Нарадзілася я на Палессі...
фальклорна-этнаграфічная спадчына
Эма Яленская
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 374с.
Мінск 2019
абкурваюць хворых. Паміж печчу і сцяной, налева ад дзвярэй, стаіць полка або ложа. Звычайна гэта доўгі і шырокі тапчан, нерухома прымацаваны да сцяны, на якім могуць спаць разам некалькі асоб. Найчасцей гэтае месца займаюць гаспадар з жонкаю, старэйшыя людзі спяць на печы, а маладзейшыя сцелюць сабе на лавах пад вокнамі. Колькасць спячых у адной хаце часам даходзіць да 14 і больш асоб. Улетку ўсе маладзейшыя спяць у стадоле, у гумне або на свежым паветры. Наогул трэба прызнаць, што вялікіх выгод палешукі не вымагаюць: на дошкі кладуць сяннік, пад галаву падушку з пер’ем, пакрытую каляровым паркалем, а за пакрывала служыць ваўняная, досыць цёплая прасцілка ці кажух. Старэйшыя часам спяць на пярыне. Могуць, аднак, абыйсціся без усіх гэтых рэчаў, ім зручна бывае спаць і на голых дошках са скручанай пад галавою адзежынай замест падушкі. Поўнасцю перад сном не распранаюцца. Мужчыны скідаюць толькі боты або лапці, камізэльку і паясы, жанчыны застаюцца ў кашулі, у лёгкай спадніцы, з малой хустачкай на галаве. Калі ў хаце ёсць маленькае дзіця, то калыска, звычайна лубяная, падвешваецца на вяроўках, што спускаюцца ад столі, блізка каля ложка, каб матка магла, не ўстаючы, пагушкаць яго, калі закрычыць. За бэлькі пад столлю, як правіла, затыкаюць розныя рэчы: верацёны, вязанкі ільну, ссохлыя макавіны, лучыны, сухія зёлкі, лыка на лапці і г.д. Усё гэта так нізка, што дастаткова падняць руку, каб нешта дастаць, калі трэба. Таксама пад столлю каля ложка вісіць доўгая папярочная жордка, якая служыць вешалкаю для разнастайнага адзення, якое трэба мець пад рукою; яшчэ там сохне бялізна, пялёнкі і г. д. Столь з драўляных бэлек ніколі не беляць. Сцены раней таксама не бялілі, толькі штотыдзень мылі гарачай вадою, з-за чаго яны з цягам часу рабіліся гладкія і бліскучыя, нібы паліраваныя. Цяпер гэты звычай адыходзіць, і замест мыцця раз або два разы на год іх беляць крэйдай («мелам»), Гэта выглядае брыдка на драўлянай сцяне. У хаце амаль ніколі не бывае падлогі, яе замяняе звычайная зямля, прыбітая глінаю, няроўная і поўная дзірак. Паміж двума вокнамі і насупраць двара, можа, на паўтара локця ад сцяны знаходзіцца лучнік. Гэта арыгінальная і вельмі практычная прылада для асвятлення і, наколькі я ведаю, чыста палескага паходжання свайго роду «комін», які спускаецца са столі ўніз, вузкі ўверсе і пашыраны ўнізе. Ён сплецены з лазы, абгорнуты грубым палатном і аблеплены зверху і ўсярэдзіне глінаю. Унізе на даволі доўгіх кручках падвешваецца жалезная рашотка, на якую кладуць запаленую смольную лучыну. Дым выходзіць праз лучнік уверх, на двор, паветра ў хаце ачышчаецца, а лучына лье яснае, прыгожае, вясёлае святло, якое ружовым бляскам асвятляе маладыя твары, што схіліліся над прасніцаю, старыя сівыя галовы і закопчаныя тварыкі дзяцей. Само памяшканне палескай хаты пры святле лучніка ўяўляе сапраўды маляўнічае відовішча. Нейкі водар старажытнасці, даўно мінулых гадоў сыходзіць з гэтага зацішнага свету, для якога чужымі здаюцца агульначалавечыя, грамадскія і палітычныя інтарэсы і які пра тое, што хвалюе ўсю астатнюю Еўропу, не мае найменшага ўяўлення і зусім не прагне вырвацца з гэтага зачараванага кола, спрадвеку яшчэ распачатага продкамі. Нагледзеўшыся на цы-
вілізаваныя краіны, на адукаваныя народы, цяжка паверыць, што гэтая палеская хата ці яе жыхары, усе гэтыя прыстасаванні і ўвесь гэты першабытны лад сапраўды існуюць пасярод зменлівага еўрапейскага грамадства на схіле XIX стагоддзя. Такія гэтыя людзі яшчэ простыя, самародкавыя, наіўныя, поўныя дзіцячай абаяльнасці і такія блізкія да першабытнай прыроды!
Тое, што я расказала пра хату і сялянскія будынкі ў Камаровічах, аднолькава адносіцца і да Заполля, з той толькі розніцаю, што хаты тут стаяць крыху далей ад вуліцы на локаць або два па-за плотам, які адгароджвае іх ад вуліцы. Чаму гэтак не ведаю. Вёска Заполле таксама размясцілася на забалочанай глебе, каля лесу, да якога яна даходзіць. Весялейшы выгляд вёска мае з боку Камаровічаў, акружаная з абодвух бакоў палямі, заключанымі ў цёмныя рамкі сасновага лесу. Направа, сярод падобных на ланцуг малых узгоркаў з карлікавымі хвойкамі, знаходзяцца старадаўнія паганскія могілкі, раскапаныя некалькі гадоў таму археолагам праф. Завітневічам. У Заполлі знаходзіцца валасная канцылярыя, лазня, шпіталь з жытлом фельчара, школа і кузня. У сярэдзіне вёскі стаіць даволі прыкметная карчма, арандуе яе багаты яўрэй Хаім, які мае поўнае права лічыцца носьбітам цывілізацыі. Тут у яго звычайна адбываюцца ўсялякія яўрэйскія набажэнствы. I хоць у Камаровічах жыве шматяўрэяў, тым не менш, сваёй школы яны не маюць.
Наш народ не вызначаецца чысцінёю. Хаты, як правіла, брудныя і настолькі перапоўненыя рознымі насякомымі, што непрызвычаенаму да гэтага чалавеку цяжка тут доўга вытрымаць. Жывёл, праўда, апроч кур і катоў, у хатах не трымаюць, часам толькі прыганяюць свінню, каб пакарміць яе каля печы, і адразу выганяюць. Хату, праўда, замятаюць кожную раніцу, але пры бясконцым засмечванні, выліванні і сплёўванні тут ніколі не бывае чыста. Па вуглах відаць шэрую імглу павуціння, а летам заўсёды поўна мух і камароў. Двара не замятаюць літаральна ніколі, таму смецце на ім ляжыць кучамі, і нікога гэта не хвалюе. Перад вялікімі ўрачыстасцямі ў хаце наводзяць парадак, прыбіраюць непатрэбныя старыя рэчы, а стол і лавы мыюць гарачаю вадою. Чысціня ўласнага цела, як можна здагадацца, залежыць ад асабістых поглядаў на гэтую справу. Наогул мыюцца штодзённа, адразу пасля ўставання, наступным чынам: набіраюць з кубка ваду ў рот, выліваюць яе з вуснаў у далоні і ёю мыюць сабе твар. Прычэсваюцца рэдка, бадай што, толькі адзін раз у тыдзень, у нядзелю з раніцы. У жанчын доўгія прыгожыя валасы, расчэсваюць іх часта звычайным грэбенем з кляновага дрэва, які служыць ім таксама і для часання ільну. Бялізну перамяняюць у нядзелю або калі выпадае якое свята, або калі ідуць на важныя адведкі. Улетку вельмі любяць халоднае купанне і пасля доўгага працоўнага дня грамадамі цягнуцца за тры вярсты да ракі Арэсы і там купаюцца і адпачываюць. Зімою ходзяць у лазню, якую валасны наглядчык павінен прапальваць перад кожным святам на працягу некалькіх дзён, каб усе маглі ўволю напарыцца. А ўвогуле чысціню тут дагэтуль успрымаюць як нейкае прыхарошванне і святочную празмернасць, і яна не лічыцца паўсядзённай патрэбай.
I тым не менш нельга адмовіць нашым сялянам у пэўным адчуванні прыгажосці. Ёсць цяга да арнаментоўкі хатніх прылад, ёсць моцнае жаданне прыгожа апранацца. Зразумела, што ўсё гэта прадстаўлена яшчэ ў маларазвітых формах, што дамарослыя мастакі не выяўляюць надта вялікай разнастайнасці ў творчых ідэях, але іх майстэрства сапраўды вырасла на мясцовым грунце, без ніякіх чужых уплываў. He ведаю, ці можна аднесці да тутэйшага тыпу архітэктуры старажытныя ўніяцкія цэркаўкі, якія яшчэ дзе-нідзе сустракаюцца, але ва ўсялякім выпадку яны выглядаюць прыгожа і маляўніча. 3 хатняга ўжытку гаршкі і міскі часта бываюць аздоблены пэўным арнаментам светлага колеру на цёмным фоне гліны. Дробныя вырабы з дрэва такія, як лыжкі, сальнічкі, кублы і г. д. зроблены з сапраўдным густам і дакладнасцю. Найлепш, аднак, праявілася мастацкае вынаходніцтва ў строях і тканінах. Цікаваю магла б быць калекцыя палескіх тканін і ўзораў, якімі іх аздабляюць нашы жанчыны. Я не ведаю настолькі добра гэтую справу, каб магла гаварыць пра яе; ведаю толькі, што чырвоныя ўзоры на рукавах саматканых кашуль, клеткі ці палосы на спадніцах, канцы намётак або ручнікоў і паясы, якімі падпярэзваюцца, уяўляюць такую вялікую разнастайнасць, што цяжка сустрэць два разы дакладна такі самы ўзор. Амаль кожны ўзор мае сваю, характэрную для яго назву: на ўкоскі, на тры крыж’я, по-Піліпоўіцкі, гускі і г. д. Колеры, ужываныя ў вырабах з воўны, бываюць: чорны, чырвоны, зялёны, жоўты, сіні і белы, але дзеля гэтага апошняга бяруць бавоўну. Сам працэс ткання вельмі адмысловы, індывідуальна прадуманы, і здатная майстрыха можа выткаць на невялікім варштаце прыгожыя ўзоры-дарожкі на абрусы або ручнікі. У варштат (кросны) састаўнымі дэталямі уваходзяць: вороціло, дошчэчкі, ніты, якіх можа быць чатыры, шэсць, восем і больш, бердо і чоленко (чаўнок). Паяскі ткуць нейкім дзіўнаватым спосабам, і адзінай прыладай тут з’яўляецца цвік, убіты ў сцяну, на які прымацавана ўся работа, а далей усё робіцца ў руках.
Адзенне палескага народа вельмі прыгожае. Назіраецца вялікая разнастайнасць у спосабе павязвання хустак, у кроі світак і гарсэтаў; амаль у кожнай вёсцы ёсць свае адметныя рысы. У Камаровічах, нягледзячы на пранікненне новых павеваў, дагэтуль захоўваюцца адвечныя мясцовыя ўборы.
Мужчына носіць кашулю з самаробнага хатняга палатна, доўгую, амаль да каленяў, з малым адкладным каўняром (ралнір), завязаным пад шыю чырвонай тасемкай (косінка). Штаны летам носяць найчасцей палатняныя або з льнянога даматканага матэрыялу, які называюць летнік, у клетку, белае з блакітным. Часам на штаны купляюць корт або сукно, але гэта рэдка бывае. На нагах перш за ўсё носяць палатняныя анучы, якімі абгортваюць нагу аж да калена, а потым абуваюць лапці з ліпавага лыка, завязаныя чорнымі раменнымі аборамі такім самым спосабам, што і пры костцы; там, дзе нага танчэйшая, наматваюць аборамі густа, адзін віток каля аднаго, далей шырока накрыж і потым зноў пад каленам густа абвязваюць нагу. У дадатак да адзежы носяць таксама боты (чоботы), зробленыя яўрэем-шаўцом з дамашняй скуры. Нідзе босыя не ходзяць, хіба толькі каля дома, па двару, а калі трэба ісці далей, то абуваюць лапці.
Штаны запраўляюць у боты, альбо аборамі ад лапцёў завязваюць ля каленяў. На кашулю, якая надзета паверх штаноў, апранаюць даўгаполую камізэльку з глыбокім выразам каля шыі, ззаду яна палатняная, а спераду са свайго дамашняга сукна, чырвонага ў клетку альбо ў чорныя, зялёныя ці жоўтыя палосы. Зашпільваецца камізэлька на куплёныя масянжовыя гузікі. Кашулю падвязваюць пояском'. або чырвоным, тканым у празрыстую сетку, з вісячымі па канцах хвосцікамі, якія завуцца махры, або рознакаляровым, шырынёю ў тры пальцы, густа тканым, з рознымі ўзорамі. На гэтым поясе вісіць каліта, або шабета скураная сумачка для захоўвання труту і крэменю, ножный (для нажа) скураны футарал, огніво, кавалак каванага жалеза дзеля выкрасання агню. Запалкі дзеля ашчаднасці выкарыстоўваюць як мага менш. Трут робіцца з драўлянага грыба, які доўга вараць, потым прысыпаюць салетрай або порахам. Суконная світа звычайна бывае белая альбо светла-попельнага колеру, доўгая да каленяў, часам крыху вышытая сінім шнурком пры кішэнях. Сукно звычайна даматканае, але світу павінен пашыць яўрэй-кравец. Зімою носяць кажухі. Шапкі па большай частцы купляюць, аднак зімовай парою сустракаюцца яшчэ і шапкі, пашытыя дома: суконныя белыя, уверсе чатырохкутныя, аздобленыя па швах сінім шнурком, аточаныя на адвароце футрам, якое можна апусціць на вушы і завязаць пад барадою. Такія шапкі называюцца аблаухі і носяць іх толькі вельмі старыя людзі.