Нацдэмы
Лёс i трагедыя Фабіяна Шантыра, Усевалада Ігнатоўскага і Язэпа Лёсіка
Анатоль Мяснікоў
Выдавец: Беларусь
Памер: 110с.
Мінск 1993
Неўзабаве Савет Народных Камісараў рэспублікі прыняў яшчэ адну пастанову, у якой адзначыў: «Лічыць неабходным з 1926/27 акадэмічнага года надаць Інстытуту беларускай культуры напрамак да паступовага пераўтварэння яго ў Беларускую Акадэмію навук... Адначасова лічыць патрэбным, каб Інстытут беларускай культуры і надалей яднаў вакол сябе лепшыя навуковыя сілы...»
Па прапанове Ігнатоўскага ў 1927 годзе структура Інбелкульта зноў была зменена. Шукаліся найлепшыя, аптымальныя варыянты, найбольш блізкія і прымальныя да будучай Акадэміі навук БССР. Згодна з новым статутам усе навуковыя ўстановы аб’ядноўваліся ў два аддзелы: гуманітарных навук і прыроды і гаспадаркі. Замест секцый былі створаны кафедры, пастаянныя камісіі, лабараторыі, музеі.
Афіцыйна ўтварэнне АН БССР абвяшчалася ў дзесятую гадавіну ўтварэння Беларускай ССР — 1 студзеня 1929 года. A першым прэзідэнтам Акадэміі яе вучоныя выбралі Усевалада Макаравіча Ігнатоўскага.
Навуковую і даследчыцкую работу ён лічыў сваім галоўным абавязкам псрад народам і ўрадам рэспублікі. Тым не менш гэты сціплы і абаяльны чалавек знаходзіў магчымасці займацца і
4.3ак. 5452.
выключна партыйнай дзейнасцю. Даручэннямі Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі Беларусі Усевалад Макаравіч бязмерна даражыў і імкнуўся выконваць іх сумленна, своечасова. Ён верыў у партыю, і ніяк не мог, натуральна, прадбачыць, што яна так бязлітасна абыйдзецца з ім самім...
Пачынаючы з VIII з’езда КП(б)Б, які адбыўся ў маі 1924 года, кіруючым органам Кампартыі Беларусі становіцца Бюро Цэнтральнага Камітэта. Бюро ЦК пастаянна папаўнялася: у верасні членам яго стаў A. I. Крыніцкі, а ў лістападзе 1924 года — У. М. Ігнатоўскі. Да 1926 года ён будзе адначасова і загадчыкам аддзела агітацыі і прапаганды.
Яго цанілі і паважалі ўсюды — у навуковым, дзяржаўным, партыйным асяроддзі. I на наступных пяці арганізацыйных пленумах Цэнтральнага Камітэта таварышы па партыі выберуць Усевалада Макаравіча ў кіруючыя органы Кампартыі Беларусі. Членам Бюро ЦК Ігнатоўскі будзе да 25 кастрычніка 1930 года...
Трэба, аднак, зазначыць, што сам Ігнатоўскі найперш лічыў сябе гісторыкам, даследчыкам беларускага краю. Ён пакінуў вялікую гістарычную спадчыну. Звыш 30 навуковых прац Усевалада Макаравіча выяўлены сёння ў архівах. Аднак не ў колькасці справа — у асобных «вучоных» іх па дзве-тры сотні... Яго ж спадчына каштоўная грунтоўнымі думкамі, вывадамі і ацэнкамі. Ігнатоўскі быў не толькі першым савецкім даследчыкам гісторыі Беларусі, а найперш першым нацыянальным гісторыкамбеларусам, чым сёння мы ганарымся асабліва.
Штогод з-пад яго пяра выходзілі тры-чатыры грунтоўныя навуковыя даследаванні. «Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі» і «Матывы лірыкі беларускага песняра М. Чарота», «Вялікі Кастрычнік на Беларусі» і «Камуністычная партыя Беларусі і беларускае пытанне», «Кароткі нарыс гісторыі Беларусі» і «Беларусь», «Гісторыя Беларусі ў XIX і ў пачатку XX сталецця» і «Каля магілы барацьбіта» (падставай для напісання гэтай працы паслужыла забойства ў Варшаве савецкага дыпламата П. Войкава) — па гэтых і іншых даследаваннях Ігнатоўскага вучыліся цэлыя пакаленні жыхароў маладой Беларускай рэспублікі. I хоць галоўнай яго працай многія гісторыкі лічаць «1863 год на Беларусі», літаральна ўсе манаграфіі, брашуры і артыкулы Усевалада Макаравіча не страцілі сваёй актуальнасці і значнасці і да сённяшняга дня.
У дзейнасці Ігнатоўскага-гісторыка, на маю думку, варта найперш адзначыць яго імкненне паказаць шлях беларусаў да палітычнай свабоды і нацыянальнай незалежнасці. Такі крытэрый быў у яго даследаваннях асноўным. Абарона нацыянальных ідэалаў, захаванне, прымнажэнне і развіццё нашай нацыянальнай культуры — вось што было галоўным ва ўсім жыцці і дзейнасці гэтага чалавека.
Гістарычны лёс нашага краю і беларускага народа падаецца ў працах Усевалада Макаравіча ў дыялектычным адзінстве і развіцці. I гэта натуральна. Беларуская нацыя развівалася, удасканальвалася і расла, вылучаючы са сваіх радоў выдатных мысліцеляў, творцаў і грамадскіх дзеячаў: Ефрасінню Полацкую і Кірылу Тураўскага, Францыска Скарыну і Васіля Цяпінскага, Лаўрэнція Зізанія і Сымона Буднага, нарэшце, яго гістарычнага героя Кастуся Каліноўскага...
Даследаванні Ігнатоўскага простыя і разам з тым арыгінальныя па пабудове, моцныя ў філасофскіх і псіхалагічных адносінах. Ён ідзе да ісціны (а яна ў гістарычнай навуцы даражэй за ўсё) сваёй непаўторнай дарогай, не маючы, як правіла, пад рукамі распрацовак, вывадаў і ацэнак папярэднікаў. Ігнатоўскі-вучоны заўсёды адштурхоўваецца ад рэалій жыцця, якія б яны не былі жорсткія і несуцяшальныя.
Ігнатоўскі прапанаваў даволі характэрную перыядызацыю гісторыі Беларусі. Сярод цяперашніх вучоных існуюць меркаванні. што яна ненавуковая, няправільная... Маўляў, гісторык кірусцца дзяржаўніцкім прынцыпам, таму і вылучае ў гісторыі нашага краю пяць перыядаў: полацкі; літоўска-беларускі; Беларусь у складзе Рэчы Паспалітай; Беларусь у складзе Расійскай імперыі; савецкі перыяд. Так, можна спрачацца, непагаджацца — у гісторыі гэта дапускаецца... Але ж чаму гэта перыядызацыя ненавуковая? Ці не таму, што яна нетрадыцыйная, выходзіць за рамкі канонаў, якія хоць і «голыя», неабгрунтаваныя, затое, як казалі зусім нядаўна, былі вытрыманы ў духу марксізму і пралетарскага інтэрнацыяналізму. Тым не менш задумацца, паразважаць над перыядызацыяй беларускага краю, прапанаванай Усеваладам Макаравічам, сэнс, несумненна, ёсць вялікі.
Акадэмік Ігнатоўскі стала і паслядоўна распрацоўваў гісторыю Беларусі, па-ранейшаму многа выступаў з лекцыямі і дакладамі перад студэнтамі і навучэнцамі школ і тэхнікумаў, рабочымі і сялянамі. Погляды і практычная работа яго не ставіліся пад сумненне і вярхамі: Усевалад Макаравіч паспяхова прайшоў дзве партыйныя чысткі — у 1924 і 1929 гадах. Але...
He ўсім, як высветлілася пазней, былі да спадобы асабістыя поспехі вучонага-даследчыка, яго месца ў грамадскім жыцці рэспублікі і краіны муліла таму-сяму вочы...
У лютым 1929 года адбыўся чарговы, XII з’езд Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі. Са справаздачным дакладам выступіў назначаны незадоўга да таго на пасаду першага сакратара чарговы стаўленік Масквы Ян Барысавіч Гамарнік.Даклад быў цікавы і ў многім змястоўны, слухаўся лёгка і запамінальна. Звярнулі дэлегаты ўвагу і на тос, што ўжо другім асноўным раздзелам справаздачы новы партыйны лідэр паставіў пытанне «Аб культурнай рэвалюцыі». Чаму? Сам дакладчык тлумачыў:
«Я паставіў гэты раздзел другім... таму, што на яго трэба звярнуць максімальную ўвагу... Поспехі ёсць у гэтай рабоце, у прыватнасці і ў нас на Беларусі, але гэтыя поспехі яшчэ такія малыя ў параўнанні з тымі велізарнымі задачамі, якія перад намі стаяць, і нават у параўнанні з тым культурным мінімумам, які нам, канечна, патрэбен ужо зараз дазарэзу.
ХП партз’езд, — працягваў Гамарнік, — павінен звярнуць усю ўвагу партыі на пытанні далейшага магутнага размаху сацыялістычнай культуры... Пры разгляданні гэтага пытання трэба мець у цэнтры ўвагі і тое, што завастрэнне класавай барацьбы (вось так: завастрэннс— не больш і не меній!) на гаспадарчым і палітычным фронце шчыльна звязана з узмацненнем класавай барацьбы і на культурным фронце. I вялікая колькасць фактаў гаворыць нам аб узмацненні супраціўлення ворага на ідэалагічным і культурным фронце...»
3 той «вялікай колькасці фактаў» першы сакратар ЦК КП(б)Б нс прывёў, аднак, ніводнага. Пошукі «ворагаў на ідэалагічным і культурным фронце» яшчэ былі наперадзе... Затое гэты «тэзіс» моцна спадабаўся асобным дэлегатам з’езда. Адзін з іх, выступаючы потым у спрэчках, прадоўжыць «думку» Гамарніка.
Сам жа Ян Барысавіч вырашыў расшыфраваць свой тэзіс:
«Фронт культурнай рэвалюцыі вельмі вялікі і разнавідны: ён ахапляе барацьбу з непісьменнасцю, школу, бальніцу, літаратуру, тэатр, кіно, быт, барацьбу з п’янствам, барацьбу за сумленныя пралетарскія адносіны да сваёй работы, да вытворчасці, барацьбу з антысемітызмам, барацьбу з рэлігійнымі забабонамі і г.д., і г.д.».
Колькі яшчэ напрамкаў і ўчасткаў мог указаць першы сакратар ЦК для той «барацьбы»?! Хто-ніхто з дэлегатаў зазначыў для сябе, што «забыўся» Гамарнік пра барацьбу ў гісторыі, у гістарычнай навуцы... Тым больш што, чытаючы заключныя радкі раздзела, дакладчык кінуў кліч: «Ад імя ЦК я заклікаю вас да ўзмоцненага наступу па ўсім культурным фронце...»
Да падобных заклікаў звярнуўся кіраўнік Цэнтральнага Камітэта і праз некалькі старонак свайго даклада — у спецыяльным раздзеле «Пытанні нацыянальнай палітыкі». На яго думку, Беларусь у справе вырашэння нацыянальнага пытання «асабліва паказальна». Гамарнік падкрэсліў: «3 эканамічна і культурна вельмі адсталай краіны яна пры Савецкай уладзе зрабілася магутна растучай рэспублікай (вось так: была «краінай», а стала «рэспублікай», у якой дружна жывуць некалькі нацыянальнасцей, у якой расквітае нацыянальная культура... I Асінбуд, і Акадэмія навук — гэта найбуйнейшыя фактары правільнага вырашэння нацыянальнага пытання ў Беларусі».
«Тым не менш, — тут жа засведчыў Ян Барысавіч, — у рэспубліцы адзначаны рост шавінізму, нацыянал-дэмакратызму, ухілу ад лініі партыі».
I зноў — голая тэорыя, з налётам дэмагогіі і абвінавачванняў. Без адзінага прыкладу, хоць бы невялікага, нязначнага факта. I — раз за разам — спасылкі на У.І.Леніна, на яго творы, напісаныя яшчэ ў 1913 годзе.
Праўда, задачы Гамарнік ставіць ясныя і даволі акрэсленыя:
«1). Трэба ўсімі мерамі ўзмацніць прыспешаны тэмп беларусізацыі, далейшае развіццё беларускай культуры як аднаго з магутных сродкаў узмацнення сувязі горада з вёскай... Трэба ўзмацніць пераход работы партыі, савецкага апарату і асабліва прафсаюзаў на беларускуіб мову...
Другая задача — забяспечыць у поўнай меры інтарэсы эканамічныя і культурныя працоўных усіх нацыянальнасцей, узмацніць інтэрнацыянальнае выхаванне працоўных мас, весці рашучую барацьбу супраць усялякага шавінізму і асабліва супраць антысемітызму, супраць кожнай спробы класавага ворага ўнесці нацыянальную нязгоду ў шэрагі працоўных мас.
I трэцяя задача, як асноўная, — забяспечыць ва ўсёй партыі выразнае, яснае разуменне і такое ж выразнае правядзенне ўсімі яе членамі ленінскай нацпалітыкі».