• Газеты, часопісы і г.д.
  • Нарадзілася я на Палессі... фальклорна-этнаграфічная спадчына Эма Яленская

    Нарадзілася я на Палессі...

    фальклорна-этнаграфічная спадчына
    Эма Яленская

    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 374с.
    Мінск 2019
    101.08 МБ
    Для тых, хто шукае заробку, заўсёды існуе магчымасць знайсці працу. Праўда, цэны на работніка ў параўнанні з іншымі краямі досыць нізкія; аднак у іншых мясцовасцях бывае яшчэ горай. У Наваградскім, Магілёўскім, Оўруцкім паветах умовы жыцця павінны быць яшчэ цяжэйшыя, чым у нашым, бо тамтэйшыя жыхары штомесяц ахвотна прыбываюць аж на наша Палессе ў якасці платных парабкаў. Многія з тутэйшых заможных гаспадароў наймаюць сабе на лета не менш за дзесяць, a то і больш такіх парабкаў. Бо палескі селянін занадта багаты на зямлю, каб мог абыйсціся без парабка. Тыя ж, у якіх не хапае ўласнае зямлі, вымушаны наймацца, бо добра ведаюць, што ўсюды яны будуць жаданымі. Таму яны выбіраюць найбольш выгодныя ўмовы, перабіраюць, хто колькі дасць, а пры самай нязначнай незадаволенасці пакідаюць знойдзенае месца, не зважаючы на дамоўленасць. Таму наняць на Палессі парабка, вартаўніка, служку, іншых памочнікаў у доме даволі цяжка. Аднак кошт работніка і дагэтуль невысокі.
    Трэба дадаць, што ўсе падзённыя работнікі заўсёды знаходзяцца на ўласным харчаванні, а калі выпадае якая-небудзь іншая праца ў гэты час, то за дзень яны атрымліваюць нармальную плату; напрыклад, калі ў час жніва бяруць жанчыну таўчы крупы, дык плацяць ёй як за жніво.
    Найміт у двары за дзень атрымлівае: мужчына за касьбу 35 кап., за вываз жыта 30 кап., працуючы на бульбе 30 кап., за цяслярскую работу летам 30 кап. Жанчына за жніво 25-30 кап., грэбці сена 25-30 кап., на бульбе 25-30 кап.
    Дзіцё, якое дапамагае вязаць снапы альбо падае кошыкі на бульбе, зарабляе 10 кап. Калі чалавек наймаецца на месяц, то найчасцей яго бяруць і на ўтрыманне ў двары. Калі парабка бяруць на 6 месяцаў, на ўсё лета, то яму плацяць ад 5 да 7 рублёў у месяц, пры гэтым харчуецца ён на дворскім стале і за гэта ён павінен выконваць любую, якая выпадзе, работу. Іншая ўмова з парабкамі на вінакурні. Гэта вельмі цяжкая праца, бо не спыняецца ні дзень, ні ноч,
    а адпачынку ўсяго 5 гадзін у суткі; такім чынам, адзін чалавек не змог бы вытрымаць увесь гэты тэрмін. Таму кожны, хто дамаўляецца, бярэ з сабою падменніка, і яны змяняюцца кожны тыдзень. Аднак двор дамаўляецца толькі з адным, і яму выплочвае па 8 рублёў у месяц, дае яму жытло ў вінакурні, бульбы колькі з’есць і дзве чаркі гарэлкі на дзень. Ён жа павінен прывесці сабе падменніка і сам мусіць знаходзіцца на сваім харчаванні і хлебе. Жанчын наняць на месяц улетку немагчыма, бо кожная жадае атрымліваць грошы за дзень. Зімою жанчына пры двары, на ўтрыманні зарабляе за месяц 2 руб. срэбрам. Дзяцей наймаюць пасвіць гусей, свіней і г. д. Але гэтак дамаўляюцца не на месяц, а на ўвесь земляробчы перыяд, які працягваецца да шасці або шасці з паловай месяцаў. Пастушок зарабляе на ўтрыманні 9 руб. ср. За год парабак на ўтрыманні зарабляе 35 руб. ср. Лесніку даюць 40 руб. ср., хату з агародам, зямлю для пасадкі бульбы, бочку жыта, паўбочкі ярыны і солі колькі запатрабуе. Пастух зарабляе 35-40 руб. ср. і ўтрыманне, гуменны1 50 руб. ср. і ўтрыманне, а для сям’і яму даюць хату з агародам, гаспадыні 25 руб. ср. і ўтрыманне, дзіцяці 15-18 руб. ср. і ўтрыманне. Ёсць яшчэ так званыя дойкі жанчыны, калі ёсць вялікая колькасць кароў, прыходзяць з вёскі рана і вечарам на даенне. 3 імі дамаўляюцца гэтак: плоцяць ім 3 рублі ў год і, акрамя таго, кожная мае права пасылаць на пашу сваю карову разам з панскім статкам. Выдача вопраткі ў нас ніколі ва ўмову не ўваходзіць.
    Найміт у сялян атрымлівае зусім іншую, вельмі разнастайную аплату. Зразумела, кожная гаспадарка імкнецца абыйсціся сваімі сіламі; аднак, у некаторых хатах, напрыклад, ва ўдоў ці ў салдатак немагчыма ўсяму без чужой дапамогі даць рады. Таму наймаюць сабе каго-небудзь у дапамогу, а расплочваюцца часцей натуральнымі прадуктамі: асьмінай жыта, «сцяною» палатна і да т. п. На гэта няма ніякая акрэсленай нормы.
    Камаровіцкія сяляне ніколі не шукаюць далёкай работы і, напрыклад, могуць няблага зарабіць на пабудове чыгункі, але на гэта прынамсі няма вялікага жадання. Маючы ўласную гаспадарку, да іншых ніколі не ходзяць. Аднак, у іншых палескіх вёсках адбываецца па-свойму, напрыклад, у Камаровічы прыходзяць пад час капання бульбы работнікі за тры і за чатыры мілі. Аднак, жыхары Камаровічаў не пагарджаюць прыбыткам, калі ён лёгка прыходзіць і шукаць яго не трэба. Яны ахвотна працуюць на лясных промыслах, тым больш што гэта выдатна аплочваецца. Падвозяць таксама да чыгункі гарэлку, лясныя матэрыялы і да т. п. Ніколькі не пагарджаюць яўрэйскімі грашыма ім усё адно, у каго наймацца, абы аплату атрымаць.
    Аднак, лад іх жыцця ад таго, што яны маюць больш ці менш багацця, мала змяняецца. Ёсць на вёсцы людзі, якія сабралі сабе на працягу жыцця каля дзесяці тысяч рублёў, але ніхто не мог бы гэтага пра іх падумаць. Грошы свае яны найчасцей мяняюць на срэбра, наколькі гэта магчыма, і хаваюць потым у пэўным месцы. Або закопваюць у зямлю. Пра гэтыя схаваныя скарбы заўсёды шмат гаворыцца ў вёсцы, і колькі разоў, калі згарыць хата, расказваюць, што
    1 Гуменнага ва ўсёй Літве і на Палессі называлі цівуном.
    былі там у сцяне альбо ў даху вялікія багацці. Аднак, разумнейшыя купляюць банкаўскія білеты і ніколі не адразаюць купонаў, дзякуючы чаму расце капітал. Некаторыя таксама пазычаюць пад працэнты.Тым не менш такія багацеі не змяняюць ні спрадвечнай вопраткі, ні хат не маюць лепшых, ні набываюць для сябе ніякіх навінак, ні нават зямлі не купляюць. Хоць апошняя часам можа і ўсміхнуцца, і яны робяць да гэтага пэўныя крокі, але ў апошнюю хвіліну шкода пазбыцца грошай бярэ верх, і ніводзін падобны інтарэс не даходзіць да канца. Было ў нашай мясцовасці некалькі спроб прадаць маёмасць сялянам, і ніводная не атрымалася. Найбольш заможны селянін адрозніваецца ад іншых толькі тым, што, можа, крыху больш за іншых вып’е ў нядзелю гарэлкі, што лепшую і ў болыпай колькасці мае жывёлу і часцей абувае боты. Дзеці яго ў гэткіх самых падраных кашулях бегаюць па вуліцы, а старэйшыя сыны і дочкі ходзяць на работу, нічым не адрозніваючыся ад бедных. I ніколі не ўдалося мне заўважыць нават ценю зайздрасці ў бяднейшых, ці ганарыстасці і пагарды ў багатых. Кожны селянін, якою б ні была яго гаспадарка, для другога наш брат, і ва ўяўленнях сваіх яны відавочна ўсе цалкам роўныя між сабою. Нават тыя, хто не мае зямлі (што тут не вельмі часта сустракаецца), ніколі з гэтае прычыны не зазнаюць прыніжэння, і ніхто не стане іх выракацца. Тут яшчэ моцна захаваліся несапсаваныя чалавечыя адносіны, а людзі даволі простыя і добрыя, каб зразумець розніцу ў грамадскіх поглядах, якую стварае багацце. Што багатаму лепш жыць на свеце, дык гэта не прычына, каб ігнараваць беднага, бо, урэшце рэшт, багаты нічым не лепшы за яго. Так усе яны гэта разумеюць, так жывуць паводле гэтага правіла, так захоўваюць адносіны паміж сабою, не зважаючы на памеры сваёй маёмасці.
    Распавядаючы тут аб працы і заробках, я павінна згадаць яшчэ пра пэўны клас людзей, што жывуць на Палессі пад назваю хатэчковых. Гэта ў большасці сваёй даўнія перасяленцы са Шлёнску і Галіцыі, а таксама шматлікія ліцвіны, якія аселі тут на наступных умовах: двор дае пэўнай сям’і хату, агарод, дзесяціну поля і паўдзесяціны лугу, дровы і лес, каб паправіць будоўлю, ці каб паставіць новае жытло, калі ўзнікне патрэба. Сям’я ж такая абавязана выдзяляць штодзённа на працягу года дваіх работнікаў па цане 20 кап. за мужчыну, 15 кап. за жанчыну і 10 кап. за дзіця. Цэны для такіх «хатэчковых» ніколі не супадаюць з існуючымі, і калі селянін з вёскі бярэ за дзень касьбы 35 кап., то тыя бяруць толькі 20 кап. і нават калі б і не хацелі, але мусяць ісці. Такая дамоўленасць карысная толькі тады, калі ў хаце жывуць разам некалькі дарослых людзей, напрыклад, бацька, сын, нявестка, дачка і г. д., бо яны і зарабіць могуць за дзень 35 кап., а можа і болей, і ў хаце ёсць каму працаваць, і на зямлі. I для двара таксама лепш, бо можна дакладна разлічваць на некалькіх работнікаў. У Камаровічах ёсць такі пасёлак, які складаецца з дванаццаці хат, дзе жывуць пераважна перасяленцы з-пад Шлёнска і Кракава, а таксама пара сем’яў, якія пераехалі яшчэ пры колішнім пане з наваколляў Вільні. Усё гэта каталікі, якія размаўляюць па-польску. Іх матэрыяльны быт цалкам залежыць ад асабістых уменняў і здольнасцяў. Некаторыя, найбольш працавітыя, жывуць у цэлым
    добра і нават адкладваюць лішні грош на чорны дзень, іншыя ж вечныя бедакі, штогод мяняюць месца жыхарства і нідзе не могуць прыжыцца і заседзецца. Пасёлак гэты, які размясціўся прыблізна за вярсту ад двара паміж Заполлем і Камаровічамі, называецца Крыжык ад драўлянага крыжа, пастаўленага там калісьці паняю на памяць пра нейкае небяспечнае здарэнне з коньмі. Жыхароў Крыжыка агулам называюць «крыжакі», альбо па-простаму «крыжацкіе». Жывуць яны цалкам адасоблена, стасуюцца пераважна паміж сабою, а з мясцовымі сялянамі маюць толькі далёкія сувязі. Яны не адрозніваюцца ні большай, чым у тутэйшых, маральнасцю, ні парадкам, аднак характэрная іх рыса імкненне да асветы. Іх сыны амаль усе ходзяць у школку, хоць, не належачы да воласці, мусяць плаціць за навучанне. Дзеці вучацца старанна, з ахвотаю і поўным разуменнем усёй важнасці навукі.
    III.
    Вёскі Камаровічы і Заполле выцягнуліся ў доўгую лінію: Камаровічы з поўдня на поўнач, Заполле з паўднёвага ўсходу на паўночны захад. Такога парадку ў будаванні вёскі трымаліся, відаць, яшчэ з даўнейшых часоў, калі на адным баку вуліцы стаялі жылыя дамы, а на другім ставілі «клеці», свіронкі, а крыху далей ад хатагароджы з гумнамі і азяроды. Цяпер ужо іначай; пры павелічэнні колькасці насельніцтва хаты будуюць па абодва бакі вуліцы, толькі гумны засталіся на адным баку і цягнуцца крокаў дзвесце на аднолькавай адлегласці ад гаспадарчых збудаванняў, нібыта ўтвараючы яшчэ другую, меншую вёсачку. У Камаровічах пры ўваходзе ў вёску на першым жа кроку бачыш карчму, праўда, вельмі сціплых памераў, якая, тым не менш, умяшчае ў сабе даволі шматлікую і гучную грамаду. Карчма, а таксама некалькі першых хацінак стаяць яшчэ на панскай зямлі. У гэтых хацінах жывуць ляснік, былы аканом, пячнік і яўрэй-крамнік, які разам з гандлем тэкстыльнымі таварамі і рознымі дробязямі часам яшчэ больш спекулюе гарэлкаю, валамі і г. д. У гэтам месцы знаходзіцца даволі шырокі невялікі пляц, пасярод якога стаіць драўляны крыж, заўсёды абвешаны яркімі кавалкамі паркалю гэта маленькія, старанна пашытыя фартушкі, часам нават з вышыўкаю. Палескія жанчыны вешаюць іх на крыжах, калі ім сасніцца нешта благое, са спадзяваннем, што гэтая ахвяра абароніць іх ад няшчасця. Побач з крыжам ёсць студня, пры ёй карыта і вечна напоўненая лужына. Направа ад гэтага пляца адбягае нібыта асобная вулачка, на якой у вялікім велічным доме з ганкам на слупах жыве праваслаўны святар і яшчэ некалькі гаспадароў. Якім чынам гэтыя некалькі хат адарваліся ад астатняй вёскі, не ведаю. Калісьці гэта маглі быць хаты панскай прыслугі ці рамеснікаў, што пасля надзялення іх зямлёю засталіся на даўніх сядзібах. Сёння яны карыстаюцца тымі ж правамі, што і іншыя сяляне.