Нацыянальна-культурнае жыццё Беларусі на тэрыторыі функцыянавання нямецкага акупацыйнага рэжыму (чэрвень 1941 - ліпень 1944 г.)
Леанід Лыч
Выдавец: ВолЯ
Памер: 288с.
Львоў 2011
Аб гвалтоўнай украінізацыі не ўдавалася ўсцерагчыся нават створаным з дазволу акупантаў беларускім вайсковым часцям, у прыватнасці батальёну № 104, дыслакаванаму ў 1943 г. у Кобрыне. У ім налічвалася каля 1000 мясцовых беларусаў. Гэтай жа нацыянальнасці быў і іх камандзір. Дзеля абслугоўвання патрэб унутранага парадку, натуральна, карысталіся беларускай мовай. 3 мэтай украінізацыі батальёна ў яго склад па захадах украінскага цэнтра ўключылі аддзел украінцаў з Галіцыі ў колькасці 150 чалавек. «Украінцы распачалі прыдаваць батальёну ўкраінскі характар. Яны вывешвалі на ўрадавай дошцы абвесткі на ўкраінскай мове і аб украінскіх справах... Беларусы зрывалі і нішчылі абвесткі на ўкраінскай мове і жадалі захаваньня беларускай мовы ў нутраным жыцьці батальёна»2. У гэтай моўнаканфліктнай сітуацыі нямецкае вайсковае камандаванне падтрымлівала беларускі бок.
Прыведзеныя ў дадзеным, а таксама ва ўсіх папярэдніх раздзелах кнігі матэрыялы пра стан духоўнага жыцця беларусаў на іх гістарычнай тэрыторыі практычна не даюць аніякіх падстаў гаварыць пра яго анямечванне, хаця такое і прадугледжвалася ў складзеным 27 красавіка 1942 г. доктарам Ветцэлем дапаўненні да гітлераўскага плана «Ост» для 25 % нашага народа. Фашысцкі навуковец лічыў, што ў інтарэсах Трэцяга рэйха «крайне неабход
1 Звязда. 1991. 21 лютага.
2 Найдзюк Язэп, Касяк Іван. Беларусь учора і сяньня. С. 322.
239
ным па магчымасці самым старанным чынам адабраць беларусаў нардычнагатыпу (падкрэслена мною. —Л. Л\ прыдатных паводле расавых прыкметаў і палітычных меркаванняў для анямечвання і накіраваць іх у імперыю з мэтай выкарыстання ў якасці рабочай сілы...»1 Як вынікае, вельмі ўжо нязначны працэнт беларусаў лічыўся прыдатным да анямечвання. He тая кроў?! Але калі ўзяць нашых суседзяў палякаў, ім выдзелілі квоту на анямечванне толькі ў памеры 23 % ад агульнай колькасці. Запланаванае анямечванне 25 % беларусаў, відаць, не самая трагічная старонка ў іх гісторыі. Яны ж у выніку палітыкі паланізацыі, русіфікацыі (царскай, савецкай) навекі страцілі куды большы працэнт. Прычым і іх этнічная тэрыторыя перастала палітычнымі ўладамі чужых дзяржаў лічыцца беларускай. Гэта зусім не тое, што сёння, калі ўладныя структуры Рэспублікі Беларусь сваёй палітыкай русіфікацыі зводзяць беларусаў са свету, а іх краіну ўсё роўна называюць беларускай. Толькі ці доўга так працягнецца?
Паводле зробленых Ветцэлем дапаўненняў да генеральнага плана «Ост» лёс астатніх 75 % беларусаў таксама быў незайздросным: перасяленне ў Заходнюю Сібір (балазе, хоць не фізічнае зніштажэнне). Відаць, ведаў, што там іх нямала жыве ў выніку царскіх рэпрэсій, добраахвотнага перасялення сялян зза недахопу зямлі ў родным краі. Сёння застаецца толькі гадаць: мо паселеныя па ўказцы нямецкіх акупантаў на заходніх сібірскіх прасторах беларусы лепш захавалі б сваю этнакультурную самабытнасць, чым як гэта зараз назіраецца з намі на родных абшарах Рэспублікі Беларусь? Цывільнае насельніцтва акупаванай Беларусі нічога не ведала (і мо да лепшага) ні пра гітлераўскі план «Ост», ні пра зробленыя да яго дапаўненні і жыло так, як вымагалі ўсталяваныя няпрошанымі гаспадарамі парадкі. У афіцыйных дакументах іншым разам сустракалася і такое, што ў душах беларусаў магло пасеяць спакой за сваё будучае. У якасці прыкладу прывяду цытату з пісьма рэйхсфюрара войск СС Гімлера «Некаторыя меркаванні пра дачыненні з мясцовым насельніцтвам усходніх абласцей»: «...беларусы з’яўляюцца найбольш бяскрыўднымі і таму самым бяспечным для нас народам з усіх народаў усходніх абласцей. Нават тых беларусаў, якіх мы не зможам паводле расавых меркаванняў пакінуць на тэрыторыі, прызначанай для каланізацыі нашым народам, мы можам у большай ступені, чым прадстаўнікоў іншых усходніх абласцей, выкарыстоўваць у сваіх інтарэсах. Зямля Беларусі бедная. Прапанаваць ім лепшыя землі — гэта значыць прымірыць іх з некаторымі рэчамі, якія маглі б іх настроіць су
1 Военнонсторнческнй журнал. 1960. № 1. С. 94.
240
проць нас... беларускі народ схільны мяняць наседжаныя месцы, таму перасяленне ў гэтых абласцях не ўспрымалася б жыхарамі так трагічна, як, напрыклад, у Прыбалтыйскіх краінах»1. У прыведзеным дакуменце планавалася перасяляць беларусаў яшчэ на Урал і Паўночны Каўказ.
§ 3. Беларуская культурнаасветніцкая прысутнасць у Латвіі, Польшчы, Чэхаславакіі, Германіі
Вераснёўскі 1939 г. падзел тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай паміж фашысцкай Германіяй і Савецкім Саюзам, а затым усталяванне савецкіх парадкаў у краінах Прыбалтыкі прычыніліся да буйнамаштабнай міграцыі насельніцтва з гэтых тэрыторый. Натакі крок людзі ішлі, ратуючыся ад пакарання нямецкімі або савецкімі ўладамі. Эміграцыя ў вялікіх маштабах закранула і беларусаў, прычым самай нацыянальна актыўнай, адукаванай часткі. Хтосьці з іх не змог ці не пажадаў вярнуцца на радзіму з нямецкага палону. Каб не згубіцца на абшарах чужых краін, беларусамі праводзілася даволі канструктыўная праца па арганізацыі свайго жыцця. Вялікую зацікаўленасць да іх выказвалі нямецкія ўлады, кіруючыся найперш сваімі ўласнымі інтарэсамі. Ужо ў лістападзе 1939 г. пры Міністэрстве ўнутраных спраў Германіі засноўваецца Беларускае прадстаўніцтва ў Берліне. У снежні таго ж года ў гэтым горадзе выйшаў першы нумар беларускамоўнай газеты «Раніца». Са студзеня 1940 г. у Варшаве пачаў дзейнічаць Беларускі камітэт самапомачы, а ўлетку таго ж года аналагічны камітэт стварылі ў Берліне. Акрамя матэрыяльнай падтрымкі беларусаў, яны яшчэ займаліся і правядзеннем сярод іх культурнаасветніцкай працы. Да гэтых арганізацый яшчэ можна дадаць Партыю беларускіх нацыяналістаў (створана ўлетку 1940 г. у Варшаве), Беларускі нацыянальны цэнтр (арганізаваны 19чэрвеня 1941 г. уБерліне). Далучаныхдадзейнасці гэтых арганізацый людзей вельмі непакоіў лёс Бацькаўшчыны ў час, калі яна апынулася пад уладай фашысцкага рэйха. Некаторыя з іх паводле сваёй волі ці распараджэнняў нямецкіх службаў вярнуліся на радзіму, уплываючы ў розных кірунках на стан яе жыцця, у т. л. і культурнага. А яно ж ні на часіну не замірала, прычым не толькі на беларускім этнічным абшары.
1 Военнонсторнческнй журнал. 1960. № 1. С. 94, 95.
241
Праявы беларускасці даволі хутка пачалі выступаць вонкі і на тых тэрыторыях, якія да пачатку вайны Германіі з СССР не ўваходзілі ў склад БССР, але іх беларускія па паходжанні жыхары рупліва захоўвалі, развівалі тут сваю культуру. He былі выключэннем з гэтай пазітыўнай практыкі нашы супляменнікі Латвіі. У якасці самага важнага варта адзначыць, што фашысцкая акупацыя не пахавала тут ідэю беларускай нацыянальнай школы. Беларускай справе ў Генеральнай акрузе Латвія добра пашанцавала, што тут жыў і працаваў добра вядомы ад даваеннага часу актыўны нацыянальны дзеяч, публіцыст, гісторык і педагог Канстанцін Езавітаў. Якіхнебудзь прэтэнзій да яго не мела ўсталяваная ў Латвіі савецкая ўлада, інакш бы не пагадзілася на прызначэнне загадчыкам культурнаасветнага аддзела Цэнтральнага праўлення прафсаюзаў работнікаў асветы гэтай краіны. А вось у вайну К. Езавітаў не эвакуіраваўся ў савецкі тыл і застаўся ў Рызе, дзе ўжо ў жніўні 1941 г. заснаваў і стаў кіраўніком Беларускага цэнтральнага камітэта, рэарганізаванага ў наступным годзе ў Беларускае нацыянальнае аб’яднанне. Побач з развязваннем іншых задач шмат увагі надаваў аднаўленню і заснаванню беларускіх школ, у чым меў багаты досвед, здабыты ў даваенны перыяд. Каб ліквідаваць голад на падручнікі і дапаможнікі, іншую літаратуру, ён заняўся іх выданнем, не шкадуючы дзеля гэтай высакароднай справы і сваіх уласных грашовых сродкаў. У 1943 г. у Рызе выйшаў трэцім выданнем яго вельмі папулярны ад даваенных часоў падручнік «Беларуская школа. Першая чытанка пасьля лемантара» накладам у тры тысячы асобнікаў'. На працягу 19421943 гг. К. Езавітаў выдаў у Рызе больш за дзясятак нотных запісаў беларускіх песняў і рамансаў, з іх на словы Максіма Багдановіча — «Непагодны вечар» (музыка Г. Самохіна), «Астры» (музыка А. Спаскага), «Маладыя гады», «Слуцкія ткачыхы» і «Лявоніха» (музыку для ўсіх трох напісаў А. Туранкоў).
У Рызе са студзеня 1942 г. па май 1944 г. выдаваўся з дазволу і падтрымцы акупацыйных уладаў рускамоўны варыянт часопіса «Новый путь». Рыхтаваў яго да друку К. Езавітаў. Рэдакцыя беларускамоўнага варыянту гэтага часопіса пад назвай «Новы шлях» знаходзілася ў Менску, якую ўзначальваў У. Сядура. Аднолькавае для гэтых двухварыянтных па мове часопісаў былі толькі матэрыялы агульнапалітычнага характару. 3 іншых тэматык асвятляў рускамоўны варыянт часопіса «Новый путь» пераважна тое, што непасрэдна датычыла жыхароў Прыбалтыкі2. 3 1943 г. у
1 Голас Радзімы. 1995. 15 жніўня.
2ЭГБ. Т. 5.С. 334.
242
беларускамоўнай версіі часопіса «Новы шлях» сталі працаваць людзі даволі незвычайнага лёсу Уладзімір Брылеўскі разам з жонкаю Лёнгінай1. Да гэтага ён служыў начальнікам Смаргонскага раёна, але выклікаў сур’ёзны недавер у акупантаў і быў пасаджаны ў Вілейскую турму. Адтуль яго і жонкі шлях ляжаў у адзін з нямецкіх канцлагероў. Збегшы з цягніка, падаліся ў Рыгу і тут рабілі карысную для беларусаў справу.
Каб паўней задаволіць попыт беларусаў Латвіі на патрэбную ім інфармацыю, прычым на роднай мове, К. Езавітаў паклапаціўся пра распаўсюджванне сярод сваіх суродзічаў берлінскай беларускай газеты «Раніца».
Немалы ўнёсак у беларускае нацыянальнакультурнае жыццё Рыгі зрабіў па прыездзе сюды ў канцы 1942 г. з Менска паэт Алесь Салавей. Яму адразу знайшлі месца намесніка галоўнага рэдактара беларускамоўнай газеты «Новы шлях». Праца ў ёй спрыяла літаратурнай дзейнасці. 3 напісаных у Рызе вершаў, а іх ніхто так багата не стварыў у гэтым горадзе, як Алесь Салавей, назаву наступныя: «Максіму Багдановічу», «На хуткіх крыллях вольнага Пегаса», «Дождж», «Францішак Скарына. Васіль Цяпінскі. Сымон Будны». Як і папярэднія вершы, рыжская паэзія Алеся Салаўя таксама будзіла людзей да актыўнай самаахвярнай дзейнасці на карысць роднай Бацькаўшчыны, якая ўжо ў каторы раз апынулася пад ботам чужынцаў. У вершы «Максіму Багдановічу» ёсць такія радкі:
He памрэ толькі той, хто аддаў усе сілы жыцця для народу, хто мінулае ўславіў красой, зазірнуў хто і ў прышлыя дні2.