Нацдэмы Лёс i трагедыя Фабіяна Шантыра, Усевалада Ігнатоўскага і Язэпа Лёсіка Анатоль Мяснікоў

Нацдэмы

Лёс i трагедыя Фабіяна Шантыра, Усевалада Ігнатоўскага і Язэпа Лёсіка
Анатоль Мяснікоў
Выдавец: Беларусь
Памер: 110с.
Мінск 1993
35.99 МБ
1)	, Наша граматыка можа называцца фармальнаю, бо мы разглядаем формы мовы. Значэньне слоў і ўсе зьменнасьці ў галіне значэньня дасьледуе земазіолёгія (у такім правапісе даваў Лёсік слова «семасіялогія»), а не граматыка.
2)	. Наша граматыка можа называцца гістарычнаю, бо розьніцу, зьменнасьць і рознастайнасьць формаў можна зразумець толькі ў гістарычным асьвятленьні.
3)	. Наша граматыка можа называцца апісальнаю, бо задача яе — не ствараць «правілы» для жывое мовы, а толькі занатаваць яе формы, апісаць іх ды, па магчымасьці, зразумець прынцыпы вытварэньня і зьмены іх».
Нормамі, правіламі мовы, адзначае далей вучоны, займаецца не граматыка, а стылістыка. «Справа стылістыкі паказаць, што гэтыя формы няладныя, бо ня ўжываюцца ў літаратурнай мове, — піша Лёсік, разбіраючы прыклады са старабеларускай мовы. — А ў гэтым падручніку морфалёгічныя факты разглядаюцца ня збоку іх «правільнасьці» ці «няправільнасьці» (у мове, як і ў прыродзе, усё «правільна», бо ўсё законна), а збоку іх даўнасьці, пашыранасьці або ці прыняты яны ў літаратурнай мове, а ў некаторых разох толькі апісваюцца...»
Гэтыя думкі і меркаванні Язэпа Лёсіка яшчэ паўней і выразней праліваюць святло на ягоныя моўныя пазіцыі, на пазіцыі грамадзяніна і патрыёта свайго народа наогул. Ужо толькі па іх можна адназначна сказаць, што ў сваёй працы даследчык абапіраўся на гісторыю беларускай мовы, на яе традыцыі, на набыткі сваіх папярэднікаў.
На базе Навукова-тэрміналагічнай камісіі Народнага камісарыята асветы БССР ствараецца Інстытут беларускай культуры. Праз два гады яго ўзначальвае Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі і адразу ж запрашае да сябе працаваць Язэпа Юр’евіча Лёсіка. Ужо тады вядомы гісторык, першы прэзідэнт Акадэміі навук Беларусі бачыў патэнцыяльныя магчымасці вучонага-мовазнаўцы, разумеў значэнне яго прац і даследаванняў. Бачыў ’Ігнатоўскі і іншае: з Лёсікам лічыліся не толькі літаратары Янка Купала, Якуб Колас, Цішка Гартны і іншыя, а і вядомыя даследчыкі з іншых галін — У. I. Пічэта і Я. Ф. Карскі, I. I. Замоцін і М. Ф. Бліадухо, С. Я. Вальфсон і М. А. Янчук, У. М. Іваноўскі і М. М. Нікольскі, Д. П. Канчалоўскі і I. М. Салаўёў...
Стаўшы вышэйшай дзяржаўнай навуковай установай Беларусі, Інбелкульт аб’яднаў у сваіх сценах лепшыя сілы навукоўцаў. Калі ў самым пачатку 1926 года адной з васьмі асноўных секцый у ім стала секцыя беларускай мовы і літаратуры, Лёсік быў у ёй вядучым спецыялістам-мовазнаўцам. 3 ім раіліся і кансульта-
валіся пры вызначэнні напрамкаў ажыццяўлення моўнай палітыкі ў рэспубліцы, разам з іншымі калегамі-вучонымі ён абараняў беларускую мову ад нападкаў самых розных рэфарматараў і «аматараў» новаўвядзенняў і паправак. Язэп Юр’евіч стаяў за чысціню роднай мовы.
Распрацоўку тэорыі беларускай мовы Язэп Лёсік вёў не на голым месцы. Ен абапіраўся на навуковыя працы сваіх папярэднікаў, якія яшчэ ў канцы XVIII стагоддзя пачалі адшукванне, публікацыю і вывучэнне самых розных літаратурных і мовазнаўчых помнікаў, што характарызавалі грамадска-палітычнае і культурнае жыццё беларускага народа ў часы знаходжання Беларусі ў складзе Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Спрыяла Лёсікавай дзейнасці як мовазнаўцы, несумненна, і тое, што ягоным непасрэдным папярэднікам і — адначасова — калегам і паплечнікам у даследаванні роднай мовы з’яўляўся наш выдатны зямляк, савецкі філолаг-славіст, заснавальнік беларускага мовазнаўства, філалогіі і фалькларыстыкі акадэмік Яўхім Фёдаравіч Карскі, капітальная трохтомная праца якога «Беларусы» ўжо пры жыцці яго была названа сапраўднай беларускай энцыклапедыяй. Напрамкі даследавання народнай славеснасці, мовы ў яе гістарычным развіцці Лёсік чэрпаў менавіта з «Беларусаў».
У сярэдзіне кастрычніка 1928 года пастановай Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта і Савета Народных Камісараў Беларусі Інстытут беларускай культуры быў рэарганізаваны ў Беларускую Акадэмію навук. А напрыканцы года Саўнарком БССР зацвердзіў і першы састаў правадзейных членаў Акадэміі. Акадэмікамі сталі вядомыя беларускія вучоныя і дзеячы культуры: глебазнаўца Я. Н. Афанасьеў, геолаг М. Ф. Бліадухо, эпізаатолаг С. М. Вышалескі, эканаміст-географ Г. I. Гарэцкі, правазнаўца М. I. Грэдынгер, гідрагеолаг А. Д. Дубах, аграхімік М. К. Малюшыцкі, эканаміст I. А. Пятровіч, філосаф С. Я. Вальфсон, філолагі М. М. Дурнова, I. I. Замоцін, С. М. Некрашэвіч, Б. А. Тарашкевіч, гісторыкі У. М. Ігнатоўскі, С. Ю. Матулайціс, У. I. Пічэта, А. М. Ясінскі, народныя паэты Беларусі Янка Купала і Якуб Колас, вядомы грамадскі дзеяч і пісьменнік Цішка Гартны...
Ва ўсіх без выключэння афіцыйных даведніках, навуковых працах, у кнігах і буклетах, прысвечаных развіццю ў Савецкай Беларусі навукі і культуры, а таксама выданнях аб гісторыі Акадэміі навук БССР пасля пераліку гэтых прозвішчаў абавязкова (падкрэслена мной) пішацца слова «і іншыя».
«...і іншыя» — гэта маецца на ўвазе ён, Язэп Юр’евіч Лёсік.
Калі Акадэмія навук Беларусі святкавала свой паўвекавы юбілей, пабачыла свет прыгожа аформленая кніга, у якой асвятляліся асноўныя этапы станаўлення і развіцця галоўнага навуковага цэнтра рэспублікі. Яна так і называлася — «Акадэмія навук Беларускай ССР». Навуковым рэдактарам выдання з’яўляўся тагачасны
прэзідэнт Акадэміі акадэмік М. А. Барысевіч. У канцы кнігі змешчаны спецыяльны раздзел «Даведачныя даныя», у якім, сярод іншых, і алфавітны спіс правадзейных членаў і членаў-карэспандэнтаў АН БССР па стану на той, 1979 год. Месца для акадэміка Язэпа Юр’евіча Лёсіка і ў гэтым спісе «не знайшлося»...
Чаму?
Аб гэтым — апошні раздзел нарыса...
4
«Калі я праходжу па вуліцах Менску і чую беларускую мову, то слухаю яе, як музыку». Так сказаў аднойчы Язэп Лёсік свайму брату Антону. Сказаў проста і шчыра — ад усяго сэрца. I, несумненна, так яно і было. Яго радавала і натхняла шырокая плынь нашай нацыянальнай мовы, літаратуры, асветы і культуры, што сапраўднай хваляй усё больш і больш накатвалася на родную старонку. Цвяроза ацэньваючы свой асабісты ўклад у гэтую плынь, Язэп Юр’евіч усведамляў, што зрабіць трэба яшчэ вельмі і вельмі многа.
Наданне яму годнасці акадэміка ён успрыняў з задавальненнем, хоць разумеў: гэта вялікі аванс на будучыню. Лёсік ведаў, што тут найперш спрацавала рэкамендацыя Усевалада Ігнатоўскага. Шчыра парадаваўся і ён за Усевалада Макаравіча, калі той практычна аднагалосна быў абраны першым прэзідэнтам Беларускай Акадэміі навук.
Аднак, будучы перадавымі людзьмі часу, і Лёсік, і Ігнатоўскі, і многія іншыя іх калегі і таварышы бачылі і адчувалі: пачынаецца наступленне іншых сіл на ўсё беларускае: навуку, культуру, асвету...
Выступаючы ў студзені 1949 года на юбілейнай сесіі Акадэміі навук БССР, Якуб Колас, ацэньваючы той перыяд, казаў:
«На шляху новастворанай Акадэміі было шмат перашкод. Беларускія нацыяналісты марна прабавалі адарваць спачатку дзейнасць Інбелкульта, а пасля Акадэміі навук ад надзённых задач сацыялістычнага будаўніцтва. Тармазілася вывучэнне вытворчых сіл, прыродных багаццяў Беларусі, вывучэнне пытанняў развіцця народнай гаспадаркі і культуры савецкай эпохі...»
Прыпынім на момант цытаванне. Класікаў іншы раз таксама неабходна каменціраваць, удакладняць. Асабліва калі яны, грэшныя, блытаюцца, сцвярджаюць, мякка кажучы, штосьці не тое...
Так, у канцы дваццатых, а яшчэ больш у пачатку трыццатых ва ўсю ішла пагалоска аб беларускіх нацыяналістах. На хвалі гэтак званага рэвалюцыйнага парыву, уздыму і энтузіязму нацыяналістычнымі аб’яўляліся ўсе, нават самыя нязначныя
спробы вылучыць з мноства асаблівасцей у культуры, мове, асвеце і плыняў у літаратуры нашыя, выключна беларускія характэрныя рысы і адрозненні: традыцыі і схільнасці, звычаі і памкненні народа.
3 Масквы і Ленінграда даносяцца першыя звесткі пра «ворагаў народа». Сталін ганьбіць рэвалюцыянізм Троцкага. Яго на першым этапе падтрымліваюць Каменеў і Зіноўеў. Усплывае «шахцінская справа»: інжынеры і тэхнікі Данбаса, аказваецца, аб’ядналіся ў «контррэвалюцыйную арганізацыю». Далей — болей: выяўляецца «шкодніцкая дзейнасць» Прампартыі, Працоўнай сялянскай партыі, Саюзнага бюро меншавікоў.. і г. д. і да т. п. Адтуль жа, з Масквы, паступае катэгарычная і адназначная каманда: выяўляць і самым строгім чынам караць «саўдзельнікаў» контррэвалюцыі і нацдэмаўшчыны, спачуваючых ім. Газеты, у тым ліку «Звязда», «Савецкая Беларусь», «Беларуская вёска» (папярэдніца «Сельской газеты») з нумара ў нумар кляймяць шкоднікаў ганьбай, заклікаюць шырокія масы працоўных да рашучай барацвбы з імі.
«Партыя бальшавікоў, — з гонарам працягваў далей Якуб Колас на юбілейнай сесіі АН БССР, — выкрыла і разграміла нацыяналістычную контррэвалюцыю. У Акадэміі навук было адноўлена (дакладчык, відаць, хацеў сказаць «абноўлена») кіраўніцтва, былі праведзены давыбары новых правадзейных членаў і членаў-карэспандэнтаў, а таксама папоўнены склад навуковых супрацоўнікаў. На пачатку 1931 года была зменена структура і ўмацована арганізацыйнае кіраўніцтва Акадэміі...» Пад «адноўленым кіраўніцтвам» Колас меў на ўвазе зняцце з пасады прэзідэнта Акадэміі навук і выключэнне з радоў партыі Усевалада Макаравіча Ігнатоўскага, а сярод фактаў выкрыцця «нацыяналістычнай контррэвалюцыі» — арышт і ссылку многіх дзеячаў культуры, навукі, літаратуры, у тым ліку і ягонага роднага дзядзькі Язэпа Юр’евіча Лёсіка.
Ганенні на Лёсіка пачаліся намнога раней, чым на іншых. Яшчэ ў 1921-ым, адразу ж пасля выхаду ў свет ягонай «Практычнай граматыкі беларускае мовы», «Звязда» назвала падручнік... контррэвалюцыйным. Вось адкуль зыходзіў пачатак наступных праследаванняў і пакут беларускага вучонага...
Але ж што магло быць «контррэвалюцыйным» у тым вучэбным дапаможніку?
Правілы граматыкі?!
Прыклады для навучання?!
He, хутчэй за ўсё «контррэвадюцыйным» стаў сам факт выхаду для шырокіх народных мас першай у гісторыі Беларусі «Практычнай граматыкі...» беларускай мовы.
Слава Богу, тады гэтае абвінавачванне засталося без рэакцыі. Хоць і неабгрунтаванае, жорсткае, а галоўнае — несправядлівае яно было, «ворагі народа», «контррэвалюцыянеры», «нацдэмы»,
прыхільнікі розных ухілаў тады яшчэ ўяўляліся вельмі і вельмі нямногім. Масавай хваробай гэтая з’ява стане некалькі пазней.