• Газеты, часопісы і г.д.
  • Нарадзілася я на Палессі... фальклорна-этнаграфічная спадчына Эма Яленская

    Нарадзілася я на Палессі...

    фальклорна-этнаграфічная спадчына
    Эма Яленская

    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 374с.
    Мінск 2019
    101.08 МБ
    Перыяд ад Хрышчэння да пачатку Вялікага посту самы вясёлы на працягу года. Гэта сапраўды карнавальны час: пры адноснай заможнасці людзей
    і іх прыроджанай ахвоце да забаў ён праходзіць надзвычай весела. Гаспадарчыя работы тады не надта вялікія, хатнія запасы яшчэ не вычарпаныя; марознае, але здаровае паветра і доўгія вечары настройваюць на сяброўскія зборышчы. Менавіта ў гэты час адбываецца шмат вяселляў, наўкола гучна і весела. У гэты час усталёўваецца зімовая дарога, якая дазваляе людзям, што жывуць у бліжэйшых вёсках, узаемна наведваць сваіх крэўных. Такія адведзіны збіраюць у адну хату кумоў і суседзяў, там іграе музыка і адбываецца «вечорынка». Пасля яе ідуць другая і трэцяя, бо кожны хоча пачаставаць сяброў у сябе. Хлопцы і дзяўчаты ўгаворваюць сваіх бацькоў зладзіць бяседы і забавы. Уся вёска кожны вечар грыміць ад жывой музыкі, якую суправаджаюць спевы і вясёлыя выкрыкі разгулянай моладзі. Для палескай хаты характэрна вялікая гасціннасць і заўсёды шчодры і раскошны прыём. На стале, засланым чыстам абрусам, з’яўляюцца місы з ядою, каля іх ляжаць драўляныя лыжкі, паколькі тут прынята есці некалькім асобам з аднае міскі. Калі не хапае за сталом месца, то садзяцца па чарзе. Тым часам іншыя, у чаканні сваёй чаргі, працягваюць танцаваць. На стол падаюць боршч альбо крупнік з салам, потым у адной місе тварог з растопленым салам, а побач аладкі з грачанае мукі. Кожны бярэ ў пальцы аладку і зачэрпвае ёю крыху тварагу. Яешня з бітых яек лічыцца вялікім прысмакам, смажаць яе на масле. Часам пры вялікім зборышчы гаспадыня мусіць разбіць у яе са дзве капы яек. Вараць таксама сушоныя чорныя ягады з мёдам або свайго вырабу макароны на малацэ. А на астатняе звычайна падаюць прасяную кашу з салам або з мёдам страву, якую вельмі любяць. З’еўшы яе, кажуць: «По кашы, то уж не будзе пашы». Гарэлкі заўсёды і ўсюды п’юць як найбольш. Гаспадары павінны запрашаць гасцей па некалькі разоў, каб елі і пілі; яны абавязаны прымушаць іх да гэтага тады толькі іх будуць лічыць ветлівымі, інакш госці будуць гаварыць: «Усего було. Толькі прынукі не було».
    Запусты (Месоед) бываюць надзвычай вясёлыя. Цэлы тыдзень перад Вялікім постам не спыняюцца забавы і гулянкі. Ядуць таксама як найсмачней, нібыта робячы запас сіл і весялосці на доўгае і шчырае выкананне посту.
    3 надыходам Вялікага посту ўсе забавы спыняюцца, замаўкае музыка. Аднак ніякае набожнасці ў гэты дзень не назіраецца. Пасля смачнага запуснага харчавання ўсе, маладзейшыя і старэйшыя, жанчыны і мужчыны, ідуць разам у карчму «зубы полоскаць», а пад вечар усе п’яныя, ледзьве трымаюцца на нагах. А маладыя жанчыны, у якіх у гэтым годзе нарадзілася дзіця, купляюць чвэрць кварты гарэлкі і нясуць да сваіх бабак, каб з імі разам выпіць і пост распачаць. Адначасова з Вялікім постам у вёсцы настае цішыня, пачынаюцца работы ў полі. Варожаць на тое, якога чакаць ураджаю. Калі першы на весну месячык «маладзік» мае апушчаныя ўніз ражкі, дык жыта будзе «ядрэнэ». Тое самае, калі журавы прылятаюць не разам у статку, а цягнуцца паволі, па адным. Калі ўбачыш вясною першага хрушча, трэба яго спаймаць, і калі пад ім паміж ножак ёсць многа маленькіх шарыкаў, нібыта яечак, то напэўна ўродзяць грэчка, лён і гародніна. Менавіта ў гэты час жанчыны маюць шмат працы каля кроснаў. Лён, спрадзены да каляд, снуюць цяпер на станок, і ў кожнай
    хаце большую частку дня чоўнік бегае паміж шэрых нітак. Ткуць таксама рознымі ўзорамі чырвоныя «пояскі», прывязаныя да цвіка ў сцяне. Пафарбаваная воўна сохне над дзвярыма, здалёку вабячы вока прыгожым чырвоным колерам. За кроснамі жанчыны спяваюць: старэйшыя набожныя, «сьвятые» песні пра Хрыста, пра яго жыццё і пакуты, пра розных святых і благаславёных, а маладзейшыя звычайныя свецкія песні, у якіх расказваецца пра казацкае каханне, пра нявернасць каханкаў, пра помсту дзяўчыны, пра цяжкі лёс «малодкі» ў мужавай хаце пры злоснай свякрусе. У пагодныя дні дзяўчаты пачынаюць заводзіць веснавыя песні («весьнянкі»), у якіх, як звычайна, гаворыцца пра каханне, пра работу за кроснамі і ў якіх прабіваецца нейкая весялосць і радасць ад абуджэння вясны. Адна з такіх песень, мне здаецца, цікавы помнік з тых часоў, калі татары кожную вясну нападалі на нашу зямлю і, можа, нават заходзілі ў тутэйшыя ваколіцы. Гэта песня пра трох сясцёр, схопленых у лесе страшнымі ворагамі: адна з якіх была забітая, другую ўзялі ў палон, а трэцяя з цяжкасцю ўцякла дадому. У час посту адбываецца таксама першы выган жывёлы на пашу. 3 гэтым заўсёды спяшаюцца, бо вясною пачынае не хапаць корму; асабліва калі зіма надта зацягваецца, жывёла часам здыхае з голаду. I хоць лугі яшчэ шэрыя, а лясы ледзьве толькі пачынаюць пускаць першыя пупышкі, вясковую жывёлу выганяюць з аборы. Адбываецца гэта з не абы-якой урачыстасцю. Гаспадар акрапляе статак хрышчэнскай свянцонай вадой і выганяе яго з аборы свянцонай вярбой: «кабы звер не подхадзіў». У варотах ляжыць замкнуты замок і сырое яйка жывёла павінна прайсці праз іх. Пастухам даюць з кожнае хаты крыху сала і пару яек, а яны ўжо пякуць сабе ў лесе яешню і частуюцца ёю.
    Набліжэнне свята Вялікадня радасна вітаюць. Перад Вербнай нядзеляй («Вербна») хтосьці ад царквы едзе ў лес па свежыя галінкі і прывозіць поўны воз вербных коцікаў. Кожны павінен мець такую галінку, таму каля воза збіраецца натоўп. Царкоўны служка прадае свой тавар за нейкія пару капеек. Грошы гэтыя ідуць на царкву. Дзяўчаты часам упрыгожваюць сваю вербачку каляровай стужкай. Назаўтра ўсе ідуць у царкву, а пасля набажэнства жартам б’юць адзін аднаго пасвяцанай вярбою, кажучы: «Не я б’ю, верба б’е, за тыдзень Велікдзень. Будзь здароў, як вада, будзь багат, як земля». У гэты дзень абед хоць і посны, але надзвычай багаты: даюць аўсяны кісель з мёдам, які лічаць за вялікі прысмак і яшчэ не менш як дзве стравы.
    У Вялікі чацвер {«Чыстый Чэцьверг») увечары падаюць вячэру на ўспамін Божае вячэры. Называюць яе «Тайняй». Стравы выключна посныя, і гаспадыня стараецца, каб у гэты дзень была рыба. Велікодная споведзь адбываецца на працягу ўсяго посту. Спавядаюцца звычайна пасля полудня, а да прычашчэння ідуць назаўтра зраніцы. Споведзь адна з прыемных хвілін у штодзённым жыцці. Ідуць, як прынята, усім гуртам, дзяўчаты святочна апранутыя, у чаканні сваёй чаргі, каб скараціць час, пра нешта гавораць між сабою, прагульваючыся каля царквы. Дзяцей бацюшка спавядае па некалькі разам. За споведзь святару плоцяць па пяць капеек.
    Вялікая Пятніца і Субота прысвячаюцца прыгатаванню свянцонага. У суботу ўвечары фарбуюць яйкі, пры гэтым ніякай асаблівай урачыстасці няма. Робяць гэта ў кожнай хаце. Яйкі вараць крута, потым апускаюць іх на некалькі хвілін у гарачую, ужо пафарбаваную ваду. Фарбу купляюць у яўрэяў гэта анілінавы чырвоны парашок. Часам таксама дзеля атрымання жоўтага колеру выкарыстоўваюць лушпінне цыбулі. Фарбуюць шмат яек, разлічваючы не менш як па 10 на кожнага чалавека. У заможных гаспадарках дзецям часта даюць да трох дзясяткаў. Называюць гэтую суботу «красна». У гэты ж дзень усе ідуць у царкву на вячэрняе набажэнства («усюночна»),
    Назаўтра, на «Велікдзень» усё мае святочны выгляд. Па ўсёй вёсцы ззяюць прыгожыя строі. У кожнай хаце запальваюць свечкі. Пасля набажэнства, на якім святар пасвяцае падрыхтаваныя ў кашолках прадукты, вяртаюцца дадому і пачынаюць святочнае снеданне, на якое пасля сямітыднёвага посту ўсе збіраюцца вельмі хутка. Спачатку ядуць яйка, пры гэтым жадаючы сабе: «Дай нам, Божэ, за год дождаць краснаго яйца ў шчасцю, у здарові!» Запіваюць гарэлкаю і пераходзяць да больш сытнай стравы. Сярод свянцоных страў абавязкова павінны быць: запечанае парася, пакроенае на кавалачкі сала, пірагі з пшанічнае мукі і сыр. У багацейшых падаюць на стол яшчэ свіную кілбасу-крывянку з кашаю і свіной крывёю, масла і свініну. Ядуць многа, і часта запіваюць гарэлкаю. А халодная і сытная ежа пасля доўгага посту часта выклікае моцную нястраўнасць. У гэты дзень на вёсцы пануе поўная цішыня, кожны сямейнік цэлы дзень знаходзіцца ў сваёй хаце і цешыцца святочнай бяздзейнасцю. Гаспадыня, замучаная святочнымі прыгатаваннямі, часцей за ўсё кладзецца спаць. Пад вечар, калі спрыяе надвор’е, садзяцца на прызбах і гамоняць. Танцаў і музыкі ў гэты дзень ніколі не бывае.
    Толькі назаўтра пачынаюцца адведзіны з хаты ў хату. Дзеці носяць сваім бабкам свянцоныя яйкі з пажаданнямі і віншаваннем. Моладзь забаўляецца яйкамі: адзін трымае ў руцэ яечка, а другі стукае па ім; чыё яйка разаб’ецца, той мусіць аддаць яго, і пры гэтым гавораць: «Хрыстос васкрэс!» Або двое становяцца адзін супраць аднаго, робяць пасяродку маленькую ямку і коцяць па зямлі яйкі адно насустрач другому: чыё ўпадзе ў ямку, той выйграе. Вядома, што пры гэткіх гульнях трэба мець шмат яек. Тады маладыя ідуць на хітрыкі і выкрадаюць у бацькоў увесь запас. У гэты дзень ужо вараць абед, часцей падаюць гарачыя кілбасы і боршч з мясам. Увечары пачынаюцца танцы і гульні, якія звычайна працягваюцца некалькі наступных дзён. Велікодных песень мне чамусьці напаткаць не давялося. Косткі ад свянцонага старанна збіраюць і закопваюць у канцы поля гэта ахова ад градабою.
    У Праводную нядзелю, якая завецца Радоўніца, спраўляюць веснавыя дзяды. Пра гэтую ўрачыстасць я згадвала ў іншым месцы, толькі дапоўню тут, што ў гэты дзень у другі раз фарбуюць яйкі, каб было што занесці на магілу дзядам.
    У дзень св. Юр’я (Юр’еў дзень, 21 красавіка) перад усходам сонца выганяюць жывёлу ў поле на засеянае жыта, дзе запасваюць на руні. Называецца
    гэта «выгнаць на росу». Гэта павінна засцерагаць жывёлу ад усялякай шкоднай травы і ад тухлай нездаровай вады. Ад гэтае расы і малако ў кароў прыбывае.
    Зялёныя Святкі адзначаюць так, як і ўсе іншыя святы, з той толькі розніцай, што паўсюль уторкваюць зялёныя галінкі і дрэўцы. Дзеля гэтае мэты служаць пераважна маладыя клёнікі, якіх па лясах вельмі шмат. Ля варот, ля дзвярэй пры ўваходзе ў хату, каля плоту, ля студні усюды зелянеюць свежа ссечаныя дрэўцы; і ў самой хаце абразы, печ, вокны, столь упрыгожаны зелянінаю. Дрэўцы і галінкі застаюцца на месцы да св. Яна.
    У гэты дзень пачынаюцца ўрачыстыя забавы: спальванне вогнішчаў, песні, танцы і свавольнасці. Звычай святкавання Купалы цяпер вельмі пераследуецца духавенствам і паліцэйскімі ўладамі як перажытак, што застаўся з паганскіх часоў. Таму часцей у тых вёсках, дзе жыве хто-небудзь з улады, гэтага дня не святкуюць, але затое дзе-небудзь паблізу гуляюць з падвойнай ахвотаю. Гэтак жа атрымліваецца і тут: у Камаровічах, перад вачыма ў духавенства не асмельваюцца адкрыта распальваць вогнішчы, затое ў Заполлі Купала асвечана сапраўднай паганскай урачыстасцю. Пад вечар з усяе вёскі цягнуць на воз усе дрэўцы, што засталіся ад Зялёных святкоў, старыя жэрдкі, трэснутыя колы, зношаныя лапці, разнастайны непатрэбны хлам і трыумфальна вязуць куды-небудзь за вёску, на шырокае, адкрытае месца, дзе звальваюць у вялікую кучу. Кожны кідае ў гэты стос сваё дрэва і выказвае пры гэтым розныя пажаданні: «Каб мае просо так усоко выросло! Штоб мой лён так усокій быў!» Спачатку раскладваюць адно вогнішча, потым іх узнікае ўсё больш, агонь пераносіцца з месца на месца ўсё далей, выбухае навокал у незлічоных полымях, ды так, што і неба чырванее ад зарыва. Хлопцы скачуць праз агонь, дзяўчаты доўгімі шнурамі танцуюць вакол вогнішчаў. Часам адгукаюцца бубен і скрыпка, заглушаныя спевамі, якія разносяцца далёка. Дзяўчаты ў вянках з палявых кветак заляцаюцца да хлопцаў, а потым уцякаюць у поле, на луг, і гонкі за імі працягваюцца, пакуль хопіць сіл. Хлопцы стараюцца пазрываць у дзяўчат вянкі і кінуць іх у агонь. Гулянне працягваецца дапазна, ды і наогул ніхто ў гэтую ноч не спіць спакойна. Гэтая ноч таямнічая, поўная ўсялякіх чараў і невыказнай магічнай сілы. Папараць выстрэльвае цудоўнай кветкаю, а шчаслівец, які яе знойдзе, можа стаць уладальнікам усіх скарбаў на зямлі, але пры ўмове, што сам, адзін, пройдзе праз цёмныя густыя лясы пасярод пачвар, што падпільноўваюць яго. Такіх смельчакоў нялёгка знайсці, бо такі «уж хіба нічого не баіцца». Ведзьмы ўночы маюць вялікую сілу, і іх трэба вельмі асцерагацца, каб не нанеслі шкоды дзецям і нс адабралі ў кароў малака. Таму добрая гаспадыня не спіць у гэтую ноч. Бо на св. Яна ведзьма раскладвае сабе агонь у дзікіх лясных закутках пад старым дубам і скача цераз вогнішча. Праз гэта яна набывае сілы і ўмельства адбіраць малако ў чужых кароў. На Купалле да ўсходу сонца трэба збіраць розныя лекавыя зёлкі, бо менавіта такія маюць карысныя ўласцівасці. Гэтаксама раненька, перш чым узыйдзе сонца, трэба пасціскаць капусныя галоўкі, тады яны будуць добра расці і ў іх не будуць заводзіцца чэрві. Нарэшце, раніцою на небе дзеюцца дзівосы: «соўнейко грае». Устае яно