Нарадзілася я на Палессі...
фальклорна-этнаграфічная спадчына
Эма Яленская
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 374с.
Мінск 2019
хлопчыка. Бацькі таксама ў сваёй большасці даволі абыякавыя і праз пальцы глядзяць на паводзіны дачок. Часта здараецца, што калі бацька ці матка схопяць дзеўку на любоўным спатканні з хлопцам, то адлупцуюць яе так, што на пэўны час адаб’юць у яе ахвоту да падобных сустрэч. Але на гэтым усё і заканчваецца. Матка не лічыць сваім абавязкам пільнаваць і ўшчуваць сваю падрастаючую дачку, для бацькі ніжэй яго гонару засланяць яе ад выпадковых кавалераў. Дзяўчына, пакінутая сама сабе і ўласным інстынктам, часта рызыкуючы, доўгі час назіраючы за рознымі спакуслівымі сцэнамі і не маючы ў душы ніякіх засцярог ад кепскіх намераў, паддаецца першым-лепшым спакусам, і потым, калі зроблены пачатковы крок, усё далей і лягчэй рухаецца па тым шляху. За гэта атрымлівае зусім дастатковую, паводле агульнапрынятага тут уяўлення, узнагароду: каханы купляе пацеркі, часам хустку, абаранак ці чарку гарэлкі, а калі ён вельмі шчодры, то прывозіць з якога-небудзь кірмашу пару ботаў. Гэта, аднак, не перашкаджае яму не раз атрымліваць узаемнасць сваёй дзеўкі; яна павінна пашыць яму кашулю, выткаць паясок, памыць і залатаць бялізну, і разам з тым неаднойчы моўчкі сцярпець яго гнеў і кулакі. Бо палюбоўнікі ў нас у большасці не саромеюцца, і тым смялей спаганяюць сваю злосць на дзяўчыне, ведаючы, што ёй няма перад кім паскардзіцца.
Ці маюць такія стасункі штосьці агульнае з каханнем? Вельмі цяжка гэта разгадаць. Мне здаецца, што ў большасці выпадкаў адыгрывае ролю толькі фізічнае прыцягненне, якое кідае дваіх людзей ва ўзаемныя абдымкі. Можа, не аднойчы такі шлюб вырашае адна хвіліна, а потым прывыканне і ўзаемная згода замацоўваюць гэтыя мімалётныя пачуцці. Часта, аднак, імі кіруе нейкі больш узнёслы, вышэйшы фактар, і я перакананая, што, можа, даволі рэдка, але і сярод нашых сялян узнікае сапраўднае і глыбокае каханне. Вядома, што калі я распытвала ў іх пра каханне, яны не маглі яго акрэсліць, але адчуваць яго ўмеюць: яно набывае часта характар нястрыманых пачуццяў, якія неаднойчы прыводзяць да сапраўднае драмы. Дазволю сабе прывесці пару фактаў У адной з навакольных вёсак служыла ў багатага гаспадара дзяўчына, была яна таксама і яго каханкаю. Іх адносіны працягваліся даволі доўга, пакуль жонка, даведаўшыся пра гэта, не прымусіла мужа выправадзіць служку. Тая сышла, відаць, пасля бурнай сцэны, але праз нейкі час, перапоўненая пачуццём помсты, вярнулася да сваіх гаспадароў і люта забіла абодвух. Яшчэ адна маладая і вельмі прыгожая дзяўчына была выдадзена замуж супраць сваёй волі і знайшла сабе ўцеху ў некім іншым; яна закахалася ў маладога хлопца з Камаровічаў, уцякла ад мужа спачатку да сваіх бацькоў, і калі яны зноў яе выдалі згаданаму мужу, то спрабавала яго атруціць, каб навекі пазбавіцца нялюбага. Задума яе не ўдалася, але расчараваны муж ужо не затрымліваў яе пасля гэтага. Вярнулася яна ў Камаровічы, пасялілася ў родзічкі і цалкам аддалася сваім пачуццям. Аднак, нядоўга гэта працягвалася, бо каханага ўзялі ў войска. Я сама бачыла яе менавіта тады, калі яго лёс быў вырашаны, прыгажуня Аксеня пасля сваіх беспаспяховых зваротаў да пісара, старшыні і іншых уладаў вымушана была пагадзіцца з такім лёсам. Але схуднела, збялела і плакала паціху некалькі тыдняў.
He ведаю, да якой катэгорыі пачуццяў можна залічыць такую іх праяву. Калі нешта падобнае сустракаецца ў асяроддзі вытанчаных людзей, мы гаворым пра духоўную еднасць, пра ўзаемную сімпатыю параднёных сэрцаў, пра боскія вытокі пачуццяў. Для простых жа сялян усё гэта было б залішне прыгожа. Але мне здаецца, што не адна толькі пачуццёвая жарсць, але іншае, больш узнёслае і невытлумачанае прыцягненне, агульнавядомае пад назваю «каханне», дзейнічае і сярод іх. 3 прыемнасцю пацвярджаю гэта, бо пры частых нараканнях на тое, што ў «хлопаў» няма сэрца, прыемна адзначыць і той факт, які хоць часткова, але абвяргае гэтае сумнае перакананне.
Дзяўчаты карыстаюцца, можна сказаць, самай неабмежаванай свабодаю, бацькі ж клапоцяцца толькі пра тое, каб выкарыстаць іх сілы і ўменне ў гаспадарцы і каб з цягам часу выдаць іх замуж, як найлепей і з меншымі для сябе выдаткамі. Такім чынам, дзяўчына цешыцца жыццём і сваёй маладосцю, гуляе, прыгожа апранаецца, наколькі гэта магчыма; са шматлікімі сяброўкамі, спяваючы, бегае ў лес no грыбы ці на арэхі, усміхаецца і какетнічае з хлопцамі, адказвае пацалункам на пацалунак і кулаком на штуршок. У запусты танцуе, вясною гуляе на лугах, на Купаллі скача і пляша каля вогнішча і так весела сыходзяць гады маладосці. Толькі пасля замужжа пачынаецца сур’ёзнае жыццё, звязанае з клопатамі і парою цяжкой працай. Бо менавіта ёю абцяжарана жанчына-гаспадыня на Палессі. Апрача хатняй гаспадаркі, догляду жывёлы і ўсялякага набытку, абмывання, абшывання сям’і, гадавання і выхоўвання дзяцей, ёсць яшчэ работа ў полі і на агародзе, якую, вядома, яна сама павінна выконваць, бо ніводзін мужчына не дакранецца да яе. Каб усяму гэтаму даць рады, трэба быць актыўнаю, працавітаю і перш за ўсё здароваю. Акрамя цяжкой працы, жанчыне, што выходзіць замуж, заўсёды пагражае прывід мужавай сям’і нязменна патрабавальнай, часта варожа настроенай і нядобразычлівай. Вобраз свекрухны, паводле ўяўленняў тутэйшых людзей, становіцца ўвасабленнем зласлівасці, разладу і лютасці.
Вось чаму шлюб, прынамсі для дзяўчыны, не ўяўляецца вяршыняй зямнога шчасця. Кожная ведае, што гэта яе не міне, бо старых дзяўчат тут амаль не сустрэнеш, але ніводная не рвецца да алтара. Наадварот, адцягваюць і марудзяць, стараючыся рознымі спосабамі адсунуць гэты момант як найдалей. Кажуць: «Будзе часу! Шчэ ж пара!» Таму што пры ўступленні ў шлюб вельмі рэдка бярэцца пад увагу ўзаемная схільнасць. Бацькі дамаўляюцца паміж сабою з дапамогаю сватоў, і ў гэтай згодзе найважнейшую ролю адыгрываюць дастатак, працавітасць, цвярозасць, а не ўзаемныя сімпатыі зацікаўленых бакоў. Вядома, што ні з аднаго, ні з другога боку ні прымусу, ні гвалту не ўжываюць. Наадварот, у дзяўчыны нават пытаюць, ці згаджаецца яна на выбар такога мужа, а калі яна сапраўды не жадае ісці за яго, то заўсёды можа адмовіць. Але такое здараецца рэдка. Як правіла, вельмі маладая і недасведчаная дзяўчына (настолькі, каб магла кіраваць сваім розумам), давяраецца бацькам і падпарадкоўваецца іх волі. Але ці аказваецца выбар бацькоў шчаслівы? Здараецца па-рознаму, але часцей, можа, чым дзе-небудзь, сустракаем тут жонак, якія кідаюць мужоў і ўцякаюць
назад, у бацькоўскую хату. Амаль кожная праходзіць праз такую фазу роспачы, пакуль не зжывецца з новым акружэннем і не звыкнецца з цяжкай доляю.
Шлюбы тут заключаюцца ў вельмі маладым узросце: жанчыны у 17-20 гадоў, мужчыны у 18-22. У сваёй большасці хлопцы, якіх бяруць у войска, ужо жанатыя. Таксама часта здараецца, што жонка нашмат старэйшая за мужа. Перыяд, у які адбываецца найбольш вяселляў гэта запусты, ад Ражства да вялікага посту. Бывае, што жэняцца перад калядным постам, пасля заканчэння палявых работ, але гэта толькі ў выключных выпадках. Поўнае апісанне вяселля патрабавала б асобнага разгляду, бо засталося вельмі шмат цырымоній і абрадаў, якія да гэтага часу захоўваюцца ў сваім старажытным выглядзе, пра што сведчаць такія назвы, як князь, баяры, дадзеныя маладому і дружкам. Песні, што выконваюцца на вяселлі, вельмі разнастайныя і ўсе бываюць прыстасаваныя да пэўных абставін; асабліва некаторыя, якія апяваюць нядолю маладой замужніцы ў чужой незнаёмай сям’і і яе тугу па родных і блізкіх, надзіва ўзрушальныя. Ёсць таксама песні, складзеныя выключна для сіраты, якая выходзіць замуж яны журботныя і чуллівыя. Паміж так званымі змовінамі і шлюбам перапынак вельмі кароткі. Часта на змовінах прызначаюць і тэрмін шлюбу: праз тыдзень, праз 10 дзён, і заўсёды выбіраюць для шлюбу нядзелю або іншы святочны дзень. Трэба, аднак, адзначыць, што, паводле народнай традыцыі, царкоўны шлюб яшчэ не лічыцца правамоцным дзеля сумеснага жыцця маладых, не царкоўная цырымонія дае канчатковае права на іх з’яднанне. Часцей здараецца, што з царквы маладыя разыходзяцца кожны да сябе і застаюцца яшчэ нейкі час чужымі, да дня, прызначанага на вяселле. Гэты дзень выбіраюць у залежнасці ад жадання бацькоў або нейкіх акалічнасцяў праз тыдзень або два пасля шлюбу. На працягу гэтага часу маладая жыве ў бацькоў і з мужам зусім не сустракаецца, а той і не прэтэндуе ні на якія правы ў адносінах да яе і толькі пасля вяселля забірае яе ў сваю хату, і ўжо з гэтага часу прызнаецца і з’яўляецца яе сапраўдным мужам. Гэта можа служыць доказам таго, наколькі мала да цяперашняга часу нашы людзі пераняліся царкоўным духам, калі нават таінства яны лічаць толькі як абавязковую форму, а зусім не як рэч самую важную і значную, і наколькі кансерватыўна яны трымаюцца старажытных звычаяў, якія замянілі ім недахоп рэлігійнага пачуцця, сталі яго вераю і найвышэйшым законам. Нікому, нават самаму беднаму чалавеку, не прыйшло ў галаву выдаць замуж дачку, не згуляўшы вяселля. Шлюб лічыўся б несапраўдным, калі б спыніліся на адным толькі вянчанні.
Вяселле заўсёды працягваецца некалькі дзён. Спачатку ў абедзвюх хатах паасобку з вялікім цырыманіялам і песнямі пяклі караваі. Назаўтра малады ў акружэнні дружыны прыязджае да жонкі, яна з дружкамі чакае яго ў хаце. Яго адразу не пускаюць туды, і ён мусіць даць выкуп дружкам і ледзь не гвалтам здабыць права ўвайсці. Потым ідзе частаванне прысутных, танцы, якія адбываюцца, не зважаючы на зімовыя маразы, на падворку перад хатай. Госці п’юць гарэлку, ядуць разнастайныя прысмакі, адпаведныя заможнасці гаспадара. Маладую садзяць на дзяжы, падпальваюць ёй і мужу валасы, завіваюць намётку,
дзеляць каравай. Нарэшце, адбываецца ад’езд маладых у хату мужа разам з вясельным пасагам, які ў кублах і каробках пакуюць на вазы, і пры гэтым увесь час спяваюць адпаведныя песні. А ў мужавай хаце далей працягваюцца розныя забавы, частаванне, выпіўка, танцы, свавольствы і жарты, усё больш і больш разняволеныя. Працягваецца гэта да позняе ночы, пакуль, нарэшце, свахі не правядуць маладажонаў у «клець» і не пакінуць там адных. Даўней, калі звычаі былі нібыта больш суровыя, весялосць і забавы залежалі ад таго, аказалася маладая дзеўкаю, ці наадварот. Пры шчаслівым выпадку ў хаце панавала агульная радасць: упрыгожвалі вокны, коміны, абразы, гаршкі і ўсё, што можна было ўпрыгожыць, чырвонымі стужкамі, а так званыя прыданкі (прыяцелькі), прысланыя маткаю, каб даведацца пра дачку, адвозілі з трыумфам у бацькоўскую хату кашулю сумленнай дзяўчыны. Гулялі і танцавалі цэлы дзень, і кожны ўслаўляў нявіннасць маладой і прадбачлівую апеку яе маткі.