• Газеты, часопісы і г.д.
  • Мур  Жан-Поль Сартр

    Мур

    Жан-Поль Сартр

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 231с.
    Мінск 1991
    53.66 МБ
    — Пакінь яго,— ціха сказаў я,— ты ж бачыш, ён ужо гатовы зарумзаць.
    Том нехаця падпарадкаваўся. Але яму ўсё-ткі хацелася супакоіць малога: гэта яго заняло б і дапамагло адцягнуць увагу ад думак пра самога сябе. А мяне гэта раздражняла: раней я ніколі не думаў пра смерць, у мяне проста не было такога выпадку, і вось цяпер выпадак надарыўся, апроч гэтага, думаць болып не было пра што.
    Том раптам сказаў:
    — А табе выпадала каго-небудзь прыстукнуць?
    Я не адказаў. Ён узяўся распавядаць, што з пачатку жніўня прыстукнуў ужо шасцярых; ён не ўсведамляў сабе нашага сапраўднага становішча, і я выдатна бачыў, што ён проста не хоча яго ўсведамляць. Ды я і сам яшчэ не мог усяго як след уцяміць, я пытаўся ў сябе, ці многа давядзецца пакутаваць, я думаў пра кулі, уяўляў сабе іх пякучы град, што працінаў маё цела. Але ўсё гэта не ўмяшчалася ў межы нармальнага пытання. Зрэшты, я быў спакойны: каб усё ўразумець, у нас наперадзе цэлая ноч. Нарэшце Том змоўк, я скоса зірнуў на яго краем вока і ўбачыў, што ён таксама ўвесь шэры, выгляд у яго быў мізэрны, і я падумаў: «Пачынаецца». Было ўжо амаль зусім цёмна, праз акенцы ў камеру сачылася бруднае, цьмянае святло, і куча вугальнага друзу пад небам вымалёўвалася вя-
    лізнаю чорнаю плямай. Праз адтуліну ў столі я ўбачыў зорку: ноч мелася быць чыстая і марозная.
    Дзверы адчыніліся, і ў пакой увайшлі два наглядчыкі. 3-за спіны ў іх узнік нейкі бялявы чалавек у бельгійскай уніформе. Ён прывітаўся.
    — Я доктар,— сказаў ён.— У мяне ёсць дазвол пабыць у гэтых цяжкіх абставінах побач з вамі.
    У яго быў прыемны і ветлівы голас. Я сказаў яму:
    — Што вы будзеце тут рабіць?
    — Я ўвесь у вашым распараджэнні. Я пастараюся зрабіць усё магчымае, каб гэтыя некалькі гадзін былі вам менш цяжкія.
    — Чаму вы прыйшлі менавіта да нас? Здаецца, тут хапае народу, увесь шпіталь напакаваны бітком.
    — Мяне сюды прыслалі,— сказаў ён нейкім няўпэўненым голасам і адразу дадаў: — 0, можа, вам хочацца запаліць? У мяне ёсць цыгарэты і нават цыгары.
    Ён працягнуў нам пачак англійскіх цыгарэт і некалькі гаванскіх цыгар, але мы адмовіліся. Я зірнуў яму ў вочы, і гэта яго, здаецца, збянтэжыла. Я сказаў:
    — Вы прыйшлі сюды не дзеля спагады. Дарэчы, я вас ведаю. У той дзень, як мяне арыштавалі, я бачыў вас з фашыстамі — вы стаялі на дварэ каля кашараў.
    Я хацеў быў сказаць нешта яшчэ, але раптам са мной штосьці здарылася, я нават здзівіўся: прысутнасць гэтага лекара неяк адразу зусім перастала мяне цікавіць. Звычайна, калі я лаўлю на чымсьці чалавека, я проста так яго ўжо не адпускаю. А тут — ахвота гаварыць мяне абсалютна пакінула; я адно паціснуў плячыма і адвярнуўся. Праз нейкі час я зноў павярнуў галаву: лекар зацікаўлена глядзеў на мяне. Наглядчыкі паселі на матрацы. Пэдра, доўгі і худы, сядзеў, склаўшы рукі, і круціў вялікімі пальцамі, другі, каб прагнаць сон, час ад часу матляў галавой.
    — Можа, прынесці святло? — раптам спытаў Пэдра ў доктара.
    Той кіўнуў: розумам ён, відаць, вызначаўся не болей чым бот, хоць, напэўна, быў і не злы. Мяркуючы па яго халодных блакітных вачах галоўнай яго заганай быў недахоп уяўлення. Пэдра выйшаў і вярнуўся з газніцай, якую паставіў на краю лавы. Свяціла яна кепска, але гэта было лепш, чым нічога: мінулую ноч мы праседзелі ў поўнай цемры. Я доўга глядзеў на светлае кола, намаляванае лямпай на столі. Я быў нібыта ў здранцвенні. I потым, раптам, як быццам прачнуўся, светлае кола знікла, і я адчуў, як на мяне навальваецца страшэнны цяжар. He, гэта была не думка пра смерць і не страх: гэтаму не было назвы. У мяне раптам запякло ў сківіцах, чэрап пачаў расколвацца.
    Але я схамянуўся і зірнуў на двух сваіх прыяцеляў. Том абхапіў голаў рукамі, і я мог бачыць толькі яго тлусты і белы карак. 3 Хуанам было зусім кепска: ніжняя сківіца ў яго адвісла, ноздры дрыжалі. Доктар падышоў да яго і, нібыта каб падбадзёрыць, паклаў руку на плячо, але вочы ў яго былі такія ж халодныя. Я заўважыў, як бельгіец спрытна апусціў руку і ўзяў Хуана за запясце. Той паставіўся да гэтага абсалютна абыякава. Нібы незнарок бельгіец сціснуў запясце трыма пальцамі, крыху адступіў і павярнуўся да мяне спінай. Я адхіліўся трошкі назад і ўбачыў, як ён выняў з кішэні гадзіннік і пэўны час, не выпускаючы запясця, пазіраў на яго. Нарэшце ён адпусціў вялую нежывую руку малога і адышоў. Пэўны час ён стаяў, абапершыся спінаю аб сцяну, і потым, нібыта раптам прыгадаўшы нешта вельмі важнае, што трэба неадкладна занатаваць, выняў блакнот і запісаў у ім колькі радкоў. «Поскудзь,— са злосцю падумаў я,— няхай толькі паспрабуе памацаць мне пульс, адразу дастане ў паганую пысу».
    Ён не падыходзіў, але я адчуў, што ён глядзіць на
    мяне. Я падняў галаву і зірнуў яму ў твар. Тады ён сказаў нейкім невыразным голасам:
    — Вам не здаецца, што тут можна азглець? Відаць, яму было холадна: ён быў увесь шызы.
    — Мне не холадна,— адказаў я.
    Ён па-ранейшаму глядзеў на мяне жорсткімі вачыма. I раптам я зразумеў — я падняў рукі да твару і адчуў, што ён у мяне ўвесь мокры. Седзячы ў гэтым склепе, у разгар зімы, на самым скразняку, я сплываў потам. Я правёў пальцамі па валасах: яны склеіліся ад ліпкай вільгаці; тады я заўважыў, што кашуля на мне таксама прамокла і прыстала да цела: з мяне цякло ўжо, прынамсі, гадзіну, а я нічога не адчуваў. Але ад гэтага бельгійскага парсюка нічога не ўнікла, гэты паскуднік заўважыў, што па шчоках у мяне паўзуць потныя кроплі, і, відаць, падумаў: гэта праява крайняй паталагічнай прыгнечанасці; вядома, ён адчуваў сябе нармальна, ён мог ганарыцца гэтым — яму было холадна. Я хацеў устаць і набіць яму пысу, але ледзь прыўзняўся, як сорам і злосць адразу зніклі, і я зноў абыякава апусціўся на лаву.
    Я абмежаваўся тым, што абцёр шыю насоўкаю. Цяпер я адчуваў, як ад мяне жудасна тхне потам, што цячэ з валасоў на патыліцу. Гэта было непрыемна. Але хутка я кінуў абцірацца, занятак быў цалкам дарэмны: насоўку ўжо можна было выкручваць, а пот усё ліў і ліў. Ногі і зад былі таксама мокрыя, штаны прыліпалі да лавы.
    Раптам загаварыў Хуан:
    — Вы медык?
    — Але,— сказаў бельгіец.
    — Скажыце, пакутуюць... доўга?
    — О! Калі?.. Ды не,— сказаў бельгіец бацькоўскім голасам,— усё вельмі хутка.
    Ён казаў гэта так, нібы супакойваў хворага, які заплаціў яму грошы.
    — Але я... мне казалі... што часта прыходзіцца страляць другі раз.
    — Часам бывае,— сказаў бельгіец, ківаючы галавой.— Здараецца, што першы залп не закранае ніякага жыццёва важнага органа.
    — Значыць, ім прыйдзецца зноў зараджаць і зноў цэліцца?
    Хуан задумаўся і сказаў хрыплым голасам:
    — Гэта так доўга!
    Ён вельмі баяўся болю і ўвесь час толькі і думаў пра боль: яго ўзросту гэта ўласціва. Я ж пра гэта амаль не думаў, пацець мяне прымушала зусім не боязь пакуты.
    Я ўстаў і прайшоўся да вугальнай кучы. Том здрыгануўся і зірнуў на мяне нібыта з нянавісцю: я яго раздражняў — у мяне рыпелі падэшвы. Неба было цудоўнае, ніводнага водбліску не пранікала ў гэты змрочны закутак, толькі над самай маёй галавой свяціўся Вялікі Воз. Але цяпер усё было не так, як раней: заўчора, седзячы ў арцыбіскупскім карцэры, я таксама глядзеў на вялікі кавалак неба, які быў відзён за акном, і кожная гадзіна прыносіла новы ўспамін. Раніцай, калі неба было ахінутае сакавітым празрыстым блакітам, мне прыгадваўся пляж на ўзбярэжжы Атлантыкі, апоўдні, калі ў акно зазірала сонца, я ўспамінаў пра бар у Севіллі, дзе піў віно і закусваў хамсою з аліўкамі, а надвячоркам, калі карцэр апускаўся ў сутонне, думаў пра змрочны цень, які пакрываў палавіну арэны, калі другая ўся зіхацела пад сонцам: было балюча і сумна бачыць усе гэтыя зямныя выявы адбітымі толькі на небе. Але цяпер, колькі я ні глядзеў на неба, яно не выклікала ў мяне ніякіх успамінаў. I памойму, так было нават лепш. Я адышоў і сеў побач з Томам. Доўга панавала цішыня.
    Потым, амаль шэптам, загаварыў Том. Ён павінен быў гаварыць, бо іначай не мог разабрацца ў сваіх дум-
    ках. Па-мойму, ён гаварыў са мной, хоць на мяне не глядзеў. Яму было страшна ўбачыць мяне такога — шэрага, аблітага потам: мы абодва былі падобныя, і зірнуць адзін на аднаго нам было горш, чым паглядзецца ў люстра. Ён пазіраў на бельгійца — на таго, хто жыў.
    — Ты разумееш,— казаў ён,— га? Я гэтага не разумею.
    Я таксама загаварыў ціхім голасам. Я глядзеў на бельгійца.
    — Што? Пра што ты гаворыш?
    — Заўтра з намі адбудзецца такое, чаго я няздольны ўразумець.
    Ад Тома ішоў нейкі дзіўны пах. Мне здалося, што я зрабіўся болей чуйны да пахаў, чым гэта было раней. Я крыва ўсміхнуўся:
    — Хутка ўразумееш.
    — He, гэта незразумела,— упарта прамовіў ён.— Вядома, я не збіраюся распускаць нюні, але ж трэба, прынамсі, ведаць... Слухай, значыць, нас вывядуць на двор. Перад намі выстраяцца некалькі тыпаў. Колькі іх будзе?
    — He ведаю. Можа, пяць ці восем. He болей.
    — Ну, добра. Няхай будзе восем. Ім крыкнуць: «На плячо!» —і я ўбачу, як на мяне ўтаропяцца восем стрэльбаў. Мне, напэўна, захочацца ўвайсці ў мур, я ўсім цяжарам навалюся на яго спінай, а ён не падасца, як у кашмарным сне. Я ўсё гэта выдатна ўяўляю. О, каб ты ведаў, як я гэта выдатна ўяўляю.
    — Супакойся! — сказаў я.— Я гэта таксама ўяўляю.
    — Напэўна, гэта жудасны боль. Ведаеш, яны цэляцца ў рот і ў вочы, каб болей знявечыць,— са злосцю сказаў ён.— Я ўжо адчуваю раны, ужо цэлую гадзіну мне ўсё баліць: галава, шыя. Гэта яшчэ не той, не са-
    праўдны боль, гэта горай: гэта боль, які я адчую заўтра. Але што будзе потым?
    Я выдатна разумеў, што ён мае на ўвазе, але не хацеў паказваць выгляду. I боль я таксама адчуваў — ва ўсім целе, нібыта пасечаным безліччу маленькіх ранак. Да гзтага немагчыма было прызвычаіцца, але тут мы з Томам былі падобныя, болю я не надаваў значэння.
    — Потым? — груба сказаў я.— Потым стапоршчыіпся, братка.
    Ён пачаў гутарыць сам з сабой, ён не зводзіў вачэй з бельгійца. Той, здаецца, яго не слухаў. Я ведаў, нашто ён прыйшоў сюды; тое, што мы думаем, яго не цікавіла, ён прыйшоў паглядзець на нашыя целы — на целы, якія б’юцца ў агоніі яшчэ пры жыцці.
    — Гэта як у кашмарным сне,— казаў Том.— Хочаш сабе ўявіць, і ўвесь час такое ўражанне, што вось — зараз уразумееш, а яно потым — раз! — і выслізгвае, унікае з-пад самага носа, 1 зноў — нічога. Я кажу сабе: потым ужо нічога не будзе. Але не разумею, што гэта значыць. Часам я падыходжу, здаецца, ужо зусім блізка... а яно зноў унікае, і я пачынаю думаць пра стрэлы, пра кулі, пра боль. Я матэрыяліст, клянуся табе; я яшчэ не вар’яцею. Але нешта тут не так. Я бачу свой труп: гэта зусім не цяжка, але ж гэта я яго бачу, маімі вачыма. I ўсё-такі мне трэба нарэшце прымусіць сябе ўявіць... уявіць, што пасля нічога не будзе, я нічога не ўбачу і нічога не буду чуць, а свет застанецца — для іншых. Мы не створаны, каб падумаць такое, Пабла. Можаш мне паверыць: мне ўжо выпадала не спаць цэлую ноч, чакаючы нечага невядомага. Але гэта — гэта ні на што не падобна: яно заўжды падкрадаецца ззаду, Пабла, і мы няздольныя да гэтага падрыхтавацца.