Нарадзілася я на Палессі...
фальклорна-этнаграфічная спадчына
Эма Яленская
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 374с.
Мінск 2019
Цяпер жа, калі большасць дзяўчат выходзіць замуж зусім не ў стане дзявочай нявіннасці, гэтыя звычаі павінны былі змяніцца. Вельмі многіх трэба было б асуджаць. У выніку найчасцей малады па сваёй дабраце, якая можа здацца вытанчанай далікатнасцю, прымае ўсю віну на сябе, і назаўтра, пасля шлюбнай ночы, гулянка працягваецца далей найлепшым чынам, а прыданкі звычайна адвозяць бацькам добрыя весткі. Аднак я таксама чула і пра іншыя выпадкі. Малады адмовіўся ўдзельнічаць у ашукванні старонніх, праўда раскрылася, і дружкі маладога, помсцячы за таварыша, надзелі свахам хамут на шыю. Усе дзяўчаты пакінулі гулянку, і маладая на доўгі час была выстаўлена на жарты і здзекі прысутных, а потым пакінута на непрыязнасць мужа і ўсёй яго сям’і. У цэлым жа цяпер усё больш паблажліва ставяцца да ўсялякіх дашлюбных выбрыкаў.
Якое ж становішча жонкі ў мужавай сям’і? Бо часцей за ўсё яна ўваходзіць у шматлікую грамаду і мусіць жыць не толькі з яго бацькамі, але і з братамі, і з іх жонкамі, а потым сутыкнуцца з самымі рознымі характарамі і патрабаваннямі, з якімі неяк трэба знаходзіць паразуменне. Усё гэта залежыць ад яе такту і ўмельства. Калі яна лагодная, ціхая, пакорлівая і працавітая, то неўзабаве стане падпарадкоўвацца больш энергічным родзічам, якія пачнуць эксплуатаваць яе на кожным кроку; калі ж яна рэзкая і дэспатычная, і трапіць на адпаведныя характары, то адразу ператворыць хату ў сапраўднае пекла. Часта так і здараецца, бо тутэйшыя жанчыны, як правіла, ні саступіць, ні змаўчаць не ўмеюць. Такім чынам, сваркі, інтрыгі, змовы, плёткі, паддражніванні, жаданні рабіць на злосць працягваюцца бясконца. А калі ў дадатак мужыкі пачнуць бараніць сваіх баб, то даходзіць часта да бойкі, а часам і да раздзелу сям’і. Наконт гэтага ў сялян існуе таксама перакананне, што некалькі жанчын не можа жыць у згодзе пад адным дахам. Памятаю, як здзівіўся адзін з мужыкоў, калі я сказала яму, што хоць у двары жыве некалькі паняў, але яны ніводнага разу яшчэ не пасварыліся. Ён з недаверам паглядзеў на мяне і, пачухаўшы галаву, сказаў: «Да як жэ гэто можэ буці? У нас як толькі жонкі зберуцца, то нашэму брату хоця з хаты ўцекаць!»
He зважаючы на грубасць і імпульсіўнасць мужчын, найчасцей, аднак, у хаце пануе жанчына. I тут, як і на ўсім свеце, пацвярджаюцца словы: «Мы кіруем светам, а намі жанчыны». Жанчына паводле сваёй натуры больш рухавая і хітрая, яна ўмее распазнаць слабыя бакі свайго гаспадара і неўзабаве з дапамогаю разнастайных, уласцівых ёй спосабаў кіруе ім. Яна часта, калі ўзнікае патрэба, становіцца яму дарадцаю. Парою ўмее навязаць яму сваю волю, і хоць мужчыны заўсёды з вялікай пагардаю адгукаюцца пра бабскі розум, тым не менш, часта знаходзяцца пад уплывам сваіх жонак. Але звычайна іх поле дзейнасці падзелена: у хаце гаспадарыць жонка, а ў астатняй гаспадарцы муж. Калі хата даволі багатая, каб можна было распараджацца нейкімі даходамі, незалежна ад заробленых у полі грошай (напрыклад, калі мае жарэбчыка, вала або крыху жыта на продаж), і гэтага дастаткова для аплаты падаткаў, то кожны з членаў сям’і захоўвае заробленыя грошы для сябе і выкарыстоўвае іх на адзежу, боты і г. д. Жанчыны таксама карыстаюцца гэтымі прывілеямі, і рэдка здараецца, каб муж адабраў у жонкі заробленыя ёю грошы. Дзяўчаты таксама маюць сваю асобную касу і з яе купляюць сабе патрэбныя строі або збіраюць на пасаг, што здараецца досыць часта. У такім разе яны хаваюць сваё багацце, звычайна, у выглядзе срэбраных залатовак і сараковак на дне кубла ў шматку палатна альбо ў маленькай бляшаначцы з-пад цукерак. Аднак, калі ў сям’і не хапае на абавязковыя выдаткі, то і сыны, і дочкі ахвотна аддаюць бацьку свае заробкі. Грашоввыя спрэчкі рэдка здараюцца ў сям’і, і калі, напрыклад, муж вельмі шмат траціцца на гарэлку, жонка скардзіцца, наракае, але плоціць за яго, калі трэба.
Дзяўчаты, апрача заробкаў на рабоце ў полі, маюць яшчэ адну крыніцу прыбытку збіраюць грыбы, ягады і арэхі, нясуць іх у панскі двлор, дзе заўсёды гэтыя прадукты ахвотна прымаюцца і аплочваюцца срэбранай манеткай, хустачкай або кавалкам паркалю, што прыносіла нашмат большае задавальненне. Яўрэі таксама купляюць у вясковых жанчын арэхі і грыбы. Сялянкі прыносяць у двор на продаж яйкі і курэй. Аднак калі прыходзяць у двор па якую-небудзь раду ці па лякарства, дык ахвяруюць звычайна пару жменяў гарбузовых зярнят або чорных сушоных ягад гасцінца, і за гэта ніякае платы браць не хочуць. Самі яны таксама вельмі гасцінныя, у хаце любяць частаваць аладкамі або нават яешняй, а калі капаюць бульбу, дык абавязкова запрашаюць на печаную ў прыску.
Са шкадаваннем трэба прызнаць, што маральны ўзровень замужніх жанчын хоць і значна вышэйшы, чым у дзяўчат, але небездакорны. Цяжкая хатняя праца і пільнае вока мужа, які прыглядаецца і абураецца за парушэнне вернасці і сваё абурэнне выказвае вельмі простым і брутальным спосабам, адбівае ахвоту да пазавугольных любошчаў. Дык калі і здараецца такое каханне, то працягваецца яно нядоўга. Вядома, што салдаткі, якія засталіся дома, заўсёды маюць палюбоўнікаў. Але на гэта і людзі, і самі мужы глядзяць паблажліва, тлумачачы, што калі ён сам у гэты час мае стасункі з рознымі жанчынамі, то чаму і яна павінна быць пазбаўлена такой свабоды.
3 большай суровасцю і нават з абурэннем глядзяць яны на недазволенае каханне між крэўнымі. А выпадкі такія сустракаюцца. He ведаю, наколькі гэта праўда, але кажуць, што блізкія адносіны свёкра з нявесткаю часта бываюць зусім не платанічныя. Чула я тое самае пра пэўных сясцёр і братоў.
Акрамя такіх вычварных уяўленняў і вельмі непрыстойных паводзін наогул, ёсць яшчэ пэўная катэгорыя злачынцаў, пра якіх тут не ведаюць. Я маю на ўвазе дзетазабойства. Два фактары, якія звычайна правакуюць такое злачынства беднасць і сорам тут абсалютна не існуюць. Дзяцей, народжаных у сям’і, заўсёды вітаюць з радасцю, бо з імі прыбывае бясплатная рабочая сіла, а пры існуючых умовах лёгкая для выжывання. Незаконнанароджаных дзяцей ахвотна лічаць за сваіх па той жа самай прычыне. Калі ж матка замужніца, то часта ніхто не ведае, што дзіця прыйшло на свет нелегальна. Мужы пасля першага выбуху гневу пагаджаюцца прыняць чужое дзіця за сваё, і з цягам часу цалкам сціраецца памяць пра мінулае. Значна цяжэй, калі дзіця нарадзіла дзяўчына. 3 песні мы бачым, што гэта выклікае ў сям’і вялікае абурэнне, а віноўніца застаецца з сорамам назаўсёды. Аднак такога практычна ніколі не здараецца. Палескія знахаркі ведаюць тысячы спосабаў выйсця з такога становішча, і дзяўчаты, калі трэба, спехам бягуць да іх. I можна толькі дзівіцца моцнаму арганізму тутэйшых жанчын, што ўжываныя імі лекі не надрываюць іх здароўя.
V.
Сялянскія сем’і на Палессі, як вядома, даволі вялікія. Мне не даводзілася чуць, каб калі-небудзь гаварылі пра сям’ю, у якой менш за трое дзяцей. Часта трапляюцца сем’і, якія маюць іх дзесяцёра і больш. Рэдка сустрэнеш хату, дзе не памерла некалькі дзяцей, і амаль кожнай матцы даводзілася перажываць такую балючую страту. Злейшым ворагам гэтых маленькіх стварэнняў бывае дыфтэрыт, які ўжо неаднойчы на працягу нейкіх двух тыдняў забірае дзясяткі большанькіх і меншанькіх дзетак. У хатняй цеснаце і душным паветры хутка перадаюць яны адно аднаму хваробу. Частыя хваробы ўзнікаюць яшчэ і таму, што не хапае догляду і разумнай апекі. Дзеці зімою і летам з усёй адзежы маюць адну і тую ж кашулю, ходзяць амаль заўсёды басанож, так што вымакнуць і прастыць бывае вельмі лёгка, тым больш што зімою ў хаце страшэнна горача, і дзеці, седзячы на распаленай печы, потым адразу выбягаюць на снег і вецер. Але ўжо тыя, хто выгадуецца ў такіх умовах, у выніку нялёгка паддаюцца хваробам, бо атрымліваюць у спадчыну ад бацькоў моцнае здароўе і вялікі запас сіл — асабліва моцна складзеныя жанчыны, што пацвярджаецца тым, з якою лёгкасцю яны выношваюць і нараджаюць дзяцей. Усе яны без выключэння да апошняй хвіліны працуюць у полі, жнуць, полюць, перуць, нават перасоўваюць цяжкія рэчы. Здараецца, і даволі часта, што пасярод поля пачынаюцца схваткі, і не паспее яна дайсці дадому, як народзіць дзіця. Жывот, як правіла, баліць нядоўга, і ўсё заканчваецца паспяхова. Праўда, я чула ад аднае
вельмі дасведчанае жанчыны, якая ўжо даўно і добра напрактыкаваная ў гэтых справах, што найбольшая колькасць цяжкіх родаў прыпадае на восень. Яна тлумачыла гэта працаю цяжарнай у полі і тым, што жняі даводзіцца ўвесь час нахіляцца, а гэта шкодна ўплывае на роды. Таксама па гэтай прычыне дзеці часцей нараджаюцца нежывымі менавіта ўвосень.
Зразумела, пры кожнай парадзісе звычайна знаходзіцца так званая бабка. У вёсцы некаторых жанчын асабліва цэняць за іх умельства і дасведчанасць у прыняцці родаў, але бабкаю можа быць любая замужняя жанчына, толькі не родная матка. Гэтай «бабе» нельга знаходзіцца пры дачцы. Аднак, часта здараецца, што ў выніку празмернага старання немаўлятку, а ў некаторых выпадках і матку, адпраўляюць на той свет. Пры нараджэнні дзіцяці прытрымліваюцца пэўных правілаў: парадзіха павінна не ляжаць у ложку, а нараджаць стоячы. Калі пачынаюцца вострыя схваткі, цяжарную жанчыну тры разы абводзяць вакол стала. Раскладваюць таксама на падлозе мужавы споднія штаны, праз якія парадзіха павінна некалькі разоў пераступіць. А калі цяжкія роды зацягваюцца, і жанчына вымушана цярпець невыносны боль, то просяць святара адчыніць у царкве дзверы, якія завуць «царскімі варотамі». I толькі калі дзіцятка прыйдзе на свет, іх зачыняюць. Часам таксама парадзіху накрываюць яшчэ і епітрахіллю, якую надзяе на сябе святар у часе набажэнства.
Калі, нарэшце, дзіця народзіцца, яго купаюць і спавіваюць. Пялёнкі заўсёды робяць са старых кашуль. Нельга даваць дзіцяці на працягу першага года жыцця новага палатна, бо потым, у будучым, яно не будзе багатым. Яшчэ лепей, калі старыя пялёнкі, у якія загортваюць дзяцей, выпрашаны або падораны. Нельга таксама надзяваць на галоўку шапачку, а ахінаюць яе хустачкай. Першыя два дні немаўлятку пояць выключна цёплым рамонкам, што ачышчае яму ўнутранасці. I толькі на трэці дзень матка дае яму цыцку. Часцей увесь гэты час матка яшчэ ляжыць у ложку, хоць здараецца, калі адчувае ў сабе сілу, устае на другі дзень пасля родаў. Бабка наглядае за ёю, смажыць ёй яешню, кашу ці аладкі і прыносіць ежу ўсе гэтыя два дні. Падаючы першы раз яешню, яна гаворыць: «На табе, мая ўнучэчка, штоб тэ месцечко, гдзе було поўненько, зноў напоўнілось!». Даюць таксама хворай гарэлку і ўгаворваюць пад’есці, пераконваючы, што трэба запоўніць тое пустое месца, што засталося ў жываце пасля дзіцяці. Прыходзяць і суседкі, і кожная павінна з сабою нешта прынесці: або яешню, або чорныя ягады, звараныя з ігрушамі, або тварог з малаком і да т. п. рэчы. Звяртаючыся да маці, гавораць ёй: «З’еш, ад таго малака прыбудзе».