На суд гісторыі
Успаміны, дыялогі
Барыс Сачанка
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 303с.
Мінск 1994
Усё ж самае мілае для мяне тут, у Кліўлендзе, —мая ўласная сям’я, мой муж. У нас з ім поўная хатняя згода, агульныя жаданні і мары. Мы абое стараемся па меры нашых сілаў творча працаваць у галіне беларускай літаратуры і гісторыі.
Я пачала пісаць, яшчэ жывучы ў Нью-Йорку. Пр»аф. Япка Станкевіч (рэдактар «Веды») і др. Вітаўт Тумаш (рэдактар «Запісаў») ахвотна друкавалі мае першыя спробы пяра. Яны па-сяброўску падбадзёрылі, падтрымалі, надалі мне патрэбнае перакананне, што я павінна працягваць пісаць.
Нярэдка чытачы пытаюцца пра некаторыя мае апавяданні і аповесці: «Гэта вы пра сябе расказалі? Гэта аўтабіяграфія?» He. Хоць мушу зазначыць, што аўтабіяграфічны элемент да некаторай ступені знайшоў адбітак у маіх творах. Сюжэты, у якіх б’ецца пульс і кроў рэальнага жыцця, лягчэй тварыць тады, калі сам перажыў, сам зблізку наглядаў. Свае першыя публікацыі я не
падпісвала маім сапраўдным імем і прозвішчам — Іна Рытар, а псеўданімам Аляксандра Саковіч.
Я нарадзілася 14(27) снежня 1906 г. у месце Адэсе, на Украіне. Бацькі мае — бе<іарусы. Яны абое паходзілі з мястэчка Ярэмічы, што разлеглася на левым беразе Нёмана, насупраць Налібоцкае пушчы. У Ярэмічах мой бацька да старое дзедавае хаты дабудаваў другую палову — дачу для нас. Да першае сусветнае вайны маці штогод на летнія школьныя канікулы ехала туды з дзецьмі. Яна не любіла паўднёвае, спякотнае Адэсы. Ей здаваліся найлепшымі ў свеце прахалодны гушчар з хваёвага бору, росныя сенажаці і лугі, спакойныя воды рэчак і азёр. Замілаваннем да роднага кута, уласцівым ёй, яна надзяліла і нас, сваіх дзяцей, пасяліла ў нас веру, што тут, дзе карэнне нашага роду, заўжды знойдзеш гаючы душу і сэрца адпачынак.
У нашай сям’і было чатырох дзяцей. Дзве сястры і брат — пагодкі. Калі мяне ў шэсць год аддалі вучыцца ў малодшы падрыхтоўчы клас жаночае гімназіі, старэйшая сястра, Ліда, была ў гэтай жа гімназіі ўжо ў восьмым класе.
Ад ранняга дзяцінства ў Адэсе засталіся ў памяці ўрачыстыя святы. На Каляды — ялінха да столі, удэкараваная бліскучымі цацкамі, рознакаляровымі свечкамі, цукеркамі. На Вялікдзень — прыгожа прыбраны стол. На ім — вялікая здобная пасха, пісанкі, торты, шынка, каўбасы, на блюдзе — запечанае парасё з зялёнай галінкай у роце. Паміж смачнымі рэчамі на стале — пахучыя белыя і ружовыя гіяцынты.
Тады насунулася першая сусветная вайна, за ёю — расейская рэвалюцыя, грамадзянская вайна, голад. Пакінулі навуку і бацькаў кут старрйшыя сёстры і брат. Яны пайшлі працаваць у школы-інтэрнаты, арганізаваныя для адэскіх дзяцей-беларусаў. Я адна засталася з бацькамі.
У былым, так званым «дзіцячым пакоі» з’явілася чорная бляшаная печка — «буржуйка» з трубою праз увесь пакой. Майму бацьку, службоўцу на чыгунцы, пашанцавала раздабыць для «буржуйкі» крыху каменнага вугалю. На распал яго патрабаваліся трэскі, ;а іх тады набыць было амаль немагчыма. Вакол Адэсы —ртэпы ды Чорнае мора. Лясоў няма. Час ад часу, па-
тайкі, чыгуначнікі разбіралі на трэскі тавар.ныя вагоны. За гэта, калі лавілі, расстрэльвалі. Рызыкуючы жыццём, прыносіў дадому гэтыя трэскі і тата.
У нашай хаце заўсёды мелася шмат кніжок. Маці любіла чытаць, не шкадавала грошай на кніжку. Навучыла і мяне з маленства любіць і шанаваць добрую кніжку. На жаль, у тыя галодныя і халодныя часы мусіла яна, калі не ставала трэсак, ахвяроўваць якуюсь кніжку на распал.
Цікава, што частыя змены ўладаў, чужаземныя войскі на вуліцах места, страляніна сярод ночы, выбухі бомбаў, вобыскі па хатах, арышты і нават голад — усё ўспрымалася тады мною як штосьці непазбежнае. Сваіх школьных сяброў, Адэсу, Чорнае мора я моцна любіла.
Улетку 1921 г. старэйшая сястра з групаю адэскіх беларусаў паехала на'працу ў Менск. У тым жа годзе, позна ўвосені, з галоднае Адэсы яна забрала мяне да сябе.
Менск спаткаў мяне холадам. Белымі, заснежанымі стаялі дрэвы, дамы, вуліцы. Нязвыклы для мяне мароз не вельмі прыемна шчыпаў шчокі і вушы. Пальцы на руках і нагах хутка дубянелі. Нават у сястры мне спачатку здалося няўтульна. Сумавала па бацьках. Аднак такі настрой трываў коратка, бо мне пашчасціла трапіць у асяроддзе выдатных беларусаў.
Сястра працавала інспектарам дзіцячых прытулкаў. У адным з іх мела пакой. Праз сад ад нашага дому мясціўся дзіцячы садок, дзе загадчыцай была добрая, заўсёды ласкавая цётка Уладзя, жонка Янкі Купалы. Купалы жылі тады пры садку. Там жа меў сабе пакой і Змітрок Бядуля.
У тую пару блізкай сяброўкай мае сястры была Юлія Бібіла, будучы вядомы беларускі бібліёграф. Светлы вобраз гэтае маладое сардэчнае жанчыны застаўся са мною назаўсёды. Калі я пайшла вучыцца, яна шмат дапамагала мне з беларускаю моваю, якую, трэба прызнацца, я не зусім добра ведала. Дапамагала і іншым.
Памятаю, праф. Аляксандр Савіч, выкладчык гісторыі ў Беларускім педагагічным тэхнікуме, даручыў мне зрабіць рэферат аб творчасці расейскага пісьменнікафілосафа XVIII стагоддзя A. М. Радзішчава. Я старан-
на перачытала ў бібліятэцы масу матэрыялу, масу перапісала і разгубілася: не ведала, з чаго пачынаць, чым скончыць. У момант мае роспачы з рэфератам зайшла да нас Ю. Бібіла. Яна не пашкадавала свайго часу, засталася са мною на добрую гадзіну, перагледзела мае выпіскі, параіла, што найбольш трэба падкрэсліць, што абмінуць, якое зрабіць заканчэнне. Дзякуючы ёй рэферат меў надзвычайны поспех. Мой тагачасны аднакурснік па тэхнікуму шаснаццацігадовы імпульсіўны Андрэй Александровіч, будучы «вядучы пралетарскі паэт», пасля рэферату прапанаваў ушанаваць памяць Радзішчава ўставаннем і хвілінаю маўчання. «Нібы на жалобным мітынгу»,— падумала я і глянула на прафесара. У ягоных вачах прамільгнула ўсмешка, але ён падняўся з крэсла, а за ім і ўсе студэнты.
Аднойчы Ю. Бібіла расказала мне пра Кастуся Каліноўскага, крэўнага ёй па маці, пра ягонае змаганне супраць Масквы. Мужная постаць К. Каліноўскага моцна зацікавіла мяне, абудзіла гордасць звацца беларускай, жаданне аддаць свае сілы і здольнасці для Бацькаўшчыны. Як? Набыць веды з гісторыі Беларусі, напісаць гістарычны раман пра К. Каліноўскага і ягоных сяброў-паплечнікаў. Юнацкія мроі збыліся не цалкам. Ва універсітэце я студыявала гісторыю, а вось раман напісаць не змагла.
Мая альма-матэр — Беларускі дзяржаўны універсітэт, дзе я правучылася 4 гады, зрабіў вялізны ўплыў на мой светапогляд, пакінуў найдаражэйшыя ўспаміны. Там я спаткалася і пасябравала з «Раднёю» — так жартам празвалі сябе сведамыя беларусы-студэнты. У сваім асяроддзі «Радня» не баялася выказваць асабістыя пагляды ў палітычных пытаннях, не хавалася з нацыянальнымі марамі і імкненнямі. Сярод «Радні» была не толькі моладзь, але і старэйшыя гадамі «дзядзькі» — ветэраны першай сусветнай ці грамадзянскай вайны, а часта і ўдзельнікі руху за незалежнасць Беларусі. He з свае волі яны згубілі гады навук і прыйшлі давучвацца. Амаль усе яны, каб мець мажлівасць вучыцца ва універсітэце, мусілі працаваць, бо мелі ўжо сем’і, якія ім трэба было ўтрымліваць.
«Радню» можна было знайсці на ўсіх факультэтах БДУ, але найбольш яе было на сацыяльна-гістарычным
аддзяленні педфака. На гэтым аддзяленні лекцыі чыталі высокакваліфікаваныя, вядомыя навукоўцы. Кожны студэнт-гісторык, які студыяваў у БДУ ў дваццатыя гады, можа з гонарам адзначыць, што ён быў вучнем праф. Мітрафана Доўнар-Запольскага, праф. Усевалада Ігнатоўскага, праф. Уладзіміра Пічэты. Неабходна далучыць да гэтых слаўных імёнаў і маладога таленавітага праф. Васіля Дружчыца, які распачаў сваю навуковую кар’еру ў нашым універсітэце дацэнтам. «Радня» любіла працаваць у галіне беларускай гісторыі на семінарах праф. В. Дружчыца, любіла самога маладога навукоўца. Яна часта запрашала яго сфатаграфавацца ріазам на памяць. Адно з такіх фотаў якімсь цудам збераглося ў мяне, не згубілася ў працягу майго складанага, нялёгкага вандравання па свеце. На ім маю сяброўку Броню Паўлоўскую і мяне, як малодшых з «Радні», пасадзілі ў цэнтры, побач прафесара.
У другой палове дваццатых гадоў сітуацыя на гістарычным аддзяленні педфака пачала мяняцца ў неспрыяльны для незалежнае беларускае навукі бок. У 1926 годзе ўлады загадалі праф. М. Доўнар-Запольскаму пакінуць Менск і Беларусь. He шанцавала і студэнтам. Прыкладам, мне, якая ніколі не была ні камсамолкай, ні партыйнай, пасля заканчэння універсітэта прдпанавалі выкладаць не грамадазнаўства (так тады зваўся курс гісторыі ў школах), а мову і літаратуру, на што я мусіла згадзіцца. Наогул, ад канца дваццатых гадоў на гістарычнае аддзяленне дапускаліся пераважна партыйцы ці камсамольцы. «Радня» там знікла.
Я ўжо працавала выкладчыцай на рабфаку пры БДУ, калі надышоў пакутлівы 1930 год, а за ім нешчаслівая дэкада, адна з самых трагічных у летапісу нашае нацыі. Тады брутальна была знішчана вялікая колькасць беларускіх навукоўцаў, пісьменнікаў, паэтаў, грамадскіх дзеячаў. Сярод беларускае грамады панавала пачуццё няпэўнаспі ў заўтрашнім дні. Арыштоўваўся не толькі той, хто аднойчы знаходзіўся ў апазіцыі да камунізму ці да камуністычнай улады, але кожны, хто ўважаўся ў стане выявіць супраціў. Тых, каго пакінулі на волі, прымушалі выступаць з пакаяннымі лістамі, з асудам свае папярэдняе нацыянальнае дзейнасці, з паклёпамі на блізкіх сяброў. Відаць, пад пры-
мусам Змітрок Бядуля напісаў раман «Язэп Крушынскі». Заўсёды разважлівы, заўсёды ветлівы да людзей, 3. Бядуля ў гэтым рамане фальшыва зганіў амаль усіх выдатных беларусаў, надзяліў іх адмоўнымі рысамі. He ашчадзіў, найбольш ад усіх абразіў свайго сябра Я. Купалу, ягоную жонку, ягоных сваякоў. Ці дараваў яму. ЯКупала? Казалі, што дараваў, толькі не хутка. Сам ЯКупала не згадзіўся адразу «сябе таптаць», зрабіў харакіры. Праф. Ігнатоўскі застрэліўся.
Усё, што адбывалася, не толькі ўражала, але і раніла. Для мяне, асабіста, Менск апусцеў. Дамы стаялі на старых месцах, людзі хадзілі па вуліц'ах, ды сярод іх амаль не засталося нікога з універсітэцкай «Радні», нікога з крэўных. Міхайлу Грамыку, майго швагра, асудзілі на ссылку. Сястра з дзецьмі паехала за ім.
Улетку 1930 года я выйшла замуж. Мой муж, Дамінік, як і я, нарадзіўся ў Адэсе. Як і я, прыехаў у Менск у 1921 годзе. Мы абое любілі спорт, спартовыя гульні. На гэтым грунце пасябравалі. Паходзіў ён з прльскае сям’і, быў унукам паўстанца 1863—1864 гадоў, сынам прафесійнага рэвалюцыянера-партыйца ад 1905 года, сам камсамолец. Беларускае нацыянальнае пытанне яго мала кранала. Часта, дзе я асуджала палітыку савецкае ўлады, ён шукаў ёй апраўдання. Увогуле, яго найбольці цікавіла не палітыка, а фізіка, космас, тэхнічныя наВукі. Ен скончыў тэхнічны інстытут у Маскве. Там застаўся працаваць інжынерам-канструктарам у навукова-даследчым інстытуце. Я не супярэчыла, паехала да яго. Менск без маіх крэўных, без маіх сяброў больш мяне не вабіў.