• Газеты, часопісы і г.д.
  • Нацыянальна-культурнае жыццё Беларусі на тэрыторыі функцыянавання нямецкага акупацыйнага рэжыму (чэрвень 1941 - ліпень 1944 г.)  Леанід Лыч

    Нацыянальна-культурнае жыццё Беларусі на тэрыторыі функцыянавання нямецкага акупацыйнага рэжыму (чэрвень 1941 - ліпень 1944 г.)

    Леанід Лыч

    Выдавец: ВолЯ
    Памер: 288с.
    Львоў 2011
    98.23 МБ
    He выбіў нацыянальнай арыентацыі творцаў з роднай каляіны і прыход пасля забойства В. Кубэ на пасаду кіраўніка Генеральнай акругі Беларусь Курта фон Готберга. Вышэй ужо прыводзілася нямала станоўчых фактаў з культурнага жыцця Беларусі, якія мелі месца за часамі Готберга. Ёсць неабходнасць і яшчэ штосьці дадаць да іх, каб больш поўна раскрыць уклад творчай інтэлігенцыі ў культуру ў той неспрыяльны для яе час. У гэтым звязку нельга не згадаць, што ў студзені 1944 г. з дазволу акупацыйных уладаў было закладзена «Беларускае культурнае аб’яднанне (згуртаванне)», якое мела свае філіялы ва ўсіх акругах ГАБ. У распараджэнне названага аб’яднання перадаваліся тэатры, народныя дамы, бібліятэкі, музеі і іншыя ўстановы культуры. 3 пазітыўных фактаў у сферы культуры можна адзначыць заканчэнне ў красавіку рамонту Менскага гарадскога беларускага тэатра з перадачай яго ў распараджэнне БЦР, адкрыццё шэрага раней зачыненых народных дамоў і бібліятэк. Нельга не заўважыць, што ўсё гэта рабілася ў час, калі ўсё менш і менш людзей акупаванай Беларусі верыла ў перамогу фашысцкага Вермахта над Чырвонай Арміяй. I, відаць, рабілася таму, што сярод прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі мелася нямала такіх, якія ў сваёй культурніцкай дзейнасці не бачылі нічога злачыннага, антысавецкага. Нацыянальнакультурнае жыццё ў межах ГАБ магло б быць яшчэ больш змястоўным, калі б ГАБ належалі і беларускія землі, перададзеныя пад юрысдыкцыю нямецкіх органаў кіравання Усходняй Прусіі, Украіны, Літвы, а таксама ўключаныя ў франтавую зону нямецкага камандавання. I ў тым, што на іх, несумненна, дзякуючы галоўным чынам вялікім намаганням мясцовых нацыянальнапатрыятычных сіл, ствараліся і існавалі на беларускай мове школы, выдаваліся на ёй газеты, ладзіліся рознага роду культурназабаўляльныя мерапрыемствы, усё ж нелыа не бачыць і пазітыўнага ўздзеяння на гэта станоўчага прыкладу ГАБ. Пэўныя крокі па аднаўленні нацыянальнакультурнага жыцця рабіліся ў месцах кампактнага пасялення беларусаў на тэрыторыі Смаленшчыны і Браншчыны. Гэтаму як толькі мог дапамагаў свядомы беларус епіскап смаленскі і бранскі Сцяпан (Сеўба), ажыццяўляючы самыя рашучыя, смелыя крокі па беларусізацыі набажэнства праваслаўнай царквы. Дзеля ўзняцця прэстыжу беларускасці на згаданых тэрыторыях многае зрабіў вядомы дзеяч палітычнага і нацыянальнага руху Р. Астроўскі, знаходзячыся з кастрычніка 1941 г. на пасадзе бургамістра ў Смаленску, затым у Бранску і Магілёве.
    Ад першага і да апошняга гадоў акупацыі даволі шматлікія колы творчай інтэлігенцыі, нацыянальных дзеячаў прыкладвалі велізарныя намаганні натэрыторыі ГАБ, каб пры любых абставінах не дапусціць поўнага духоўнага замірання беларускага народа. I такога, на шчасце, не адбылося. Вось як апісвае культурнае
    145
    жыццё таго часу яго непасрэдны сведка і ўдзельнік, адзін з самых аўтарытэтных прадстаўнікоў беларускай пасляакупацыйнай эміграцыі Ян Пятроўскі: «У прадмеце адукацыі, уся тэрыторыя пакрываецца густою сеткаю школаў, пачынаючы народнымі школамі і канчаючы вышэйшымі. Заактывізаваны тэатр агортваў сабою значную колькасць тэатральных артыстаў, мастакоў і пісьменнікаў, як і гледачоў... Самае галоўнае зусяго, гэтафакт, што аграмадныя беларускія кадры, як і паасобныя адзінкі, у сваёй цэласці ведалі сваю адказнасць у часе гэткае шалёнае вайны... яны не адступалі ад свайго маральнага абвязку перад сваёю Бацькаўшчынаю і шматлікія з іх проста ахвяравалі саміх сябе для беларускае справы, беларускае Свабоды»1. Без дастатковай колькасці ўлюбёных, адданых сваёй справе людзей не назіралася такога размаху культурнай дзейнасці. Пасля ўсяго прыведзенага вышэй ніяк нельга пагадзіцца з тым, што сказаў у лютым 1943 г. на V пленуме ЦК КП(б)Б (праходзіў у Маскве) сакратар ЦК КП(б)Б па ідэалогіі Ціхан Гарбуноў: «Частка нашай інтэлігенцыі, якая па тых ці іншых прычынах засталася ў тыле ворага, не пайшла на службу да ворага... Наша інтэлігенцыя засталася вернай сваёй Радзіме, свайму народу, сваёй бальшавіцкай партыі, свайму вялікаму правадыру таварышу Сталіну»2. He. Сярод тагачаснай інтэлігенцыі было шмат дзеячоў, не верных бальшавіцкай партыі, вялікаму Сталіну, што не перашкаджала ім заставацца бясконца вернымі сваёй Радзіме, свайму народу, плённа працаваць наяго нацыянальнай культурнай ніве, недазваляючы набыць шырокага маштабу ўсялякага роду дзеянням па анямечванні Бацькаўшчыны.
    На стан культуры стала ўплывала палітыка акупацыйных уладаў у дадзенай сферы. Ігнараваць, не ўлічваць гэты фактар ніяк нельга было, інакш замест карысці беларуская культура несла б толькі адны страты. Ёсць дастаткова фактаў плённага супрацоўніцтва беларускіх і нямецкіх культурных дзеячоў. Такія кантакты не давалі жаданага эфекту толькі тады, калі наўмысна ўмешваліся палітыкі, падрываючы іх ці імкнучыся атрымаць найбольшую выгоду для нямецкай справы. Здаралася ж такое даволі часта. I ва ўсіх выпадках, калі ў культурнае жыццё з далёка не гуманнымі намерамі ўмешваліся нямецкія дзяржаўныя і ваенныя палітыкі, тады і ў ім панавалі кулачнае права, права моцнага. На месца пэўнага спрыяння з нямецкага боку беларускай культуры прыходзіла вельмі тонкая, разлічаная на непазбежны падрыў яе дыпламатыя. He ўзводзячы асаблівых перашкод для развіцця беларускай нацыянальнай куль
    1 Цыт. па: Літаратура і мастацтва. 1992. 4 верасня. С. 14.
    2 НАРБ. Ф. 4, воп. 45, спр. 214, арк. 77.
    146
    туры, нямецкія палітыкі ўсё ж імкнуліся з дапамогай яе наблізіць беларускі народ да нямецкага і пасварыць галоўньш чынам з рускім. Несумненна, першынство ў такіх дзеяннях належала самым вялікім палітыкам. Вынікае гэта і з наступных слоў Генеральнага камісара Беларусі В. Кубэ, прамоўленых увесну 1942 г. у Койданаве. Звяртаючыся да мясцовых жыхароў, ён сказаў: «Гэта недарэчнасьць называцца расейцамі. Вам зусім няма чаго рабіць з расейцамі. Вы належыце да народаў Эўропы, якія расьцьвітуць пад кіраўніцтвам Адольфа Гітлера»1. Прыкладна такое гаварылі беларускаму народу і дзяржаўныя кіраўнікі самой Германіі, якія даволі часта наведвалі наш край. Выступаючы 30 мая 1942 г. у Менску ў Генеральным камісарыяце Беларусь, дзяржаўны міністр усходніх земляў рэйхсканцлер Альфрэд Розенберг так заявіў: «Назаўсёды павінны спыніцца ўсякія зьявы русыфікацыі ў гэтай частцы Эўропы». I рэйхсканцлер вельмі добра патлумачыў, чаму: каб з Беларусі «стаўся моцны й квітушчы перадкрай Нямеччыны»2.
    I ўсё ж у акупантаў не хапіла моцы, здольнасці з дапамогай сродкаў культуры ўбіць клін паміж беларускім і іншымі славянскімі народамі. Патрэба ў славянскім адзінстве адчувалася, мо, як ніколі раней. Дзеля яго ўмацавання, што маглі, тое рабілі і цывільныя ўстановы культуры, асабліва тэатральныя калектывы. He было сярод іх такога, які б не ставіў творы рускіх, украінскіх, польскіх і іншых славянскіх аўтараў. У якасці прыкладу можна назваць Барысаўскі народны тэатр, у якім у 1943 г. з рускай класікі ішлі п’есы «Сватанне» і «Мядзведзь» А. Чэхава.
    Аднак не ўсюды і не ва ўсе часы назіралася прыхільнае ці цярпімае стаўленне акупантаў да славянскай ідэі, аўтарытэт якой не аслабіла, а наадварот, узняло змаганне з фашызмам. Па іх віне, як ужо адзначалася вышэй, нямала нашых духоўных каштоўнасцей трапіла на Захад, і перадусім у Германію. Замахнуліся фашысты і на нашу самую дарагую духоўную святыню — Дзяржаўную бібліятэку імя У. Леніна, дзе мелася багата каштоўных кніг па славянскай праблематыцы. Значную частку фондаў бібліятэкі яны вывезлі ў Прагу, дзе меркавалася стварыць цэнтр па вывучэнні славянскай супольнасці народаў. Як даследавалася б тады ў ім дадзеная праблема, няцяжка прадбачыць.
    Нягледзячы на панаванне ў нашым краі чужацкага прыгнятальніцкага рэжыму, на працягу амаль усіх гадоў акупацыі практыкаваліся ўзаемапаездкі адзін да аднаго прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі Беларусі і Германіі. Безумоўна, рабілася такое,
    1 Беларуская газэта. 1942. 6 чэрвеня.
    2 Тамсама.
    147
    асабліва ў выпадках, калі хтосьці ехаў да нас, у значнай ступені і дзеля пэўных палітычных мэтаў. Цесна звязаныя з фашысцкім рэйхам дзеячы культуры па прыбыцці на Беларусь старанна вывучалі, што і як тут неабходна рабіць па анямечванні яе народа, выхаванні маладых пакаленняў у нацысцкім духу. Аднак сярод наведвальнікаў з Германіі сустракаліся і асобы, якія былі зацікаўленыя ў азнаямленні з гісторыяй, культурай беларускага народа, пакоранага ў выніку захопніцкай вайны. Пра ўсё найбольш цікавае і адметнае, што ўдавалася даведацца пра Беларусь, яны імкнуліся рознымі спосабамі данесці і да нямецкай грамадскасці, у асяроддзі якой гітлераўцы не змаглі да канца вынішчыць прагрэсіўны, не заражаны нацысцкай ідэалогіяй пласт інтэлігенцыі.
    У абавязкі кіраўніцтва Генеральнай акругі Беларусь уваходзіла правядзенне адпаведных мерапрыемстваў па здавальненні культурных запатрабаванняў раскватараваных на яе тэрыторыі вайсковых частак, а таксама прысланых сюды на службу з Германіі цывільных грамадзян нямецкай нацыянальнасці. Як для першых, так і для другіх выкарыстоўваліся, за рэдкім выключэннем, толькі набыткі з нямецкай культуры. У залежнасці ад абставін у праграму такіх мерапрыемстваў магло ўключацца штосьці і з беларускай культуры. У сваю чаргу, і беларусам маглі дазваляць прысутнічаць на ладжаных нямецкімі дзеячамі культуры канцэртах. Толькі вось бяда: не заўсёды тое, што чынілася акупантамі падчас культурных акцый, прыносіла людзям радасны настрой. Ніякім іншым словам, як варварства, нельга назваць да дробязяў прадуманае злачыннае выкарыстоўванне нямецкай адміністрацыяй г. Менска духавога аркестра. Ён павінен быў служыць, галоўным чынам, дзеля ўзняцця настрою, глушэння плачу і крыку людзей, якія прыходзілі на чыгуначную станцыю, каб развітацца з роднымі і блізкімі, каго гвалтам вывозілі на працу ў Германію.
    Практычна не існавала ніякіх абмежаванняў для наведвання роднага краю дзеячам беларускай культуры, якія па розных прычынах знаходзіліся ў міжваенны перыяд у эміграцыі. Сваім талентам яны хацелі хоць маленькую радасць прынесці свайму народу, пасеяць веру, што лёс змілуецца з яго і не дасць загінуць. Словам, нішто не прадракала надыход канца для беларускай нацыянальнай культуры. Людзі гінулі ад рук акупантаў і партызанаў, падчас авіяналётаў на гарады і стратэгічныя аб’екты нямецкіх і савецкіх самалётаў, а як толькі ўсталёўвалася цішыня, тут жа культура нагадвала пра сябе беларускімі песнямі, музыкай, танцамі, самымі разнастайнымі мерапрыемствамі са сферы мастацкай самадзейнасці.