На службе князя Радзівіла  Алег Рукаль

На службе князя Радзівіла

Алег Рукаль
Выдавец: Юніпак
Памер: 196с.
Мінск 2013
59.95 МБ
Вось і харугва, дзе служыў Ян Заранковіч, атрымала загад атакаваць ворага. Прагучаў сыгнал вайсковай трубы, і вышкаленыя, выдатна ўзброеныя радзівілаўскія ваяры ўдарылі па маскавітах. Магутным націскам яны скрышылі, зьмялі першыя шэрагі супрацьстаяўшага ім палка. Упершыню Ян так выразна зразумеў, што недарэмна іх так доўга ганяў на вышкалах пан харунжы. Ліцьвінская кавалерыя ў бітве пераўзыходзіла маскоўскую на некалькі парадкаў. Нічога не маглі зрабіць маскавіты з іх бліскавічнай атакай. Толькі вялізарная колькасная перавага пакуль уратавала праціўніка ад поўнага разгрому.
Дзіда Яна зламалася аб маскоўскі шчыт ужо на пачатку бітвы. Ён выхапіў шаблю і з усяе моцы сек ёю ворагаў. Пачаўся вельмі зацяты рукапашны бой. Увесь гнеў, які назапасіўся за мінулы год, вылілі ліцьвіны на ворага ў той дзень.
Мікалай Мяжэвіч ад пачатку бітвы знаходзіўся ў абозе. Яго плян заключаўся ў тым, каб незаўважна далучыцца да жаўнераў Радзівіла Чорнага і ўзяць удзел у сечы. Ён усё для гэтага падрыхтаваў: у Нясьвіжы набыў сабе зброю і добрыя жаўнерскія дасьпехі. Грошай трошкі не хапіла, ён папрасіў іх у Марыі, але яна адмовіла: спадзявалася, што брат усё ж ня пойдзе на вайну. Але малады Мяжэвіч зрабіў пазыку ў Заранковіча, і Ян дапамог яму з умовай нічога не казаць Марыі. У дарозе Мікалай ехаў за войскам, а ў Барысаве трымаўся разам з Заранковічам. Калі войска сустрэла маскавітаў і гетман даў загад шыхтавацца, Мікалай быў гатовы далучыцца да ас-
На службе князя Радзівіла татніх жаўнераў. Але ўсё пачалося вельмі хутка, і ён не пасьпеў набрацца сьмеласьці, каб пад’ехаць да рыцараў. Харугва Яна пайшла на ворага, а Мяжэвіч застаўся ў абозе разам з пахолкамі. Пачатак бітвы прайшоў на яго вачах. Шмат разоў ён зьбіраўся кінуцца на поле бітвы, але саромеўся таго, як усе людзі ў табары будуць глядзець на дзіўнага ваяра, які адзін без каманды паскакаў біцца.
Мікалай ня ведаў, што рабіць. Ён дакараў сябе за нерашучасьць, думаў аб тым, што сапраўднае жыцьцё мінае без яго, але раптам гетман загадаў уступіць у бой аддзелу князя Рамана Сангушкі. Мяжэвіч паскакаў на фланг, дзе пачынала рухацца гэтая харугва. Ён трошкі спазьніўся, і яму ўсё ж давялося імчацца аднаму ззаду за шыхтом рыцараў, але цяпер гэта было ўжо ня важна. Ваяры князя Сангушкі сышліся з маскавітамі, і хутка Мікалай быў сярод іх. Як быццам з-пад зямлі перад ім вырас праціўнік, Мяжэвіч ударыў яго шабляй і далучыўся да астатніх ваяроў. Змагацца ў дасьпехах было нязвыкла, рухі былі не такімі хуткімі, як хацелася б. Ужо ў самым пачатку ён ледзь не атрымаў удар дзідай, але яго ўратаваў рыцар, які біўся побач. А потым усё закруцілася ў віры змаганьня. Гадзіны бітвы праляцелі, быццам хуткія імгненьні.
Рыцар, што дапамог Мяжэвічу, заўважыў за сьпінамі маскоўскіх ваяроў пярэдняй лініі баярына, які трымаў варожую харугву. Ён кінуўся наперад, каб яе захапіць і дэмаралізаваць праціўніка. Хутка праскочыўшы паміж двума маскавітамі, гэты жаўнер наблізіўся да баярына з харугвай і магутным ударам
шаблі засек яго. Маскоўскі сьцяг зваліўся долу. Але храбры рыцар апынуўся адзін у атачэньні ворагаў. I, напэўна, загінуў бы, калі б не Мяжэвіч. Мікалай кінуўся ў атаку на двух маскавітаў, якія са сьпіны пагражалі яго таварышу. Аднаго ён забіў, іншаму перашкодзіў ударыць шабляй. Невялікая пляцоўка, дзе адбываліся гэтыя падзеі, раптам стала цэнтрам змаганьня на іхным фланзе, бо і ліцьвіны і маскавіты сьпяшаліся прарвацца да яе. Першыя захапіць варожую харугву, другія перашкодзіць ім. Мікалай быў у самай сярэдзіне гэтай сечы. Праціўнікі перамяшаліся паміж сабой і жорстка рубілі адзін аднаго. Вораг мог быць ня толькі наперадзе, але і ззаду. Спачатку вакол харугвы, якая ляжала ў сьнезе, было шмат маскавітаў, потым ліцьвіны сталі іх выціскаць. I калі Мікалай ужо вырашыў, што галоўная небясьпека мінула, ззаду на яго галаву абрынуўся магутны ўдар, усе паплыло перад вачыма, і ён споўз з каня.
Пасьля дзьвюх гадзінаў бітвы перавагу схілілі на свой бок ліцьвіны. Маскавіты завагаліся, пачалі адступаць. Паранены ваявода Шуйскі пасьпяшаўся ўратавацца ўцёкамі, а за ім пайшло і ўсё ягонае войска. Гэта адбывалася ўжо ў той час, калі на зямлю апусьціўся змрок. Наступіла ноч, ясная ад свьятла маладзіка. Ліцьвіны абрынуліся на маскавітаў, калолі іх дзідамі і секлі шаблямі. Супраціву яны амаль не сустракалі. Адступленьне маскоўцаў ператварылася ў панічныя ўцёкі. Частка ваяроў Шуйскага паспрабавала перайсьці па лёдзе Улу. Тонкі лёд ня вытрымаў такой вагі і праваліўся, зацягваючы захопнікаў у ледзяную ваду.
Войска праціўніка ліцьвіны перасьледавалі каля пяці вёрстаў. Уся гэтая прастора ўздоўж дарогі была запруджана целамі забітых маскавітаў. 3 той вялізарнай колькасьці ваяроў, якія выйшлі з Полацка, толькі пяць тысячаў вярнуліся назад у горад. Гэта быў поўны разгром войска Шуйскага. Самога князя, які спрабаваў схавацца ў лесе, забіў сякерай селянін з Іваньску. Раніцай яго цела прынесьлі да гетмана Радзівіла.
Мікалай Мяжэвіч вярнуўся да прытомнасьці ўначы. Ён ляжаў у футры ў рыцарскім шатры. Добра зроблены шалом уратаваў яго ад сьмерці рана на галаве была неглыбокая, удар проста аглушыў яго. Ад пахолка зусім юнага хлопца, які глядзеў за ім, Мікалай даведаўся, што шацёр належыць ваяру князя Сангушкі пану Кулеве, і рыцар гэты пад час бітвы аддаў загад вынесьці Мяжэвіча з поля. Размова Мікалая з пахолкам адбывалася ў той момант, калі ліцьвіны грамілі маскавітаў пад час іх уцёкаў.
Пан Кулева вярнуўся разам з астатнімі жаўнерамі толькі раніцай. Калі ён заўважыў Мікалая, то адразу накіраваўся да яго.
-	Ці пан у парадку?
-	Так.
— Дзякуй Богу! Сымон Кулева, адрэкамэндаваўся ён.
-	Мікалай Мяжэвіч. Дзякуй за тое, што двойчы пан уратаваў мяне.
-	I табе дзякуй. Ты таксама выбавіў мяне. Адкуль ты зьявіўся?
-	Я прыбыў сюды разам з харугвамі князя Радзі-
віла Чорнага, але я толькі спрабую паступіць да яго на службу і яшчэ ня ведаю, ці атрымаецца гэта.
-	А я служу князю Сангушку. Mary дапамагчы табе паступіць да яго на службу, калі не атрымаецца з Радзівілам. I цяпер можаш трымацца разам з намі.
-	Дзякуй.
Ліцьвіны атрымалі вялікую перамогу, але гэта была толькі палова справы. Заставалася яшчэ смаленскае войска, больш шматлікае, чым полацкае. I жаўнеры, не пасьпеўшы адпачыць пасьля цяжкой бітвы, выправіліся на Воршу. Гетман Радзівіл выслаў да паноў Кміты і Осьціка ганцоў з весткай пра перамогу над Шуйскім і загадам працягваць стрымліваць войска князя Сярэбранага.
Ян лікаваў. Напярэдадні бітвы на Уле ён не ўяўляў сабе, як ім абараніць сваю зямлю. Вельмі ўсё было падобнае да падзеяў гадавой даўніны. Зноў нашэсьце вялікага маскоўскага войска, і зноў яму супрацьстаяла малалікае ліцьвінскае. Ён імкнуўся адганяць ад сябе падобныя думкі, але ўнутры не чакаў ад гэтай выправы нічога добрага. Сваёй сьмерці ён не баяўся, але жахаўся ад думкі пра тое, што будзе з Марыяй, маці і сёстрамі, калі маскавіты нахлынуць у краіну. Даволі сьвежымі яшчэ былі ўспаміны аб тым, што яны чынілі ў Полацку. Але ўжо на пачатку сечы, калі ён убачыў, з якой лёгкасьцю яны зьміналі шыхты маскоўскага войска, яго настрой зьмяніўся. Ён паверыў у перамогу.
I вось цяпер, калі харугвы Радзівіла кіраваліся да Воршы, ён не сумняваўся ў тым, што яны перамогуць войска Сярэбранага. 3 такім гетманам і з такімі
На службе князя Радзівіла ваярамі ім не страшныя былі тыя пяцьдзясят тысяч маскавітаў.
Яны падыходзілі да Воршы, калі насустрач ім з лесу выскачылі некалькі вершнікаў і накіраваліся да князя Радзівіла. Ян знаходзіўся ўсярэдзіне калёны на добрай адлегласьці ад гетмана. Ён і яго таварышы ўважліва сачылі за размовай вестуноў з князем, спрабуючы даведацца, якую навіну яны прынесьлі. Між тым, у галаве калёны, побач з гетманам стала адбывацца нешта загадкавае. Шыхт рыцараў рассыпаўся, чуліся поўныя радасьці выгукі, трыюмфальна луналі харугвы з Пагоняй. Хутка па ўсім войску прайшла неверагодная вестка: войска Сярэбранага пераможана і адступіла да Смаленска. Спачатку ніхто нічога не зразумеў. Хто мог нанесьці паразу пяцідзесяцітысячнаму войску? Адзіным ліцьвінскім войскам, якое яму супрацьстаяла, былі дзьве тысячы вершнікаў паноў Кміты і Осьціка. Але не маглі ж яны разграміць вялізарнае маскоўскае войска!
Хутка, аднак, стала ведама, што адбылося. A здарылася наступнае. Атрымаўшы ад гетмана вестку пра перамогу на Уле, паны Кміта і Осьцік накіравалі ў горад Дуброўну вестуна з лістом, у якім напісалі пра разгром Шуйскага, і, між іншага, у некалькі разоў павялічылі сапраўдную колькасьць ліцьвінаў. Вестуна яны адмыслова накіравалі праз тэрыторыю, занятую маскавітамі ў разьліку на тое, што яго перахопяць. Так і здарылася. Маскоўцы перахапілі ліст і даставілі яго князю Сярэбранаму. 3 ліста князь даведаўся, што яму ўжо няма з кім злучацца для далейшага паходу ўглыб Літвы. Пры
зьяўленьні на ягоным шляху войска пана Кміты ён палічыў гэты невялікі аршак за ўсё ліцьвінскае войска, што разграміла Шуйскага. Маскоўскі ваявода так і не адважыўся ўступіць у бітву і загадаў адступаць. I вось пяцідзесяцітысячнае войска без адзінага стрэлу стала ўцякаць ад атакі двухтысячнага аддзелу, так што ваяры пана Кміты гналі іх да Смаленска. Аграмадны абоз з дваццаці пяці тысячаў вазоў маскавіты пакінулі пераможцам.
У праўдзівасьць таго, што адбылося, складана было паверыць. Рыцары саскоквалі з коней, падалі на калені і дзякавалі Богу за гэты цуд. Толькі Госпад мог падараваць ім такую перамогу! Вялікае Княства Літоўскае была збаўлена ад маскоўскага нашэсьця.
Шлях назад стаў дарогай трыюмфу. Ва ўсіх буйных гарадах іх урачыста сустракалі і дзякавалі за зьдзейсьнены подзьвіг. Гетман павёў пераможцаў у Вільню і ўехаў у сталіцу на кані князя Шуйскага. Самога маскоўскага ваяводу з належнай яго званьню пашанай пахавалі ў Вільні на праваслаўных могілках. Да ног вялікага князя Жыгімонта Аўгуста кінулі захопленыя ў маскавітаў сьцягі.
Вестка пра паразу вялізнага маскоўскага войска засьпела Івана Жахлівага падчас баляваньня ў Маскве. Даведаўшыся пра разгром Шуйскага і пра ганебныя ўцёкі Сярэбранага, маскоўскі князь у гневе рынуўся ў лёхі Крамля, дзе трымалі захопленых у Полацку палонных. Там Жахлівы і яго прыслуга ў лютасьці выразалі вялікую колькасьць ліцьвінаў. Калі валадар Крамля ўдарыў дзідай полацкага зямяніна пана Быкоўскага, палонны рыцар ухіліўся ад