Камета Данаці, 1858 г. сярэднюю арбіту камет, якая не поўнасцю супадае з рэальнай. Мадэль будовы камет прапанаваў яшчэ ў 1950 г. амерыканскі астраном Фрэд Уіпл. Ядро каметы памерам некалькі кіламетраў складзена з рыхлага астаткавага матэрыялу, утворанага пры нараджэнні Сонечнай сістэмы: замерзлай вады, розных лятучых рэчываў (метану, аміяку, вуглякіслага газу, цыяністага вадароду ўперамешку з пылам). Гэтую мадэль ядра каметы так і называюць — брудны снежны камяк. Калі камета знаходзіцца далёка ад Сонца, убачыць яе невялікае ядро немагчыма нават у самы магутны тэлескоп. А калі камета набліжаецца да Сонца, з ёй адбываюцца дзіўныя пераўтварэнні: пад уздзеяннем сонечнага цяпла лёд пачынае раставаць і вада выкіпае. На адлегласці прыкладна 11 астранамічных адзінак ад Сонца вакол ядра каметы ўтвараецца вялікае газавае воблака, ці к о м а, як яго яшчэ называюць. У такі час у тэлескоп камета назіраецца як туманная плямка, якую можна адрозніць ад зорных аб’ектаў толькі па яе руху сярод зорак. Ядро разам з комай называюць галавой каметы. Пыл і газ зрываюцца з комы і ўтвараюць хвост каметы, які пачынаюць назіраць на адлегласцях меней за 2 астранамічных адзінкі. Чым бліжэй камета падыходзіць да Сонца, тым вышэй падымаецца яе тэмпература і тым лепей бачны яе хвост. Хвасты камет могуць распасцірацца на сотні мільёнаў кіламетраў. Яны вельмі разрэджаныя — нават зоркі прасвечваюцца праз іх, не змяншаючы свой бляск. (Калі выпусціць газ са звычайнай запальніцы і раўнамерна запоўніць ім такую вялізную залу, як мінскі Палац спорту, то шчыльнасць газу будзе большая, чым у хвасце каметы.) Таму іх часта так і называюць — «бачнае нішто». Хвасты маюць самыя розныя формы, што залежыць ад складу ядра каметы. Газавыя хвасты здуваюцца сонечным ветрам і скіраваны ад Сонца. Пылавыя ж хвасты — ад гэтай лініі. У каметы бывае адразу некалькі хвастоў, яны складаюцца з розных па масе часцінак. Узнікаюць анамальныя хвасты, накіраваныя не ад Сонца, а да яго. Яны складаюцца з даволі цяжкіх і вялікіх пылавых часцінак. Класіфікацыю каметных хвастоў правёў у канцы XIX ст. расійскі астраном Ф. Брадзіхін. Сучасныя даследаванні ўносяць новыя папраўкі ў мадэль будовы ядраў камет. У чэрвені 1992 г. камета Шумейкера-Леві 9 праходзіла каля Юпітэра. Ядро каметы распалася на два дзесяткі кавалкаў, якія зваліліся на Юпітэр у чэрвені 1994 г., утварыўшы ў атмасферы планеты велізарныя дзіркі (іх можна было назіраць з дапамогай нават школьных тэлескопаў). Яшчэ адна камета — LINEAR 1999 S4 — летам 1999 г. на вачах зямлян развалілася на часткі, а потым на дробныя часцінкі, не пакінуўшы ядра. Калі б ядры гэтых камет былі ўтвораны згодна з мадэллю Уіпла, такія катастрофы не адбыліся б. Прыліўныя сілы вялікіх планет на каметы былі б вельмі малыя, і яны не змаглі б разарваць даволі шчыльны снежны камяк. Астраномы лічаць, што частка каметных ядраў, магчыма, утворана з асобных кавалкаў порыстага рэчыва, якія рухаюцца разам пад уздзеяннем сіл уласнай гравітацыі. Такая мадэль каметнага ядра завецца мадэллю Дона. Акрамя таго, розныя каметы могуць мець зусім розны склад ядраў, таму кожная з наяўных мадэляў у той ці іншай ступені магчымая. Разгадка тайны каметнага ядра будзе знойдзена толькі тады, калі аўтаматычная міжпланетная станцыя (ці зонд) апусціцца на ядро каметы. На сёняшні дзень астраномы змаглі ўбачыць толькі ядры чатырох камет. У сакавіку 1986 г. касмічныя апараты «Вега-1» (СССР) і «Джота» (Еўрапейскае касмічнае агенцтва) зблізіліся са знакамітай каметай Галея. Упершыню праз шчыльную кому было сфатаграфавана ядро каметы: ледзяная глыба, якая нагадвала чаравік памерамі 14 х 7,5 км. Падлічылі, што на мінімальнай адлегласці ад Сонца камета кожную секунду губляе каля 45 т газаў і 5—8 т пылу. Запасаў рэчыва каметы Галея, па ацэнках астраномаў, павінна хапіць прыкладна на 1300 абаротаў вакол Сонца. Нашы патомкі кожныя 75 гадоў яшчэ многія стагоддзі будуць назіраць гэтую касмічную спадарожніцу. Даследаванні камет паспяхова працягваюцца. 22 верасня 2001 г. касмічны апарат «Дып Спэйс 1» прайшоў прыкладна ў 2200 км ад ядра каметы Барэлі. Упершыню былі атрыманы унікальныя здымкі з распазнавальнай магчымасцю каля 45 м. Даўжыня ядра каметы Барэлі — каля 8 км. На ім ёсць горы, разломы, адносна роўныя даліны. Відаць і светлыя ўчасткі, з якіх, верагодна, адбываецца выкід пылу ў кому каметы. У студзені 2004 г. касмічны апарат «Стардаст» (зорны пыл) даследаваў камету Вільда 2. Былі зроблены шматлікія здымкі ядра каметы, а таксама сабраны часцінкі з комы каметы. У 2005 г. амерыканскі касмічны апарат «Дып Імпакт» бамбардзіраваў ядро каметы Тэмпеля 1 спецыяльным 370 кг зондам. 3 ядра каметы адбыўся выкід каля 10 млн кг каметнага рэчыва. Аналіз складу паказаў, што ў каметным рэчыве ёсць вадзяны лёд, лятучыя фракцыі карбанатаў, араматычныя вуглевадароды, сульфіты і інш. Касмічны апарат «Дып Імпакт» працягвае працаваць у далёкім космасе. Вынікі даследаванняў камет вельмі важныя для разумення гісторыі Сонечнай сістэмы і прадказання змянення бляску камет, вядомых сваім непастаянствам. МЛЕЧНЫ ШЛЯХ Усе зоркі, якія мы назіраем на небе, і Сонца з усёй Сонечнай сістэмай уваходзяць у склад гіганцкай зорнай сістэмы — наша Галактыка, ці галактыкі Млечны Шлях. Млечны Шлях прыцягвае ўвагу людзей яшчэ з глыбокай старажытнасці. Няма народа, які б не меў для яго свайго наймення і інтэрпрэтацыі. У міфалогіі грэкаў з’яўленне гэтай туманнай серабрыстай паласы тлумачыцца наступным чынам. У дзень нараджэння Геракла (у рымлян Геркулеса) Зеўс, узрадаваны тым, што найпрыгажэйшая з смяротных жанчын Алкмена нарадзіла яму сына, прадвызначыў яго лёс — стаць самым славутым героем Грэцыі. Каб яго сын Геракл атрымаў боскую сілу, зрабіўся непераможным і бессмяротным, Зеўс наказаў пасланцу багоў Гермесу прынесці Геракла на Алімп, дзе яго ўскорміць вялікая багіня Гера. 3 хуткасцю думкі паляцеў у сваіх крылатых сандалях Гермес. Нікім не заўважаны, ён узяў толькі што народжанага Геракла і прынёс яго на Алімп. Багіня Гера ў гэты час спала пад квяцістай магноліяй. Ціхенька падышоў да багіні Гермес і паклаў да яе грудзей маленькага Геракла, які з прагнасцю стаў смактаць яе боскае малако. Але раптам багіня прачнулася. У гневе і лютасці адкінула яна ад грудзей немаўля, якое зненавідзела яшчэ задоўга да яго нараджэння. Малако Геры разлілося і пацякло па небе, нібы рака. Так і ўтварыўся Млечны Шлях (галактыка; па-грэчаску «галаксіяс» — малочны). На значнай тэрыторыі Зямлі Млечны Шлях мае назву Саламяная Дарога. Гэтае найменне першапачаткова з’явілася, напэўна, у арабаў і ад іх пашырылася сярод суседніх народаў. Качэўнікі Блізкага Усходу вялі гаспадарку, у якой салома мела даволі істотнае значэнне. У балгараў, напрыклад, Млечны Шлях атрымаў назву Кумава Салома, ці проста Салома. Народная легенда апавядае, што аднойчы сцюдзёнаю зімою, калі ўся зямля была ў сумётах, у аднаго беднага чалавека скончыўся корм для валоў. Днямі і начамі ён думаў, як накарміць жывёлу, дзе ўзяць саломы, каб валы не падыхалі з голаду. Цёмнай марознай ноччу ён пайшоў да багатага кума на падворак, асцярожна набраў са стога ў кош саломы і панёс да хаты. Але кош быў дзіравы, і салома церушылася на дарогу, утвараючы доўгі след. Калі чалавек прыйшоў дадому, кош быў пусты. На досвітку гаспадар заўва- Млечны Шлях і сузор 'е Касцоў ва ўяўленні беларусаў жыў, што нехта ноччу разварушыў яго стог і ўкраў салому. Пайшоў ён па следзе і дайшоў да дома, дзе жыў яго кум. Бядняк не прызнаваўся ў сваім зладзействе. Тады багаты кум паказаў яму салому, што рассыпалася па дарозе. Сорамна стала злодзею... А гаспадар саломы сказаў: «Хай загарыцца гэтая крадзеная салома і ніколі не тухне, каб усе ведалі і памяталі, што нельга красці...» Загарэлася і з тых часоў гарыць на небе Кумава Салома. Сярод вядомых на Беларусі назваў Млечнага Шляху сустракаюцца такія: Гусіная Дарога, Птушыны Шлях, Птушыная Дарога, Дарога ў Ерусалім, Чумацкая Дарога, Стан, Малочная Дарога. Сонечная сістэма знаходзіцца на адлегласці 10 кілапарсек ад цэнтра Галактыкі ў адным з яе рукавоў і рухаецца з хуткасцю каля 250 км/с амаль што па кругавой арбіце. Нягледзячы на такую велізарную хуткасць, заўважыць гэты рух з Зямлі мы не можам. Скопішча зорак у нашай Галактыцы добра бачна ў выглядзе прыгожай белай паласы на зорным небе. Яна праходзіць праз яркія сузор’і Арыёна, Блізнятаў, Цяльца, Ліры, Лебедзя, Арла. Млечны Шлях назіраюць не толькі ў паўночным, але і ў паўднёвым паўшар’і. Ён цягнецца праз усё неба, замыкаючы сваё зорнае кола вакол Зямлі. Толькі ў тэлескоп можна разгледзець, што Млечны Шлях складаецца з вельмі вялікай колькасці зорак. Чаму ж мы бачым нашу Галактыку як паласу Млечнага Шляху? Справа ў тым, што нашу зорную сістэму мы назіраем, знаходзячыся ўнутры яе самой. Калі назіральнік глядзіць перпендыкулярна плоскасці галактычнага дыска, то бачыць нешматлікія зоркі і сузор’і на начным небе. Калі ж глядзець уздоўж напрамку, які ляжыць у плоскасці галактычнага дыска, то бачна светлая паласа — праекцыя дзесяткаў тысяч зорак на зорнае неба. Да нашай Галактыкі таксама адносяцца два яе спадарожнікі — Вялікае і Малое Магеланавы воблакі, якія заўважныя ў паўднёвых шыротах Зямлі, бліжэй да экватара. Самая блізкая да нас іншая зорная сістэма знаходзіцца на адлегласці каля двух мільёнаў светлавах гадоў. Яе можна назіраць цёмнай ноччу нават няўзброеным вокам як туманную плямку ў сузор’і Андрамеды. Большасці з нас яна вядомая як Туманнасць Андрамеды, астраномы яе ведаюць пад назвай M31. Наша Галактыка і сама Сонечная сістэма з усім тым, з чаго яна складаецца, утварае той дом, дзе мы жывём. I ўсё, што ў гэтым доме адбываецца, безумоўна ўплывае і на нас з вамі. Дык паглядзім жа на зорнае неба, прыслухаемся да чароўных гукаў космасу і адчуем сябе неаддзельнай часцінай Сусвету! ЗОРНЫ СПЕЎ Пасляслоўе рэдактара «Ці чулі вы зорны спеў? Той спеў, што дзівоснай пяшчотна-самазабыўнай мелодыяй чаруе душу, прасвятляе яе натхнёнасцю, узносіць шчырасцю? Гэты спеў трэба адчуць, успрыняць, зліцца з ім у суладнасці — і тады... Узвышаныя зорным спевам, напоўненыя радасцю прасвятлення, пачынаем асэнсоўваць бяскрайнасць нябеснай прасторы і бясконцасць жыцця ў ёй, успрымаць хараство Сусвету і спарадкоўваць сваю дзейнасць у адпаведнасці з яго заканамернасцямі. Неба і зямля нарадзілі нас і пастаянна, клапатліва пабуджаюць, каб мы, непаслухмяныя з маленства іх дзеці, пазбавіліся гомацэнтрысцкіх памкненняў і на эстэтычна-духоўным узроўні належным чынам суладна і творча супольнічалі, каб ні на хвіліну не супыняліся ў развіцці, жылі ў згодзе і любові».