Нацыянальна-культурнае жыццё Беларусі на тэрыторыі функцыянавання нямецкага акупацыйнага рэжыму (чэрвень 1941 - ліпень 1944 г.)
Леанід Лыч
Выдавец: ВолЯ
Памер: 288с.
Львоў 2011
Калі нішто не перашкаджала, у музеі рэгулярна ладзіліся цікавыя культурнаасветныя, пазнавальныя мерапрыемствы. Для гэтага меліся адпаведныя матэрыяльныя базы і кадры. Асабліва вабіла наведвальнікаў да сябе этнаграфічная зала са сваімі багатымі, унікальнымі гістарычнымі экспанатамі. Нямала тут было і
1 Настаўніцкая газета. 1996. 28 жніўня.
2 Голас вёскі. 1944. 7 студзеня.
136
рукапісных матэрыялаў. «Сярод іх — складзеныя пабеларуску й з «Пагоняй» на пячатках, зь якіх найстарэйшы датуецца 1506 годам. Тут жа — папскія булы й аўтографы выдатнейшых гістарычных асобаў, рэдкія кнігі: Статут Вялікага Княства Літоўскага, Энцыклапедыя часоў Пятра I, Вексельнае права Кацярыны II і іншыя». Асобная вітрына была прысвечана Францішку Скарыну, меўся партрэт слонімскага старосты князя Льва Сапегі. «У экспазыцыі, яму прысвечанай, шахматная дошка князя, віды яго палацаў у Дзярэчыне і Ружанах». Спецыяльны куток адвялі земляку кампазітару Міхалу Агінскаму1.
Музейшчыкі Слоніма дбайна паклапаціліся пра падтрыманне ў людзей нацыянальнаадраджэнскага духу, дзеля чаго была створана спецыяльная чацвёртая зала. Яе ўпрыгожылі партрэтамі К. Каліноўскага, Ф. Багушэвіча, М. Багдановіча (усе працы Р. Бялецкай), В. ДунінаМарцінкевіча, Цёткі (выкананыя слонімскай мастачкай Клаўдзіяй Хруцкай). Пад знакам герба «Пагоня» ў прыгожых рамах віселі Акт абвяшчэння 25 сакавіка 1918 г. у Менску незалежнасці Беларусі, Беларускі нацыянальны гімн (аформленыя мясцовым мастаком Антонам Карніцкім). Наведвальнікі чацвёртай залы маглі пабачыць тут фотаздымкі беларускага рэвалюцыянеранарадавольца Ігната Грынявіцкага, нашых слынных нацыянальных, культурных дзеячаў Адама Гурыновіча, Івана Луцкевіча, Пётры Крэчэўскага, Вацлава Ластоўскага, групавы здымак удзельнікаў пасяджэння Вялікай Беларускай Рады ад 15 кастрычніка 1917 г.2
Доказам вялікай павагі мясцовых жыхароў да працы музея служыць іх актыўны дабрачынны ўдзел у забеспячэнні сваёй любімай культурнай установы рознага роду мастацкімі каштоўнасцямі. Так, ад мастака Алеся Асіпчыка яна атрымала арыгінальныя вышыўкі жаночых блузак, мужчынскіх кашуляў, ручнікоў. Ён жа «вышываў нацыянальныя строі для Слонімскага гуртка пры Беларускім Народным Доме, які існаваў пад акупацыяй. Быў у музеі пояс далікатнейшай работы, скіданы з афарбаванага ў розныя колеры конскага валосься. Яго аўтар — Міхаіл Галоўка, родам з Мацкелеўшчыны Слонімскага павета»3. Знаёмішся з усім гэтым — і проста не верыцца, што такое рабілася ў гады акупацыі. Дакументы ж сцвярджаюць, што і сапраўды нікому не падуладна было цалкам адарваць людзей ад роднай, нацыянальнай культуры. У гэтым менавіта і заключалася яе бессмяротнасць.
1 Беларускі калекцыянер. 1996. № 12 (люты).
2 Тамсама.
3 Тамсама.
137
§ 5. Мастацкая самадзейнасць
He толькі не замірала, а ў некаторых месцах, наадварот, нават назіралася сапраўднае ажыўленне ў поўным сэнсе нацыянальнай мастацкай самадзейнасці, асабліва ў вёсках, дзе яна з’яўлялася асноўнай формай задавальнення духоўных запатрабаванняў людзей. У той час рабілася ўсё, каб вярнуць мастацкай самадзейнасці істотна ўрэзаныя савецкімі культработнікамі народныя традыцыі. Большменш добра захаваліся яны ў заходніх раёнах Генеральнай акругі Беларусь. Каб увесці гэтыя традыцыі ў колішняе рэчышча, даводзілася праводзіць з людзьмі адпаведную растлумачальную працу, выкарыстоўваючы ў гэтых мэтах і перыядычны друк. Найчасцей за ўсё асвятленнем гэтай праблемы займалася рэдакцыя газеты «Голас вёскі». У ёй, да прыкладу, 2 ліпеня 1942 г. вельмі падрабязна вялася гаворка, як трэба ладкаваць самае любімае і найбольш распаўсюджанае сярод беларусаў народнае свята Купалле.
Сталую ўвагу да арганізацыі мастацкай самадзейнасці праяўлялі і падпарадкаваныя акупантам мясцовыя ўлады. У шэрагу населеных пунктаў яны нават пайшлі на стварэнке новых устаноў культуры, нягледзячы на вялікія цяжкасці з набыццём для гэтага неабходных матэрыяльных і фінансавых сродкаў. Там, дзе ўдавалася правесці ў жыццё такое мерапрыемства, яно зачастую пераўтваралася ў нешта больш важнае, чым толькі культурніцкае. Растлумачыць усё гэта даволі проста: увядзенне ў эксплуатацыю кожнай установы культуры прадстаўнікі цывільнай і ваеннай акупацыйнай адміністрацыі імкнуліся выкарыстаць у якасці сродкаў для схілення людзей на бок «новага парадку». Да дробязяў было прадумана правядзенне такога роду мерапрыемства ў час адчынення 12 ліпеня 1942 г. Дома беларускай культуры ў Жодзішках Віленскага павета. 3 гэтай нагоды сюды з Менска прыехалі прадстаўнікі Генеральнага камісара Беларусі I. Сівіца (польскі немец), галоўны школьны інспектар Беларусі В. Гадлеўскі, інспектар ЦТО1 Янэкэ. Вось як апісана гэтая падзея ў «Беларускай газэце» ад 29 ліпеня 1942 г.: «Спадар Сівіца ў сваёй зьмястоўнай прамове закрануў усе актуальныя справы. Гаворачы аб мінуўшчыне, ён падчыркнуў, што добра ведае аб тым, як беларусаў прасьледавалі палякі і як цяпер нават яны робяць беларусам розныя перашкоды. Але дарма! Беларускі Народ пры дапамозе Вялікае Нямеччыны пераможа ўсе перашкоды й здабудзе лепшую будучыню... Вы,
1 Цэнтральнае гандлёвае таварыства («Усход»). У газеце абрэвіятура напісана паруску: Центральное торговое обшество («Восток»),
138
беларусы, цяпер вольныя, і да вас ніколі больш не вернуцца ані Сікорскі', ані Сталін. Вы трымаеце шырокія правы...
Генеральны Камісар Беларусі даў загад, каб беларуская культура мела ўсе магчымасьці да развіцьця, і заявіў, што беларускі народ варты таго, каб для яго працаваць. Беларуская мова ёсьць прыгожая, заявіў пабеларуску Сівіца. Беларусы павінны быць гордыя зь яе. Я быў сяньня ў касцёле й цешыўся, што мог там пачуць беларскую песьню, якой не дапускалі палякі, выганяючы беларускіх ксяндзоў. Больш гэта не паўторыцца ніколі!
Адчыненьне Дому Беларускае Культуры ў Жодзішках зьяўляецца довадам, што беларускі народ жыве і што беларуская культура жыве й разьвіваецца. Дык няхайжа — жыве Беларусь! — гэтым клічам у беларускай мове закончыў сваю прамову сп. Сівіца».
Моцна вытрыманай у беларускім духу была прамова В. Гадлеўскага, які на працягу 19241927 гг. працаваў ксяндзом у Жодзішках: «Беларускі народ меў багата ворагаў, якія сядзелі ў воласьці, у паліцыі, у школе, у ўрадах і касьцёлах. Яны гвалтам выгналі беларускую мову з касьцёла ў Жодзішках і гвалтам адарвалі ксяндза беларуса (тут маецца на ўвазе сам В. Гадлеўскі. — Л. Л.) ад гэтай парахвіі, у якой пакінуў ён частку свайго сэрца й душы. Але, не зважаючы на прасьлед і перашкоды, беларускі народ трымаўся свайго. Беларуская стыхія трывала, і яна ператрывала тых, што зьдзекаваліся зь яе. Праўда, адвечныя ворагі Беларусі, палякі, усьцяж і цяпер выяўляюць сваю дзейнасьць. Яны стараюцца прасьледываць беларусаў нават пры нямецкай уладзе, але й гэтаму прыходзяць канцы. Беларускі народ узяўся за будаўніцтва сваей Бацькаўшчыны. I мы тут сабраныя, прысягаемся, што збудуем Беларусь вольнай, шчасьлівай і багатай...»
He паверыць сказанаму Сівіцам і Гадлеўскім маглі толькі людзі цвёрдых бальшавіцкіх перакананняў. Сярод жыхароў былой Заходняй Беларусі тады яны рэдка сустракаліся.
He сакрэт, што ўладаў менш за ўсё цікавіў мастацкі бок у выступленнях самадзейных артыстаў. Галоўным тут было даведацца пра сапраўдны настрой акупаванага насельніцтва, знайсці надзейныя шляхі кіравання, падначалення яго. Канцэртам мастацкай самадзейнасці вельмі часта папярэднічалі афіцыйныя выступленні кагонебудзь з высокіх прадстаўнікоў ваеннай і цывільнай адміністрацыі з мэтай ідэалагічнай апрацоўкі прысутных, прапаганды і ўсхвалення нямецкіх парадкаў, што не заўсёды ўдавалася акупантам.
' 3 30 верасня 1939 г. узначальваў польскі эміграцыйны ўрад. Спачатку жыў у Францыі, а затым у Лондане.
139
Намаганні акупантаў і іх прыслужнікаў трымаць пад сваім уплывам мастацкую самадзейнасць не зрабіла яе нецікавай для людзей, бо гэтай справай займалася нямала і тых, хто меў талент, добра ўсведамляў вялікую ролю нацыянальнай культуры ў лёсе народа і ў час такіх суровых выпрабаванняў.
Шмат намаганняў — і не безвыніковых — прыклалі нацыянальныя сілы, каб атрымаць ад нямецкай адміністрацыі дазвол на правядзенне святочных мерапрыемстваў з нагоды самых значных падзей у гісторыі беларускага народа, і найчасцей тых, на якія была накладзена забарона бальшавіцкім палітычным рэжымам.
He пярэчылі, да прыкладу, акупацыйныя ўлады Менска і правядзенню свята 25х угодкаў Першага ўсебеларускага кангрэсу. Адбылося яно 20 снежня 1942 г. у памяшканні Менскага гарадскога тэатра, дзе якраз і прахадзіў гэты кангрэс. 3 падрабязным рэфератамуспамінамі выступіў на свяце ўдзельнік Кангрэса ксёндз В. Гадлеўскі'.
He толькі агульны стан культуры, але і стан мастацкай самадзейнасці ў многім прадвызначаўся працай у гэтым кірунку Беларускай народнай самапомачы. Кіраўніку апошняй Івану Ермачэнку ўдалося даволі хутка ўлучыць у яе шэрагі нямала людзей цвёрдай нацыянальнай арыентацыі, што паспрыяла размаху дзейнасці гэтай так неабходнай у цяжкіх умовах акупацыі грамадскай арганізацыі. 3 цягам часу яна са згоды В. Кубэ стала, акрамя грамадзянскай апекі і аховы здароўя насельніцтва, займацца яшчэ адкрыццём дамоў культуры, чытальняў і бібліятэк, стварэннем аматарскіх драматычных гурткоў, арганізацыяй курсаў, правядзеннем лекцый, распаўсюджваннем друкаваных выданняў і г. д.2
У тых далёка не рэдкіх выпадках, калі ў Беларускую народную самапомач прыходзілі ў якасці арганізатараў, кіраўнікоў ініцыятыўныя, нацыянальна спелыя людзі, яны і сапраўды маглі нямала чаго карыснага зрабіць дзеля роднай культуры, надзейна адгарадзіць яе ад рэальнай пагрозы анямечвання. Пацвердзіць сказанае можна на прыкладзе Баранавіцкай акругі. У 1942 г. па лініі самапомачы было адчынена 30 беларускіх дамоў культуры, 51 хатачытальня, 16 бібліятэк, працавала 70 харавых гурткоў, 112 драматычных, 41 танцавальны, 28 спартыўных, 21 літаратурны і 10 музычных. За год наладжана 232 спектаклі і 66 канцэртаў, праведзена 38 літаратурнамузычных лекцыяў і больш за40 іншых культурных імпрэзаў. Праз свае аддзелы акруговая самапомач кожны тыдзень прадавала па 72 тыс. газет. Улады абавязвалі яе распаўсюджваць і
1 Голас вёскі. 1942. 24 снежня.