Нарадзілася я на Палессі...
фальклорна-этнаграфічная спадчына
Эма Яленская
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 374с.
Мінск 2019
«Песні, што выконваюцца на вяселлі, вельмі разнастайныя і ўсе бываюць прыстасаваныя да пэўных абставін; асабліва некаторыя, якія апяваюць нядолю маладой замужніцы ў чужой незнаёмай радні і яе тугу па родных і блізкіх, на дзіва ўзрушальныя. Ёсць таксама песні, складзеныя выключна для сіраты, якая выходзіць замуж яны журботныя і чуллівыя». Каштоўныя звесткі змяшчае таксама і апісанне радзін, дзе побач з абрадам прыводзяцца народныя павер’і, пажаданні. Узрушыла Яленскую ўрачыстае і паважнае правядзенне палешукамі памінальных абрадаў, якія не толькі не знікаюць, але пашыраны і актыўна адзначаюцца імі два разы на год.
Важнае месца ўдзяліла даследчыца народным уяўленням і вераванням вяскоўцаў: «Цемра тут яшчэ надзвычай глыбокая, а колькасць самых дзівосных чараў, вераванняў, забабонаў незлічоная». Расказаўшы пра ўзаемаадносіны сялян са знахарамі і ведзьмакамі, аўтарка падрабязна спынілася на такой прымхлівай форме помсты, як завітка.
На той час народнае лячэнне, якое ўключала ў сябе як карысны вопыт пакаленняў, так і выдаткі цемрашальства, было, па сутнасці, адзінай магчымасцю супрацьстаяць хваробам. Адзначыўшы, што шмат «сродкаў» народнай медыцыны звычайныя забабоны, Яленская, тым не менш, апісала, якім чынам пазбаўляюцца ад розных немачаў як у людзей, так і ў выпадках з жывёламі. Вельмі часта пры лячэнні выкарыстоўвалі мясцовую флору. Але шырока былі распаўсюджаны і замовы.
У сваёй працы Эма Яленская раскрыла багатую народную міфалогію. Са слоў сялян яна пералічыла і падрабязна ахарактарызавала тых фантастычных істот, у якіх верылі палешукі: гэта Дамавік, Злыдні, Начнікі, Лясны Дзед, Русалка. 3 апошняю з іх былі звязаны пэўныя абрады і песні.
Значнае месца ў жыцці сялян займалі земляробчыя святы, кожнае з якіх селянін чакаў з асаблівай нецярплівасцю, паколькі яно давала кароткі адпачынак ад штодзённых клопатаў, несла з сабою весялосць, забавы і наогул актывізавала іх духоўнае жыццё, канцэнтравала розныя праявы народнай культуры. Эма Яленская дала апісанне амаль усіх асноўных каляндарных абрадаў, што адзначаліся ў Камаровічах, пачынаючы ад Каляд, напоўненых тэатралізаванымі дзеяннямі, песнямі, скокамі, прыкметамі, павер’ямі, варажбою. Зімовыя, а затым і веснавыя дні палескія жанчыны праводзілі за прасніцамі, прадучы кудзелю, а потым за кроснамі, калі ткалі палотны. Гэтая пара, напэўна, як ніякая іншая, давала магчымасць сялянцы адвесці душу ў песні: старэйшыя спявалі набожныя («святыя») песні, маладзейшыя свецкія песні пра каханне, пра сямейнае жыццё. У веснавых песнях гучалі матывы, у якіх пераважала весялосць і радасць ад абуджэння прыроды. Апісваючы Вялікдзень, Яленская расказала пра гульні, якімі дзеці і моладзь бавіліся ў гэты дзень. Адно з самых яскравых свят летняга перыяду Купалле, са слоў даследчыцы, у саміх Камаровічах адышло ў выніку забароны духавенства, і сяляне ўжо не адважваліся адкрыта распальваць вогнішчы. Затое ў суседнім Заполлі, дзе царквы не было, свята праходзіла досыць шырока і весела, з музыкай, песнямі, гульнямі, з по-
шукамі чароўнай Папараці-кветкі, збіраннем лекавых зёлак. Згадваюцца ёю таксама і наступныя летнія і восеньскія святы: Спас, Прачыста, Узвіжанне.
На старонках нарыса даследчыца разгледзела самыя розныя бакі жыцця палескіх сялян. Тут можна даведацца і пра кірмашы, і пра мясцовую школу і бальніцу, і пра карчму, і пра ўзаемаадносіны ў сям’і і з суседзямі, пра гадаванне дзяцей, пра гульні і забавы. Праца Эмы Яленскай «Вёска Камаровічы ў Мазырскім павеце» стала, можна сказаць, універсальным, комплексным даследаваннем, пабудаваным на прыкладзе ўсяго толькі адной вёскі, дзе знайшло месца адлюстраванне яе гісторыі, геаграфіі і культуры насельнікаў. Сваёй працаю аўтарка, па сутнасці, раскрывала перад адукаваным грамадствам не толькі адгароджаны ад свету куток, але і малавядомы дагэтуль характар палешука. Добра ўсведамляючы яго адсталасць як вынік ізаляванасці, яна пераканаўча сцвярджала самабытнасць і разнастайнасць яго ўнутранага свету, яго духоўнай і матэрыяльнай культуры. Яна не дазволіла сабе перайсці мяжы, дзе, з аднаго боку, няцяжка збіцца на зняважлівы тон, а з другога трапіць у палон экзальтацый і сентыментальных захапленняў. Усё гэта было шчасліва ёю пазбегнута. Яе асноўнай мэтаю стала аб’ектыўнасць паказу, да чаго заўсёды заклікаў Ян Карловіч і што фактычна не магло б праявіцца без разумення душы палескага селяніна, без павагі да яго. А менавіта такія адносіны якраз і характарызуюць аўтарскую пазіцыю Яленскай. У кожным радку яе нарыса выразна відаць, што палескі край і ягоныя жыхары вядомыя ёй не з чужых слоў. 3 дэталёвага апісання можна бычыць, што сама яна назірала палескае жыццё ў самай яго гушчы, завітвала да людзей як блізкі чалавек і сустракала адпаведныя даверлівыя адносіны. Яна абвяргае перакананне тых, хто сцвярджаў, нібыта жыццё селяніна пазбаўлена цікавасці, жывасці. «Неаднойчы, калі бачыш гэтую непасрэдную весялосць, гэтую шчырую, ледзь не дзіцячую наіўнасць, ахоплівае нейкае адчуванне зайздрасці, што яны ў сто разоў шчаслівейшыя за нас, адукаваных і цывілізаваных», заканчвае свой нарыс Эма Яленская.
«Паненцы» з глыбіннай вёскі ўдалося абудзіць шырокую цікавасць у чытачоў закранутай ёю тэмай (нездарма тэкст нарыса выйшаў пасля часопіснай публікацыі асобным выданнем). Больш за тое, гэтая цікавасць да беларускага Палесся перайшла межы славянскага свету, і літаральна праз некалькі год варыянт гэтага яе даследавання пра вёску Камаровічы быў надрукаваны па-французску пад назваю «Палескі фальклор. Вёска на Палессі» («Folklore Polesien. Un village en Polesie») y парыжскім часопісе «Традыцыя» («La Tradition», 1894-1895). Значэнне дадзенай публікацыі пры ўсіх яе дадатных якасцях яшчэ і ў тым, што аўтарка ў заключэнні змясціла ў перакладзе на французскую мову 8 тэкстаў беларускіх народных песень, сярод якіх былі казацкія, салдацкія, веснавыя, любоўныя і балады. Можна выказаць меркаванне, што гэтая публікацыя ўзнікла не без пратэкцыі вядомага па ўсёй Еўропе вучонага Яна Карловіча, які высока цаніў збіральніцкія і даследчыцкія здольнасці Эмы Яленскай, і выявілася гэта не толькі ў яе матэрыялах, што пабачылі свет на старонках рэдагуемай ім «Віслы». Прыватныя лісты славутага вучонага таксама сведчаць, што Яленская
была для яго ў некаторых пытаннях неаспрэчным аўтарытэтам. Так, падтрымліваючы намер вядомага гісторыка, этнографа, фалькларыста Зыгмунта Глогера зрабіць выданне, прысвечанае 100-годдзю Адама Міцкевіча, Карловіч звяртаецца менавіта да Э. Яленскай, як найбольш кампетэнтнай знаўцы вуснай творчасці беларусаў (гл. раздзел «Лісты Эмы Дмахоўскай», ліст № 4) з прапановаю паўдзельнічаць у падрыхтоўцы кнігі і просьбаю даслаць для яе штосьці з фальклорных ці этнаграфічных матэрыялаў, якія б нейкім чынам пераклікаліся з творчасцю вялікага паэта. У выніку ў двухтомнае выданне «Памятная кніжка на ўшанаванне 100-годдзя з дня нараджэння Адама Міцкевіча» («Ksi^ga pami^tkowa na uczczenie setnej rocznicy urodzin Adama Mickiewicza», Warszawa, 1898) увайшло яе эсэ «Свіцязь», пабудаванае на мясцовых легендах (Т. 2, с. 57-58).
3 пераездам Эмы Яленскай у Вільню яе думкі пра Палессе, як і яе фальклорная і этнаграфічная праца, паступова аддаляліся, а новае асяроддзе ўжо скіроўвала да іншых тэм. Аднак, калі абставіны сутыкалі яе з простым народам, то гэта не праходзіла для яе безуважна. Прыкметным у творчасці на той час ужо пісьменніцы стаў нарыс «Кальварыя пад Вільняй» («Kalwarya pod Wilnem», 1903), дзе яна распавяла пра пілігрымку да адной з самых славутых мясцовых святыняў. Адданая каталічка, яна не магла не далучыцца да патоку вернікаў. Жывыя дакладныя назіранні пад час паломніцтва дазволілі ёй у гэтым творы выйсці за рамкі выключна рэлігійнага зместу. Тут ужо адчуваецца рука вопытнага літаратара, здольнага маляўніча падаць як апісанні прыроды, так і яскравыя партрэты сустрэтых ёй у дарозе людзей. Жывучы цяпер на скрыжаванні самых разнастайных традыцый, у гушчыні розных моў і гаворак, аўтарка выказала сваё ўспрыманне кожнай з іх пры апісанні шматнацыянальнага людскога натоўпу паломнікаў, якія з усяго свету сцякаліся да высокашануемай каталіцкай святыні ў Верках. Пры ўсёй суб’ектаўнасці ацэнак нельга не заўважыць яе сімпатый да беларускай мовы: «Едуць і ідуць здалёк [...] Жмудская мова, суровая і цвёрдая, мяшаецца з беларускай пяшчотнай гаворкай; польская мова, змегчаная ў літоўскіх вуснах, працяглая і спеўная, гучыць no634 з пругкай рускай мовай, якая нясе рэха далёкіх стэпаў»...
Такім паўстае фалькларыстычны і этнаграфічны этап творчасці Эмы Яленскай. Ён быў нядоўгі, але надзвычай плённы. Першая сярод айчынных навукоўцаў яна разгледзела адзін з найцікавейшых рэгіёнаў Беларусі Усходняе Палессе з такой падрабязнасцю, з якою ніхто яшчэ перад ёю да яго не падступаўся. Пасля яе пайшлі іншыя таленавітыя і больш маштабныя даследчыкі, але зробленае ў свой час маладой паненкай з вёскі Камаровічы не страціла сваёй каштоўнасці па сённяшні дзень. Апублікаваная на старонках гэтай кнігі фальклорная і этнаграфічная спадчына, несумненна, дае поўнае права паставіць імя Эмы Яленскай ў першы шэраг дзеячаў айчыннай народазнаўчай навукі.
Памерла Эма Яленская-Дмахоўская ў Вільні 24 студзеня 1919 г., праз два тыдні пасля таго, як бальшавікі першы раз занялі горад, і была пахаваная на могілках Росы.
Уладзімір Васілевіч
Вёска Камаровічы ў Мазырскім павейе
і.
Вёска знаходзіцца ў паўночна-ўсходняй частцы Мазырскага павета, у самай глыбі так званага Палесся, сярод пушчаў, пяскоў і балот. Паселішча гэтае ўзнікла, відаць, яшчэ на тэрыторыі старадаўніх дрыгавічанаў, у вельмі аддаленыя часы, пра што могуць сведчыць і могілкі, якія год таму назад вывучаў доктар Завітневіч з Кіева і якія, паводле яго вызначэння, бяруць свой пачатак з VIII—IX стагоддзя1. Пазней, у XVI стагоддзі, Камаровічы ўваходзілі ў склад зямель, якія належалі князям Алелькавічам Слуцкім, і толькі пасля распадзення тых уладанняў на дробныя часткі яны пераходзілі з рук у рукі, пакуль у пачатку XVIII стагоддзя не дасталіся польскай шляхецкай сям’і, якая валодае гэтымі землямі і дагэтуль.
У выніку разнастайных змен, асабліва ў выніку распараджэнняў уладальнікаў Камаровічаў, колішняя вёска змяніла сваё размяшчэнне. Старыя людзі яшчэ памятаюць, як Камаровічы ўяўлялі сабою адну доўгую вёску, пасярэдзіне якой знаходзіўся панскі двор. Потым, відаць, калі насельніцтва павялічылася, вёска аказалася падзеленая на дзве часткі, і абедзьве яны адсунуліся ад панскага двара, можа, дзеля таго, каб утварыць сабе больш прасторныя палеткі. У выніку цяпер існуюць дзве асобныя вёскі: адна -Камаровічы, што ў паўвярсце ад двара (там знаходзіцца дом праваслаўнага святара і некалькі халуп, заселеных колішнімі панскімі слугамі ці іх нашчадкамі), другая, на аддаленні Заполле, аддзеленая грэбелькаю і большая за Камаровічы. Там знаходзіцца «воласць», школа і дом фельчара з памяшканнем для хворых. Паміж жыхарамі Заполля і Камаровічаў няма ніякае розніцы ні ў мове, ні ў звычаях; яны ладзяць паміж сабою, жывуць у прыязнасці і згодзе, разам з’яўляюцца на працу, часта жэняцца, пераходзячы з аднае вёскі ў другую. Калі спытаць у селяніна: «Адкуль ты?», ён спакойна адкажа, чухаючы галаву: «А камаровіцкі, паночку», або «Адкуль жэ? 3 Заполля».