Мур
Жан-Поль Сартр
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 231с.
Мінск 1991
нуць гэты пакой, але не мог выйсці на вуліцу, бо там былі людзі.
Настаў дзень. Есці ўжо не хацелася, але цяпер чамусьці я пачаў пацець: кашуля на мне была ўся мокрая. На дварэ ззяла сонца. I тады мне падумалася: «У зачыненым з усіх бакоў пакоі Ён зашыўся ў змроку. Вось ужо тры дні, як Ён не есць і не спіць. Нехта званіў у дзверы, але Ён не адчыніў. А хутка Ён выйдзе на вуліцу і заб’е». Я выклікаў у самога сябе страх. А шостай гадзіне вечара вярнуўся голад. Я шалеў ад злосці, як сляпы натыкаўся паўсюль на мэблю, потым запаліў святло ў пакоях, у кухні і ў прыбіральні, пачаў спяваць на ўсю глотку, вымыў рукі і выйшаў. Мне спатрэбіліся добрыя дзве хвіліны, каб закінуць у скрынку ўсе пісьмы. Я соваў іх пачкамі па дзесяць штук. Некалькі канвертаў, відаць, папсаваліся. Потым я прайшоў па бульвары Манпарнас і апынуўся на вуліцы Адэсы. Спыніўшыся каля люстра на нейкай крамцы, што гандлявала кашулямі, я ўбачыў свой твар і падумаў: «Гэта будзе сённяшнім вечарам».
Я стаў ля пачатку вуліцы Адэсы, непадалёк ад газавага ліхтара, і пачаў чакаць. Міма прайшлі дзве жанчыны. Яны трымалі адна адну пад ручку, і бландзінка казала:
— Яны завесілі дыванамі ўсе вокны, а паказ рабілі самі ж з тамтэйшай знаці.
— Яны там усе што — галота? — спытала другая.
— He трэба быць галотай, каб пагадзіцца на працу, за якую штодзень плацяць па пяць луідораў.
— Пяць луідораў? — прамовіла брунетка, уражаная сумай. I, праходзячы каля мяне, дадала: — Дый ім, напэўна, было забаўна пахадзіць у строях сваіх продкаў.
Яны пайшлі далей. Мне было холадна, але па целе ручаямі ліў пот. Праз пэўны час я заўважыў, што да мяне набліжаюцца тры мужчыны; я даў ім прайсці:
мне трэба было шасцярых. Той, што ішоў злева, зірнуў на мяне і шчоўкнуў языком. Я адвёў вочы.
У сем гадзін пяць хвілін з бульвара Эдгара Кінэ адна за адной выйшлі дзве групкі. Спераду ішлі мужчына з жонкай і двума дзецьмі. За імі — тры старыя кабеты. Я ступіў наперад. Жанчына, відаць, вельмі злавалася, яна ўвесь час тузала хлопчыка за руку. Мужчына прамовіў цягучым голасам:
— Як ужо ён мне абрыдзеў, гэты смаркач.
Сэрца ў мяне білася так моцна, што нават балелі рукі. Я рушыў яшчэ крыху наперад і знерухомеў, спыніўшыся перад імі. Праходзячы, мужчына сказаў:
— Прабачце.
Тут я ўспомніў, што зачыніў дзверы ў кватэру, і мне зрабілася прыкра: цяпер давядзецца траціць каштоўны час, каб іх адчыніць. Людзі прайшлі. Я павярнуўся і машынальна рушыў за імі. Але страляць мне ўжо не хацелася. Хутка яны згубіліся на бульвары ў натоўпе. Я стаў і абаперся спінаю аб сцяну. Я чуў, як прабіла восем гадзін, потым дзевяць. Я стаяў і паўтараў сам сабе: «Навошта забіваць усіх гэтых людзей, калі яны і так ужо мёртвыя». Мяне разбіраў смех. Падбег нейкі сабака і пачаў абнюхваць мне ногі.
Побач прайшоў тоўсты мужчына, тады я схамянуўся і пайшоў следам за ім. Я глядзеў на тлустую складку ў яго на патыліцы, якраз паміж капелюшом і каўнерам плашча. Мужчына крыху хістаўся з боку на бок і шумна дыхаў. Выгляд у яго быў каржакаваты. Я выняў рэвальвер: ён блішчаў і пёк холадам пальцы, мне агідна было на яго глядзець. Я ўжо не вельмі добра памятаў, што з ім мушу рабіць. Я пазіраў то на рэвальвер, то на мужчынаў карак. Складка на карку ўсміхалася мне, як усмешлівы кплівы рот. Я думаў, ці не выкінуць рэвальвер у рышток.
Раптам тып павярнуўся і раздражнёна зірнуў на мяне. Я крыху адступіў назад.
— Я хацеў у вас... спытаць...
Мне здалося, што ён мяне не слухае. Ён глядзеў мне на рукі. Перамагаючы сябе, я закончыў:
— Вы не можаце мне сказаць, дзе вуліца Гетэ?
У яго быў мясісты твар, вусны дрыжалі. Ён не адказаў. I працягнуў руку. Я адступіў яшчэ і сказаў:
— Я хацеў...
У гэты момант я зразумеў, што зараз пачну крычаць. Я не хацеў: і выпусціў яму тры кулі ў жывот. Ён упаў з нейкім ідыёцкім выглядам на калені, і яго галава скацілася на левае плячо.
— Падла,— сказаў я яму,— паскудная падла!
Я кінуўся ўцякаць, паспеўшы адно пачуць, як ён кашляе. Потым з-за спіны ў мяне данесліся крыкі і тупат. Нехта спытаў: «Што здарылася, яны б’юцца?» — і адразу пасля закрычалі: «Трымай забойцу! Трымай забойцу!» Я не ўразумеў, што ўсе гэтыя крыкі датычаць мяне. Але яны мне здаліся злавеснымі, як выццё пажарнай сірэны, калі я быў маленькі. Злавеснымі і трошкі пацешнымі. Я бег з усіх ног.
Але я зрабіў недаравальную памылку: замест таго каб бегчы па вуліцы Адэсы ў бок бульвара Эдгара Кінэ, я спускаўся па ёй да бульвара Манпарнас. Калі я гэта заўважыў, было ўжо надта позна: я быў у самым натоўпе. Людзі паварочвалі да мяне здзіўленыя твары (асабліва мне запомнілася аблічча адной вельмі нафарбаванай кабеты, на якой быў зялёны капялюш з гэткім кутасікам). Я ўсё яшчэ чуў, як дурні з вуліцы Адэсы крычаць у мяне за спінай: «Трымай забойцу!» Чыясьці рука лягла мне на плячо. I ўсё змяшалася ў маёй галаве: я не хацеў паміраць задушаны ў гэтым натоўпе. Я яшчэ двойчы стрэліў. Людзі завішчалі і расступіліся. Я ўляцеў у кавярню. Наведнікі ўскочылі, але ніхто не паспрабаваў мяне затрымаць. Я прабег праз усю доўгую залу і зачыніўся ва ўмывальні. У рэвальверы заставалася яшчэ адна куля.
Прайшоў пэўны час. Я вельмі задыхаўся і ледзь пераводзіў дух. Вакол было незвычайна ціха, нібыта людзі маўчалі знарок. Я падняў рэвальвер да вачэй і ўбачыў яго круглую чорную дзірку: адсюль вылеціць куля, і порах апаліць мне твар. Я апусціў руку і пачаў чакаць. Нарэшце я пачуў, як яны па-воўчы падкраліся да дзвярэй; калі меркаваць па шорганні ног, іх было, відаць, цэлае войска. Яны крыху пашапталіся і зноў змоўклі. Я ўсё яшчэ моцна дыхаў і думаў, што яны, за сцяной, таксама чуюць маё сапенне. Нехта паціху наблізіўся і пакратаў дзвярную ручку. Ён стаяў, пэўна, збоку, прыляпіўшыся да сцяны, каб не трапіць пад кулі. I ўсё роўна ў мяне ўзнікла пякучае жаданне стрэліць — але астатняя куля была мая.
«Чаго яны чакаюць? — падумаў я.—■ Каб яны кінуліся на дзверы і адразу высадзілі іх, я не паспеў бы нават застрэліцца, яны схапілі б мяне жывога». Але яны не спяшаліся, яны давалі мне поўную магчымасць памерці. Падлы! Ім было страшна.
Праз пэўны час я пачуў голас:
— Гэй, адчыняйце, вам не зробяць нічога благога. Запанавала маўчанне, і той жа голас сказаў: — Вы ж разумееце, што вам не ўдасца ўцячы.
Я не адказаў, я па-ранейшаму задыхаўся. Каб надаць сабе смеласці стрэліць, я паўтараў увесь час: «Калі яны мяне возьмуць, яны мяне будуць біць. Яны выб’юць мне зубы, а можа, і вока». Мне вельмі хацелася ведаць, ці памёр той таўстун. Можа быць, я яго толькі параніў... а дзве іншыя кулі, можа быць, зусім не зачапілі нікога... Яны нешта там рыхтавалі; па-мойму, яны цягнулі па падлозе нейкую цяжкую рэч? Я хутчэй сунуў рулю ў рот і моцна яе закусіў. Але я быў няздольны стрэліць, я не мог нават пальца пакласці на курок. Усё зноў ахінулася ў цішыню.
Тады я адкінуў убок рэвальвер і адчыніў ім дзверы.
БЛІЗКАСЦЬ
і
Люлю клалася спаць голая: ёй падабалася лашчыцца аб просціны, і апроч таго — здаваць бялізну ў пральню каштавала дорага. Спачатку Анры гэтаму вельмі працівіўся: дзе гэта бачылі, каб у ложак клаліся голыя, ніхто так не робіць, гэта брыдка. Але ўрэшце і ён паследаваў прыкладу жонкі. Праўда, у яго гэта было хутчэй праз нядбальства. Калі да іх прыходзілі госці, ён заўсёды, каб выглядаць важнейшым, трымаўся напружана і быў прамы, як палка (яму падабаліся швейцарцы, асабліва з Жэневы: ён лічыў, што ў іх вельмі паважны выгляд — таму што яны заўжды як драўляныя), але ў дробязях ён за сабой не глядзеў: напрыклад, ён быў не надта ахайны і не вельмі часта мяняў трусы; калі Люлю клала іх у бруднае, яна не магла не заўважыць, што праз доўгае шараванне між ног на іх ужо ўтварыўся жоўты налёт. Зрэшты, Люлю асабіста неахайнасць не гідзіла: яна нават неяк збліжала, ахунала ўсё ў мяккія цені — у ямках на згінах рук, напрыклад; а англічан дык яна ўвогуле не трывала — нейкія безаблічныя целы, абсалютна нічым не пахнуць. I тым не менш мужава неахайнасць Люлю абурала: у яго яна была толькі праз любоў папялегавацца. Раніцай, прачынаючыся, ён быў з сабою заўсёды такі пяшчотны, а ў свята — халодная вада і шчотка здаваліся яму жудаснай і несправядліваю карай.
Люлю ляжала на спіне, усунуўшы вялікі палец левай нагі ў прарэшак на падкоўдраніку; зрэшты, гэта быў не прарэшак — у гэтым месцы тканіна разышлася па шве. Люлю гэта злавала: «Заўтра трэба будзе зацы-
раваць»,— але яна яшчэ крыху нацягнула ніткі, каб адчуць, як яны лопаюцца. Анры не спаў, але на яго ўжо можна было не звяртаць увагі. Ён сам часта казаў Люлю: як толькі ён заплюшчваў вочы, яго нібыта аблытвалі магутныя і неадольныя путы і ён не мог варухнуць нават мезеным пальцам. Гэткая вялізная, укручаная ў павучынне муха. Люлю падабалася адчуваць побач гэта вялікае цела вязня. «Каб ён быў паралізаваны і заўсёды ляжаў вось так, нерухома, я сама за ім даглядала б, падцірала б яго, як дзіцё, і часам пераварочвала б на жывот і пляскала па азадку, а калі б да яго прыходзіла маці, я знаходзіла б якую-небудзь зачэпку і раскрывала б яго — задзірала б коўдру, каб яна ўбачыла яго зусім голага. Яна, відаць, так бы і села — яна ж не бачыла яго голага гадоў, мусіць, пятнаццаць». Люлю мякка правяла рукою па мужавым сцягне і лёганька ўшчыкнула за пахвіну. Анры буркнуў, але не варухнуўся. «У поўнай бяссільнасці». Люлю ўсміхнулася: слова «бяссільнасць» яе заўсёды смяшыла. Калі яна яшчэ кахала Анры і ён вось так, паралізаваны, ляжаў побач, ёй падабалася ўяўляць, быццам яго з усіх бакоў старанна абкруцілі і ўвязалі нейкія малюпасенькія чалавечкі накшталт тых, што яна бачыла на малюнку, калі яшчэ дзяўчынкай чытала гісторыю пра Гулівера. Яна часта называла Анры Гуліверам: яму гэта падабалася, бо імя было англійскае і надавала Люлю адукаваны выгляд; але ён хацеў, каб яна яшчэ і вымаўляла яго з англійскім акцэнтам. «Як ужо яны мне абрыдлі! Калі хацеў сабе мець кагосьці адукаванага, няхай бы ажаніўся з той Жанаю Бедэр, грудзі ў яе з кулачок, затое яна ведае пяць моваў. Божа, раней, калі мы яшчэ ездзілі па нядзелях у Co, я так сумавала ў яго крэўных, што хапала першую лепшую кнігу, якая трапіцца, і заўсёды нехта падыходзіў і глядзеў: што я чытаю? А яго сястрычка пыталася: «Вы разумееце, Люсі?..» Яны лічаць, што ў мяне не стае выхавання.