На службе князя Радзівіла  Алег Рукаль

На службе князя Радзівіла

Алег Рукаль
Выдавец: Юніпак
Памер: 196с.
Мінск 2013
59.95 МБ
Ян ехаў па сьлядах цэлы дзень, пакуль не надышоў змрок. Дагнаць коньнікаў яму не ўдалося. Некалькі разоў ён губляў сьляды. Відаць, маскавіт асьцерагаўся пагоні, і рухаўся так, каб заблытаць магчымых перасьледнікаў. Ён пастаянна паварочваў
у лес, доўгі час ехаў па неглыбокай ручаіне, пасьля якой Яну асабліва цяжка было знайсьці сьляды, часта мяняў кірунак руху.
Калі ў цемры стала немагчыма чытаць сьляды, Заранковіч спыніўся, распрог каня і разьмясьціўся спаць на зямлі. Ён доўга ня мог заснуць, разважаючы над загадкавымі паводзінамі таго, хто захапіў Мяжэвічаў. Так і ня здолеў ён нават уявіць, куды і навошта маскавіт вязе Марыю і Мікалая. Але засынаў ён з надзеяй на тое, што хутка яны будуць разам. Маскавіт, відаць, пакуль не зьбіраўся рабіць Мяжэвічам зла. Ян не сумняваўся, што хутка ён дагоніць іх, а сутычкі з адным чалавекам ён не баяўся. I, ужо засынаючы, Ян думаў аб Марыі і вырашыў, што яшчэ ніколі не сустракаў такой прыгожай дзяўчыны.
Наступнай раніцай Заранковіч працягнуў свой шлях. Сьляды былі меней заблытанымі. Хутчэй за ўсё, маскавіт вырашыў, што перасьледаваць яго няма каму. Ян бачыў, што даганяе іх. Адбіткі капытоў трох коней станавіліся ўсё болып сьвежымі. Ён прышпорыў свайго каня. Хутка ўсё вырашыцца.
Ян выехаў на вялікую паляну. Калі ён даехаў да яе сярэдзіны, то зразумеў, што маскавіт перахітрыў яго. У гэтым месцы ён з Мяжэвічамі зрабіў невялікую пятлю, вярнуўся ў адваротным кірунку і напэўна чакаў яго за дрэвамі.
Заранковіч спыніўся. Пасярод паляны, атачонай лесам, ён быў бачны, быццам на далоні. Калі ў праціўніка ёсьць лук са стрэламі, то яму давядзецца цяжка.
Выходзь! моцна крыкнуў ён.
Прайшло некалькі хвілінаў. Ян вырашыў, што маскавіт ня будзе пакідаць схову, таму ўжо зьбіраўся далей ехаць па сьлядах, але тут на краі паляны ён убачыў праціўніка. Той на кані нясьпешна набліжаўся да яго. Калі Заранковіч змог разабраць яго твар, яму зрабіліся зразумелыя загадкавыя паводзіны гэтага чалавека. Да яго кіраваўся Рольскі.
Пад’ехаўшы да Яна, разбойнік спыніўся насупраць яго і скіраваў позірк у вочы Заранковічу, якога ён, відаць, не пазнаў падчас іх паядынку чатыры месяцы таму Ян быў у шаломе.
Дык ты, я бачу, адзін застаўся, прамовіў з насьмешкай Рольскі.
А ты, я бачу, ад ката ўцёк, парыраваў Ян.
Рольскі здрыгануўся і зьдзіўлена ўтаропіўся на Заранковіча.
Дык гэта ты?! ён прымружыў вочы і, памарудзіўшы, прамовіў:
Дарэмна ты пра гэта сказаў, юнак. Лёгкай сьмерцю цяпер не памрэш.
Адзін раз Госпад ужо аддаў цябе ў мае рукі. Дзе тыя, каго ты захапіў?
Хочаш, каб яны ўбачылі тваю сьмерць? Няхай так станецца.
Рольскі разьвярнуў каня, паскакаў у лес і вывеў з-за дрэваў Марыю і Мікалая. Іх рукі былі зьвязаныя за сьпінамі, на тварах ніжэй за ўзровень вачэй былі туга завязаны белыя хусткі, якія рабілі іх бязмоўнымі.
Ян пад’ехаў да іх. Калі ён пабачыў спалоханыя вочы Марыі, халодныя дрыжыкі прайшлі па ягоным
целе. Але разам з тым погляд дзяўчыны быццам дадаў яму сілы.
-	Хутка вы будзеце вольныя.
-	Ня ўсё так проста, сказаў Рольскі і зьняў хусткі з твараў Мяжэвічаў.
Мікалай плюнуў яму ў твар. Рольскі ўдарыў яго кулаком, і Мяжэвіч бразнуўся на зямлю.
-	Ня трэба! -закрычала Марыя і павярнулася да Заранковіча.
-	Ян...
-	Усё ў парадку, спакойна адказаў юны рыцар і паўтарыў:
-	Хутка вы будзеце вольныя.
Рольскі стаў насупраць яго.
Ну і на што ты разьлічваеш? Ведаеш жа, што ты ня роўны мне.
Заранковіч у адказ прамовіў:
Быў у цябе час для пакаяньня перад Госпадам. Але не захацеў ты скарыстацца гэтай літасьцю. Быў ты разбойнікам, а цяпер стаў яшчэ і здраднікам. Давядзецца мне з Божай дапамогай прывесьці ў выкананьне прысуд, які ты заслужыў.
Рольскі крыва ўсьміхнуўся.
— Так... Маскавіты прыйшлі своечасова. He пасьпелі мне галаву адсекчы. А маскоўцам акурат патрэбны праваднік, які ведае мясцовасьць і дарогі.
-	Здрадца!
Рольскі выхапіў шаблю з похваў.
-	Хопіць пустых размоваў. Паразмаўляем на іншай мове.
Заранковіч таксама дастаў шаблю.
Разбойнік кінуўся на Заранковіча, хутка наносячы магутныя ўдары. Ён не сумняваўся ў тым, што праціўнік ня вытрымае гэтай атакі, але ўсе ягоныя ўдары былі адбітыя. Яму супрацьстаяў ужо далёка ня той неспрактыкаваны юнак, над якім ён меў калісьці вялікую перавагу. Школа ў Яна была добрая, а ўдзел у баявых дзеях прынёс досьвед і ўпэўненасьць у сваіх сілах. Ён адбіў атаку разбойніка і сам пайшоў наперад.
Рольскі адскочыў на некалькі крокаў назад.
-	Бачу, маскавіты цябе нечаму навучылі.
I ён зноў пайшоў у атаку, яшчэ больш люта, чым першым разам. Ян адступаў пад яго ўдарамі. Мяжэвічы з хваляваньнем назіралі за рухамі ваяўнікоў. Некалькі разоў Ян з цяжкасьцю пазьбег шаблі праціўніка. У пэўны момант Рольскі настолькі моцна стаў яго ціснуць, што, здавалася, Заранковічу не перамагчы ў гэтым баі. Ужо Марыя ў адчаі не магла выседзець на месцы, Мікалай зьбіраўся наступным кінуць выклік Рольскаму, як раптам усё рэзка перамянілася. Ян парыраваў чарговы ўдар і пайшоў у атаку. Прычым так упэўнена, што цяпер Рольскі ледзьве пасьпяваў за яго шабляй.
Але не такі гэта быў чалавек, каб доўгі час абараняцца. Ён паспрабаваў зноў перахапіць ініцыятыву. Ян ня стаў адступаць, і цяпер яны секліся фактычна на месцы, амаль ня рухаючыся назад-уперад. Бой дасягнуў свайго апагею. Шаблі бліскалі, быццам маланкі. Праціўнікі абліваліся потам, але ўсё роўна абменьваліся зьнішчальнымі ўдарамі. Ужо сілы сталі пакідаць іх, і кожны ўдар суправаджаўся цяж-
кім выдыхам, ужо рукі рухаліся ня так хутка, як раней, а бітва ўсё працягвалася. Яны задалі адзін аднаму такі высокі тэмп бою, што стала ясна: вось-вось нехта з іх памыліцца, і на гэтым усё скончыцца. Мяжэвічы затаілі дыханьне, баючыся адарваць вочы ад паядынку. “Заранковіч ці Рольскі?” маланкава думалі яны.
Пасьля працяглага абмену ўдарамі Ян не пасьпеў за рухамі Рольскага, і шабля праціўніка зачапіла ягоную галаву. Марыя ўскрыкнула. Ян выстаяў на нагах і зрабіў крок назад. Праз ягоны твар заструменіліся тонкія ручаінкі крыві. Рольскі сьціх на імгненьне, але, зразумеўшы, што рана несур’ёзная, кінуўся даціскаць праціўніка. Ён наносіў магутныя ўдары, якія Заранковіч з цяжкасьцю адбіваў. Ян адступаў, адчуваючы, што надоўга яго ня хопіць і хутка будзе апошні ўдар, апошні ў ягоным жыцьці.
Але раптам Рольскі спыніўся, зрабіў некалькі крокаў назад, паглядзеў кудысьці за сьпіну Заранковічу і прамовіў:
-	Другі раз табе пашанцавала, шчанюк.
Ён кінуўся да свайго каня, ускочыў на яго і крыкнуў:
-	Калі мы сустрэнемся яшчэ раз, цябе ўжо ніхто не ўратуе.
Пасьля гэтых словаў ён разьвярнуўся і зьнік у лесе.
Ян павярнуўся і паглядзеў назад. Да іх набліжаўся аршак вершнікаў.
Ян зьняможана апусьціўся на зямлю. Мікалай падбег да яго.
-Разрэж вяроўкі.
Вызвалены Мяжэвіч схапіў шаблю, падбег да сястры і перарэзаў вяроўкі на яе руках. Марыя пасьпяшалася да Яна.
-	Пан паранены.
-	Гэта драпіна.
Марыя выцерла хустачкай кроў з твару Яна і перавязала рану. Яна сапраўды была неглыбокая і вялікай небясьпекі не ўяўляла. Калі рукі дзяўчыны датыкаліся да твару Заранковіча, ён злавіў сябе на думцы, што за кожны дотык можна было б прапусьціць ад Рольскага яшчэ пару ўдараў.
Хутка іх атачылі незнаёмыя ваяры, якія іх уратавалі. На шчасьце, гэта былі свае, ліцьвіны.
10
Ратаўнікамі аказаліся ваяры з аддзелу аршанскай шляхты, якія ахоўвалі сваю зямлю ад магчымых нападаў маскавітаў. Калі рыцары пабачылі ахоўныя лісты ад віцебскага ваяводы і даведаліся, што вораг напаў на Мелехава, то хутка рушылі туды.
Заранковіч і Мяжэвічы, параіўшыся, вырашылі працягваць свой шлях у папярэднім кірунку. Яны дастаткова аддаліліся ад занятай маскавітамі тэрыторыі і спадзяваліся, што ніякіх непрыемнасьцяў з імі ўжо ня здарыцца. Аршанскія ваяры паабяцалі спраўдзіць, ці не засталося жывых сярод віцебскіх зямянаў, якія ляжалі на дарозе да Мелехава.
Мікалай, калі рыхтаваў коней да далейшага шляху, заўважыў у траве скрутак папераў. Ён падняў яго і паклікаў Заранковіча.
-	Відаць, той злодзей згубіў, калі ўцякаў.
Ян разгарнуў адну з папераў і прачытаў:
“Я, пан Мацьвей Салковіч з Полацку, гербу “Мядзьведзь”, пасьля маёй сьмерці прызначаю адзіным спадкаемцам усёй маёй маентнасьці пана Андрэя Рольскага з Воршы, гербу “Радван”.
Падобнага зьместу былі і астатнія аркушы. Яшчэ дзесяць шляхціцаў пасьля сьмерці пакідалі Рольскаму сваю маёмасьць.
Ён прымушаў пісаць гэта палонных у Полацку, прамовіў Ян, а потым, напэўна, забіваў іх.
-	Як такога носіць зямля? сказаў Мікалай.
-	Толькі да нейкага моманту. Ад суду яму не ўцячы. Калі не ад зямнога, дык ад нябеснага.
-	Распавядзіце мне, што з вамі адбывалася, папрасіў Ян, калі яны выехалі на добрую дарогу.
-	Калі мы пакінулі вас біцца з маскавітамі, двое з іх пагналіся за намі, пачаў Мікалай. Нейкі час яны не маглі да нас наблізіцца, але потым нашы коні пачалі стамляцца. Урэшце рэшт нас дагналі. Я выхапіў шаблю і схапіўся з гэтым злодзеем.
-	3 Рольскім?
-	Так.
-	1 што?
— Ён лёгка справіўся са мной, Мікалай апусьціў галаву, выбіў шаблю з рук, скруціў, быццам дзіця.
-	He бядуй. Ён сапраўды моцны ваяр. Саступіць такому нясорамна. Але маскавіта ты забіў?
He. Яго забіў Рольскі. Яны зьвязалі нам з Марыяй рукі. Маскавіт зьбіраўся вяртацца да сваіх. Вось тады Рольскі яго і засек. Ззаду.
-	Зразумела. Што ён зьбіраўся з вамі рабіць?
-	Хацеў завесьці некуды і патрабаваць выкуп. Яго ўразіла і зьдзівіла, што мы ехалі з аховай.
Ці ты ведаеш яго? спытала Марыя Заранковіча. Ён ліцьвін. Што ён рабіў з маскавітамі?
Так, ён ліцьвін. Рольскі быў правадыром зграі разбойнікаў, якія рабавалі купецкія абозы каля Полацку. Мы іх разьбілі, а мне давялося схапіцца з ім, ён павярнуўся да Мікалая, тады толькі Госпад збавіў мяне ад сьмерці, нагэтулькі ён быў дужэйшы за мяне. Тады Рольскі быў узяты ў палон і завезены ў Полацак, дзе яму павінны былі адсекчы галаву. Але яго вызвалілі маскавіты. Ён зрабіўся іхным правадыром падчас наскокаў на нашы паселішчы.
У першы дзень ён непакоіўся, што вы дагоніце нас, сказала Марыя, я ўсё чакала, калі вы зьявіцеся. Уначы не магла заснуць. Але раніцай ён сказаў, што вы ці загінулі, ці ня здолелі высачыць яго. Я ня ведала, што рабіць. Я амаль паверыла, што дапамогі чакаць няма адкуль. Ты зьявіўся ў той момант, калі надзея амаль згасла. Ня ведаю нават як табе дзячыць.