Нацдэмы Лёс i трагедыя Фабіяна Шантыра, Усевалада Ігнатоўскага і Язэпа Лёсіка Анатоль Мяснікоў

Нацдэмы

Лёс i трагедыя Фабіяна Шантыра, Усевалада Ігнатоўскага і Язэпа Лёсіка
Анатоль Мяснікоў
Выдавец: Беларусь
Памер: 110с.
Мінск 1993
35.99 МБ
Аднак, на шчасце, і даследчыцкія працы, і літаратурныя творы Шантыра гучаць сёння актуальна, непадробна. I гэта, вядома ж, невыпадкова: сапраўдная творчасць непадуладная часу...
Кніжка «Патрэбнасць нацыянальнага жыцця для беларусаў і самаадзначэння народу» — невялікая, памер яе ўсяго толькі 21 старонка. Яна ўбачыла свет у сярэдзіне 1918 года ў друкарні 3. Барнака ў Слуцку. Гэта быў час, калі нацыянальны рух у нашым краі, нягледзячы на тое, што значная частка яго знаходзілася пад акупацыяй, быў яшчэ моцны і актыўны. I тым не менш ён меў патрэбу ў шырокай, па-сапраўднаму народнай падтрымцы. A каб народ падтрымаў рух, ён павінен ведаць канкрэтную сітуацыю, мець веды аб той нацыянальнай справе, за якую і вялі барацьбу лепшыя сыны і дочкі Бацькаўшчыны. Даць гэтыя веды, паказаць беларусам мэты і задачы нацыянальнага руху і ўзяўся Фабіян Шантыр.
У першым невялічкім раздзеле — уступе — Шантыр вызначае свае пазіцыі ў пытаннні «Ці ёсць такі народ — беларусы?»: «Як не горка і не смешна, калі мы пачынаем гаварыць аб адраджэнні беларускага народу, аб патрэбе для яго нацыянальнага і палітычнагаг жыцця, нам задаюць пытанне: ці мы, беларусы, у сапраўднасці ёсць жывы народ, ці не маем мы намеру стварыць нейкую штучную нацыю і штучнае палітычнае ўладарства? Хоць кожны добра ведае, што нацыя — гэта не прадукт творчасці чалавечай, а прадукт творчасці прыроды, што штучнай ані мовы, ані псіхафізічны тып чалавека ніхто не можа стварыць, і што нармальнае палітычнае ўладарства можа быць толькі там, дзе ёсць аднародная маса па свайму бытавому, культурнаму і грамадзянскаму ўкладу, — але,відаць, наша, беларусаў, доля такая, што калі гутарка ідзе аб тым, ці мае права беларус жыць, то ўсе законы ідуць «шыварат-навыварат».
«У кароткіх рысах, — працягвае аўтар, — прасочым той грунт шляху, па катораму ідзе адраджэнне і самаадзначэнне беларускага народу, і, можа, дадзім адказ «прыяцелям» і ворагам нэшым, хоць крышку кінем свету і тым нашым братам, што яшчэ дасюль бродзяць у цемры несвядомасці і цемнатою сваёю памагаюць злыдням і дэгенератам капаць магілу Бацькаўшчыне...»
Шантыр цвёрда перакананы:
«...Кожны народ, кіруючыся к палітычнаму самаадзначэнню, мае сваё імя, сваё гістарычна-палітычнае прошлае, сваю мову, абычай і ў большай часці пануючую веру: усе гэтыя кардынальныя стораны быту мае і беларускі народ».
Фабіян Гіляравіч коратка спыняецца на мінулым беларускай нацыі. Дарэчы, ужо тады, у 1918-ым, нас было 10 мільёнаў. Пра крывічоў і драгавічоў, пра Полацкую «метраполію ўсёй тагачаснай зямлі беларускай», пра сутыкненні «ў жыцці з дзікімі, не славянскага выхаду плямёнамі, як-то: ятвяжскімі, літоўскімі,
латышскімі і другімі», з аднымі з якіх — ятвяжскімі — наш народ вёў няспынную барацьбу, а з другімі (літоўскімі) — «радніўся, уплываў на іх сілай сваёй тагачаснай цывілізацыі», — пра ўсё гэта даследчык апавядае шчыра і натхнёна.
Сёння ўяўляе цікавасць вось які вывад Шантыра: «Пакуль уся кіраўніцкая сіла палітычнага жыцця выходзіла з аднаго цэнтра — Полацка — і пакуль ступень развіцця другіх народаў стаяла ніжэй ад крывіцкага, тэрыторыя Беларускага ўладарства шырылася і багацела. 3 ростам жа тагачаснай цывілізацыі ў суседніх народаў, знаходзіўшыхся пад палітычным і эканамічным уладарствам беларусаў (крывічан), а такжа з ростам другіх гандлёвых і палітычных цэнтраў на акраінах беларускай тэрыторыі, гэтыя акраіны адрываліся ад цэнтра, сваёй метраполіі, станавіліся незалежнымі. I чым больш яны станавіліся незалежнымі ад метраполіі, тым больш іх эканамічныя інтарэсы ішлі ў спрэчкі з цэнтрам і тым больш нарастала барацьба акраін і цэнтру, каторы ніяк не мог забыць аб тым багацці, якое яму давалі акраіны...»
Актуальна гучыць, ці не праўда?
Аўтар выразна бачыць прычыны наступнага заняпаду Беларускага ўладарства. «Гэтае змаганне і барацьба, — піша ён далей, — памагалі пераходу палітычнай уласці ад вечаў к князям, каторыя да эканамічнай барацьбы самастойных частак беларускай зямлі далучылі яшчэ і свае дынастычныя інтарэсы... Гістарычны фактар — умацаванне княжай уласці над народам згубіў беларускі народ. Аслабленая барацьбою асобных сваіх княжацтв, беларуская зямля ўсё больш і болып слабела эканамічна, а з гэтым і палітычна. Эканамічная барацьба акраін і цэнтру ўступіла месца дынастычнай барацьбе князёў. Дамавыя сваркі князёў, канчаўшыяся ў большай частцы самамардаваннямі і пагромамі адным княжацтвам другога, давялі хутка беларускую зямлю да ўпадку...»
Дакладна, гістарычна праўдзіва і аб’ектыўна піша Шантыр пра супольнае жыццё беларуска-літоўскага народа, пра часы саедзінення Беларуска-Літоўскага княжацтва з Польшчаю. «Саедзіненне гэта, — удакладняе гісторык, — не было ў праўдзівым смысле саедзіненнем народаў, а толькі каралёў, па-за воляй і згодай народаў, чаму яно і не дало карысць беларуска-літоўскаму народам ад іх супольнага саедзінення, без чужой для народу палітыкі алігархіі». Шантыр робіць вывад: «Гэты гістарычны акт стаў для беларуска-літоўскага народу ракавым і... гаротныя масы гэтых народаў укінуў на сотні год у ноч жыцця нацыянальнай несвядомасці».
«Пасля саедзінення Беларуска-Літоўскага князя з польскай каралевай, — працягвае Фабіян Гіляравіч, — урад польскі адразу пачаў сваю палітыку паланізацыі беларуска-літоўскага народу. Пуцінай подкупаў, наданнем прывілеяў вышайшаму класу, каланізацыі, насаджэння іезуіцтва і ўрэшце — прымусаў, польская
палітыка дабілася таго, што праз сотню з чымсь гадоў увесь высшы слой... атдзяліўся ад свайго грунту нізшых класаў, званых у той час чорным, і, пераняўшы польскую мову і культуру, залічыў сябе да польскай нацыянальнасці». Шантыр называе гэта пераваротам. Беларускі народ, у выніку яго, страціў сваіх культурна-нацыянальных важакоў, стаў, паводле выразу аўтара, «простым гледачом свайго палітычнага бяздарожжа і нацыянальнага сіроцтва». Замкнёнасць беларусаў перайшла ў доўгі гістарычны сон нацыянальнай несвядомасці...
А што ж інтэлігенцьія, вышэйшыя класы беларускай нацыі? «Адрокшыся ад сваёй народнасці і прыняўшы польскую мову і павярхоўны лоск польскай культуры, яны праз увесь час чулі сябе чужымі польскай народнасці, бо ў іх гаварыў уласны нацыянальны інстынкт, каторы ніякімі прывілеямі не можна заглушыць», — перакананы аўтар. Так працягвалася да падзелу Полыпчы. Наш край перайшоў пад уладу Расіі.
«Паліцэйска-русіфікатарскай» называе Фабіян Гіляравіч палітыку Расіі ў нашым краі пасля паўстання 1863 года. Беларускі народ, паводле цвёрдага пераканання Ф. Шантыра, «папаў з агня ды ў полымя». «Палякі, — піша ён, — называлі нашу мову «простаю», расейцы ж называлі яе «нскусственной смесью польской н русской речн», забыўшы тое, што наша мова пры Іване Грозным дала ім першае пісьменства і пробліскі прасветы.
...Наш народ увесь час заставаўся сам сабой, не адракаючыся ад свайго ўласнага імя. Беларус зваў сябе «тутэйшым». «Тутэйшы, — тлумачыць аўтар, — гэта значыць, што ён не паляк, не расеец, не ўкраінец, а сын сваіх родных палёў, лясоў, вёсак, мястэчак, сын таго народу, каторы гаворыць «простай», «тутэйшай» мовай, сын усяго таго, што дало грунт яго псіхічнаму разуменню, на каторым яно ўзрасло...»
Узнёсла адгукаецца Шантыр аб сваёй роднай мове: «Беларуская мова. Зразумелая, ясная, поўная пекнаты і хараства родная мова. А сколькі пагарды і пляўкоў яна на сабе вынесла не толькі ад чужынцаў, але нават і ад тых здрайцаў, каторых маткі саміх выгадавалі ў гэтай мове (як актуальна гучыць гэта заўвага яшчэ і сёння!). I якіх толькі нападкаў, якіх толькі плётак яна на сабе не вынесла!.. А яна ўсё жывая, усё па-даўнейшаму злучвае дзесяцімільённы беларускі народ». Даследчык пераконвае чытача ў нацыянальнай самабытнасці нашай мовы, якая ва ўсе часы раздзяляла долю і лёс народа. Шантыр верыць, што і яна, «прыбраная ў светлую апратку, зойме пачотнае месца ў сям’і славянскіх моў». I яшчэ: «У аснове сваёй наша мова мае столькі чароўнай прастаты і хараства, што не пройдзе і колькі дзесяткаў год, як яна не толькі зраўнуецца з другімі цывілізаванымі мовамі, але пакажа і тую містычную глыбь беларускага народу, якая
дасюль не зразумета ў Міцкевічу і Дастаеўскім» (падкрэслена мной ).
Бліскучая думка! Міцкевіч і Дастаеўскі — дзве надзвычай каларытныя фігуры сусветнай літаратуры — бяруць свае пачаткі, як вядома, ад нашай зямлі: іх паходжанне — беларускае. А вось феномены і загадкі іх не разгаданы даследчыкамі, на жаль, і да сённяшняга дня. А ў тым, што сілу і моц іхнім талентам дала Беларусь, Шантыр, не будучы прафесійным літаратарам і даследчыкам літаратуры, як бачым, ніколькі не сумняваўся.
Грунтоўна аналізуе Шантыр і яшчэ «адну нацыянальную асобнасць беларуса». Гэта яго абычай як праява духоўнай творчасці. Абычай беларуса, паводле аўтара, у большай ступені выяўляецца ў казцы і песні, «як патрэбе маралі і хараства». «Казка і песня беларуса, — сцвярджае ён, — гэта крытэрыум яго духоўнага быту, гэта яго псіхічна пачуццёвы воблік... Мы нс памылімся, калі скажам, што гэта ёсць няпісаная гісторыя беларускага народу». Фабіяна Гіляравіча захоплівае падзіў, як «народ-невук, народ-сірата, забыты ў панстве свету і культуры, мог так праўдзіва заглыбіцца ў кожную рысу свайго духоўнага зместу... I калі б мы маглі сабраць усю тую мараль, якая рассеяна па казках беларуса, усё тое пачуццё, каторым перапоўнена яго песня, — то перад намі вырысаваўся б аблік чалавека з аграмадным багаццем здаровага сэнсу і глыбінёю пачуцця, але і столькі ж бяздольны, і столькі ж гаротны...»
Яшчэ тады, у 1918-ым, аўтар звяртаўся да пачуццяў і свядомасці беларусаў: «Калі хоць аднаго з іх мне ўдасца прабудзіць да вялікага гарачага кахання к забытаму абяздоленаму краю, пазваць да працы шчырай на нацыянальнай раллі дзеля свету, дзеля лепшай будучыні гаротных братоў, — я буду шчаслівы...»
Такім жа шчырым выступае Фабіян Шантыр і ў развагах аб самавызначэнні народа.
«Самаадзначэнне кожнага народу, — піша ён, — не толькі карысна для яго аднаго, бо вядзе яго па праўдзівай дарозе цывілізацыі, культуры і дабрабыту ўсяго чалавецтва, але такжа карысна і для ўсіх народаў, бо сваім жыццём — не чынячы ніякіх перашкод на дарозе росту чалавечага духа, здабыцця эканамічных багаццяў і паляпшэння сацыяльных варункаў жыцця — прыбліжае ў сваёй частцы ўсё чалавецтва да вялікіх ідэалаў волі, брацтва, кахання».