне, як маці, можа быць цяжка назваць...
    — Ды я ніводнага слова не разумею з усёй тваёй балбатні,— знервавана сказаў пан Дарбеда.— He хочаш жа ты сказаць, што?..
    — Менавіта! — сказала яна.
    — Дык яны ўсё яшчэ... яшчэ дагэтуль?
    — Так! Так! Так! — з прыкрасцю адказала яна нібы трыма сухімі ўдарамі.
    Пан Дарбеда развёў рукамі, апусціў галаву і змоўк.
    — Шарль,— занепакоена прамовіла жонка,— мне
    не варта было казаць табе гэтага. Але я ўсё роўна не здолела б трымаць гэта ў сабе.
    — Наша дзіцё! — паволі выціснуў ён.— 3 гэтым вар’ятам! Ды ён жа яе нават не пазнаё! Ён называе яе «Агата». Ды гэта ж трэба, каб яна абсалютна страціла пачуццё годнасці!
    Ён падняў галаву і сярдзіта зірнуў на жонку.
    — Ты ўпэўненая, што правільна зразумела?
    — Памыліцца было немагчыма. Але ж я, як і ты,— спешна дадала яна,— я таксама не магла ёй паверыць. Зрэіпты, я і цяпер не магу яе зразумець. Ды я пры адной толькі думцы, каб да мяне мог дакрануцца гэты няшчасны... Увогуле,— уздыхнула яна,— мне здаецца, што гэтым ён яе і ўтрымлівае.
    — Відаць! — прамовіў пан Дарбеда.— Памятаеш, што я сказаў табе, калі ён прыйшоў прасіць яе рукі? Я сказаўтабе: «Па-мойму, ён занадта падабаецца Еве». А ты мне тады не захацела паверыць.
    Раптам ён грукнуў кулаком па стале і густа пачырванеў.
    — Ды гэта ж нейкая разбэшчанасць, ненармальнасць! Ён заграбае яе сваімі лапамі, цалуе, называючы Агатай, і вярзе пры гэтым нейкую бязглуздзіцу пра статуі, якія лётаюць, і рознае чорт ведае што! А яна яму ўсё дазваляе! Ды што паміж імі такое? Ну няхай сабе шкадуе яго ўсім сэрцам, няхай аддасць яго ў які дом, дзе зможа бачыцца з ім кожны дзень — калі ласка. Але я ніколі нават не мог сабе ўявіць... Я лічыў яе ўдавой... Паслухай, Жанета,— сказаў ён сур’ёзным голасам,— я буду гаварыць з табой шчыра. Па-мойму, калі ў яе ёсць яшчэ нейкі розум, было б нават лепей, каб яна завяла каханка!
    — Шарль, змоўкні! — крыкнула пані Дарбеда.
    Пан Дарбеда стомлена ўзяў са століка пакінутыя пры ўваходзе кій і капялюш.
    — Пасля таго, што ты мне паведаміла,— сказаў ён,
    падводзячы рысу размове,— мне ўжо амаль няма на што спадзявацца. Зрэшты, я ўсё-такі пагутару з ёй: гэта мой абавязак.
    Пані Дарбедзе не цярпелася, каб ён хутчэй пайшоў.
    — Ведаеш,— сказала яна, каб крыху падбадзёрыць мужа,— па-мойму, у Евы ўсё-такі болей упартасці, чым... іншага. Яна ведае, што ён невылечны, і ўсё роўна натурыцца. Яна не хоча ў гэта паверыць.
    Пан Дарбеда задуменна гладзіў сабе бараду.
    — Упартасці?.. Можа, і так... Што ж, калі ты маеш рацыю, яна ўрэшце павінна стаміцца. 3 ім не так ужо весела кожны дзень, і потым — ён амаль увесь час маўчыць. Калі я вітаюся, ён толькі вяла працягвае руку і ніколі не размаўляе. А калі яны застаюцца адны, яго, відаць, зноў апаноўваюць неадчэпныя думкі: яна мне расказвала, што часам ён крычыць, нібы яго рэжуць,— у яго галюцынацыі. Статуі. Ён іх баіцца, таму што яны гудуць. Кажа, што яны лётаюць вакол і закатваюць перад ім вочы.
    Надзеўшы пальчаткі, ён сказаў зноў:
    — Стоміцца, можна не сумнявацца. Але раптам раней ачмурэе? Няхай бы хоць трошкі бывала на людзях, бачылася са знаёмымі: можа, сустрэне якога добрага хлопца —ды хоць бы такога, як Шродэр, інжынер у Сімплона,— каго-небудзь з будучыняй, паціху-патроху пачне сустракацца, у адных, у другіх, а потым, глядзіш, і прызвычаіцца да думкі, што трэба пачынаць жыць па-новаму.
    Пані Дарбеда нічога не адказала, баючыся, каб размова не ўспыхнула зноў. Муж нахіліўся да яе.
    — Ну ўсё,— сказаў ён,— мне трэба ісці.
    — Бывай, татачка,— адказала пані Дарбеда, падстаўляючы лоб,— пацалуй яе ад мяне і скажы, што яна наша мілае няшчаснае дзіцятка.
    Калі муж пайшоў, пані Дарбеда адкінулася на спінку фатэля і зняможана заплюшчыла вочы. «Колькі ж
    у ім жывасці»,— з папрокам падумала яна. Калі да яе крыху вярнулася сіла, яна паволі выпрастала бледную руку і, не расплюшчваючы вачэй, навобмацак узяла са сподка кавалак лукуму.
    Ева жыла замужам у старым будынку на вуліцы Бак. Пан Дарбеда жвава адолеў сто дванаццаць прыступак, што вялі на шосты паверх, і, націскаючы на званок, дыхаў роўна, зусім не запыхаўшыся. Яму з прыемнасцю прыгадаліся словы, сказаныя паненкаю Дармуа: «Для свайго ўзросту, Шарль, вы выглядаеце проста цудоўна». Ніколі ён не адчуваў сябе гэткім здаровым і дужым, як у чацвер, асабліва пасля такіх вось прабежак па лесвіцы.
    Яму адчыніла Ева. «Дый хто ж яшчэ, сапраўды,— пакаёўкі ў яе няма. Гэтыя дзяўчаты проста не могуць у іх затрымацца: я ўяўляю сябе на іх месцы». Ён пацалаваў дачку.
    — Дзень добры, няшчаснае наша дзіцятка.
    Ева павіталася трошкі холадна.
    — Нейкая ты бледненькая,— сказаў пан Дарбеда, памацаўшы яе за шчаку,— зусім жа амаль не рухаешся.
    Запанавала маўчанне.
    — У мамы ўсё добра? — спытала Ева.
    Такі-сякі. Ты ж бачылася з ёй у аўторак? Ну — як заўжды. Цётка Луіза, вось, учора прыходзіла ў rocpi. Ёй гэта было вельмі прыемна. Яна ж любіць, калі да яе хто завітвае. Але лепш, каб госці не заставаліся доўга. Цётка Луіза, дарэчы, прыехала ў Парыж разам з малымі — усё праз тую гісторыю з закладам маёмасці. Я табе, здаецца, расказваў — дзіўная гісторыя. Яна заходзіла да мяне ў кантору, параіцца. Я сказаў, што дзвюх думак тут быць не можа: трэба прадаваць. Зрэшты, яна ўжо знайшла пакупніка — Брэтанеля. Па-
    мятаеш Бсэтанеля? Ён цяпер ужо не займаецца справамі.
    Раптам ён змоўк. Ева яго ледзьве слухала. Ён са смуткам падумаў, што нішто ўжо яе не цікавіць. «Нават кнігі. Раней іх даводзілася ў яе проста з рук выдзіраць. А цяпер — цяпер яна зусім не чытае».
    —• Як П'ер?
    — Добра,— сказала Ева.— Хочаш яго пабачыць?
    — Вядома,— вясёла адказаў пан Дарбеда,— трэба нанесці яму невялічкі візіт.
    Ён вельмі спачуваў няшчаснаму хлопцу, але не мог глядзець на яго без гідлівасці. «Я проста не цярплю розную хворасць». Праўда, П’ера тут вінаваціць няма ў чым: усё — плён яго цяжкай спадчыннасці. Пан Дарбеда ўздыхнуў: «Колькі ні сцеражыся, а калі даведваешся — заўсёды ўжо надта позна». He, П’ер быў тут неадказны. Хоць загана заўсёды жыла ў ім — яна складала сутнасць яго характару. Гэта не тое, што рак ці сухоты, ад якіх можна абстрагавацца, калі хочаш ацаніць чалавека, які ён ёсць сам па сабе.
    Тая нервовая грацыя, тая вытанчаная няпростасць, якія так падабаліся Еве, калі ён пачынаў да яе заляцацца,— усё гэта былі кветкі будучага вар’яцтва. «Калі ён ажаніўся з Евай, ён ужо быў ненармальны; проста гэтага было яшчэ не відно. Цікава,— падумаў пан Дарбеда,— дзе ж усё-такі пачынаецца адказнасць? Ці, правільней сказаць: дзе яна канчаецца? Як бы там ні было ён надта многа займаўся самааналізам, увесь час толькі і капаўся ў сабе. Але што гэта — прычына ці следства хваробы?» Ён ішоў за дачкой па доўгім змрочным калідоры.
    — Гэтая кватэра для вас надта вялікая,— сказаў ён.— Вам бы варта было пераехаць.
    — Ты кожны раз гэта кажаш, тата,— адказала Ева,— але ж я табе ўжо казала, што П’ер не хоча пакідаць свайго пакоя.
    Ева была нейкая дзіўная: часам можна было нават засумнявацца, ці разумее яна стан свайго мужа. Сапраўдны шаленец, а яна выконвае ўсё, што яму ні ўздумаецца, і паважае ўсе яго меркаванні, нібыта ён пры сваім розуме.
    — Калі я што кажу, дык толькі дзеля цябе,— крыху з прыкрасцю прамовіў пан Дарбеда.— Мне чамусьці здаецца, што калі б я сам быў жанчына, дык мне было б страшна сядзець у гэтых цёмных старых пакоях. Я проста хачу, каб у цябе была новая, светлая кватэра — іх шмат будуюць апошнім часам, у раёне Атэйля, напрыклад. Тры невялікія пакоі, свежае паветра. Яны цяпер якраз панізілі цэны, бо не могуць знайсці жыльцоў; самы момант.
    Ева мякка павярнула ручку ў дзвярах, і яны ўвайшлі ў пакой. Ад цяжкага ладанавага духу да горла ў пана Дарбеды падкаціў камяк. Шторы былі запятыя. У паўзмроку над спінкай фатэля ён разгледзеў худую патыліцу: седзячы да іх спінай, П’ер еў.
    — Дабрыдзень, П’еру,— сказаў пан Дарбеда, павысіўшы голас.— Ну што, як мы сёння сябе адчуваем?
    Ён бліжэй падышоў да хворага, што сядзеў за маленькім столікам. У П’ера быў хітры і прытворшчыцкі выгляд.
    — О, мы елі яйкі ўсмятку,— сказаў пан Дарбеда яшчэ гучней.— Гэта смачна!
    — Я не глухі,— азваўся П’ер мяккім голасам.
    Пан Дарбеда знервавана перавёў вочы на Еву, каб узяць яе ў сведкі. Але тая сустрэла яго чэрствым позіркам і нічога не адказала. Пан Дарбеда зразумеў, што яна пакрыўдзілася. «Ну і тым горш для яе». Выбраць правільны тон з гэтым няшчасным проста немагчыма: розуму ў яго не больш, чым у чатырохгадовага дзіцяці, а Еве хочацца, каб да яго ставіліся як да чалавека, як да дарослага. Пан Дарбеда не мог перамагчы ў сабе нецярплівага жадання, каб хутчэй настаў час, калі гэ-
    тая дурацкая абыходлівасць будзе ўжо недарэчная. Хворыя заўсёды яго крыху раздражнялі — асабліва вар’яты: яны ніколі не мелі рацыі. П’ер, напрыклад, небарака,— ён жа не мае рацыі па ўсіх пунктах, слова не можа сказаць, каб лухты не ляпнуць, але дзе ўжо яго прасіць быць крыху болей сціплым ці хоць бы часам прызнаваць свае памылкі — марная справа.
    Ева прыбрала яечнае шалупінне, падстаўку і паклала перад П’ерам кувэрт з нажом і відэльцам.
    — Што ён будзе есці цяпер? — з радаснаю ўсмепікаю спытаў пан Дарбеда.
    — Біфштэкс.
    П’ер ужо ўзяў відэлец і трымаў яго кончыкамі сваіх доўгіх і бледных пальцаў. Потым пільна агледзеў з усіх бакоў і каротка ўсміхнуўся.
    — Гэты раз не ўдасца,— прашаптаў ён і паклаў відэлец назад,— я быў папярэджаны.
    Ева падышла да стала і з непадробнай цікаўнасцю ўтаропілася ў відэлец.
    — Агата,— сказаў П’ер,— дай мне іншы.
    Ева прынесла, і П’ер пачаў есці. А яна, так і не паклаўшы падазронага відэльца, сціснула яго ў руцэ і разглядала, не зводзячы вачэй: здавалася, яна робіць над сабой жудаснае намаганне. «Чорт разбярэ іх адносіны і ўсе гэтыя выбрыкі!» — падумаў пан Дарбеда.