Мур
Жан-Поль Сартр
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 231с.
Мінск 1991
— Што гэта? — спытала дзяўчынка, паказваючы на радыёпрыёмнік.
— Нічога не чапай,— адказала ёй маці.— Гэта прыёмнік, ён робіць музыку.
Пэўны момант яны стаялі моўчкі, з захапленнем разглядаючы апарат. Пан Дарбеда расчулена схіліўея да дзяўчынкі і, зазірнуўшьі ёй у вочы, усміхнуўся.
II
«Пайшоў». Дзверы на лесвіцу суха клацнулі і зачыніліся; Ева была ў салоне адна: «Няхай бы ён лепей памёр».
Яе рукі сціснулі спінку фатэля: яна ўспомніла бацькавы вочы. Як пан Дарбеда, з выглядам знаўцы, схіліўся да П’ера, як сказаў яму: «Гэта смачна!» — такім тонам, нібыта ён ведае, як трэба гутарыць з хворымі. Як глядзеў на яго, і П’ерава аблічча адбівалася ў яго вялікіх, глыбокіх, спрытных вачах. «Я ненавіджу яго, калі ён так яго разглядае, ненавіджу, калі толькі падумаю, што ён яго бачыць».
Евіны рукі саслізнулі з фатэля, і яна павярнулася да акна. Яе вочы адразу аслеплі ад яркага сонца. Увесь пакой быў запоўнены яго промнямі; яны лезлі паўсюль: ляжалі бялявымі плямамі на дыване, віселі сляпучым пылам у паветры. Ева даўно ўжо адвыкла ад такога бессаромнага, такога стараннага асвятлення, што вылізвала кожны кут, надрайвала мэблю і прымушала яе блішчаць, як руплівая гаспадыня. I ўсё ж яна падышла да акна і прыўзняла фіранку. Якраз у гэты момант з будынка выйшаў пан Дарбеда. Нечакана для сябе Ева ўбачыла яго шырокія плечы. Бацька падняў галаву, лыпаючы вачыма, зірнуў на неба і, як падлетак, шырока ступаючы, рушыў прэч. «Мацуецца,— падумала Ева,— нічога, хутка ў яго пачнецца яго калаццё». Нянавісць у ёй ужо знікла: за што
яго ненавідзець — у гэтай галаве нічога няма, апроч хіба самага маленькага клопату выглядаць маладзейшым. Але калі яна ўбачыла, як бацька павярнуў на бульвар Сэн-Жэрмен і знік, яе зноў ахапіла злосць. «Ён думае зараз пра П’ера». Нейкая частка іх жыцця вырвалася з гэтага зачыненага для ўсіх пакоя, і цяпер яе ганяла па вуліцах, пад сонцам, пад нагамі ў людзей. «Няўжо нас так і не здолеюць ніколі забыць?»
Вуліца Бак была амаль бязлюдная. Старая кабета дробным трушком пераходзіла праезджую частку; смеючыся, прайшлі тры дзяўчыны. I потым — мужчыны — дужыя і сур’ёзныя, яны неслі ў руках партфелі і гаманілі паміж сабой. «Нармальныя»,— падумала Ева і сама здзівілася, заўважыўшы ў сабе столькі нянавісці. Тоўсценькая прыгожая жанчына кінулася насустрач элегантнаму пану. Той абхапіў яе рукамі і пацалаваў у вусны. Ева выціснула чэрствы смяшок і апусціла фіранку.
П’ер ужо не спяваў, цяпер суседка з трэцяга паверха села за піяніна; яна грала «Эцюд» Шапэна. Ева адчула сябе спакайней і ступіла была да П’ерава пакоя, як раптам спынілася і з нейкай трывогай абаперлася спінаю аб сцяну: кожны раз, калі яна выходзіла з пакоя, яе агортвала панічнае пачуццё пры думцы, што туды трэба вярнуцца. Тым не менш яна разумела, што не здолее жыць больш нідзе: гэты пакой вабіў яе, яна яго нават любіла. 3 халоднай цікаўнасцю, нібы каб выйграць хвіліну-другую і набрацца духу, яна прабегла позіркам па салоне: нідзе ніякага ценю, ніякага паху. «Як у чакальні ў дантыста». Фатэлі, абабітыя ружовым ядвабам, канапа, строгія, сціплыя, па-крэўнаму простыя зэдлі; добрыя памочнікі чалавека. Ева ўявіла, як нейкія важныя паны, апранутыя ва ўсё светлае — зусім такія, якіх яна бачыла толькі што за акном,— уваходзяць у гэты салон і, не спыняючы пачатай размовы, нават не турбуючы сябе тым, каб зірнуць, куды
яны трапілі, упэўненаю хадою ідуць на самы цэнтр пакоя; а адзін закінуў за спіну руку, і тая валачэцца за ім, як след за караблём,— па мяккіх падушках на мэблі, па розных прадметах, сталах, а ён нават не ўздрыгваецца, сутыкаючыся з усім гэтым. Калі ж на дарозе ім трапляецца мэбля, ім і ў галаву не прыходзіць яе абысці, і яны, гэтыя салідныя імасці, дужа спакойна перастаўляюць яе на іншае месца. I вось, нарэшце, яны сядаюць, так і не перапыніўшы сваёй размовы, так і не зірнуўшы вакол сябе. «Салон для нармальных»,— падумала Ева. Са сціснутым трывогаю горлам яна глядзела на ручку, якую трэба было павярнуць. «Трэба ісці. Я ніколі так доўга не пакідаю яго аднаго». Трэба было адчыніць гэтыя дзверы; потым Ева крыху пастаіць на парозе, каб даць вачам прызвычаіцца да паўзмроку, а пакой усёй сілай пастараецца выштурхнуць яе прэч. Яна павінна будзе вытрымаць гэтае супраціўленне і прайсці ўглыбіню. Раптам яна адчула пякучае жаданне ўбачыць П’ера. Ёй бы так хацелася разам з ім пакпіць з свайго бацькі. Але П’еру яна была непатрэбна; Ева нават не магла прадугадаць, як ён зараз яе сустрэне. 3 нейкай своеасабліваю гордасцю яна раптам падумала, што ёй ужо нідзе няма месца. «Нармальныя лічаць, што я яшчэ належу да іх. Але я сярод іх не здолела б заставацца гадзіны. Я хачу, я адчуваю патрэбу жыць там, па той бок гэтай сцяны. Але там мяне не прымаюць».
Усё вельмі змянілася вакол яе: святло нібы састарэла, яно пачынала сівець, рабілася цяжкім, як вада ў вазе з кветкамі, калі яе два дні не мяняюць. Ева глядзела на рэчы, пакрытыя гэтым старым святлом, і заўважала на іх даўно забытае пачуццё меланхоліі: той самай, што адчуваеш вячэрняй парой у самым канцы восені. Яна нерашуча, амаль збянтэжана пазірала вакол: усё гэта было так далёка — цяпер, у іхнім пакоі не было ні дня, ні ночы, ні пары, ні меланхоліі. Яна
цьмяна прыгадала далёкія-далёкія восені, восені яе маленства — і раптам уся напружылася: успаміны выклікалі ў яе страх.
Яна пачула П’ераў голас:
— Агата! Ты дзе?
— Іду! — крыкнула яна.
Яна адчыніла дзверы і прайшла ў пакой.
Густы ладанавы водар напоўніў ёй ноздры і рот. Яна шырока распяла вочы, выставіла наперад рукі — пах і паўзмрок даўно ўжо зліліся ў яе ў адзінае цэлае, нешта даўкае і мяккае, нібы вата, такое ж простае, такое ж знаёмае, як паветра, агонь ці вада,— і асцярожна рушыла да бледнай плямы, якая, здавалася, лунала ў тумане. Гэта быў П’ераў твар: П’ерава адзенне (а з той пары, як ён захварэў, ён апранаў усё чорнае) раставала ў цемры. П’ер сядзеў з закінутаю назад галавою і заплюшчанымі вачыма. Ён быў прыгожы. Ева палюбавалася на яго доўгія, загнутыя на кончыках вейкі і села побач на нізкае крэсла. «Яму, напэўна, нешта баліць»,— падумала яна. Яе вочы патроху прызвычаіліся да змроку. Спачатку выплыў стол, пасля ложак, пасля П’еравы асабістыя рэчы — ножны, слоік з клеем, кнігі, гербарый, рассыпаны на дыване каля фатэля.
— Агата?
П’ер ужо расплюшчыў вочы і глядзеў на яе з усмешкай.
— А ведаеш, што відэлец? — сказаў ён.— Гэта я, каб напалохаць гэтага тыпа. А так — у ім амаль нічога не было.
Евіны апасенні зніклі, і яна, ціха і коратка засмяяўшыся, сказала:
— Гэта табе выдатна ўдалося. Ён сапраўды ледзь не звар’яцеў ад страху.
П’ер усміхнуўся.
— Ты бачыла? Як ён пачаў яго круціць, ухапіўся ледзь не аберуч. I вось што, заўваж,— сказаў ён,— яны не ўмеюць браць рэчы: яны іх хапаюць.
— Твая праўда,— сказала Ева.
П’ер мякка пастукаў па левай далоні ўказальным пальцам правай рукі.
— Вось яны чым бяруць. Спачатку падносяць пальцы і, як толькі ўдалося спаймаць прадмет, адразу ціснуць на яго ўсёй далоняй — каб прыдушыць.
Ён гаварыў хутка, аднымі кончыкамі губ; выгляд у яго быў азадачаны.
— Цікава, чаго яны хочуць? — нарэшце прамовіў ён.— Гэты тып ужо прыходзіў раней. Навошта яны яго падсылаюць? Калі ім хочацца ведаць, што я раблю, яны могуць проста зірнуць на экран — дзеля гэтага ім нават не трэба нікуды выходзіць. Значыць, і яны робяць памылкі. Маюць такую ўладу і робяць памылкі. А я — не раблю, гэта мой козыр. Хофка,— сказаў ён,— хофка! — Ён замахаў перад ілбом рукамі.— Сволач. Хофка, пафка, суфка! Што, хочаш яшчэ?
— Звон? — спыталася Ева.
— Звон. Уцёк,— сказаў ён і сярдзітым голасам пачаў далей развіваць сваю думку.— Гэты тып — іх падначалены. Ты яго ведаеш, ты выходзіла з ім у салон.
Ева не адказала.
— Што ён хацеў? — спытаў П’ер.— Ён павінен быў табе гэта сказаць.
Нейкае імгненне Ева вагалася і потым адказала з жорсткай цвёрдасцю ў голасе:
— Ён хацеў, каб цябе пасадзілі пад замок.
Калі П’еру стараліся сказаць праўду мякка, ён ставіўся да яе з недаверам, яму трэба было рэзаць яе прама ў вочы, каб аглушыць, паралізаваць яго падазрэнні. Ды Ева і сама лічыла, што лепш абысціся з ім
жорстка, чым ашукаць: калі яна хлусіла і ён, здавалася, даваў гэтаму веры, яна не магла адолець у сабе пачуцця перавагі, за якое сама сябе ненавідзела.
— Пасадзіць мяне пад замок! — з іроніяй паўтарыў П’ер.— Яны там сапраўды, відаць, з глузду з’ехалі. Ды што гэта мне, што мне іх сцены? Яны думаюць, напэўна, што гэта здолее мяне спыніць. Я часам нават пачынаю думаць — можа, ёсць дзве банды? Сапраўдная, неграва, і яшчэ адна — банда якіх-небудзь прыдуркаў, што хочуць паўсюль сунуць свой нос і лепяць дурасць на дурасці.
Ён ускінуў над падлакотнікамі фатэля рукі і з задавальненнем, уважліва на іх паглядзеў.
— Сцены... Сцены мы пройдзем. Што ты яму адказала? — спытаў ён і з цікаўнасцю павярнуўся да Евы.
— Што цябе не пасадзяць.
П’ер паціснуў плячыма.
— He трэба было так казаць. Ты таксама зрабіла памылку. Прынамсі, калі не сказала гэтага наўмысна. Трэба даць ім выкласці ўсе іх карты.
Ён змоўк. Ева сумна апусціла галаву. «Яны іх хапаюць!» Якім грэблівым тонам ён гэта сказаў — і як гэта дакладна. «Няўжо і я — таксама хапаю? Дарма я сачу за сабой: па-мойму, большасць маіх рухаў усё роўна яго раздражняюць. Ён проста не кажа мне гэтага». Раптам яна адчула сябе няшчаснай і вінаватаю, як тады, калі ёй было чатырнаццаць і пані Дарбеда, яшчэ лёгкая і жвавая, казала ёй: «Можна падумаць, што ты проста не ведаеш, куды падзець свае рукі!» Ева баялася варухнуцца, але якраз у гэты момант адчула неадольнае жаданне перамяніць паставу. Стараючыся не дакранацца да дывана, яна паволі падабрала ногі пад крэсла. Яе вочы глядзелі на настольную лямпу, падстаўку ў якой П’ер пафарбаваў чорнаю фарбай, і на шахматную дошку. На дошцы П’ер пакінуў толькі чорныя нешкі. Часам ён уставаў, падыходзіў да стала
і браў іх адну за адной. Ён гаманіў з імі, называючы іх Робатамі, і здавалася, пешкі ажываюць у яго руках нейкім цёмным, глухім жыццём. Калі ён клаў іх на месца, Ева падыходзіла і брала іх таксама (у такія моманты ёй здавалася, што яна выглядае смешна); пешкі зноў абарочваліся кавалачкамі мёртвага дрэва, але на іх заставалася яшчэ нешта няясна-няўлоўнае, падобнае на пэўны сэнс. «Гэта яго рэчы,— падумала яна.— У гэтым пакоі нічога майго няма». Раней тут было крыху яе мэблі. Маленькі інкруставаны столік з трыльяжам, які ёй застаўся ад бабкі і які П’ер, жартуючы, заўсёды называў: твой столік. Пасля ён забраў гэты столік сабе. Толькі П’еру рэчы адкрывалі сваё сапраўднае аблічча. Ева магла глядзець на іх гадзінамі: яны з нястомнаю і злою ўпартасцю прымушалі яе расчароўвацца, паказваючы адно сваю вонкавую абалонку — тую, што бачылі і доктар Франшо, і пан Дарбеда. «Усё роўна,— падумала Ева ці не з трывогай,— я бачу іх іначай, чым бацька. He можа быць, каб я іх бачыла абсалютна так, як і ён».