• Газеты, часопісы і г.д.
  • Нарадзілася я на Палессі... фальклорна-этнаграфічная спадчына Эма Яленская

    Нарадзілася я на Палессі...

    фальклорна-этнаграфічная спадчына
    Эма Яленская

    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 374с.
    Мінск 2019
    101.08 МБ
    Жанчыны прыбіраюцца наступным чынам: лапці альбо боты, як і ў мужчын. Доўгая кашуля, якая зашпільваецца на шыі маленькім каўнерыкам, з шырокімі рукавамі, аздобленымі ля далоняў вузкай абшыўкай. Гэтая абшыўка, каўнерык і ўвесь рукаў ад пляча да локця перэпгканы чырвонымі ўзорамі, толькі дзе-нідзе ўпрыгожанымі вузкай блакітнай палоскаю. Жаночая кашуля складаецца з трох нясточаных кліноў (полкі), акрамя таго ёсць рукава, а пад імі касыя куточкі або ласточкі, на плячах выстаўкі, пры шыі і рукавах — каўнерыкі, пазуха, з тылу ж, на карку матэрыял збіраецца ў закладкі. Спадніца доўгая, да зямлі, зморшчаная каля пояса і заўсёды звязаная тканым пояском, канцы якога звісаюць збоку. Спадніца гэтая пашыта з ваўнянога матэрыялу, чырвоная ў клетку ці ў чорныя, сінія або зялёныя палосы; гэты ўласнаручны тканы выраб завецца андаракі. Летам ужо часта можна бачыць у святы паркалёвыя спадніцы, звычайна чырвоныя. На работу таксама надзяваюць, як больш зручныя і танныя, льняныя спадніцы; яны лягчэйшыя і таннейшыя, белыя з блакітным летнікі. Маюць жанчыны на кожны дзень палатняныя фартухі, ператканыя чырвоным, на святы белыя, паркалёвыя, куплёныя ў яўрэяк, з нашыўкамі альбо з вязанай устаўкаю. За такі фартух, абы-як пашыты, плоцяць па 5 злотых і больш. Горсэты робяць часцей за ўсё цёмныя: шарсцяныя чорныя, сінія, а часта нават чорныя з аксаміту; маладыя жанчыны да свайго строю выбіраюць чырвоныя паркалёвыя з жоўтымі і зялёнымі кветкамі. Такі гарсэт шыецца без рукавоў, з глыбокім выразам каля шыі і зашпільваецца на бліскучыя гузікі; ён шчыльна аблягае фігуру і дасканала падкрэслівае яе формы. На шыі мноства шкляных пацерак, крыжыкаў, латунных медалікаў, разнастайных
    бліскучых цацак, павязаных стужкамі самых яркіх колераў. I ніколі іх не бывае зашмат. На галаве дзяўчаты носяць паркалёвыя хусткі, завязаныя ззаду так, што два канцы вісяць па абодва бакі. Валасы над ілбом раздзелены і гладка зачасаныя. Цяпер і замужнія жанчыны пачынаюць насіць такія хусткі, але да нядаўняга часу адзнакай замужніцы (жонкІ) была намётка. У дзень шлюбу яна была абавязковым убраннем кожнай замужняй жанчыны. На намёткі бяруць самае тонкае і самае лепшае палатно, яго нацягваюць на лубяную формачку ў выглядзе кароны, якая завецца лямец; адзін яе канец абрамляе твар, больш свабодна яна прылягае каля вушэй, а другі канец спадае на спіну ніжэй пояса. На гэтую намётку завязваюць яшчэ каляровую хустку, звычайна чырвоную (бо гэта любімы колер), і прымацоўваюць бліскучымі заколкамі. Жанчыны носяць такія самыя, як і ў мужчын, белыя світы і падпяразваюцца чырвонымі паясамі. Калі гразка ці снег, яны вельмі спрытна падымаюць спадніцу і падтыкаюць яе вышэй каленяў. Прыгожа тады выглядаюць іх зграбныя постаці, што рухаюцца шырокім крокам. Рукі яны трымаюць часцей складзенымі на грудзях, а калі нясуць дзіця або нешта цяжкае, дык заўсёды ў лубяной кашолцы на плячах.
    Трэба прызнаць, што палескія жанчыны маюць вельмі прывабны выгляд і ў цэлым прыгажэйшыя за мужчын. Сярэдняга росту, яны ніколі не бываюць ні надта худымі, ні празмерна тоўстымі; яны шырокія ў плячах, з выразнымі грудзьмі і стройнай шыяй, рухаюцца свабодна, размашыста і паважна. Галаву трымаюць узнята, глядзяць прама ў вочы, у маладзейшых вочы так і блішчаць ад какетлівасці. Ёсць у іх штосьці гордае і няскоранае, калі яны ў святочны дзень стаяць са складзенымі на грудзях рукамі, абапершыся на вароты, упэўненыя ў сабе, стройныя, свежыя, асляпляючы яскравасцю колераў. На прывітанне чалавека з панскага двара «Добры вечар!» яны, злёгку ківаючы галавою, спакойна адказваюць: «А добры, пане!» Бабулі, добразычлівыя і даверлівыя, ахвотна затрымліваюцца для даўжэйшай гамонкі. Мужчыны ж наогул маюць сярэдні рост і шмат сярод іх вельмі нязграбных, цяжкіх, з доўгімі рукамі і крывымі нагамі. Але часта сустракаюцца і вельмі малыя. Відаць, іх развіццё адбываецца вельмі запознена, бо часта 22-гадовыя юнакі яшчэ не маюць і следу вусоў і барод і выглядаюць такімі маладымі, што часам іх можна прыняць ледзь не за дзяцей. Барод і вусоў тут ніколі не голяць, хіба як выключэнне, і то толькі тыя, хто нядаўна вярнуўся з войска. Валасы носяць даволі доўгія і стрыгуць іх роўна вакол галавы. У мужчын заўважаецца таксама больш агіднай прыніжанасці перад тымі, каго яны лічаць лепшымі за сябе, кланяюцца ім у пояс, пакорліва прыгінаюцца і, наогул, яны менш, чым жанчыны, разгаворлівыя, а больш дзікія.
    Пераважны колер валасоў на Палессі светла-русы, крыху залацісты. Сустракаюцца, аднак, вельмі часта зусім чорныя галовы і, што цікава яны амаль ніколі не сівеюць. Ведала я і 80-гадовых бабуль з абсалютна чорнымі валасамі. Вочы амаль ва ўсіх светла-шэрыя; не памятаю, каб калі-небудзь бачыла чорныя або нават піўныя. Пры цёмных валасах такія шэрыя вочы, акружаныя
    чорнымі вейкамі, робяць вельмі прыемнае ўражанне. Сустракаюцца таксама і блакітныя вочы, але не так часта. Твары звычайна круглыя, свежыя, з зусім некласічнымі рысамі, вызначаюцца раскошнымі зубамі. Наогул жа, вельмі прыгожых твараў мала, але і выразна брыдкіх не відаць, асабліва сярод жанчын. Гэта пераважна мілыя тварыкі, ад якіх павявае здароўем і весялосцю.
    Маладыя хлопцы вельмі дбаюць пра сваю знешнасць і ўмеюць кідаць свае забойчыя позіркі на дзяўчат. Ёсць таксама сярод іх вельмі настырныя і адважныя і ў дачыненні да жанчын. Аднак іх ідэалам з’яўляецца не тая гожая, здаровая, свежая і румяная дзеўка, якую мы звычайна лічым за тып вясковай прыгажосці. Палеская моладзь схільна закахацца ў жанчын хілых, далікатнага выгляду, якія маюць цела бела, чорны бровы і русу косу, а яшчэ трохі падобныя да «паненак». Такія карыстаюцца вялікім поспехам.
    IV.
    Становішча вясковай жанчыны на Палессі здаецца цяжкім і невясёлым ад самага пачатку. Слабейшая па сваёй прыродзе за мужчыну, яна вымушана ва ўсім падпарадкоўвацца капрызнаму і грубаму гаспадару, для якога абсалютна не існуе паняцця далікатнасці і які ніколі не ўмее стрымаць выбуховага гневу або зайздрасці. Грубае абыходжанне мужа з жонкаю, калі ён б’е яе, праклінае, выганяе з хаты, становяцца такой звычайнай і штодзённай з’яваю, што гэта нікога не здзіўляе і не абурае; нават больш таго, калі б муж не біў сваёй жонкі, гэта лічылася б дзіўным, і ён успрымаўся б усімі як нейкі няздара і недарэка. Песні і казкі перапоўнены нараканнямі жонак на грубую сілу мужоў. У прыказках гавораць: «Як муж жонкі не б’е, то ў её лёгкае гніе», «Любі жонку, як душу, а калаці, як грушу». Так адбываецца і ў жыцці. Усе жонкі без выключэння бываюць бітыя і пакрыўджаныя, знявераныя ў сваіх мужоў, і факт гэты настолькі вядомы, што ніхто не лічыць патрэбным ані ўтойваць гэтага, ані саромецца. Маладая жанчына, у якой пытаюцца, ці добрага мужа яна мае, заўсёды адказвае: «А чэму ж, добрый!» «А ці цебе б’е?» «Неўжэ ж!» гаворыць са смехам, без ценю няёмкасці. I трэба прызнаць, што самі жанчыны толькі тады адчуваюць сваё бядотнае становішча і крыўду над сабою, калі яно прыносіць ім боль ці засмучэнне. Яны не ўяўляюць, каб магло быць іначай, не адчуваюць патрэбы, каб змяніць усё гэта, а сваёй чалавечай годнасці яшчэ цаніць не навучыліся. Пакуль яна маладая, увесь навакольны свет так вабіць яе, а яе ўласная натура поўніцца такой жывасцю, што для смутку і мелапхоліі не застаецца ніякага месца. Пасля бурлівай сямейнай сцэны з нявысахлымі слязьмі на вейках бяжыць яна да суседак і ў даверлівай гаворцы, што перапыняецца выбухамі смеху, хутка забываецца на сваю бяду. Бо жанчыны, нягледзячы на знясільваючую працу і грубае абыходжанне, вельмі вясёлыя. Яны па-дзіцячы цешацца любой забаваю, радуюцца падарунку, гадзінамі смяюцца і рагочуць, і, як ва ўсім свеце, так і тут, вызначаюцца гаманлівасцю, якая часта пераходзіць у сварку і нараканні. Дзяўчаты і маладыя «жонкі» надзвычай лю-
    бяць танец, і нават старэйшыя бабы, калі крыху падап’юць на нейкай гулянцы, ахвотна пускаюцца ў скокі, падпяваючы і прытупваючы нагамі. Наогул, усе яны любяць збірацца разам, самая цяжкая работа не палохае іх, калі яна выконваецца шматлікім гуртам. Капанне бульбы, напрыклад, на панскім полі пры спрыяльным надвор’і лічыцца найвялікшай прыемнасцю, і кожная з нецярплівасцю чакае гэтае пары. Затое цяжкай караю для кожнай становіцца адзінота, адасобленасць; таму стараюцца, наколькі магчыма, пазбягаць гэтага, і пры пэўных выпадках дамаўляюцца так, каб можна было працаваць разам. Калі ў абедзвюх сясцёр паспела грэчка, то адзін дзень яны разам ідуць рваць яе да аднае, а на наступны да другое. Тлумачаць гэта тым, што так спарней ідзе работа. Позняй восенню, калі надыходзіць пара прадзення, некалькі пралляў наймаюць сабе разам нейкую хату, і вечарамі, з прасніцай у руцэ і песняй на вуснах збіраюцца там пры бляску лучніка. Тады гучаць песні, кружаць байкі і загадкі, a то і маладыя хлопцы прыходзяць на тыя вечэрніі^ы забаўляць дзяўчат размовамі. Часта бывае, што познім вечарам, калі дзяўчаты пакідаюць хату, хлопцы нападаюць на іх з-за вугла, палохаюць і гоняць па вуліцы. Колькі разоў такая, на першы погляд, нявінная забава не для аднае з іх мела згубны канец; не адна ў такую восеньскую ноч амаль неўпрыкмет і міжволі страчвае свой дзявочы вяночак. Бо і тут таксама найчасцей праяўляецца брутальная жарсць і гвалт мужчын, нежаданне стрымліваць сваё хаценне. Здараецца такое вельмі часта і, на жаль, робіцца ўсё больш распаўсюджаным. Калісыді пры паншчыне за дзявочай цнотай як быццам бы пільна сачылі. Так, ва ўсякім выпадку, сцвярджаюць старыя людзі. Пачцівая дзяўчына знаходзіла падтрымку і заахвочвалася з боку панскага двара, а тая, што дрэнна сябе паводзіла, выклікала агульнае асуджэнне. Пры ўступленні ў шлюб вялікую ролю адыгрывала цнатлівасць дзяўчыны. Сёння ўсё больш паслабляюцца вузлы звычаяў і маралі. Я чула ад некалькіх асоб, якія добра ведаюць тутэйшыя ваколіцы, і сама магу пацвердзіць такую думку, што дзяўчына, якая не мела кахання да шлюбу, лічыцца рэдкім выключэннем. Несумненна, ёсць яшчэ і ў нашы дні такія дзяўчаты строгай маралі, якіх цэняць вышэй за астатніх. Але ці не падвергнецца неўзабаве фатальнаму скажэнню, пры пастаянным падзенні маральных асноў і гэтае паняцце пра дзявочую чысціню як яе несумненную вартасць? Няма ў тутэйшага люду ніякіх досыць пераканаўчых фактараў, якія б супрацьдзейнічалі голасу прыроды і ўжо вельмі сапсаваным уяўленням пра дзявочую нявіннасць, а поспех, якім карыстаюцца ветраныя дзяўчаты, і разнастайныя выгоды і прыемнасці, якіх яны дасягаюць за кошт сваёй нявіннасці, могуць толькі заахвоціць таварышак пайсці па іх слядах, тым больш што кепскія паводзіны ніколькі не ўплываюць на ўступленне ў шлюб, і не аднойчы вядомая сваімі любоўнымі прыгодамі дзяўчына заканчвала тым, што вельмі добра і з карысцю для сябе выходзіла замуж. I сама я ведала дзяўчыну, якой, можа, жартам, аднак не без ценю праўды, прыпісвалі 30 палюбоўнікаў. Год таму, хоць ужо была і не першай маладосці, і не прыгожая, і не багатая, яна выйшла замуж за гаспадаровага сына і цяпер стала шчасліваю маткаю прыгожага