Нацыянальна-культурнае жыццё Беларусі на тэрыторыі функцыянавання нямецкага акупацыйнага рэжыму (чэрвень 1941 - ліпень 1944 г.)
Леанід Лыч
Выдавец: ВолЯ
Памер: 288с.
Львоў 2011
1 Голас вёскі. 1943. 11 лютага.
2 Новый путь (Внтебск). 1942. 10 октября.
67
палітычным недаверам да іх»1. Толькі вось не зусім зразумела, як можна было таму ці іншаму настаўніку даказаць новым уладам, што ён чакаў такога подыху.
He выключаючы ўзнікнення зусім рэальных ва ўмовах вайны цяжкасцяў у далейшым працягу працы школ, акупацыйныя ўлады ўсё ж лічылі неабходным не зніжаць увагі да дадзенай праблемы. У гэтых мэтах нямецкая прапаганда і сам гаўляйтар В. Кубэ вельмі ўмела выкарыстоўвалі ў сваіх інтарэсах усе хібы ў даваеннай нацыянальнай палітыкі бальшавіцкай партыі і, несумненна, хтосьці станавіўся ахвярай такой прапаганды. Ці ж не маглі, да прыкладу, кагонебудзь з беларусаў не закрануць наступныя словы з навагодняга паслання генералкамісара Кубэ, з якім ён звярнуўся 31 снежня 1942 г. да мужчын і жанчын Беларусі:
«У Новай Эўропе й беларускі народ павінен заняць сваё пачэснае месца. Ніводнаму народу Бог нічога не даруе ў гісторыі. Усё трэба заваяваць і запрацаваць.
...3 руінаў, якія Сталін і ягоныя жыды, уцякаючы, пакінулі Вам, пры нямецкай энэргіі й беларускай стараннасьці павінна закрасаваць новае жыцьцё. Вы й вашыя дзеці павінны стацца вольнымі, шчасьлівымі людзьмі й пад аховай нямецкага мяча ўскрасаваць да радаснае будучыні»2. He раз заяўлялася, што ў імя яе павінна працаваць і створаная з удзелам акупацыйнай адміністрацыі сістэма адукацыі.
Другі навучальны год у акупаванай Беларусі стаўся больш паспяховым для яе заходніх раёнаў, дзе яшчэ як след не разгарнуўся партызанскі рух з характэрным яму непрыняццем самой ідэі адукацыі і дзе з дапамогай мясцовых уладаў удалося істотным чынам аслабіць на яе польскі ўплыў. У тым годзе ў Глыбоцкай акрузе мелася 484 народныя школы, у якіх працавала 954 настаўнікі і навучалася 43,5 тыс. вучняў, адпаведна ў Баранавіцкай—425,1226 і 53,6, Вілейскай — 420,974 і 40,1, Лідскай — 405,596 і 25,3, Наваградскай — 307,751 і 31,2, Слонімскай — 217,496 і 25,4, Ганцавіцкай — 98,197 і 10,0, Менскай — 642,2964 і 71,4, Менску — 14,285 і 7,23. На працягу навучальнага года прыведзеныя звесткі ў моц розных абставін маглі мяняцца, найчасцей у бок змяншэння.
У другім навучальным годзе кіраўніцтву народнай адукацыі дый самім настаўнікам давялося сутыкнуцца з тым, што не закранула іх у папярэднім навучальным годзе. Тут маюцца на ўвазе буйныя няўдачы нямецкага наступу на ўсходзе. Гэта ледзь не закончылася
1 Беларуская газэта. 1942. 13 жніўня.
2 Голас вёскі. 1943. 1 студзеня.
3 Наша слова. 1993. 24 лютага.
68
вялікай трагедыяй для народнай асветы акупаванай Беларусі. Каб ліквідаваць востры недахоп гаспадаркі Германіі ў рабочай сіле, «з пачаткам школьнага году 19421943, — прыгадвае Вацлаў Пануцэвіч, — немцы вырашылі зьліквідаваць усе беларускія сярэднія школы, а моладзь вывесьці на работы... немцы не дапускалі да масавага адкрываньня сярэдніх школаў, з чым кс. Гадлеўскі, як Галоўны Інспэктар (школьны. —Л. Л.), меў нямала клопату. Цяпер, восеняй, яны думалі, што пры новым Школьным Інспэктары (ім ужо быў доктар Скурат. — Л. Л.) справа будзе лягчэйшай ды яны зьліквідуюць беларускія школы звычайнай «хапанкай»1.
3 асаблівай стараннасцю рыхтаваліся, як піша гэты ж аўтар, да такой «хапанкі» ў Баранавічах: «А вызначанай гадзіне 14 верасня нямецкая паліцыя з сабакамі акружыла мэдычную й гандлёвую школу і пачала гнаць моладзь на пляцы дзеля адпраўкі ў зборны высыльны лягер каля чыгуначнай станцыі. Паўстала паніка сярод моладзі, пратэст настаўнікаў. Бальшыня вучняў разьбеглася. Яны павядомілі іншыя сярэднія школы аб акцыі, як ад.міністрацыйную школу, матуральны курс, мастацкую школу. Такім чынам нямецкая акцыя поўнасьцю не ўдалася, бо нават і тыя вучні, што былі загнаныя ў лягер, адтуль паўцякалі... Немцы бесіліся ад злосьці, арыштавалі a. Л. Гарошку — дырэктара медычнай школы, але пад націскам беларускага актыву яго выпусьцілі, баючыся яшчэ большых наступстваў.
(...) Некалькі месяцаў, ня было заняткаў па ўсёй заходняй Беларусі, і толькі на публічнае прырачэньне нямецкіх уладаў, што яны больш ня будуць чапаць беларускае школьніцтватак сярэдняга, як і пачатковага, пачаліся зноў заняткі»2.
У афіцыйных справаздачах, перыядычным друку праца школ у 1942/43 н. г. не даецца ў такіх аптымістычных танах, як у папярэднім. Сказанае датычыць і Менскай акругі. У ёй у верасні 1942 г. пачаліся заняткі ў 479 школах, якія наведвалі 57 340 вучняў. 3 імі працавалі 1542 чалавекі. Пад канец навучальнага года лік школ скараціўся на 18 %. У справаздачы кіраўніцтва школьнага аддзела гэтай акругі ёсць і такі запіс: «Настаўніцкі склад меў ахвяры бандытызму», г.н. партызан3.
Па ўсім было відаць, што ў новым 1943/44 н. г. педагагічнай інтэлігенцыі яшчэ цяжэй будзе вырашаць пастаўленыя перад ёю задачы. Прадбачачы далейшае пашырэнне партызанскага руху, што абавязкова негатыўна адаб’ецца на колькасці навучальных
1 Спадчына. 1993. № 6. С. 78.
2 Тамсама.
3 3 асабістага архіву гісторыка Вольгі Сафонавай.
69
устаноў і іх наведвальнікаў, ідэалагічныя структуры, а разам з імі і кіраўнічыя кадры асветы і на гэты раз прыкладалі шмат намаганняў дзеля схілення бацькоў да пасылкі сваіх дзяцей у школу. Усяляк імкнуўся шырыць у масах такі падыход нехта Я. Здалевіч, што добра пацвярджаецца зместам яго артыкула «Чаму мы павінны змагацца з бальшавізмам». Падтрымаць у дарослага насельніцтва аўтарытэт школы акупацыйнага ўзору ён разлічваў праз супастаўленне яе з савецкай, паказваючы слабыя бакі апошняй. «У галіне асьветы, — сцвярджалася ім, — уся дзейнасьць бальшавікоў была скіравана на тое, каб асіміляваць беларуса. Для гэтае мэты бальшавікі намагаліся ўкамплектаваць вышэйшыя школы пераважна жыдамі й расейцамі. У навуковыя працаўнікі сьведамых беларусаў бальшавікі не дапушчалі, гэтую галіну яны запаўнялі расейцамі ды жыдамі. Яны фальсыфікавалі беларускую мову, набліжалі яе да свайго бальшавіцкага жаргону, аддалялі ад народнае мовы.
Каб больш здыскрэдытаваць беларускую мову, каб больш апаганіць яе, для гэтага бальшавікі за выкладчыкаў беларускае мовы ставілі жыдоў. Укладаньне беларускае граматыкі таксама было даручана жыдам. Як прыклад, можна назваць граматыку, складзеную жыдам Бязносікам...
Русыфікацыя нашае моладзі пры бальшавіках праводзілася такімі тэмпамі, якіх ніколі не было за царызмам»1.
Хаця з аўтарам прыведзенай цытаты можна шмат у чым паспрачацца, аднак у кагосьці з чытачоў і сапраўды маглі адпасці ўсялякія сумненні датычна мэтазгоднасці далейшага навучання дзяцей. Там жа, дзе адсутнічалі перашкоды з боку партызанаў, школы, як і ў папярэднім годзе, працавалі ў сваім звыклым рэжыме.
У той непрадказальны для беларускага народа час з зайздроснай энергіяй працавала настаўніцтва Лідчыны, якая, як вядома, глынула немалую долю паланізацыі за міжваенныя гады. Каб не даць ёй і зараз аднавіць, умацаваць свае пазіцыі, згуртаваныя вакол беларускай нацыянальнай ідэі сілы актыўна ўключыліся ў працу. Усіх радавала, што зараз яна вядзецца на роднай мове карэннага насельніцтва гэтага краю. Характэрна, што на яго тэрыторыі нацыянальная сістэма адукацыі не перажывала спаду нават і пасля таго, як у многіх месцах па волі партызанаў яе пачалі настойліва разбураць, тлумачачы тым, што яна нібыта служыць толькі інтарэсам акупацыйных уладаў, a не беларускаму народу. У 1943/44 н. г. на Лідчыне заняткі вяліся ў 397 пачатковых беларускіх школах2. Такое зусім не радавала тых, хто ў міжваенны перыяд усяляк перашкаджаў стварэнню тут нацыянальных школ для беларусаў.
1 Голас вёскі. 1943. 22 ліпеня.
2 Наша слова. 1999. 24 верасня.
70
Праэкстрэмісцкі настроеныя польскія колы ніяк не жадалі пагадзіцца з панаваннем беларускай нацыянальнай школы ў тых месцах, дзе незадоўга да 17 верасня 1939 г. баяліся нават слова сказаць у яе падтрымку. На барацьбу з беларусізацыяй асветы ахвотна падключыліся жаўнеры польскай Арміі Краёвай, даволі часта выкарыстоўваючы дзеля гэтай мэты фізічную расправу з настаўнікамі. На вялікі жаль, загінула іх нямала. Пазвярынаму лютавалі акаўцы і на Лідчыне. Калі ў 1943 г. не ўдалося застаць дома настаўніцу Анастассю Макарэвіч з вёскі Навасады, каты забілі траіх яе малалетніх дзяцей, аднаго — у калысцы. У маі 1944 г. акаўцы расстралялі ў вёсцы Беліца настаўнікапенсіянера разам з яго дзецьмі'.
Гэтыя варварскія ўчынкі вельмі проста папоўніць прыкладамі з іншых мясцовасцяў, у прыватнасці багатым на гістарычныя падзеі Крэва Смаргонскага раёна. Стараннямі протаіерэя, настаяцеля прыхода Міхаіла Леванчука тут у гады акупацыі была заснавана беларуская школа. Настаўнікамі ў ёй працавалі ягоная дачка Ларыса і пляменніца Валянціна. Усе яны ўтраіх у сакавіку 1944 г.2 (паводле некаторых крыніцу 1943 г.) былі расстраляны польскімі бандытамі. «Мясцовыя прыхаджане зрабілі вялізныя маніфэстацыйныя хаўтуры свайму ахвярнаму сьвятару і настаўніцам»3. На тэрыторыі Шчучынскага раёна ад рук акаўцаў загінулі кіраўнік школы Язэп Клышэвіч, школьны інспектар Аляксей Станкевіч, настаўнікі Георг Клышэвіч, Пётр Рандарэвіч4. Ахвярамі польскіх жаўнераў у Сямяцічах (Брэстчына) сталі былы дырэктар мясцовай даваеннай рускай школы Шыманскі і два яго непаўналетнія сыны5. Незаменнай стратай для беларускіх нацыянальнапатрыятычных сіл стала забойства акаўцамі ў пачатку 1944 г. Мікалая Чарнецкага. Ён і ў даваенны час праследаваўся польскімі ўладамі за сваю самаахвярную працу на карысць беларускай справе. А дзеля яе інтарэсу зрабіў нямала, працуючы выкладчыкам беларускай мовы ў Клецкай беларускай гімназіі, выдаючы ў Вільні разам з А. Аніськам часопіс «Золак». 3 1939 г. М. Чарнецкі ўзначальваў беларускую сярэднюю школу ў Крынках (Падляскае ваяводства)6. Як бачым, такія шчы
1 Звязда. 1993. 11 лютага.
2 Літаратура і мастацтва. 2009. 4 верасня. С. 12.
3 Касяк I. 3 гісторыі Праваслаўнай царквы беларускага народу. НьюЙорк, 1956. С. 120, 121.
4 Весялкоўскі Юры. Што прывяло Армію Краёву на Беларусь. Лондан, 1995. С. 113.
5 Звязда. 1994. 5 студзеня.
6 ЭГБ. Т. 6. Кн. 2. Мінск, 2003. С. 142.
71
рыя беларускія патрыёты былі зусім не патрэбнымі акаўцам, хаця менавіта супольна з імі маглі б дасягацца пэўныя пазітыўныя вынікі ў ладкаванні жыцця ў цяжкія гады акупацыі.
§ 3. Забеспячэнне прыярытэту нацыянальнаму