На суд гісторыі
Успаміны, дыялогі
Барыс Сачанка
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 303с.
Мінск 1994
Але вернемся да Кастрычніцкае вуліцы. Уявім сабе ціхі летні дзень баз асаблівае гарачыні. I ў паветры і ў палітыцы як быццам усё добра. 3 палёгкаю дыхае савецкі Менск. Вы адчыняеце брамку купалаўскае сядзібы і ўваходзіце на пясчаны двор. Перад вамі, як бы пераразаючы ваш шлях, вырастае сцяна з рознакаляровых пышных, прыгожых і пахучых кветак, асабліва незвычайных, чароўных ружаў. Дзесьці каля гэтае жывое сцяны туліцца высокая, але трошкі пахілая постаць у заношанай марынарцы. Гэта і ёсць Янка Купала. Ен штодня штосьці варожыць над сваімі кветкамі: папраўляе, падчышчае, перакопвае, падразае. Калі ўвайсці да яго ціхенька — ён і не чуе, не, ўзнімае галавы, заняты сваёй справаю. Той, хто быў тут неаднойчы, ужо ведаў, што, значыцца, дзякуй Богу, усё ў парадку.
*Друкуевда са скарачэннямі.
Мне асабіста заўсёды здавалася, што тут менавіта^ сярод гэтых прыгожых кветак і зялёнага лісця, і прыходзіць да Купалы жаданая госця муза і што тут нараджаюцца ў паэта тэмы, метры, рытмы і рыфмы.
Другім месцам, што ведаў кожны, хто наведваў Купалу, быў ягоны сціплы кабінет з шафаю і палічкамі кніжак, з шырокім пісьмовым сталом і крэсламі, з канапаю, пружыны якой бачылі аж зашмат гасцей і начлежнікаў. Сюды ад кветак прыходзіў Купала, каб запісаць на шматку паперы думкі, папрацаваць над вершам.
Купала гаварыў мала і не любіў без патрэбы гаварыць. На сходках і нарадах, калі хто з кіраўнікоў яшчэ не ведаў гэтае ягонае рысы і намагаўся прымусіць Купалу сказаць прамову, гэта яму ніколі не ўдавалася. Тыя ж, хто Купалу ўжо ведаў, да яго наагул з гэткімі справамі не звярталіся. I ён быў на сходах у бальшыні адно пачэсным госцем.
Але калі Купала не ўмеў гаварыць, дык затое ўмеў слухаць. А да гэтага трэба таксама мець талент. Такога ўважлівага і адданага слухача, як Купала, я не сустракаў. Хацелася адкрыць яму ўсю душу, усе патаемныя думкі. Ягоны твар быў зарукаю, што твая тайніца будзем ім захаваная вярней, чымся ў цябе самога.
* * *
У казках гаворыцца, што пры народзінах дзіцяці над калыскаю ягонай нахіляюцца добрыя варажбіткі, якія дораць дзіця рознымі талентамі. А ў адной я чытаў, што, калі ў нейкай сям’і нарадзіўся хлопчык, усе жадалі яму стацца і багатым, і вучоным, і змагаром, і толькі адна асоба пажадала хлопчыку вырасці проста чалавекам. Усе гэткія казкі вельмі падыходзяць да Купалы. На ягоных народзінах пры калысцы мусілі стаяць дзве варожкі: адна надарыла яго імем Чалавека, a другая — талентам паэта. Абедзве гэтыя годнасці так перапляліся ў Купалы, што цяжка іх адну ад адной адарваць. Ды і не трэба. Але паколькі тэму «Купала — Чалавек» ніхто чамусьці дагэтуль не закрануў ні на Бацькаўшчыне, ні ў нас, на эміграцыі,— мне ў маіх успамінах, як бачыце, даводзіцца на ёй спыніцца.
Я ўжо казаў аб некаторых рысах натуры Янкі Купалы. Дадам адно крыштальную чысціню гэтага чалавека, суцэльнасць, неразменнасць ягонае натуры, чэснасць і высокую дабрароднасць. Ен быў сапраўдным арыстакратам духу. Ніхто не можа абвінаваціць яго ў здрадзе, у тым, што ён адрокся, пайшоў супраць сваіх братоў, што ён зганьбіў каго, зрабіў каму благое, падставіў каму нагу, наманіў каму, напаў на слабейшага, перайшоў каму дарогу, заскочыў, насмяяўся з каго. He! Нават да ворагаў сваіх ён ішоў адкрыта, не хаваючыся, чэсна змагаўся.
Хто ж быў ягонымі ворагамі? Думаецца, што ўсе бліжэйшыя да Купалы людзі любілі яго. Народ глядзеў на яго з пачуццём ганарлівасці і адданасці. Але Купала сам добра ведаў сваіх ворагаў. Гэта былі тыя, хто імкнуўся паняволіць беларускі народ, зганьбіць яго, сцерці ягонае нацыянальнае аблічча. Купалавая чалавечая годнасць спалучалася з глыбокім і незвычайна вострым адчуццём сябе як прадстаўніка беларускае нацыі, які мусіць будзіць і весці наперад беларускі народ. Купала быў не проста рыцар духу, а рыцар-змагар за нацыянальную беларускую ідэю, Нацыянальны Беларускі Герой.
Другая варажбітка з казкі, што мусіла надарыць Купалу паэтычным талентам, зрабіла не менш за першую. Я. Купала стаўся паэтам з Божае ласкі. Сціплы, стрыманы, негаваркі — дзе ён знаходзіў столькі словаў? I якіх словаў! Слова Купалы было перуном, маланкаю, гудзела вечавым звонам, палыхала полымем і ў той самы час цвіло маладым каханнем, атуляла матчынаю пяшчотаю^ Слова Купалы заклікала да змагання і перамогі, да жыцця і да ахвярнасці. I ўсе гэтыя словы Купала чэрпаў з крыніцаў народнае мудрасці, з гісторыі народных змаганняў, з глыбінь душы беларускага народа.
Тэматыка Купалы здзіўляе нас сваім незвычайным багаццем, разнастайнасцю, шматграннасцю. Ен адказвае на кожнае пытанне, на кожны настрой.
I колькі раз я пераглядаю купалаўскія вершы — я заўсёды чытаю іх як новыя, знаходжу ў іх кожны раз штосьці нязгледжанае раней, штосьці іншае. Вершы Купалы жывуць, хай плыве год па годзе. Яны заўсёды — сучасныя. Мала гэтага... У адным вершы Купала робіць героем песняра, што стаўся прарокам. Ніхто не
памыліцца, калі скажа, што гэты герой, пясняр-прарок, і ёсць сам Купала. Я прабаваў пераглядаць вершы Купалы, што былі напісаныя ім яшчэ перад першай сусветнай вайной. I што ж? Яны ў бальшыні сваёй такія сучасныя, што яшчэ мацней уздзейнічаюць на чытача сёння, чымся тады, калі пісаліся. Быццам Янка Купала сваімі прарочымі вачыма ўжо даўно прадбачыў тую чорную пару, што перажывае цяпер наша Бацькаўшчына.
Каля 1935 года човен Купалавага жыцця ўзняўся зноў угару. Партыйнае кіраўніцтва БССР выдае ў гэтым годзе дырэктыву абыходзіць 30-гадовы юбілей нашага песняра. А партыйная дырэктыва — гэта не жарты. Хочаш ці не, а мусіш рабіць. Хай гэты юбілей будзе пасля паховінаў ці, наадварот, паховіны пасля юбілею — што загадвае партыя, тое і мае быць. Па твары будучага юбіляра — Янкі Купалы — аніяк не можна было пазнаць, што гэтая пастанова прыйшлася яму да густу. Наадварот, твар паэта быў неспакойны, усхваляваны, быццам гаварыў: «Ой, браточкі, не націскайце вельмі. Я б лепш... таго... гэтага...» Але хто ж слухае ў Саветах самога юбіляра? ён тут нявольнік, як і ўсе. Голас мае адно сапраўдны гаспадар — ЦК партыі. I хай ЦК — зусім не юбіляр, і пісаў купалаўскія вершы не ён, а Купала... але ўся пашана і гонар належыць якраз ЦК, таму што, як у нас казалі, «усе мы пад ЦК ходзім».
Надышоў нарэшце і юбілей. I было б усё, як у Саветах пры такой нагодзе належыцца, г. зн. пачэсны прэзідыум на чале з «вялікім, непараўнальным», тэлеграма «мудраму з наймудрэйшых» і да таго яшчэ «лепшаму сябру пісьменнікаў і паэтаў», рэфераты, прывітанні... і нуда, казённая аднастайнасць, рэгламентаванасць, аб чым не варта нават гаварыць,— каб не нечаканыя, хай дробныя здарэнні, няўвязкі, што патрапяць надаць колер і вастрыню нат гэткаму сухому юбілею.
Кампазітар Аладаў у гэтым часе скончыў пісаць вялікую кантату, ці араторыю, на тэкст Я. Купалы «Над ракой Арэсай». Ну, як не выкарыстаць такую ўдалую
нагоду? Спяшаючыся, змабілізавалі сімфанічны аркестр, хор, салістаў — усё як належыцца. I паставілі араторыю на сцэне перад перапоўненай залай. У першым радзе, вядома, сядзеў сам юбіляр, Янка Купала, з прадстаўнікамі партыі і ўрада. На эстраду выйшаў аўтар — кампазітар Аладаў. Крок ягоны быў няроўны, усхваляваны. Справа ў тым, што яму даводзілася самому дырыжыраваць сваёй кантатаю, бо ніхто з іншых дырыжораў за гэта не ўзяўся.
Як кампазітар Аладаў быў дзіўнаю з’яваю. Вельмі добры музыка, з выдатнымі ведамі, ён, найбольш за ўсё баючыся «шаблону», выдумляў гэткае, што для нікога не было зразумелым — ні для выканаўцаў,. ні для слухачоў. Ды Аладаў гэтым ані трохі не бянтэжыўся і нікому ніколі на сваю непапулярнасць не скардзіўся. Пісаў і складаў свае творы ў шафу, гаворачы:
— Бетховена таксама пры жыцці не прызнавалі.
У сваім творы «Над ракой Арэсай» Аладаў пакінуў, аднак, Бетховена далёка за сабой. Калі той пісаў сімфоніі ў чатырох частках, якія займалі з невялікімі перапынкамі гадзіну часу, дык Аладаў напісаў кантату на Купалаў тэкст, што цягнулася без усялякіх перапынкаў ажно дзве гадзіны. Ну, пакуль зала слухала аб старой беларускай вёсцы, дык яшчэ нічога. Праўда, крыху гаманілі, перакідаючыся жартамі што да постаці Аладава, ягоных вусоў, рук-ветракоў... Але калі справа дайшла да індустрыялізацыі БССР, да трактароў і камбайнаў, дзе Аладаў быў шчаслівы выліць усё сваё кампазітарскае «мудраванне», дык вытрымаць было ўжо немагчыма. Трамбоны раўлі, «бухалі» трубы, ракаталі фаготы, свісталі прарэзліва флейты, грымотныя літаўры і барабаны «наганялі» тэмпы «сацыялістычных» палёў... Кажуць, добра ўдарыць раз, другі, але калі грыміць бесперасціханку, робіцца няёмка нат найбольш вытрываламу. Пачуўшы роў і грукат, людзі ўсхамянуліся, спалохаліся, але пабачыўшы, што рову аркестра канца няма, пачалі нервавацца і выходзіць з залы ў фае. Спачатку цішком, баючыся, па адным, а пасля дык і з шумам, натоўпам. Пакуль «Арэса...» дайшла да канца, у зале блізу ўжо нікога не было... I толькі ў першым радзе адзін, пакінуты прадстаўнікамі, сядзеў Купала. Ен, што прывык глядзець на музычную творчасць як на таямніцу, на варажбу, спярша шчыра перажываў усе «выкрутасы» Аладава. Потым пачаў хвалявацра,
што ўсе выходзяць... Выйсці самому не выпадала: для яго ж пісалася гэтая вялікая грымотная рэч з больш чым соткай чалавек удзельнікаў, што стаялі перад ім на сцэне. I Купала, вельмі наагул ветлівы, цярплівы, сядзеў, аж пакуль не задрамаў. Ачнуўся Купала ўжо тады, калі ўсё скончылася і да яго падыходзілі Аладаў і выканаўцы з прывітавнямі і віншаваннямі. Нічога, аднак, не сказаў ім Купала, наадварот, дзякаваў і выказваў сваё задавальненне. I толькі жонка Купалава, стоячы ў дзвярах, вачыма кідала перуны і маланкі на Аладава, які якраз мінаў яе. Выгляд кампазітара быў жалю варты: чырвоны, спацелы, ён выціраў твар вялікаю каляроваю хусткаю і штосьці вурчэў пад вусамі. Купаліха заступіла яму дарогу і мілым, пяшчотным голасам, што так не падыходзіў да ейнага абуранага твару, звярнулася да Аладава са словамі:
— I што вам, дзядзька Мікола, зрабіў такога дрэннага мой Яначка? За што вы яго так зганьбілі?
Аладаў глянуў на яе, не разумеючы. Думаю, што словы Купаліхі да яго тады «не дайшлі» і ўсю іхную «соль» ён зразумеў адно тады, калі ў газеце «Літаратура і мастацтва» была змешчаная карыкатура, што ўяўляла Аладава, які сядзеў у велізарнай трубе, дзьмучы адтуль на Купалу, тады як публіка ўцякала ўва ўсе бакі...