• Газеты, часопісы і г.д.
  • Нарадзілася я на Палессі... фальклорна-этнаграфічная спадчына Эма Яленская

    Нарадзілася я на Палессі...

    фальклорна-этнаграфічная спадчына
    Эма Яленская

    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 374с.
    Мінск 2019
    101.08 МБ
    ЭмаЯлснская
    ПАШІЖЯ Я ПА ПААК(І.Х
    Фальклорнаэшнаграфічная спадчына
    НАЦЫЯНАЛЬНАЯ АКАДЭМІЯ НАВУК БЕЛАРУСІ Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы
    Эма Яленская
    ШШШЯ Я ПАIMKL
    Фальклорна-этнаграфічная спадчына
    Мінск «Беларуская навука» 2019
    УДК 398(476.2)
    ББК 63.5(4Бен)
    Я51
    Укладанне, прадмова, пераклад з польскай мовы
    Уладзіміра Васілевіча
    Тэксталогія раздзелаў:
    «Казкі» Уладзіміра Васілевіча, «Беларускія песні і загадкі» Міколы Раманоўскага
    Рэцэнзенты:
    кандыдат гістарычных навук Т. I. Кухаронак, кандыдат філалагічных навук Н. Г. Мазурына
    Яленская, Э.
    Я51 «Нарадзілася я на Палессі...» : фальклорна-этнаграфічная спадчына / Эма Яленская ; уклад., прадм., пер. з пол. Уладзіміра Васілевіча. Мінск : Беларуская навука, 2019. 374 с.
    ISBN 978-985-08-2481-3.
    Кніга ўпершыню знаёміць беларускага чытача з фальклорна-этнаграфічнай спадчынай яскравага прадстаўніка беларускага народазнаўства Эмы Яленскай (1864-1919). У гэта выданне ўвайшоў яе грунтоўны нарыс «Вёска Камаровічы ў Мазырскім павеце», дзе дэталёва расказваецца пра жыццё, хатні і працоўны лад, сямейныя абрады і каляндарныя святы палешукоў, пра іх звычаі, светапогляды, народнае мастацтва і інш. На старонках кнігі змешчаны шматлікія запісы казак, песень, загадак, прыказак, дыялектная мова якіх перададзена была Э. Яленскай з надзвычайнай дакладнасцю. Уключаны таксама невядомыя беларускаму чытачу артыкулы Э. Яленскай, лісты і г. д.
    Кніга разлічана на краязнаўцаў, гісторыкаў, мовазнаўцаў, этнографаў, фалькларыстаў, арганізатараў народных свят, выкладчыкаў, студэнтаў і ўсіх, каго цікавіць спадчына роднага краю.
    УДК 398(476.2)
    ББК 63.5(4Бен)
    ISBN 978-985-08-2481-3
    © Васілевіч У. А., укладанне, прадмова, пераклад на беларускую мову, 2019
    © Афармленне. РУП «Выдавецкі дом «Беларуская навука», 2019
    Пралмова
    Паненка з вёскі Камаровічы
    Дзейнасць Эмы Яленскай-Дмахоўскай выразна паўстае ў трох іпастасях.
    3 яе імем звязаны прыкметныя для свайго часу набыткі ў польскай літаратуры. Як пісьменніца яна працягвала традыцыі Баляслава Пруса і Элізы Ажэшкі, з якімі мела перапіску. Яленская (звычайна яна падпісвала свае публікацыі дзявочым прозвішчам) пакінула цэлы шэраг празаічных і драматургічных твораў. Яе аповесць «Паненка» ў 1897 г. на конкурсе імя Б. Пруса, што праводзіла папулярная газета «Кур’ер штодзённы» («Kurier Codzienny»), атрымала першую ўзнагароду. Затым былі кнігі «Двор у Галінішках», «Ад кахання», «Тры пакаленні», «Матка», зборнік навел «Буслы» і іншыя. У 1903 г. на конкурсе драматургіі імя Генрыка Сянкевіча была адзначана яе драма «Сын», пастаўленая ў Лодзі і Вільні. А ў Варшаве ігралі яе п’есу «Крыўда». Пяру Яленскай належала і прасякнутая ідэямі патрыятызму аднаактоўка «Хвіля». Творы пісьменніцы заўсёды вызначаліся займальнай фабулай, закраналі грамадска-бытавыя праблемы. Яны былі перакладзены на нямецкую, чэшскую, рускую мовы, і сёння, перажыўшы больш за стагоддзе, працягваюць выдавацца ў Польшчы і не губляюць свайго чытача.
    Ад імя Эмы Яленскай-Дмахоўскай неад’емная і другая галіна яе дзейнасці грамадска-палітычная і асветніцкая, у якой яна актыўна ўдзельнічала на працягу ўсяго свайго жыцця, да самых апошніх дзён: стварала рухомыя бібліятэкі, арганізоўвала школы і сама выкладала ў іх, дапамагала настаўнікам словам і грашыма, з самаахвярнасцю і бескарыслівасцю праводзіла навучанне народных настаўніц, клапацілася пра рыштунак для навакольных школ, падтрымліваючы з імі цесныя кантакты. Рэдагуючы часопіс «Віленская зара» («Zorza Wilenska»), а пасля яго закрыцця часопіс «Світанне» («Jutrzenka»), неаднойчы трапляла ў канфліктныя сітуацыі з цэнзурай і паліцыяй. Выданне яе першага часопіса скончылася працяглым палітычным працэсам і заключэннем у 1911 г. Яленскай-Дмахоўскай на два месяцы ў сумна вядомую Лукішскую турму. Пад час германскай акупацыі была звязана з так званым Адукацыйным камітэтам, з’яўлялася заснавальніцай і прэзідэнтам Патрыятычнага саюза полек.
    Трэцяя істотная грань дзейнасці Эмы Яленскай-Дмахоўскай, якая прыпадае на ранні перыяд яе жыцця, выклікае ў нас, бадай, найбольшую цікавасць, бо яна была звязана са збіраннем, вывучэннем і публікацыяй вуснапаэтычнай творчасці беларускага народа і апісаннем яго быту. Менавіта гэтая малавядомая і да канца яшчэ не прачытаная старонка яе біяграфіі заклікае нас прыгледзецца да гэтай цікавейшай постаці, каб вярнуць амаль забытае імя беларускай фалькларысткі і этнографа сённяшняму чытачу.
    Нарадзілася Эма Яленская ва Ўсходнім Палессі, у вёсцы Камаровічы Мазырскага павета Мінскай губерні 29 (паводле некаторых крыніц 28) лютага 1864 г. у сям’і Амеліі (родам з Аскеркаў) і Зыгмунта-Гектара Яленскіх. Маёнтак Камаровічы ў згаданай вёсцы, як і сама вёска, і навакольныя землі, быў спадчыннай уласнасцю бацькі Эмы. Поўнае імя, якое дзяўчынка атрымала пры хрышчэнні 7 сакавіка 1864 г. у касцёле мястэчка Капаткевічы, што знаходзілася паблізу і належала іншым прадстаўнікам роду Яленскіх, было ЭміліяКазіміра. У сямігадовым узросце дзяўчынка страціла бацьку. Дзіцячыя гады яна правяла, галоўным чынам, на радзіме, а таксама ў маёнтку Глінцішкі, які належаў брату яе бацькі Мечыславу, пад Вільняю і ў самой Вільні. Навучалася дома пад наглядам маткі і хатніх настаўнікаў. Адчуваючы ў Эме не абы-якія здольнасці, маці заўсёды клапацілася пра адукацыю дачкі, садзейнічала набыццю ёю ведаў не толькі на радзіме, але і за мяжою. У 1890 г. Эма выйшла замуж за двараніна Расійскай імперыі доктара Казіміра Дмахоўскага (1856-1939) і ў тым жа годзе разам з мужам пераехала з родных Камаровічаў у Вільню, дзе ёй наканавана было пражыць усё астатняе жыццё яшчэ 28 год.
    Рознабаковыя інтарэсы Эмы Яленскай выявіліся з маладых год. Чым бы ні займалася яна потым на працягу свайго жыцця, ва ўсім адчувалася яе шчырая зацікаўленасць і адданасць абранай справе, сур’ёзны падыход, глыбіня разважанняў, мэтанакіраванасць. Набыўшы добрую адукацыю і застаючыся да пары да часу ў вёсцы, яна, як і яе маці, не цуралася простага люду, а, як відаць з яе грунтоўнага этнаграфічнага нарыса «Вёска Камаровічы ў Мазырскім павеце», вельмі добра і ўсебакова ведала жыццё палескага селяніна. Ужо на гэтым, раннім этапе сваёй творчасці, яна выпрацавала ў сабе рысы ўважлівага даследчыка, аналітыка, здольнага без сентыментальнасці ці паблажлівасці (што часам праяўлялася ў падобнага роду творах іншых аўтараў) аб’ектыўна расказаць пра свой народ, які з маленства акружаў яе, з усімі яго вартасцямі і заганамі. Можна без перабольшвання сцвярджаць, што палескі, «фальклорнаэтнаграфічны» перыяд дзейнасці, а таксама тагачаснае прагрэсіўнае пісьменства сфарміравалі Яленскую як асобу, падвялі яе да наступных жыццёвых напрамкаў мастацкай літаратуры і грамадскай дзейнасці.
    Яшчэ ў юнацтве пад уплывам славутага вучонага і рэдактара краязнаўчага часопіса «Вісла» («Wisla») Яна Карловіча і яго супрацоўніка, бібліёграфа і народазнаўца Зыгмунта Вольскага Эма Яленская зацікавілася побытам, матэрыяльнай і духоўнай культурай беларускага народа. Публікацыі з розных рэгіёнаў, прадстаўленыя ў даволі папулярным тады часопісе, нібы падштурхоўвалі яе да разумення, што і ў яе родным краі, у асабліва блізкім ёй Мазырскім павеце, можна напаткаць шмат цікавага такога, пра што яшчэ ніхто ніколі да яе не пісаў. У той час пад дахам часопіса «Вісла» набіраліся сіл і вопыту многія маладыя народазнаўцы-аматары. На заклік і звароты рэдакцыі вывучаць народнае жыццё ў сукупнасці ўсіх яго праяў чытачы ахвотна адгукаліся, чэрпаючы з гушчы народнага побыту неацэнныя факты, якія пад уздзеяннем часу беззваротна знікалі, адыходзілі ў нябыт. У кожным сваім нумары «Вісла» скіроўвала чытачоў на пошукі тых ці іншых звестак дзеля ўстанаўлення іх наяўнасці або ступені
    і арэалу распаўсюджання. Завязалася перапіска з часопісам і ў Яленскай, якая на запыты галоўнага рэдактара пачала дасылаць сабраныя ёю ў родных палескіх кутках творы вуснай народнай паэзіі. Сярод іх было некалькі калыханак; прычым, збіральніца не абмежавалася падачай тэкстаў, а паспрабавала даць характарыстыку гэтаму жанру, акрэсліла абставіны выканання, адзначыла галоўны вобраз ката, параўнала з прыблізным польскім варыянтам і нават прывяла нотны прыклад. У Мазырскім і Рэчыцкім паветах яна таксама запісала 45 прыказак сацыяльнага і бытавога зместу. Паводле захаваных у архівах яе лістоў, можна меркаваць пра пэўную прафесійную эрудыцыю пачаткоўкіфалькларысткі, якая ўласныя запісы супастаўляла з іншымі ранейшымі публікацыямі беларускай народнай паэзіі (са зборнікаў Р. Зянькевіча, П. Шэйна).
    У невялікіх нататках, змешчаных у «Вісле», пад рубрыкаю «Шведы, татары і туркі», Яленская паспрабавала заглыбіцца ў змест традыцыйных песень, каб убачыць у іх і праз іх лепш зразумець народныя ўяўленні пра падзеі далёкай мінуўшчыны. Напады татар, спальванне імі беларускіх сёлаў не сцерліся ў народнай памяці і праз вякі даходзілі да нашчадкаў у выглядзе паданняў, легенд, песень. Праўда, часам літаральная трактоўка перашкаджала Яленскай прыйсці да аб’ектыўных высноў, і ўсё ж сам па сабе такі аспект вывучэння народных песень меў пэўны сэнс.
    Зацікаўленне Яленскай мясцовым фальклорам не абмежавалася адзінкавымі запісамі. 3 усёй сур’ёзнасцю паставілася яна да пошукавай работы. Пра гэта сведчыць не толькі разнастайнасць жанраў, якім яна ўдзяліла сваю ўвагу, але і колькасць запісаў. Знаёмая з найбольш значнымі зборнікамі беларускага фальклору, яна ведала, на што ў сваіх апытаннях інфарматараў можна арыентавацца і што трэба шукаць. Плён яе збіральніцкай дзейнасці быў даволі значны, асабліва калі ўлічыць, што ўсё яна рабіла без чыёй бы там ні было дапамогі і рабіла на самым высокім узроўні! I нават пераехаўшы на сталае пражыванне ў Вільню і страціўшы непасрэдныя кантакты з беларускай вёскаю, яна не забывалася на зробленыя на Палессі свае запісы, прыводзіла іх да ладу дзеля таго, каб праз краязнаўчы часопіс азнаёміць з імі чытача. I ўжо ў 1891 г. у сваіх лістах да Карловіча яна паведамляе пра цэлыя зборнікі вуснай народнай творчасці, якія ёй удалося сабраць і ўпарадкаваць. Аднак, нягледзячы на намаганні тагачасных польскіх навукоўцаў, іх так і не ўдалося апублікаваць пры жыцці Яленскай. Лёс гэтых рукапісных зборнікаў склаўся па-рознаму.