На службе князя Радзівіла  Алег Рукаль

На службе князя Радзівіла

Алег Рукаль
Выдавец: Юніпак
Памер: 196с.
Мінск 2013
59.95 МБ
Ян ніколі не ўяўляў, што яму нагэтулькі цікава будзе сачыць за працай сойму. Разьвязаньне пытаньняў, якія тычыліся лёсу цэлай краіны і ўсяго народу, цалкам захапілі яго ўвагу. Ён забыўся на ўсё, што было раней, і жыў тым, што чуў і бачыў у гэтыя дні.
На самым пачатку саймаваньня пасламі было прызнана, што значная доля віны ў страце Полацка ляжала на магнатах, якія ці не зьявіліся на вайну ў вызначаны тэрмін, ці, зьявіўшыся, не прывялі з сабой той колькасьці ваяроў, што яны былі абавязаны сабраць. Таму на сойме абмяркоўваўся шэраг пастановаў з мэтай больш поўнага і спраўнага адбываньня вайсковай службы землеўладальнікамі шляхецкага стану.
Усе зямяне абавязаны былі з кожных дзесяці службаў выставіць аднаго ваяра са шчытом, дзідай і на кані, коштам ня менып за 6 коп грошай. Хто не пастаўляў свайго ваярскага почту спраўна, той губляў маёнтак. Ніхто пад страхам сьмяротнага пакараньня ці пазбаўленьня гонару ня меў права пасылаць на вайну замест сябе служку ці найміта, за выключэньнем выпадкаў старэчай кволасьці, цяжкой хваробы ці адбыцьця іншай гаспадарскай ці земскай службы.
Перад адпраўленьнем на вайну харунжыя, павод-
ле даўняга звычаю, павінны былі сабраць усю шляхту сваіх паветаў у вызначанае загадам месца, перапісаць ваяроў, запісаць тых, хто застаўся дома, а потым усім разам накіравацца да гетмана. У абавязкі харунжаму таксама ставілася сачыць за тым, каб ваяры не чынілі шкоды мясцовым жыхарам.
Зацьвердзіўшы гэтыя ды іншыя пастановы, Жыгімонт Аўгуст прызначыў збор паспалітага рушэньня на 1 жніўня ў Крэве.
Наступным пытаньнем, якое разглядалася, была сытуацыя з аплатай службы найманых жаўнераў. Сродкі земскага скарбу былі зусім вычарпаны, дзяржава завінавацілася ваярам немалую суму. Яшчэ да пачатку працы сойму Жыгімонт Аўгуст разаслаў па ліцьвінскіх замках лісты, у якіх заклікаў найманых жаўнераў не пакідаць службы і абяцаў ім выплаціць заслужанае па сваім прыезьдзе ў Літву. Станы адказалі, што разумеюць неабходнасьць новых фінансавых збораў на ваенныя патрэбы, і пісьмова заявілі вялікаму князю пра гатовасьць заплаціць срэбшчыну дзеля абароны краіны.
He адна толькі вайна з Масквой абмяркоўвалася на сойме. На парадак дня было вынесена пытаньне, рашэньне якога чакалася многімі ўжо доўгі час. Размова ішла пра скасаваньне тых артыкулаў Гарадзельскага прывілею, у якіх правы і вольнасьці замацоўваліся толькі за шляхтай каталіцкай веры, і згодна з якімі толькі яна мела права паступаць на дзяржаўную службу і ўваходзіць у склад паноў-рады. На практыцы гэтыя артыкулы даўно ўжо ня дзейнічалі і пратэстанты, і праваслаўныя на роўных з Ka-
талікамі ўдзельнічалі ў грамадзкім жыцьці краіны і кіраваньні дзяржавай. Але надыйшоў час, калі пратэстанцкая шляхта запатрабавала юрыдычна замацаваць роўнасьць усіх трох хрысьціянскіх канфэсіяў перад законам і дзяржавай. Пасьля рады з сэнатам Жыгімонт Аўгуст абвясьціў, што зьмешчаныя ў Гарадзельскім прывілеі абмежаваньні для некаталіцкай шляхты будуць зьнятыя. Ад гэтага часу прадстаўнікі ўсяго рыцарства і шляхецтва бяз розьніцы веры, каб яны толькі былі хрысьціянамі, мелі права атрымліваць ад вялікага князя пасады і ганаровыя званьні згодна з заслугамі перад Айчынай кожнай канкрэтнай асобы.
Тады ж праходзілі нарады з нагоды магчымай вуніі з Польшчай. У лістападзе ў Варшаве мусіў быць супольны польска-ліцьвінскі сойм, прысьвечаны гэтаму пытаньню. Але актывізацыя ваенных дзеяў з Масквой зашкодзіла гэтым плянам. Паколькі замірэньне з маскоўскім князем было ўкладзена да 15 жніўня, то было ня ясна, ці будзе яно працягнута ці нават парушана. Таму з ліцьвінскага боку ў супольным сойме не маглі ўзяць удзел усе, хто меўся гэта рабіць пры звычайных умовах. У зьвязку з гэтай акалічнасьцю было прынята рашэньне выбраць на сойм у Польшчу дэлегацыю і выпрацаваць для яе інструкцыю, адступаць ад якой паслы ня мелі права. У склад дэлегацыі былі абраныя самыя знакамітыя князі і паны Вялікага Княства. А ў сувязі з тым, што ад Кароны ў сойме меліся ўзяць удзел месьцічы сталічнага Кракава месьцічы Вільні таксама былі выпраўлены на перамовы.
Пасьля таго, як інструкцыя была выпрацавана, яе зачыталі сойму.
Паслы павінны былі сабрацца ў Вуграве на Падляшшы да 21 лістапада і разам выправіцца ў Варшаву. У інструкцыі, дадзенай ім, былі падрабязна выкладзены ўмовы, на якіх магла быць заключана вунія.
Першай умовай ставілася, каб для Полыпчы і Літвы быў адзін манарх, які б выбіраўся з кіроўнай дынастыі агульнымі галасамі. Па спыненьні гэтай дынастыі палякі ня мелі права выбіраць караля бяз ведама ліцьвінаў, а ліцьвіны вялікага князя бяз ведама палякаў. Выбары супольнага манарха павінны былі адбывацца на межах абодвух дзяржаваў, пасьля чаго ён мусіў каранавацца ў Кракаве ў прысутнасьці ліцьвінскіх паслоў, а потым адбывалася ганаровае ўзьвядзеньне на вялікае княжаньне ў Вільні ў прысутнасьці польскіх паслоў. Перад каранацыяй у Кракаве выбраны манарх павінны пацьвердзіць правы і вольнасьці жыхароў Кароны Польскай, а перад узьвядзеньнем на вялікае княжаньне правы і вольнасьці жыхароў Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Пасьля гэтага адбывалася прысяга гаспадара паводле традыцыйнай формы.
Выбраны манарх мусіў з аднолькавай прыхільнасьцю ставіцца да абедзьвюх дзяржаваў, не аддаючы адной з іх перавагі перад другой.
Палякі і ліцьвіны павінны былі абавязацца ніколі не пакідаць свайго манарха, дапамагаць адно аднаму ва ўсіх цяжкасьцях і зьменлівасьцях лёсу, дапамагаць словам і справамі супраць падкопаў і
нападаў усіх ворагаў, не пачынаць разладаў і войнаў з суседзямі без супольнай згоды, не заключаць ні з кім новых дамоваў і не парушаць старых, не пасылаць паслоў бяз рады і згоды адно з адным, мець агульных ворагаў і сяброў.
Павінны быць вызначаны памеры ваеннай дапамогі, якую адны аказваюць другім як паспалітым рушэньнем, так і найманымі войскамі ды грашыма.
Вальныя соймы павінны былі праходзіць асобна ў Польшчы і асобна ў Літве. У інструкцыях дапускалася згадзіцца на агульныя польска-літоўскія соймы, але на такіх соймах павінны вырашацца толькі тыя пытаньні, якія тычацца абодвух дзяржаваў і ні ў якім разе не павінны разьвязвацца справы, якія датычылі б асобнай краіны.
Кожная дзяржава павінна была самастойна абіраць сэнат, прызначаць урады, адпраўляць суды, выдаваць законы. Літва і Карона павінны былі захоўваць сваю беспасярэднюю і пасярэднюю найвышэйшую ўладу merum et mixtum imperium.
У выпадку вайны на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага заступае на сваю пасаду літоўскі гетман, якому падначальваюцца войскі, адусюль сабраныя. У выпадку вайны на тэрыторыі Кароны Польскай войскамі кіруе гетман каронны.
Такімі былі інструкцыі, дадзеныя ліцьвінскім паслам на супольны сойм.
Пасьля абмеркаваньняў умоваў магчымай вуніі з Польшчай надыйшоў час для хадайніцтваў і заяваў прадстаўнікоў розных земляў і паветаў.
Першымі выступалі прадстаўнікі Кіеўскай зямлі. Паслы пакланіліся Жыгімонту Аўгусту.
-	Ваша каралеўская мосьць, князі, паны і зямяне Кіеўскай зямлі просяць Вас, каб нас запрашалі на соймы адмысловымі лістамі згодна з даўнім звычаем, як і абывацеляў іншых зямляў, пачаў казаць адзін шляхціц.
-	Ці ж цяпер так ня робіцца? зьдзівіўся Жыгімонт Аўгуст.
-	Ваша мосьць, справа ў тым, што лісты з запрашэньнем на гэты сойм не дайшлі да Кіеўскай зямлі, і мы выправіліся ў Вільню са спазьненьнем, грунтуючыся толькі на чутках пра скліканьне сойму.
-	Даўні звычай запрашаць на сойм паслоў з Кіева адмысловымі лістамі будзе дзейнічаць і надалей, адказаў манарх. Што ж тычыцца гэтага сойму, то лісты былі таксама пасланы, але, відаць, не дайшлі праз вялікую адлегласьць і малы час, які быў адведзены для збору паслоў.
-	Ваша мосьць, кіеўскія зямяне просяць таксама, каб іх не прымушалі даваць людзей на будаўніцтва кіеўскага замку, бо, па-першае, яны ня маюць абавязку гэта рабіць, а па-другое, шляхецкія ўладаньні ў дадзены момант моцна спустошаны ворагам.
-	Я ўжо загадаў ваяводу далучаць да будоўлі замку толькі тых зямянаў, якія абавязаны гэта рабіць. Але я быў бы вельмі ўсьцешаны, каб і астатнія паны дапамаглі ім хутчэй дабудаваць замак у гэты небясьпечны час, сказаў Жыгімонт Аўгуст.
-	Просім, мосьці княжа, таксама, каб разам з намі пры кіеўскім замку несьлі вайсковую службу і ўсе
князі, паны і зямяне іншых земляў, якія маюць уладаньні ў Кіеўскім павеце.
-	Гэта справядліва. Хай так будзе, але толькі для тых паноў, у каго ў Кіеўскім павеце галоўныя маёнткі.
Прадстаўнікоў Кіеўскай зямлі зьмянілі паслы Мсьціслаўскага павету.
-	Ваша мосьць, беручы пад увагу небясьпеку ад Масквы, якая пагражае нашаму гораду, просім Вас распарадзіцца пра пачатак рамонту ў Мсьціслаўскім замку і пра папаўненьне яго службовымі людзьмі, гарматамі, жалезам, салетрай і харчовымі запасамі.
-	Я загадаю папоўніць залогу ваярамі. Аб высылцы гармат, жалеза і салетры распараджэньне ўжо зроблена.
-	Ваша каралеўская мосьць, мсьціслаўскія зямяне просяць Вас абараніць іх ад ротмістарскіх гвалтаў, асабліва ад пана Пятра Куніцына. Паны ротмістры трымаюць корчмы пры шляхецкіх дамах, у замку і ў месьце, а таксама бяруць у лік сваіх драбоў шляхецкіх падданых.
-	Я ўжо загадаў паслаць з канцылярыі ліст да старасты князя Яна Саламярэцкага з загадам даць шляхце суд і ўправу на ротмістраў. Калі яны не паслухаюцца, то стануць перад гаспадарскім судом.
—	Дзякуем, Ваша каралеўская мосьць. Просім Вас таксама адвесьці для нашых жонак і дзяцей прыстанішча на выпадак небясьпекі.
-	Прызначаю для гэтага Сьвіслач, сказаў вялікі князь і кароль.
Мсьціслаўскіх дэлегатаў зьмянілі прадстаўнікі
Жмудзкай зямлі. Жмудзкія зямяне прасілі, каб на вайне іх не адлучалі ад астатняга войска, як гэта было ў мінулым годзе, дзеля чаго ваяры мелі вялікія клопаты падчас доўгай і дрэннай дарогі. Потым паслы скардзіліся на мернікаў і рэвізораў, якія доўга не выплочваюць кампэнсацыі за адрэзаныя ў выніку валочнай памеры землі, і прасілі, каб гэтыя мернікі і рэвізоры падчас вайны спынялі памеру і выпраўляліся на вайну разам з астатняй шляхтай.
Апошнюю просьбу заля сустрэла ўхвальным шумам. Жыгімонт Аўгуст са сьмехам адказаў, што задаволіць гэтае справядлівае патрабаваньне, бо ў адваротным выпадку нашу зямлю будзе мераць вораг.