Нарадзілася я на Палессі...
фальклорна-этнаграфічная спадчына
Эма Яленская
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 374с.
Мінск 2019
Калі я гаварыла пра дзяцей, то згадвала пра некаторыя лекі, якія ўжываюцца ўсімі. Тут жа дадам, што ад сутарагаў ім даюць піць адвар з карэнняў півоні. Відаць, гэта аказваецца вельмі эфектыўным, бо з гародчыка ў панскім двары заўсёды выкрадаюць усю півоню. Высыпку і каросту ў малых дзяцей змазваюць алеем альбо смятанкаю, часам свежым маслам.
Жаўтуху (жоўтонку) у дзяцей лечаць купаннем у моркве; вараць у вадзе моркву і купаюць у ёй тры дні запар.
У адвары з макавых лушпаек купаюць капрызных дзяцей, каб лепей спалі.
Ад болю страўніка і наогул ад усіх хвароб дзецям робяць купанне ў адвары старой саломы, выцягнутай са страхі.
Паміраючага кладуць на голых дошках і моцна сціскаюць яму рукі. Паляць пры ім таксама грамнічную свечку, каб яму лягчэй было паміраць.
Ад ран, як у людзей, так і ў жывёлы, служыць сабранае лісце «падорожнічка, олюшніка, малінніка» і маладзенькія бярозавыя лісточкі, сабраныя абавязкова ў дзень Купалы. Ад чарвякоў жа, што завяліся ў ранах у свойскай жывёлы, у сабак, часам нават і ў людзей, дапамагае наступная замова. Перад усходам сонца, або пасля заходу, на трэці дзень маладзіка, гледзячы на пакутніка нібыта абыякава, так, каб ніхто не здагадаўся, трэба пералічыць на пальцах да дзевяці наступным чынам: пачынаючы ад першага пальца да пятага і зноў на той самай руцэ да чацвёртага, потым ад чацвёртага да першага, да пятага і назад да першага. Так трэба лічыць кожны дзень па тры разы. Тры дні паўтараюць гэтае замаўленне, і чэрві самі высыплюцца, і ўжо на трэці дзень ніводнага не застанецца. Даюць таксама ад ран пэўны гатунак неачышчанага шкіпінару, вядомага тут як «шпіганар».
Хваробы горла, на якія часта хварэе нерагатая жывёла, лечаць адварам з зелля, якое завецца «багуном». Кладуць ім таксама ў вушы часнок. Часам вушы
надразаюць, а яшчэ моцна націраюць горла жалезам ад сякеры. Наогул супраць хвароб свойскай жывёлы так шмат ужываюць антымоніума (сурмы), што гэта нават увайшло ў прыказку, калі гавораць, што чагосьці дадзена празмерна: «перэдаў антымоніі». Дзеля паляпшэння апетыту прызначаным на ўбой кабанам даюць кветку багуну.
Каровам адразу пасля ацёлу даюць у корм так званую троянку. рознае запаранае збожжа, змяшанае разам. Калі ў кароў часам узнікаюць трэшчыны ці раны на вымені, то шмаруюць балючыя месцы салам або смятанаю.
Раны ў жывёл на языку націраюць мазямі з мёду, часныку і гусінага памёту, і гэта нібыта добра дапамагае.
Калі хочуць, каб гарбузы і бручка былі салодкія, то перад засяваннем трэба на адну ноч вымачыць насенне ў вадзе з цукрам.
Сеючы буракі, трэба ўторкнуць у граду калок, да якога былі прывязаныя кросны старой бабы, тады яны добра ўродзяць і будуць вельмі смачныя.
VIII.
Святы ўяўляюцца нашымі сялянамі не толькі як дні рэлігійнай і царкоўнай урачыстасці, але яшчэ і як вясёлыя і доўгачаканыя дні года. Адпачынак, забава, агульная весялосць, рознакаляровыя строі, лепшая за паўсядзённую страва, усё гэта становіцца прычынаю таго, каб зрабіць са святаў нібыта залатую нітку, якая снуецца паміж шэрай пражы будзённага жыцця, ззяючы прыгожым і чароўным бляскам. Пры гэтым святы ўтвараюць народны каляндар. Простыя людзі маюць вельмі недакладнае ўяўленне пра гады, месяцы, стагоддзі. Народ наш лічыць час паводле святаў: «Тыдзень перэд Піліпоўкой», «назаўтра по Радоўніцы» і г. д.
Дадам тут слоўца пра разнастайныя святочныя абрады.
Свята Божага Нараджэння, Рожство, альбо часцей Коледы, святкуюць з вялікай урачыстасцю. На калядную куццю да вечара нельга ўжываць вараных страў. Гаспадыня занята прыбіраннем хаты: мые лаўкі, сталы, вокны і нават сцены, калі яны не пабеленыя, вымятае хату і сенцы і стараецца ўсяму надаць святочны выгляд. Пад вечар ідзе да святара, якому заносіць у падарунак гаршчок ячменнай кашы і булку хлеба, а наўзамен атрымлівае так званую малітву — бутэльку свянцонае вады, якую ўсе, хто ёсць у хаце, павінны пакаштаваць пад час вячэры напярэдадні Ражства. Калі на небе засвецяць першыя зоркі, на стол кладуць каласы, па адным з кожнага стога, а потым, калі з іх высыплюць зярняты, лічаць іх і варожаць: колькі зярнят, столькі ў наступным годзе будзе стагоў. Каласы ж звязваюць, вешаюць над абразамі і ўвосень засяваюць імі першы загон. Таксама рассцілаюць сена на стале пад абрусам, а на «покуці», у «каробцы», напоўненай сенам, ставяць міску з куццёю. Куцця гэта ячменная каша, згатаваная з алеем. Пасля вячэры сена са стала кладуць у тую самую каробку, дзе яно ляжыць усе тры святочныя дні, потым частку аддзяляюць жывёле і трохі даюць курам у «катух», бо ад гэтага яны добра нясуцца. Перад
вячэраю гаспадар выходзіць з хаты і гаворыць: «Мароз, мароз, хадзі з намі куццёваць! Да нашэй грэчкі не помарозь! Да нашэго проса не помарозь!» На вячэру падаюць звычайна некалькі страў: бураковы боршч з грыбамі, часам з рыбаю, грачаныя аладкі з алеем, булачкі з пшанічнае ці грачанае мукі (пампушкі) з макавым малаком або з сытою, яшчэ прасяны крупнік і, нарэшце, заўсёды на заканчэнне куццю. Таксама п’юць шмат гарэлкі. Калі пачынаюць есці куццю, дзяўчаты крышку крадуць яе і хаваюць у хустку, а потым, ідучы спаць, кладуць яе сабе пад галаву. Хто ў гэтую ноч прысніцца дзяўчыне, той стане яе мужам. 3-пад абруса выцягваюць сена. Калі акажацца доўгае сцябло, гавораць, што той вырасце высокі. Глядзяць таксама на зоркі. Калі яны свецяць ясна, то ўраджай будзе добры. Калі чарнее дарога, а снегу так мала, што на выезджаных месцах відаць зямлю, дык авёс і гародніна будуць добрыя. Дзяўчаты варожаць яшчэ гэтак: кідаюць у начоўкі некалькі зярнят бобу, кожная памячае сваё, і трасуць начоўкі: чыё зярнятка выпадзе, тая неўзабаве выйдзе замуж.
Пасля вячэры дзяўчаты збіраюцца ў невялікія гурты (хлопцы таксама, але асобна) і ідуць па вёсцы калядаваць. Коляднічкі падыходзяць пад вакно хаты і пачынаюць такімі словамі: «Добры вечэр, пане господару, ці сьпіш, ці лежыш, ці ўсё добрэ чуеш, ці засьпеваці? Ці з ласкі колядку даце?» 3 хаты адказваюць, каб спявалі. Гэтыя песні не заўсёды маюць набожны змест. Гаворыцца ў іх пра нараджэнне Хрыста, але таксама і пра дзяўчыну, якая сваёй прыгажосцю зачаравала трох хлопцаў, і пра варанога каня незвычайнай адвагі, і пра зялёныя квітнеючыя сады. У адной жа з іх проста выпрошваецца ўзнагарода. Тым толькі ад звычайных песень яны адрозніваюцца, што пасля кожнае страфы паўтараецца: «Сьвятый вечэр!» Мелодыя манатонная і аднолькавая ва ўсіх песнях. Калі яны заканчваюць спяваць, з хаты ім выносяць невялікі дар: кавалак сала, пару яек, трохі круп і да т. п.; часам даюць ім па некалькі капеек. Дары гэтыя, якіх назапашваецца даволі шмат (бо спевы доўжацца на працягу ўсяго святочнага перыяда), збіраюць сумленна, прадаюць у карчме, а грошы аддаюць у царкву. Калі гаспадары марудзяць з дарамі для каляднікаў, то з-за вакна нагадваюць: «Кароткіе сьвіткі, померзлі лыдкі, кароткіе кожушкі, померзлі душкі». Скончыўшы спевы, кажуць: «От, гэтым словом, жывіце з Богом сьвятый вечэр! I з саседкамі сьвятый вечэр! 3 сваімі дзеткамі сьвятый вечэр! 3 усімі намі, з прыяцелямі сьвятый вечэр! He бавіце, хутко дарыце сьвятый вечэр!»
У першы дзень свята ўся вёска, прыбраная ў святочнае адзенне і ў чыстыя кашулі, ідзе ў царкву на набажэнства. Потым надыходзіць абед, які складаецца не менш як з трох страў: гэта боршч або капуснік з мясам, часам крупнік з малаком, свежыя каўбасы, мяса свіное або прасяная каша з салам, часам аладкі з тварагом і заўсёды гарэлка. Ядуць шмат і з апетытам. Урэшце рэшт кладуцца спаць ці гасцююць па хатах. Hi вялікіх збораў, ні танцаў пакуль няма. А ўвечары каляднікі зноў спяваюць песні.
Навагоднюю куццю (Васілья) спраўляюць так, як і напярэдадні Ражства Хрыстовага. У гэты дзень вячэраюць з «куццёю». Называецца яна «другая
куцця». На гэты раз дзяўчаты таксама крадуць трошкі куцці і кідаюць у міску з вадою. Калі яна выплыве наверх дзяўчына выйдзе замуж; калі пойдзе на дно будзе сядзець дома і далей. Вечарам хлопцы ідуць «шчодроваць» па вёсцы, пры гэтым вядуць з сабою «казу». Паводле звычаю, тут павінна прысутнічаць толькі каза, але дзеля забавы прадстаўляюць таксама і іншых жывёл: каня, вала. Гэты абрад дае магчымасць разыграць своеасаблівы маскарад: адзін прыбіраецца ў дзеда, другі у цыгана, іншыя у каралёў ці жанчын. Пераўвасабленні заключаюцца пераважна ў фарбаванні твару сажаю, у прывязванні вялізных барод, парыкоў і гарбоў. «Каза», апранутая ў вывернуты кажух, мае галаву, зробленую з пакулля і палатна, бараду і рогі. Вядзе яе на вяроўцы дзед з дужым кіем. Суправаджаюць яе музыкі з барабанам і скрыпкаю. Каза скача, танцуе, ківае галавою, круціцца, а дзед штохвіліны лупіць яе кіем, у той час калі іншыя спяваюць адпаведныя моманту песні на вясёлую, жывую мелодыю. Нарэшце, дзед кажа: «Поклоніся, козунька, пану господару да й господыні». Каза пачынае перад кожным рабіць паклоны. Звычайна найперш з казою прыходзяць у панскі двор, дзе атрымліваюць пачастунак і некалькі злотых, потым ідуць у кухню, у фальварак, дзе іх усюды гасцінна сустракаюць. Гучаць узаемныя жарты, чыняцца розныя свавольствы; дзеду не раз падпальваюць бараду, цыган крадзе курэй і г. д. Часам цыган варожыць паненкам і панічам. Варожбы гэтыя, наспех прадказаныя нібыта на картах, заўсёды аднолькавыя: усім абяцаюць сто гадоў жыцця, прыгожую жонку або прыгожага мужа і «багато грошы». У вёсцы «каза» таксама мае вялікі поспех. Натоўпам яе водзяць ад хаты да хаты, да позняе ночы яна скача і танцуе і нават на наступны дзень адведвае рэшту хат у вёсцы.
Дзень Васілля нічым не адрозніваецца ад іншых свят. Кожны, хто можа, ідзе ў святочным убранні ў царкву. Муж і жонка ў гэты дзень выказваюць узаемна пажаданні адзін аднаму: «Дай нам Божэ, штоб мы за год зноў таго дня дочэкалі у шчасцю, у здарові». Абед выстаўляюць паводле магчымасці.
Перад святам Трох Каралёў спраўляюць трэцюю куццю. Дзяўчаты ў гэты дзень варожаць так: некалькі арэхаў, з якіх кожны пазначаны адной з дзяўчат, кладуць у кучку на стале і хуценька накрываюць далоняй; калі каторы выкаціцца з-пад далоні, значыць тая, якою ён памечаны, выйдзе замуж.
Свята Трох Каралёў (Крэшчэньё) вельмі ажыўленае. У гэты дзень праваслаўная царква з вялікай урачыстасцю адзначае асвячэнне вады. У Камаровічах паблізу няма вялікае вады, таму вяскоўцы вымушаны здавальняцца асвячэннем студні, што знаходзіцца на двары ў фальварку. Бацюшка ў суправаджэнні працэсіі ідзе да студні і асвячае ваду; адразу ж сярод натоўпу пачынаецца вялізны рух: кожны жадае як мага хутчэй зачэрпнуць вады і чым паболей занесці дадому. Бо такую свянцоную ваду трэба заўсёды мець у хаце: ёю абмываюць нованароджаных дзетак, каб добра раслі; ёю акрапляюць цялятак, як толькі яны прыйдуць на свет гавораць, што потым «не будзе ўрочлівэ».