Нарадзілася я на Палессі...
фальклорна-этнаграфічная спадчына
Эма Яленская
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 374с.
Мінск 2019
На поўнач раскінулася сама вёска доўгая, не менш за % вярсты. Вуліца альбо вулка не ўсюды аднолькавай шырыні, часам яна звужаецца, часам пашыраецца, нідзе, аднак, няма ў ёй менш як 10-12 локцяў. Працягваецца вуліца
прама аж да пясчанага ўзгорка, на якім зноў жа стаіць крыж. Далей ужо ідзе грэбелька, і пачынаецца вялікі, забалочаны так званы Дзедоўскі луг. Нават пры самай нязначнай непагадзі вуліца пакрываецца гразёю настолькі, што восенню і вясною яе амаль немагчыма перайсці. Што-небудзь зрабіць з гэтым нашы вяскоўцы дагэтуль не могуць: ніякіх равоў, ні сцёкаў яны не капаюць; толькі калі ўжо ног нельга выцягнуць з гразі, засыпаюць яе пілавіннем, ці высцілаюць галлём малыя сцяжынкі ад хаты да хаты, альбо ад хаты да студні і г.д. У цэлым жа вяскоўцы не надта пра гэта клапоцяцца, бо з маленства прызвычайваюцца да макрэчы. Часамі можна бачыць дзяцей, якія, высока падымаючы кашулі, стараюцца перайсці на другі бок вуліцы і гразнуць па калена ў густым чорным месіве. Улетку, калі суха, вуліца становіцца месцам для гуляння дзяцей, дзе таксама збіраюцца сабакі, куры і свінні. Апошніх заўсёды можна бачыць па некалькі разам; яны ляжаць, выцягнуўшыся пад плотам. На прызбах пад вечар любяць пасядзець і пагаманіць людзі сталага веку. У нядзелю ўся вёска стракаціць ад чырвоных спадніц і белых світ. Збіраюцца невялікімі грамадамі, гавораць: тут і старыя мужчыны паляць люлькі, сплёўваючы перад сабою, і бабы заўсёды крыклівыя, і маладыя «жанкг» з немаўлятамі на руках, і хлопцы з дзяўчатамі, усе грэюцца на сонцы альбо шукаюць ў ценю хаты адпачынку пасля тыднёвае працы. Вуліца таксама служыць танцавальнай залай, дзе веснавымі вечарамі моладзь скача пад гукі скрыпкі і барабана. Затое ўзімку вуліца пустуе. Хіба толькі пад вечар яшчэ збіраюцца каля студні, а потым ужо толькі цікаўныя твары выглядваюць з вокнаў, калі ёсць што пабачыць.
Хаты стаяць па абодва бакі вуліцы на неаднолькавай адлегласці адна ад другой. Часам, калі сям’я вельмі вялікая, у адной агароджы месцяцца дзве хаты. Тады адна да другой павернуты дзвярыма. У Камаровічах хаты збудаваны каля самой вуліцы, так што, праходзячы па ёй, можна зазірнуць у вокны. Стаяць яны бокам да вуліцы і дзвярыма да падворка. 3 вуліцы ў двор вядзе брама: два крыху абчасаныя слупы, загнаныя ў зямлю, злучаюцца ўверсе паўкругам. Для іх выбіраюць адмысловае дрэва, галіна якога выгінаецца менавіта так, каб магла ўтвараць закруглены верх. Палешукі, не шкадуючы часу, гатовы шукаць у лесе такое патрэбнае ім дрэва, каб потым пазбегнуць розных злучэнняў, прымацаванняў і да т. п. Таму на кожным кроку мы можам заўважыць такія амаль зусім неапрацаваныя выгібы, якія яны ўмеюць выкарыстоўваць дзеля сваіх патрэб. Самі дзверы пры гэтай браме скалочаны з дошак і прымацаваны да такой галіны, якая выходзіць ужо з меншага пня, рухома асаджанага ў адным са слупоў, і які служыць у якасці завесы.
Падвор’е, як правіла, падоўжанае, з двух бакоў акружанае рознымі гаспадарчымі збудаваннямі. Насупраць галоўнай брамы ёсць другая брамка, ніжэйшая, дзеля выезду ў сад і агарод, якія пачынаюцца за хатай вузкай палоскаю і даходзяць ажно да другой агароджы, дзе месцяцца стадола, стагі жыта, часам сушня і азяроды. Кожная гаспадарка, такім чынам, займае сваю вузкую і даўгаватую частку зямлі. На подвор’і, па правы бок ад брамы, першаю стаіць хата, за ёю знаходзіцца поветка без трох сцен, толькі пакрытая дахам, дзе састаў-
ляюць сані, вазы, запасныя колы, часам сена і да т. п. Потым ідзе свіронак, у якім складваюць розныя гаспадарчыя рэчы. Такіх свіронкаў бывае па некалькі ў двары. Стаўляюць іх абы-дзе, часам ля самых варот, ці прыбудоўваюць да нейкае сцяны. Далей гумно, у ім складаюць жыта, там жа і малоцяць на таку; варыўня з печчу (толькі ў багацейшых), хлеў для нерагатай жывёлы і обора для быдла (там жа ставяць і коней, калі няма асобнае стаёнкІ). Усе гэтыя будынкі ціснуцца на невялікім падвор’і, у большасці выпадкаў яны вельмі малыя, нізкія, крытыя «драніцай», часам саломаю, сцены ўзведзены з круглякоў. Палешукі не захапляюцца прыгожымі будынкамі, нават і багацейшыя з іх жывуць у брудных, нізкіх, закопчаных памяшканнях. Дрэў амаль не відаць пры хатах. Дзікіх яны катэгарычна не прызнаюць; часам хто-небудзь садзіць ігрушы, слівы або яблыні, аднак такіх знойдзецца няшмат ва ўсіх Камаровічах, можа, з пару чалавек. У Заполлі ж крыху больш людзей, якія займаюцца садаводствам, напэўна, дзякуючы той акалічнасці, што там жыве нейкі Сенька, колішні панскі садоўнік, вялікі аматар гэтай справы. Прыклад яго, відаць, уздзейнічае і на іншых.
Хата палешука арыгінальная сваім спосабам будавання. На першы погляд, яна хутчэй падыходзіць для ўтрымання жывёлы, чым для людзей, аднак, нягледзячы на гэта, яна нядрэнна задавальняе патрэбы сваіх уладальнікаў. Паляшук не прагне бачыць каля сябе вялікае прыгажосці, яму не трэба ні арнаментаў, ні эстэтычных ліній, ні маляўнічых узораў. Ён толькі хоча, каб было цёпла, калі на двары стаіць мароз, каб дождж не ліў яму на галаву, каб ён мог уночы выцягнуцца, а ўдзень выпрастацца ці сесці. Большую частку свайго жыцця ён праводзіць на лугах, на лясных палянках, у полі і ў лесе. Па тыдню і больш, калі праца земляроба закідвае яго на далёкія астравы, ён спіць на голай зямлі, каля вогнішча, пры святле зорак. Хата для яго не з’яўляецца тым агменем, каля якога круціцца і засяроджваецца жыццё. Яна існуе для яго толькі як ахова ў непагадзь, прытулак у вялікі мароз ці ў летнюю спёку і, нарэшце, змяшчае яго багацці. Калі хата адпавядае гэтым патрэбам, ён задаволены і больш нічога не жадае. Хата звычайна невялікая, 14-16 аршынаў у даўжыню і 7-8 аршынаў у шырыню. Залежыць гэта, магчыма, ад таго, што малыя дамы лягчэй будаваць, а таксама ад самога характару палешука, які толькі тады лічыць сябе шчаслівым, калі бачыць перад сабою знаёмыя, родныя твары. Наш селянін не ведае цесляроў. Кожны сам будуе сабе дом ад прызбы да страхі. Болыпае гэта калі вясковы муляр, рамеснік-самавук злепіць у хаце з нявыпаленай цэглы (так званай сыроўкі) печ. Дрэва на хату заўсёды бяруць здаровае, жывое. 3 сухога, мёртвага дрэва жылую хату няможна будаваць. Яго, аднак, ахвотна выкарыстоўваюць пры ўзвядзенні іншых гаспадарчых будынкаў. Дрэва, амаль заўсёды сасну, апрацоўваюць у лесе, нават часам там і сцены складаюць. Але часцей матэрыял вязуць валамі на падворак і там на шырокай пляцоўцы складаюць у ключы. Круглыя калоды, замацаваныя на канцах у такія ключы, трымаюцца вельмі шчыльна і моцна так, што потым усе чатыры сцяны разам удаецца пасунуць на тое месца, дзе павінна стаяць хата.
Паміж бярвенняў дзеля ацяплення густа кладуць мох, а шчыліны з унутранага боку ў хаце залепліваюць яшчэ і глінаю. Падмуркаў тут зусім не робяць. Дубовыя падваліны кладуць проста на зямлю, а на падвалінах узводзяць сцены. Са знешняга боку каля сцен, адступіўшы прыкладна паўаршына, кладуць папалам перапілаваныя ўздоўж бярвенні, а прастору паміж імі і сцяной засыпаюць моцна ўбітым пяском; такім чынам, вакол дома ўтвараецца свайго роду лава, якую называюць прызбаю, і на ёй часта садзяцца для адпачынку сталыя людзі ці бавяцца дзеці. Вышыня сцяны ад зямлі да даху ніколі не перавышае чатырох аршынаў. Сустракаюцца і такія нізкія, што чалавек сярэдняга росту без цяжкасці дастае столь. Каркас даху, так званы какошын, зроблены з драўляных кавалкаў, якія падпіраюць галоўную сярэднюю круглую бэльку (называецца яна сволок) даўжынёю на ўсю хату, якая мацуе і ўтварае апору ўсяго даху. Какошыны абапіраюцца на сцены ўздоўж хаты, а канцы іх звісаюць вонкі; звычайна яны старанна апрацаваныя, абчасаныя і закругленыя знізу накшталт літары «s». На іх ляжыць працягнутая ўздоўж усёй хаты цяжкая і тоўстая дошка закрыліна, часта з выразанымі на ніжняй звісаючай старане вострымі зубкамі, якая падтрымлівае пакрыццё даху. Пакрыццё гэтае магчыма, самае старажытнае, якое можа трапіцца: яно складаецца з цяжкіх няроўных дошчачак, не пілаваных, а драных, таму і называецца дрань', кідаюць іх тут у вялікай колькасці адна на адну. Іх канцы выступаюць уверх; даўжэйшыя і карацейшыя, ніколі не абрэзаныя, яны ўтвараюць дзіўныя зубчатыя хрыбты. Коміна амаль не відаць: ён нізкі, ледзьве бачны. Яшчэ да нядаўняга часу пра коміны наогул не ведалі, сёння ж у Камаровічах і Заполлі курныя хаты трапляюцца рэдка.
Сама хата ўсярэдзіне дзеліцца на тры няроўныя часткі: самая меншая сенцы (сінь), па правы бок жылая хата, якая займае больш паловы ўсёй забудовы, па левы бок клець, своеасаблівы свіронак, кладоўка. У некаторых дамах, калі сям’я значна павялічылася, замест клеці робяць яшчэ адно жылое памяшканне, называецца светліца, але гэта пакуль што вельмі рэдкія выключэнні. Сенцы, у якія ўваходзяць праз вельмі нізкія дзверы, часта служаць для розных гаспадарчых работ; там стаяць жорны, цэбры, вёдры, непатрэбныя бочкі і інш. прылады. 3 сенцаў па драбіне можна залезці на гарышча, дзе таксама захоўваюцца розныя рэчы. У клеці складзены ўсе найбольш каштоўныя запасы: вопратка ўсяе сям’і ў вялізных лубяных кублах (скрыняў нашы сяляне амаль не ведаюць), палатно ў штуках, намёткі, вышываныя кашулі, вялікія пакункі ільну і воўны, матк/ напрадзеных нітак, нарэзанае сала, сушаныя грыбы, лыка на лапці, лісце тытуню, соль, ліпоўкі^ з мёдам, пух і пяро ў мяхах і г. д. Сама хата не больш за 8 кв. аршынаў, сустракаюцца таксама і нашмат меншыя. Зноў нізкія дзверы вядуць у хату, а парог заўсёды вельмі высокі, і калі ўваходзіш, трэба згінацца ўдвая. Адразу каля дзвярэй, з левага боку, амаль чацвёртую частку хаты займае вялікая печ цяжкая, з мноствам пячурак і сховішчаў, ёсць і падпеч’е, дзе сядзяць куры, і прыпечэк, на якім можна сесці
1 Ліпоўка своеасаблівы бачонак, выдзеўбаны з ліпавага пня. Гэта вельмі трывалае і шчыльнае начынне, паколькі зроблена з суцэльнага кавалка.
ці разлегчыся; ёсць малая ямка, прызначаная для зграбання гарачага вуголля, што тлее пад попелам, каб за кожным разам не распальваць агню; ёсць, нарэшце, шырокае месца на печы, якое моцна награецца, дзе зімою ўвесь дзень сядзіць дзятва, а ўночы спяць старэйшыя ў сям’і. У печ кладуць вялікія палены дроў, а калі печ напальваецца, то, каб затрымаць цяпло, зачыняюць адтуліну ў коміне жалезнай бляшкаю. У хаце страшэнна горача, і можна толькі здзіўляцца здароваму арганізму людзей, якія выходзяць з гэтае лазні ў хатнім адзенні, часта басанож, проста на снег і мароз, і лёгка вытрымліваюць падобныя перамены. Па другі бок ад дзвярэй, направа, аж да самога вугла хаты цягнуцца дзве паліцы, на якіх стаяць гаршкі, міскі, шклянкі (іх заўсёды шмат у кожнай хаце), фаянсавыя талеркі, размаляваныя чырвонымі кветкамі, і драўляныя самаробныя лыжкі. Сцяна ад двара направа мае два вакны: першае, ад уваходу звычайна меншае, шырокае і нізкае; другое крыху большае. Трэцяе вакно, таксама большае, размешчана ў сцяне ад вуліцы, насупраць дзвярэй. Вокны гэтыя складзены з розных кавалачкаў шкла неяк крыху змацаваных паміж сабою, неўпрыкмет то тут, то там украдзеных, бо шкло, цвікі і вяроўкі такія рэчы, якіх ніводзін паляшук ніколі не купляе і якія ўкрасці з панскага двара ці яшчэ аднекуль зусім не лічыцца за грэх. Тыя маленькія, розных памераў шыбкі не акітаваныя, але кожная ўстаўлена ў сваю асобную драўляную рамачку, утвараючы арыгінальную мазаіку. У вакне ад вуліцы звычайна ёсць шыбка, якую можна адсунуць убок аднак не дзеля таго, каб упусціць свежае паветра; патрэбы ў ачышчэнні паветра ў хатах наш вясковец зусім не разумее. Часам толькі, калі з коміна дыміць, шырока адчыняюць дзверы. Зрэшты, праз вакно ўвайшло б няшмат паветра, бо адтуліна настолькі малая, што праз яе не зможа прасунуцца нават дзіцячая галоўка. Пад вокнамі ўздоўж сцен стаяць лавы. Месца ў кутку хаты насупраць дзвярэй паміж двума вокнамі называецца покуць. Гэта ганаровае месца ў хаце. Там звычайна сядзіць гаспадар, калі палуднуюць ці вячэраюць, там рассаджваюць ганаровых гасцей, а ўвечары напярэдадні Ражства Хрыстовага там жа на жмуце сена стаіць міска з куццёю. Перад лаваю пад вакном стаіць стол, скалочаны з некалькіх дошак. Часам, хоць і вельмі рэдка, у ім ёсць шуфлядка. Стол гэты ўвесь дзень накрыты саматканым абрусам, на сярэдзіне стала ляжыць бохан хлеба. Над вакном адзін пры адным у рад вісяць абразы. Цяпер усё часцей набываюць распаўсюджанне брыдкія, друкаваныя, страката размаляваныя гравюры, але яшчэ амаль ва ўсіх хатах сустракаюцца і старыя іконы, уручную намаляваныя на дрэве. Яны вельмі недасканалыя і смешныя, але выкананыя з сапраўды наіўнай і шчырай верай. Звычайна выстаўляюць якуюсьці Прачысту, з вялікай галавою на тонкай шыі, святых Петро-Паў.ю, што стаяць поруч, з кнігаю і ключамі, святога Юр’я, часам Міхаіла, калі-нікалі святую Тройцу. У маладзейшых сярод абразоў і ў адным радзе з імі вісіць яркая алеаграфія з выяваю цара і царыцы ў каранацыйных строях. Усе абразы зверху пакрытыя ручніком, канцы якога вытканы чырванню і звісаюць па абодва бакі. Там жа затыкаюць пасвячоную вярбу, грамнічную свечку і пасвячоныя ў царкве зёлкі, якімі потым