• Газеты, часопісы і г.д.
  • На крыжовай дарозе  Аўген Калубовіч

    На крыжовай дарозе

    Аўген Калубовіч

    Выдавец: Бацькаўшчына
    Памер: 318с.
    Мінск 1994
    69.2 МБ
    Зь лягерных пераказаў ведаю, што ўзімку ў камэры «дзікі холад», бо печка ня паліцца. Як тут марозяць распранутых да кальсонаў людзей — чуў, але сам ня бачыў. Дзеля таго гаварыць пра гэта ня буду. Раскажу пра сябе, як было ўлетку.
    Першае, што я адчуў, пераступіўшы парог камэры — духату. Адразу пачынаю пацець. Дакрануўся да сьцяны ля палка. — гарачая. Гэта сьцяна печкі, якая паліцца з калідору. Дыхаць няма чым. Вакно бяз форткі. Камэра ніколі не праветрываецца. Ад парашы — смурод. У духацс зьмесьціва ейнае хутчэй раскладасцца й сьмярдзіць мацней. (У турме на парашы была крышка. Тут яе няма.)
    Чытач мог падумаць, што тут, хоць і ў большым голадзе, духаце й смуродзе, я маю мажлівасьць трохі адпачыць і адаспацца. 0, не! Я тут ня зусім адзін. Са мною тысячы й тысячы клапоў. Яны толькі й чакалі на мяне. А калі выявілі, адразу кінуліся з усіх бакоў у атаку. Першымі зваліліся на мяне дэсанты із столі — на галаву, плечы, грудзі.
    I я пачаў адбівацца ад іх. Яны галодныя, a харчуюцца вылучна чалавечай крывСю. Хабатком пракусваюць скуру. У ранку ўпырскваюць сваю сьліну, якая выклікае сьверб і перашкаджае згушчацца крыві. Тады п’юць яе, сьвежую. Я скідаю іх зь сябе, як толькі магу. Але іх тут так шмат, што я ня здольны даць ім рады. Яны сядзяць і на сьценах, і на падлозе, і на палку, і на лавах. Кусаюць мяне і за сьпіну, і за грудзі, і за ногі, лезуць на твар — усюды й з усіх бакоў.
    У лягеры казалі, што парода гэтых клапоў спэцыяльна дзесь разьведзена для ізалятара. Так гэта ці не — не бяруся цьвердзіць. Адно магу сказаць, што перад тым ні я, ні хто іншы із нас ніколі й нідзе такіх клапоў ня бачылі. Яны шмат меншыя ад звычайных пасьцельных клапоў, а рухавасьць іхная — спартовая: хутка бегаюць даўжэйшымі ножкамі, а із столі прыгаюць, калі толькі выявяць ахвяру.
    Я ваюю зь імі няспынна. Скідаю й скідаю зь сябе... Каб лепей бараніцца, спрабую закрыць ад іх якуюсь частку свайго цела. Лепей за ўсё — сьпіну: яе цяжэй бараніць. Сьпярша кладуся на падлогу. Хутка пераконваюся, што пазыцыя гэтая няўдалая: із столі на мяне ляціць болей дэсантаў. Ці ня легчы на палок? Ды там-жа яшчэ бліжэй да столі. Я станаўлюся ля сьцяны або дзвярэй і прыціскаюся сьпіною да іх. Быццам-бы трохі лепей, але эфэкт таксама невялікі.
    А мо нішчыць іх, клапоў?.. I я мяняю тактыку: пераходжу ад абароны ў наступ. Іду да парашы й зграбаю іх туды, каб тапіць. Аднак параша ня мае крышкі, адкрытая. I клапы амаль усе вылазяць зь яе й, брудныя, ізноў паўзуць на мяне... А мо лепей біць іх? Толькі чым?.. Я адвязаў ад нагі бірку й давай ёю чавіць іх. Але на
    бірцы стаіць нумар. Забіваючы клапоў, я замазваю яго сваёй крывёю. Як-жа я атрымаю сваё «барахло» ад дзяжурнага?.. Пераварочваю бірку й душу клапоў чыстым ейным бокам. Адных душу, а другія кусаюць мяне з усіх бакоў.
    Так мушу бараніцца ад іх 24 гадзіны ў суткі і ўсе 6 сутак. Іначай яны могуць загрызьці насьмерць.
    На 3-ці дзень дзяжурны крычыць мне праз «ваўчок»:
    — Эй, кормнлец клопов! Ты еше жнв?.. Получай свою «баланду»... чтобы лучше кормнть монх маленькнх детей.
    Ен адамкнуў дзьверы й падаў мне місачку. У ёй адна юшка, нават без касьцей. Хоць-бы галава ці хвост рыбы. Выцягнуў, відаць, для сябе. Каму ты тут паскардзішся?
    Аднэй рукой я адбіваўся ад клапоў, а другой падношу місачку да вуснаў і п’ю зь яе «баланду», як чай. Пасьля «баланды» адчуваю яшчэ большы голад. I нясьцерпна спаць хачу: галава час ад часу падае на грудзі, вочы зьліпаюцца.
    Калі я вярнуўся зь ізалятара ў барак, усё цела маё было іскусанае клапамі — скрозь чырвоныя ранкі, плямы й струпы; векі на вачох распухлыя. Як у хворага на шкарлятыну. Правсрыў свой куфар: із усяго лепшага абкрадзены. Дзеля таго-ж, што ў мяшок я ўсунуў закрыты куфар, бяз сьпісу рэчаў у ім (такі ў ізалятары «парадак»), прэтэнзіі заявіць не магу, фармальных доказаў пакражы няма.
    Быў дужа слабы. Ішоў — хістаўся, дзе можна было — трымаючыся за сьцены, нары, стол. А назаўтра мусіў ісьці на працу.
    Цяжка паверыць, што ў XX стагодзьдзі можа быць такое барбарства й зьдзек над чалавекам. Але я сьведчу, што было. I ня толькі я. Кожны, хто сядзеў у гэтым ізалятары, прынамся, у тэй самай камэры. Сядзеў голы ў жывым клапоўніку й сваёй крывёю карміў галодных клапоў.
    На «лагпункце» было ведама, што ізалятар гэты прыдумаў і пабудаваў начальнік адміністрацыйнага аддзелу Вішлагу Васькоў — адзін із бліжэйшых памочнікаў і асабістых сяброў Р. Берзіна.
    ЛЯГЕРНЫЯ ЯМЫ
    Кожны вязень у лягеры мае сваё кола жыцьця й сьмерці, свой лёс. Адзін зь іх выжывае й выходзіць зь лягеру, другі — гіне.
    Штораніцы пры пад’ёме на «баланду» й на «развод» у бараках знаходзяць трупы. Памерлі ўначы на нарах. Іншыя паміраюць на працы ці ў дарозе на працу й з працы. Яшчэ болей — у бараку інвалідаў і «дахадзягаў» ды ў лягерным лазарэце.
    Паміраюць ад голаду, холаду, фізычнага вычарпаньня пры непасільнай працы.
    Паміраюць ад розных хваробаў, найчасьцей — ад хваробаў сэрца, сухотаў, цынгі, алімэнтарнай дыстрафіі, пэлягры.
    Увосені 1931 — увесну 1932 гадоў дзеля ненармальных бытавых і санітарных умоваў у лягеры ўспыхнулі эпідэміі плямістага тыфусу й крываўкі. Тут ужо сьмерць узяла ў рукі касу й пачала касіць налева й направа без разбору, хто толькі трапіць пад руку. У нашай брыгадзе гэтая каса скасіла шэсьць асобаў — пяць «раскулачаных» сялянаў і Мустаф’ева.
    Паміраюць ад усялякіх нешчасьлівых выпадкаў. Застрэлены «прн попытке к побегу» (як Петрыкаў). Забіты сьпілаваным дрэвам (як Насеньнік), Ад нсвыстарчальнага харчаваньня, нястачы вітамінаў увосені 1931 году ў многіх вязьняў зьявілася курыная сьлепата. Той, хто яе мае, ня бачыць уначы і ў слаба асьветленых месцах удзень. Лекаваць ад гэтае хваробы можна лепшым харчаваньнем — маслам, моркваю, зялёнай цыбуляю. Усяго гэтага ў лягеры для вязьняў няма. Таму іх не лякуюць, хіба што даюць чайную лыжку рыб’яга тлушчу на дзень, калі ён ёсьць у лекпома. Хворых на курыную сьлепату ад працы не звальняюць. На працу й з працы (калі гэта начная зьмена, і хворых яшчэ не перавялі на дзённую) іх за рукі вядуць сябры. Ад сьлепаты яны часта калечацца, а то й гінуць, як наш айцец Аляксандр Табанькоў. Мы ўжо казалі, што працуе ён у капальнях калійных соляў. Ізгаладалы, змораны ад цяжкае працы,
    а тут яшчэ й напаўсьляпы (у яго пачыналася курыная сьлепата), ён не заўважыў ваганеткі й хутка не адскочыў убок. Наладаваная, яна йшла па рэйках уніз. Зьбіла яго з ног і пакалечыла. Трое сутак у вялікіх пакутах ён змагаўся за жыцьцё. Яму ампутавалі адну нагу й адну руку, але ад сьмерці ня выратавалі. Аддаў Богу душу яшчэ на першых прыступках лягернае Галгофы.
    Паміраюць ад самагубстваў. Гэта тыя, што губляюць веру ў мажлівасьць выйсьці калі-небудзь зь лягеру. Ня бачаць ніякага сэнсу пакутаваць і самі накладаюць на сябе рукі. Ёсьць шмат спосабаў спыніць жыцьцё самагубствам. Пайсьці ў лягеры праз забароненую зону да агарожы калючага дроту. Няўнікнёна застрэліць зь вежы вартавы. Выскачыць убок із канвойнай калёны па дарозе на працу ці з працы. Без папярэджаньня застрэліць канваір. Разрэзаць вены на руках уначы, схаваўшыся на нарах пад бушлатам, і выпусьціць сваю кроў...
    Божа мой! Ад чаго толькі не паміраюць вязьні ў лягеры!
    На кожным «лагпункце» ёсьць барак інвалідаў і «дахадзягаў». Сюды зьбіраюць тых, хто ўсімі лягернымі прычынамі й акалічнасьцямі «даходзіць» да хуткае й нямінучае сьмерці. Зь іх ужо ўсё выціснута, што толькі можна было выціснуць для працы. I як болей бескарысныя й непатрэбныя, выкінутыя сюды на звалку «чалавечага лому». «Отработанный контннгент» — паводля афіцыйнае лягернае тэрміналёгіі.
    Вось яны: ад розных калецтваў ці адмарожаньняў на працы — з ампутаванымі нагамі ці рукамі; ад невылячальных хваробаў сэрца й почак — з апухлымі тварамі, нагамі, рукамі; глухія, сьляпыя, часткова ці поўнасьцю паралізаваныя; цынготнікі апошняй стадыі — у іх ня рушацца суставы ў каленах і локцях, некаторым галаву завярнула набок; і яны, падобна паралітыкам, ня могуць ні хадзіць, ні рухаць рукамі, адно поўзаць ці катацца па зямлі; дыстрофікі — адны косьці й скура, з уздутым жыватом і вадзянкаю; пэлягрыкі, у якіх цьвярдзее й лупіцца скура, у целе не
    затрымліваецца ніякая страва, ад чаго нястрыманыя паносы; пэлягрык сохне, слабее й дагарае, як сьвечка.
    Таго зь іх, хто яшчэ можа рухацца, вы без памылкі пазнаеце. На ім ня вопратка, а куча рызьзя (ён ужо не працуе, і яму з вопраткі й абутку належыцца ўсё толькі зношанае). Ідзе ён паволі або кульгаючы: адзін — апіраючыся на кій, другі — на якуюсь самаробную мыліцу, трэці — сунецца неяк бокам, аднэй нагой наперад, а другую падцягваючы, сьляпы ці напаўсьляпы — кіёчкам наперад. Іншых водзяць сябры. А ёсьць і такія, што з нараў ужо не ўстаюць, ня ходзяць нат за патрэбаю да парашы, а пад сябе, і так, бедакі, ляжаць. Ад іх нясе нязносным смуродам на ўвесь барак.
    «Дахадзяга» ўжо пераступіў мяжу паміж жыцьцём і сьмерцю. Аднэй нагой яшчэ пры жыцьці, другой — пры сьмерці. Гэта жывы труп, які паволі гніе й памірае. Пытаньне толькі часу: калі? Заўтра ці праз месяц. Ён ня мыецца й ня цікавіцца сваім выглядам, абыякавы да ўсяго, з прытупленымі пачуцьцямі. Выратаваць яго ў лягерных умовах немажліва. Лекпом і лазарэт ад яго адмовіліся. А галодны паёк (як непрацуючаму) паскарае працэс паміраньня.
    Кожнае раніцы, як толькі скончыцца «развод» на працу, брыгада «дахадзягаў» (з тых, што яшчэ могуць неяк рухацца) абходзіць свой барак і правярае нары. Сьцягвае з нараў астыўшыя за ноч трупы. Прывязвае да вялікага пальца правай нагі біркі (на якіх днявальны піша ймя й прозьвішча памерлага) ды валачэ іх за дзьверы. Тады абходзіць іншыя баракі «лагпункту». Із усіх трупаў яна здымае вопратку, абутак, бялізну. Усё гэта патрэбна для жывых — такі загад ГУЛагу. Голыя трупы зносіць у сані ці на воз і, упрогшыся, заміж коней, цягне да вахты. Там выкліканы «дежкомам» лекпом аглядае іх, упісвае зь бірак у рапарт памерлых з адзнакаю прычынаў сьмерці.
    Ля вахты «дахадзягам» прыдаецца канвой, і яны цягнуць свой катафалк за калючы дрот, да адкрытай, выкапанай імі-ж, ямы, куды скідаюць
    целы нябожчыкаў, як чурбакі дрэва. Напоўніўшы імі адну яму й зьлёгку прысыпаўшы яе зямлёй, капаюць наступную. У ваднэй із такіх наступных неўзабаве будуць «пахаваныя» й самі.