Нарадзілася я на Палессі...
фальклорна-этнаграфічная спадчына
Эма Яленская
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 374с.
Мінск 2019
Камаровіцкая воласць разлягаецца даволі шырока. У яе ўваходзіць 13 вёсак: Камаровічы, Заполле, Вялікія Гарадзяцічы, Малыя Гарадзяцічы, Убійбацькі, Галоўчыцы, Філіпавічы, Ванюжыцы, Навасёлкі, Гурыны, Млынок, Бобрык і Фаставічы. Гэтаксама, як і ўсе воласці ў імперыі і заходніх губернях, яна мае самакіраванне, выбірае «старшыну», «сотнікаў» і г. д. У суседняй воласці старшынёю прызначылі самага нядбайнага ў вёсцы гаспадара, у перакананні, што з такім заўсёды лягчэй дамовіцца і што ён будзе менш сачыць за парадкам,
1 Завнтневнч В. 3. Нз археологнческой экскурснн в Прнпятское Полесье. Кнев, 1890.
а праз гэта будзе больш свабоды. У Камаровічах жа атрымалася наадварот: старшыня даволі малады селянін, разумны, былы салдат, суровы, але справядлівы. Лепшым довадам пэўнага інтэлектуальнага ўзроўню тутэйшых сялян з’яўляецца той факт, што выбіраюць яго ўжо ў чацвёрты раз.
Камаровічы да правядзення на Палессі чыгуначных шляхоў знаходзіліся за 130 вёрст ад чыгункі (у Бабруйску). Цяпер да бліжэйшай станцыі Капцэвічы на Гомельска-Пінскай лініі вёрст 35. Да павятовага горада Мазыра звыш 80 вёрст. А бліжэйшае мястэчка бедны занядбаны куток Капаткевічы, вёрст за 5 адсюль заселена пераважна яўрэямі і некалькімі рамеснікамі-хрысціянамі. Там таксама ёсць пошта, аптэка і нядаўна аселы лекар. Акрамя таго, там была яшчэ каталіцкая парафія і пробаства, але ўжо некалькі год пасля смерці пробашча месца яго засталося вольным, а касцёл аддадзены пад кіраўніцтва мазырскага дэкана. Такім чынам, вёска Камаровічы, можна сказаць, ёсць тым, што завецца заняпалай глухаманню. Сувязь са знешнім светам, акрамя валасной пошты, якая дастаўляе лісты і карэспандэнцыю 2 разы на тыдзень, вельмі складаная. Дрэнны стан дарог, летам пяскі, а ўвосень і ўвесну непраходная гразь у вёсках і на грэблях таксама з’яўляюцца прычынаю таго, што жыхары жывуць выключна самі для сябе, адасоблена, ствараючы свой адметны свет, да якога амаль не маюць подступу знешнія, чужыя ўплывы, і самі людзі вельмі мала цікавяцца далёкім светам. У свядомасці палешука, які нарадзіўся ў сваёй вёсцы, вырас у вузкім коле сваёй сям’і і суседзяў і які састарэў сярод гэтага акружэння, астатні свет уяўляецца нечым не зусім сапраўдным, нават крыху казачнымі дзівосамі, у якія паверыць цалкам проста небяспечна.
Нават з пункту гледжання водных шляхоў зносін, якімі так шырока карыстаюцца на Палессі, Камаровічы аказаліся пакрыўджаныя лёсам. У трох вярстах ад вёскі цячэ сапраўдная рака Арэса, якая ўпадае ў Пціч, аднак у якасці воднага шляху яна можа служыць толькі кароткі веснавы перыяд, калі яе шырока разлітыя воды могуць рухаць нават вялікія баркі. Улетку яна месцамі амаль поўнасцю перасыхае, і яе можна пераплысці і перайсці, месцамі ж віры і ямы ўскладняюць пераправу праз яе. Моцная і хуткая плынь ракі некалі прыводзіла ў рух млыны, сукнавальні і нават паўвека таму назад тут размяшчалася паперня. Сёння на камаровіцкім беразе засталіся толькі сляды ад грэблі, рэшткі печаў і нададзеная мясцовасці назва Рудня, дзе калісьці капалі жалезную руду. Відавочна, навакольныя балоты змяшчаюць у сабе вялізную колькасць гэтай руды, а ў былыя часы пераплаўка яе была адной з галоўных галін промыслаў у гэтым краі. Арэса мае нізкія берагі, часткова пакрытыя ўздоўж сасновым лесам. Рэчышча яе даволі шырокае, з надзвычай дзівоснымі паваротамі. 3 ёю злучаюцца некалькі малых ставоў, утвараючы большыя або меншыя выспы, зарослыя лазою; вялікі трыснёг і чарот шчодра пакрываюць яе берагі. Надзвычай сумны, дзікі і чароўны пейзаж.
Вёска Камаровічы ляжыць на нахіленай раўніне. На адным баку вёскі цягнуцца роўнымі шнурамі сялянскія палі, а на другім велізарныя забалочаныя лугі, якія ўдалечыні заканчваюцца сасновым лесам. Вёска Заполле размясці-
лася амаль каля самога лесу, адным канцом яна дакранаецца да яго і мае весялейшы выгляд. Наогул жа гэты палескі кут даволі плоскі, пакрыты рэдкім лесам, часта карлікавым, або ён свеціцца пясчанымі палянамі, на якіх акрамя дзіванны і бяссмертнікаў нічога не можа расці. Пры ўзыходзе сонца і пры заходзе над балотамі і лугамі ўздымаюцца ў паветры серабрыстыя туманы, засланяючы далёкі гарызонт. Тады чалавек адчувае сябе аддзеленым ад усяго свету, нібыта выпадкова выкінутым на бязлюдную выспу пасярод туману і хаатычна параскіданых багнаў. У гэтым ёсць нейкая дзіўная, але надзвычай моцная прыцягальнасць.
Палескія землі вызначаюцца перш за ўсё велізарнымі абшарамі. Мазырскі павет налічвае 1 272 370 квадратных дзесяцін. 3 іх 218 509 кв. дзес. належаць сялянам. Застаецца, такім чынам, 1 053 861 кв. дзес. дзяржаўнай і гаспадарскай зямлі. Але гэтых гаспадароў у нашым павеце такая невялікая колькасць, што на кожнага прыпадаюць даволі значныя плошчы зямлі. У даўнейшыя часы, пры паншчыне, гэта былі вялікія, багатыя памесці. Цяпер жа змяніліся абставіны, і, застаўшыся без дастатковай колькасці рабочых рук, велізарныя тэрыторыі з высечанымі лясамі ўжо не эксплуатуюцца; часта яны, цалкам пакінутыя сваімі ўладальнікамі, сведчаць толькі пра колішнюю заможнасць шляхты ў гэтым краі. Палескія землі, бясспрэчна, маюць выдатную будучыню: багатая зямля, нягледзячы на невялікія ўраджаі, неабсяжныя лугі, лясы, -усё гэта пры добрай працы і капітале магло б некалі прыносіць высокія працэнты.
Малых гаспадарак адносна мала ў нашых краях. Тыя ж, якія ёсць, утварыліся як маленькія фальваркі, дадзеныя былымі панамі сваім аканомам, лоўчым і г. д. за добрую службу. Такія гаспадаркі рэдка пераходзяць у чужыя рукі. Вялікія ж маёнткі сапраўды значныя. He гаворачы ўжо пра такія магнацкія ўладанні, як Петрыкаўшчына Хадкевічаў альбо былыя землі Радзівілаў, што належаць цяпер княгіні Гогенлоэ. Звычайны шляхціч часта мае больш за 20 000 кв. дзес. Такі абшар толькі ўскладняў і абцяжарваў справу кіравання гаспадаркаю, а недахоп людзей і рабочай сілы яшчэ больш дае сябе адчуць на такіх прасторах.
Камаровіцкія землі, калі не ўлічваць зямель, якія належаць сялянам, ахопліваюць 16 700 кв. дзес. У выніку гэтага суседства атрымліваецца далёкім, вёскі рэдкія і параскіданыя, і ў цэлым край аказваецца вельмі мала заселены. На поўдзень ад панскага двара, які размяшчаецца больш-менш у самым цэнтры Камаровічаў, за 10 вёрст, калі ехаць летняй дарогаю, знаходзіцца фальварак Галоўчыцы, а на поўнач, за вёрст 12 фальварак Бобрык. Самая блізкая да Камаровічаў вёска раскінулася на супрацьлеглым беразе Арэсы, ужо ў Бабруйскім павеце урадавая вёска Фаставічы («Хваставічы»), Далей цягнуцца велізарныя тэрыторыі, што некалі належалі Радзівілам; далей Грабаў, Навасёлкі і Філіпавічы («Піліпавічы»), праз вёрст 15 Ванюжыцы, уласнасць гаспадара з-пад Вільні; яшчэ праз мілі чатыры Лучыцы, што мяжуюць з Галаўчыцамі колішнія ўладанні вядомага філантропа Напалеона Яленскага, цяпер купленыя гаспадыняю з-пад Масквы; і, нарэшце, Міхедавічы. Далей ужо вёскі,
якія не маюць межаў з Камаровічамі: Слабада, Ляскавічы, Капцэвічы, Чалюшчавічы, Дарашэвічы, Капаткевічы, Міхнавічы, Людзяневічы.
Камунікацыі паміж адной і другой вёскамі сустракаюцца вельмі рэдка. Яўрэі ездзяць увесь час, але сярод сялян можна сустрэць людзей, якія за некалькі дзесяцігоддзяў свайго жыцця не адважыліся на вандроўку далей, чым за пару міляў. Цікаўнасць для палешука рыса зусім не характэрная; наадварот, ён моцна прывязаны да свайго кута і неахвотна пакідае яго. Нават шлюбы маладых людзей з розных вёсак бываюць даволі рэдка, а на усялякіх зборышчах, калі здараецца сустрэць суседзяў з наваколля, узаемная непрыхільнасць часта выяўляецца ў жартах, з’едлівых словах і ва ўпартым жаданні трымацца асобна, у коле сваіх людзей. Найбольш збіраецца людзей у Камаровачах пад час капання бульбы. Тады з навакольных і нават аддаленых вёсак прыбываюць на работу жанчыны і маладыя хлопцы і застаюцца там на некалькі дзён. Часам збіраецца такім чынам да 300 работнікаў.
Палессе, якое атрымала сваю назву ад лясоў, і сапраўды густа пакрыта лясамі. Мазырскі павет на 1 272 370 кв. дзес. агульнай тэрыторыі мае: ворнай зямлі 214 773 кв. дзес., пад лясамі 517 148 кв. дзес., лугоў, выганаў і да т. п. 110 266 кв. дзес., непрыдатнай зямлі 430 182 кв. дзес. I атрымліваецца, што найбольшая плошча, ажно 40,6 % прыпадае на лясы. Раней нашы дубы і сосны здзіўлялі знаўцаў гэтай справы. Сёння мінула тая пара, бо ўладальнікі лесу не даюць дрэвам дажыць да найбольшага росквіту, а пазнейшым часам яны стараюцца праз кожны дзясятак гадоў спілаваць усё што можна дзеля пагашэння нейкіх даўгоў. Сяляне тым больш кіруюцца правілам: «Чэго-чэго, а лесу ўсім будзе», і зусім не дбаюць пра захаванне парадку ў сваёй гаспадарцы; і ўжо ёсць нямала вёсак, у якіх людзі вымушаны купляць лес на дровы. Сапраўды, прыгожымі цяпер застаюцца толькі казённыя пушчы, дзе можна яшчэ любавацца і сталетнімі дубамі, і высокімі стройнымі мачтавымі соснамі, толькі ў самым версе увенчанымі цёмнай кронай. Найбольш распаўсюджаным дрэвам на Палессі, бясспрэчна, з’яўляецца сасна: на пясках яна карлікавая і адмыслова выкручаная, а на лепшых глебах расце густая, прамая, дасягаючы незвычайнай вышыні. Акрамя таго, расце тут дуб, елка, клён, ліпа, ясень, асіна, граб, бяроза, альха і рабіна; над вадою вербы, найбольш кустамі, лаза, ляшчына, каліна, дзікая маліна і ажына, хмель, што ўсюды пнецца, і павоі з буйнымі белымі кветкамі. Гэта найбольш распаўсюджаныя па лясах расліны. Над ставамі і ручаямі расце шмат аеру, трыснягу і высокага цвёрдага чароту.
Лясы густа заселены рознага роду зверыною. Сярод драпежнікаў найбольшай увагі заслугоўваюць мядзведзі, якіх тут сустракаецца даволі шмат. Летам яны снуюць па лясах, выдзіраючы пчолы, нападаючы на коней, што пасуцца на начлезе, ці часта выядаючы грэчку і авёс на сялянскіх палетках. Парою вясковыя жанчыны, вяртаючыся з лесу, з грыбоў, перапалоханыя, расказваюць, што сустрэлі мядзведзя. Зімою мядзведзі ўкладваюцца ў збудаваныя «барлогі» ў самых глухіх месцах лесу, і ў гэты час паляванне на іх найбольш паспяховае. Паляўнічых на Палессі шмат, і трапляюцца сярод іх такія, што сваімі рукамі
забілі не менш як дзясятак, a то і яшчэ болып мядзведзяў. Дзікі таксама часта сустракаюцца сярод нізкіх і густых зараснікаў. Статкі сарнаў і аленяў ходзяць па лесе ў вялікай колькасці. Ласі, хоць і зрэдку, але завітваюць у нашы ваколіцы. А ваўкоў і лісаў маем велізарнае мноства. 3 меншага звяр’я ёсць зайцы, куніцы, ласкі, выдры, вавёркі, процьма кратоў і нават дзе-нідзе трапляюцца бабры, якія жывуць па некалькі сем’яў разам над берагамі рэк. Яшчэ гады два таму назад даводзілася бачыць бабровыя домікі, пабудаваныя за некалькі вёрст ад Камаровічаў над рэчкаю Бабрыцаю, якая, напэўна ж, ад гэтых звяроў і набыла сваю назву. На жаль, знішчэнне зверыны з’яўляецца адной з найбольш распаўсюджаных заганных звычак палешука, і ніякія папярэднія наказы, загады не ў стане прадухіліць выбіранне яек з птушыных гнёздаў, знішчэння маладых зайчанятак і наогул палявання ў забаронены час. Першым жаданнем маладога хлопца, калі ён знойдзе птушанятка або звярка гэта схапіць яго і забіць. Пастухоўскія сабакі дзейнічаюць паводле гэтых жа самых інстынктаў, што і іх гаспадары, таму выпасванне жывёлы ў лесе становіцца ўсё большаю бядою для зверыны і птаства.