• Газеты, часопісы і г.д.
  • Нарадзілася я на Палессі... фальклорна-этнаграфічная спадчына Эма Яленская

    Нарадзілася я на Палессі...

    фальклорна-этнаграфічная спадчына
    Эма Яленская

    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 374с.
    Мінск 2019
    101.08 МБ
    Палешукі людзі не вельмі набожныя і не надта прывязаныя да сваёй веры. Яны занадта цёмныя, каб угледзець розніцу ў веравызнаннях; абстрактныя паняцці застаюцца недасягальнымі для іх розуму. Пра рэлігію маюць вельмі блытаныя ўяўленні. Господ Бог стварыў свет і ўсё, што ў ім знаходзіцца, а таксама даваў зразумець людзям, як яны павінны сябе паводзіць, найчасцей караў за правіннасці, і гэта было павучэннем на будучыню. А пакаранні гэтыя былі надзвычай дзіўныя: напрыклад, за ігнараванне святой нядзелі загадаў адной жанчыне цэлы год карміць уласнымі грудзьмі двух шчанюкоў, пасля чаго тая памерла. У даўнейшыя часы «Госпад» часта набываў аблічча старога дзеда з доўгай барадою і хадзіў па зямлі, проста размаўляючы з людзьмі. Ісус Хрыспюс рабіў тое самае, але цяпер ужо такога не бывае. Пра нараджэнне Хрыста распавядаюць, што адбылося тое ў нядзелю рана; калі Прачыста не ведала, якое імя даць дзіцяці, то занесла яго ў царкву. Там хацелі яго назваць Пятро-Паўло, што вельмі не спадабалася Прачыстай. Патушыўшы ўсе свечкі, яна выйшла з царквы, загадала званам замоўкнуць, і пасля гэтага сама з дзіцёнкам зноў пайшла ў царкву. Толькі тады святары далі яму імя Ісус Хрыстос, і Прачыстая пагадзілася. Песню, у якой пераказваецца гэтае паданне і якую спявалі пад час святкавання Ражства, я маю ў трох варыянтах: два запісаныя ў Камаровічах і адзін з Івашкевічаў. У вёсках, што знаходзяцца ў некалькіх вёрстах ад Камаровічаў, гэта добра вядомая калядка. Пан П. В. Шэйн у сваёй кнізе «Матэрыялы для вывучэння быту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-
    Заходняга краю», т. I, ч. 1, с. 56, № 36 цытуе гэтую самую песню, запісаную ў в. Мялешкавічы Мазырскага павета, але з некаторым адрозненнем: толькі ў ёй папоў просяць даць імя дзіцяці, два разы яны памыляліся, давалі імя Іллі і Пятра, потым, нарэшце, далі імя Ісуса Хрыста, і задаволілі Матку. Такі варыянт у нашай мясцовасці не сустракаецца. Тое, што жыды Хрыста мучылі, пра гэта тут ведаюць, але за што і навошта не надта разумеюць. Ёсць яшчэ на небе янгалы, якія кланяюцца перад Богам і спяваюць яму розныя песні. Ёсць і вялікая колькасць святых. А неба гэта вельмі прыгожае месца, куды пойдуць усе справядлівыя людзі, адпакутаваўшы за грахі. Гэтыя пакуты найчасцей тут, на зямлі, трэба адбыць, таму душа пасля смерці мусіць яшчэ блукаць, бадзяцца па свеце і шмат пакутаваць, пакуль яе, нарэшце, не дапусцяць у «святы рай».
    Аднак, маральныя ўстоі нашага народа маюць мала агульнага з рэлігіяй. Калі не дазваляецца рабіць нешта кепскае, то выключна з іншых, практычных меркаванняў. За кожнае злачынства карае закон і асуджаюць людзі. Бог не надта ўмешваецца ў людскія справы, часам толькі прыглядвае, каб выконваліся царкоўныя правілы святкаваць нядзелю, каб прытрымліваліся посту і г. д. Кожнаму чалавеку ён прызначае долю, з якою нават і змагацца не варта. Калі каму прызначана быць багатым, то хоць бы нічога і не рабіў, дастаткі самі прыйдуць да яго ў рукі; каму суджана быць бедным, таму ані працавітасць, ані стараннасць нічым не дапамогуць, бяда ўчэпіцца за яго і не адпусціць да канца жыцця. Ёсць цэлы шэраг учынкаў, якія лічаць грахом («грых»). Але менавіта гэтыя ўчынкі, магчыма, менш чым іншыя, заслугоўваюць асуджэння. Напрыклад: зрываць у купальскую ноч кветку папараці, адбіраць з дапамогаю чараў малако ў чужых кароў, праклінаць страшным праклёнам, жадаць каму-небудзь, каб той тры дні канаў, або каб яго хату пярун спаліў. Звычайныя ж праклёны, такія, як «трасца тваей маці!», «каб цебе чорт узяў!», «кабы цебе ваўкі зарэзалі!», ужываюцца даволі часта і не выклікаюць вялікага абурэння. Помсцячы, падпальваць чужую сядзібу, двор ці хай сабе гаспадарчыя будынкі, выдзіраць пчолы з вулляў гэта злачынствы, якія называюць грахамі, якіх трэба асцерагацца, нават калі за іх нібыта не адбудзецца відавочнага пакарання; бо яны абцяжарваюць сумленне і не даюць потым спакойна памерці. Але іншыя як крадзеж, п’янства, пралюбадзеянне, абгавор, нават забойства, учыненае пад час гневу, помста, бойкі і г. д. настолькі страшныя, наколькі цягнуць за сабою ліхія вынікі. Разумны чалавек павінен усяго гэтага пазбягаць і жыць у спакоі і згодзе з бліжнімі, нікога не крыўдзіць і нікому не даваць падставы крыўдзіцца.
    Зразумела, што і ў гэтых учынках існуюць розныя ступені зла. Крадзеж гэтае, бясспрэчна, самае распаўсюджанае злачынства сярод людзей, не заўсёды ўспрымаецца як зло. Напрыклад: украсці штосьці ў пана гэта толькі паўграха, у яўрэя амаль заслуга, але ў суседа, аднавяскоўца гэта вялікае злачынства. Украсці грошы, выцягнуць са стадолы або свірна крыху жыта, залезці ў замкнутую камору гэта сапраўдны крадзеж. Але сцягнуць кавалак жалеза альбо вяроўкі, вынуць з рамы ў парніку шыбу, сцягнуць якую бутэльку
    або слоік, ухапіць, ідучы па дарозе, крыху гародніны, паслаць дзіця, каб крадком нарвала гароху на панскім полі, нарэшце, ссячы ў лесе пару дрэў гэтыя ўчынкі наогул не лічацца заганнымі. Я моцна перакананая, што ў абедзвюх камароўскіх вёсках няма ніводнага чалавека, які б не рабіў такіх учынкаў амаль кожны дзень. Той самы чалавек, які без найменшых дакораў сумлення крадзе цвікі, рамяні і яблыкі, калі б знайшоў на дарозе мяшок з брыльянтамі, напэўна ж, ніводнага не ўзяў бы сабе. У якасці прыкладу, што наш народ не мае моцнае цягі да крадзяжу, хачу звярнуць увагу на той факт, што ў панскім двары, у стайнях і аборах ніколі, нават ноччу, не замыкаюць дзверы на ключ; вокны ўсё лета, удзень і ўночы, застаюцца адчыненымі, начнога вартаўніка няма, гэтаксама як і сабак на ланцугах; вароты толькі прычынены, ніводнай стрэльбы ў хаце няма, а часцей за ўсё там жывуць адны жанчыны. He было б нічога лягчэйшага як усё абрабаваць, скрасці і вывезці далёка. Але ніколі нікому такая думка і ў галаву не прыйшла. Самае большае калі выцягнуць з вяндлярні некалькі штук вяндлін ці трохі медзі з вінакурні. Канакрадства, гэтае сапраўднае бедства ў некаторых ваколіцах, у нас абсалютна невядомае. Коні заўсёды свабодна пасуцца на начлезе і хіба толькі воўк на іх нападзе. Разам з тым нельга развешваць дзікі вінаград на сценах дома, бо праз нейкі час усе цвікі будуць выцягнуты. Бутэлькі з-пад старых лякарстваў, нягледзячы на папярэджанне і абяцанне вярнуць, ніколі назад не вяртаюць у рукі ўладальнікаў; я ўжо не кажу пра вяровачкі і раменчыкі. У адносінах да сваіх суседзяў сяляне досыць памяркоўныя, і нават можна здзіўляцца, як пры такім блізкім жыхарстве, пры магчымасці ўзяць чужое (бо і ў іх дзверы ў хатах, аборах і стадолах ніколі не бываюць замкнутыя) адносна рэдка здараюцца крадзяжы. Гэтым пацвярджаецца факт, што ў прынцыпе характар нашых людзей вызначаецца пачцівасцю і сумленнасцю. Іх сумленне лёгка пагаджаецца з дробнымі правіннасцямі, якія, паводле іх свядомасці, не лічацца злачынствам, але яны абураюцца, калі здарыцца сапраўды вялікае злачынства.
    Забойствы вельмі рэдкая з’ява сярод нашых людзей, а калі яны і здараюцца, то бываюць справакаваныя гневам, прагаю помсты, зайздрасцю і робяцца звычайна ў нецвярозым стане. Свядомыя забойствы з мэтаю грабяжу належаць хіба да незвычайных выключэнняў. За ўсё жыццё я чула толькі пра адзін падобны выпадак у суседняй вёсцы, а абурэнне, якое выклікала паведамленне пра яго сярод нашых камаравічан і запалян, пераконвае, што то было сапраўды нечуванае да гэтай пары здарэнне. «Таго ніколі ў нас не бувалоі» — паўтаралі і старыя, і маладзейшыя. У песнях і казках я таксама ніколі не сустракала згадак пра забойцаў-разбойнікаў і пра іншых падобных герояў. Відаць, спакойны і памяркоўны лад жыцця нашых людзей ніколі не быў прыдатнай глебаю для авантурыстычных ідэй.
    Затое бойкі, свары, скандалы цалкам звычайныя з’явы. Я ўжо згадвала пра тое, што кожны муж б’е сваю жонку як за нейкія справы, так і па прыроднай схільнасці. Жонкі не заўсёды цярпліва гэта пераносяць і могуць даць здачы. Дзеці, калі ёсць за што, таксама атрымліваюць штурханца ці кіем па спіне,
    або лыжкаю па галаве. Горш за ўсё, калі дзеці таксама часта крыўдзяць старых бацькоў. Калі аднойчы справа аб тым, што сын б’е свайго старога бацьку, дайшла да суда, абвінавачаны са шчырай наіўнасцю апраўдваўся: «Да як жэ гэто будзе! Штоб я не мог роднаго бацькі і родну жонку набіць!» Аднак, нельга сказаць, каб гэта былі подлыя дзеці. Бацькі, пакуль маюць хоць якую сілу працаваць і цвярозы розум, застаюцца гаспадарамі ў хаце. А калі ўжо зусім састарэюць і вымушаны апусціць рукі, то дзеці бяруць верх, і тады здараецца рознае. Але ніколі бацькі не ідуць на старасці гадоў жабраваць, а заўсёды заканчваюць жыццё ва ўласнай хаце, і я не чула, каб ім калі-небудзь было адмоўлена ў харчаванні, у адзенні або ў цёплым прытулку. Больш ці менш багатае пахаванне бацькоў, у залежнасці ад дастатку, дзеці спраўляюць за свой кошт. Нябожчыка заўсёды апранаюць ў найлепшае ўбранне, прызначанае ім на смерць яшчэ пры жыцці, як ён тое наказваў. Перадсмяротную волю бацькоў дзеці лічаць сваім абавязкам, выканаць які яны павінны як мага дакладней, іначай душы памерлых не далі б ім спакою. Калі ў абыходжанні простыя людзі бываюць грубыя і жорсткія, то, можа, не столькі ад таго, што злыя па сваёй прыродзе, як хутчэй па недзе прыхаванай у іх глыбіні дзікасці, якая пры пэўным выпадку выходзіць на паверхню. Зрэшты, выбух гневу, паводле іх уяўлення, не з’яўляецца грахом, і я ўпэўнена, што ніхто пасля таго, як наб’е жонку або старую маці, не адчувае ў сабе згрызот сумлення.
    П’янства гэта сапраўднае бедства ў нашых вёсках. П’юць усе: маладыя, старыя, мужчыны, жанчыны. Большая частка заробленых грошай ідзе на гарэлку, а ёсць людзі, якія толькі тады перастаюць піць, калі ўжо не маюць чым заплаціць. Само сабою, мужчыны трымаюць у гэтым першынство, закаранелых жанчын-п’яніц няшмат, але на кожнай урачыстасці, пры любой магчымай аказіі і яны могуць зраўняцца з мужчынамі. Само па сабе п’янства не лічыцца злом, калі б не траты, што вядуць да нястачы. П’яны чалавек не выклікае ні абурэння, ні пагарды, бо гэта занадта распаўсюджаная з’ява.
    Полавыя адносіны, пра якія я згадвала, калі гаварыла пра жанчыну, даволі свабодныя, а ўяўленні пра амаральнасць у гэтым сэнсе амаль адсутнічаюць. Мужчыны не настолькі цэняць дзявочую нявіннасць, каб непакоіцца і хвалявацца, жанчыны ж заўсёды гатовыя пазбавіцца сваёй цноты. Наколькі я ведаю, імі кіруе не нейкая прадажнасць і прага прыбытку, але іх сэрца мае свае фантазіі, прыхамаці і парыванні, якім яны аддаюцца, не зважаючы на абавязкі. Здаецца мне, што жанчын, якія прадаюць сваю годнасць і прыгажосць таму, хто лепей заплоціць, вельмі мала. У кожнай любоўнай гісторыі ёсць хоць бы малая часцінка бескарыслівага пачуцця. Нярэдка дамінуючым фактарам, нават у найбольш распусных, з’яўляецца прага вясёлага жыцця, бесклапотнага і бестурботнага. Мужчыны не кіруюцца ў адносінах да спакушаных імі дзяўчат ніякімі меркаваннямі прыстойнасці і гонару і не адчуваюць абавязку кампенсаваць нанесеную ім шкоду жаніцьбаю на каханцы. Калі іх адносіны працягваліся доўга і ўрэшце надышла хвіліна расставання, то самае большае гэта грашовая ўзнагарода, якая часам даходзіць да 3-4 рублёў. Згодна з агульнай