Нарадзілася я на Палессі...
фальклорна-этнаграфічная спадчына
Эма Яленская
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 374с.
Мінск 2019
думкаю, ён цалкам апраўданы. Мужчыны, калі і жэняцца, то зыходзяць пераважна з практычных меркаванняў, каб мець у хаце гаспадыню, і з такім разлікам часта выбіраюць сабе каханку. Здараецца гэта, напрыклад, з усімі, хто служыць у дварах за парабкаў, батракоў і г. д. He маючы пры сабе ні маткі, ні жонкі, ён урэшце мусіць знайсці сабе «бабу», якая б клапацілася пра яго. Каханка хоць за які падарунак будзе мыць яго бялізну, латаць яго світу, старанна захоўваць яго рэчы або заробак, выплачаны натураю, будзе чакаць яго з цёплай страваю, калі ён позна вяртаецца з работы, урэшце, будзе штодзённай прыслугаю, якая патрабуе вельмі невялікую аплату. Бо кожны, хто спыняецца дзесьці на больш-менш доўгі час, абавязкова стараецца знайсці сабе такую дапамогу і не зазнае ў гэтым цяжкасцяў, паколькі і такой, скажам, работніцы ў фальварку выгадна мець сярод парабкаў надзейнага апекуна, які не раз замест яе і па ваду да студні падбяжыць, і дроў насячэ, а як трэба, то і заступіцца, калі нехта паспрабуе пакрыўдзіць. Гэта ўзаемны абмен паслугамі і нічога больш. Жонкі, якія засталіся дома, ніколькі гэтым не абураюцца.
Вайсковая служба, трэба разумець, робіць пэўны ўплыў на салдат і на іх акружэнне, але мясцовыя фактары ўздзейнічаюць настолькі моцна, што ўплыў гэты хутка згладжваецца. Застаюцца толькі ўспаміны пра бачаныя краіны, крыху салдацкіх песень, старыя шапкі ды выказванні, ад якіх павявае чужыною. Зрэшты, салдат, прыйшоўшы дадому, хутка вяртаецца да таго, што было ім забытае, і зноў яго розум замыкаецца ў цесным вясковым коле. Праз некалькі гадоў ужо цяжка адрозніць колішняга салдата ад іншых вяскоўцаў. Знаходжанне ў войску пакідае найбольш выразныя адбіткі ў мове: мноства выразаў, якія зусім не стасуюцца з характарам беларускай мовы, часта неяк дзіўна перакручаных, уплятаюцца нават у яго паўсядзённую гаворку і вельмі псуюць яе, адбіраючы натуральную, так уласцівую ёй красу прастаты і старасветчыны. Наслаенні паступова замацоўваюцца, павялічваюцца, і сёння відавочна сярод маладога пакалення няшмат ёсць такіх, якія б умелі чыста гаварыць на сваёй мове. Мода, як і ўсюды, так і тут, усемагутная, а моладзь хутка ўсё пераймае. I ў нашы палескія вёскі паволі прыходзяць розныя змены, і чысты самародны арыгінальны беларускі тып не можа ўстаяць перад чужым уплывам.
VII.
Палескі народ яшчэ мала верыць у дабрачынны ўплыў цывілізацыі і застаецца ў баку ад усяго, што яму здаецца навіною. Ён давярае толькі таму, што яму вядомае і выпрабаванае некалькімі пакаленнямі, а на ўсё новае глядзіць з падазронасцю, заўсёды дапускаючы, што сваю ролю адыгрывае ў ім нейкая «нячыстая» сіла. Калі ў суседні маёнтак упершыню прывезлі касілку, спачатку было цяжка знайсці работнікаў для яе абслугоўванпя, бо людзі баяліся наблізіцца да гэтае пякельнае машыны. Яшчэ пару гадоў таму назад сяляне з Камаровічаў, угледзеўшы маладога чалавека, які ехаў на ровары, хрысціліся і замыкаліся ў хатах, перакананыя, што нейкую новую штуку прыдумаў «ня-
чысты». Зразумела, што паступова, калі тут з’явіліся чыгункі, земляробчыя машыны, паравыя вінакурні і г. д., то і прадузятасць да новых з’яў павінна была паволі адступаць. Людзі ўжо пачынаюць усё больш раўнадушна глядзець на іх і прывыкаць. Можа, з цягам часу яны і самі пачнуць схіляцца да шматлікіх змен. Характар іх, аднак, настолькі кансерватыўны, што нельга дапусціць, каб уплывы цывілізацыі хутка падзейнічалі на іх. Паляшук спакойна слухае расповяды, парады, рэкамендацыі, ківае галавою, час ад часу паўтарае: «але! неўжэ ж!» і, здавалася б, што ён пераканаўся. Але на самой справе гэта зусім не так; праз хвіліну ён далей робіць сваё, нібыта нават увагі не звяртаючы на тое, што было яму гаворана.
Тое самае адбываецца і з лячэннем. У воласці ёсць аплочваемы воласцю фельчар, ёсць невялікая аптэка і нават шпіталь на некалькі ложкаў. Аднак, людзі не карыстаюцца гэтымі выгодамі. Калі хтосьці захварэе, то напачатку доўгі час на гэта наогул не звяртаюць ніякае ўвагі. Потым, калі хвароба ўзмацняецца, збіраюць суседак, і тыя нешта раяць і прапануюць розныя лекі. Калі гэта не дапамагае, звяртаюцца да знахаркі. Толькі калі і яе старанні не дапамогуць, у самым крайнім выпадку звяртаюцца да фельчара, але заўсёды неахвотна, наракаючы на яго і на ягоныя лекі. Я дапускаю, што калі б яны маглі лячыцца задарма, то ахвотней звярталіся б да фельчара. Той жа, у сваю чаргу, акрамя таго, што яму плоціць воласць, заўсёды штосьці бярэ і ад сваіх пацыентаў. Было ў мяне некалькі выпадкаў, калі хворыя ахвотна ішлі да панскага доктара, бо той не вымагаў ад іх аплаты. Нават потым вельмі хвалілі яго і ў знак падзякі прыносілі яму ў падарунак яйкі. Але расставацца з грашыма дзеля такога няўлоўнага дабрадзейства, як лячэнне гэта для іх надзвычай прыкрая неабходнасць, і яны марудзяць да апошняе хвіліны і ідуць па дапамогу тады, калі ўжо ніякае лячэнне не можа аказацца паспяховым. Знахаркі маюць большую папулярнасць, бо з імі лягчэй разлічыцца: гарнец жыта, кавалак сала, намётка або фартух гэта найвышэйшая плата для знахаркі. Доктару ж трэба плаціць грашыма, што для палешука ўяўляе вялікую розніцу.
Таму род знахароў і знахарак не выгасае на Палессі: усе яны жывуць багата, бо іх майстэрства добра аплочваецца. Знахарка гэта, як правіла, старая жанчына, самаўпэўненая, балбатлівая і вясёлая, як кажуць, «лепетуха». Яна любіць пагаварыць, ахвотна пра ўсё расказвае, і толькі пры згадванні пра яе ўмельства яна робіць таямнічы выраз твару, і ні пра што ад яе нельга даведацца. Калі б яна раскрыла свае сакрэты, то адразу ж страціла б сваю ўладу. Навучыць можна толькі маладзейшых за сябе, але і з тых не шмат каго. Знахаркі, паводле народных перакананняў, бываюць двух тыпаў. Адны добрыя, патрэбныя, што лечаць хваробы, умеюць адвесці беды і няшчасці і ў ліхія хвіліны прыходзяць на дапамогу. Другія ж болып набліжаныя да чараўніц, часцей шкодзяць, чым дапамагаюць. Гэта ведзьмы, якія маюць сувязь са злымі духамі, раздаюць любісту, часам і труцізну, і заўсёды выклікаюць прымхлівую боязь. Таму на Палессі чалавек з маленства настолькі прывыкае да веры ў чарадзейства, у незвычайныя здарэнні, у незямныя сілы, якія часта прыносяць шкоду.
што гэты звыштануральны свет здаецца яму другой прыродай. Жывучы ў рэальным свеце, ён на кожным кроку бачыць вынікі дзейнасці духаў, пастаянна час ад часу сустракаецца з імі, мае з імі бясконцыя стасункі.
Знахарка валодае ўсімі спосабамі. Калі каровы не даюць малака, значыць, відавочна хтосьці іх зачараваў і трэба зняць сурокі. Пры гэтым знахарка штосьці гаворыць, шэпча, робіць розныя знакі, і каровы зноў пачынаюць даваць малако. Калі кураняты або гусяняты не растуць, значыць ім нашкодзілі ліхія вочы. Гэтаму можа даць рады толькі знахарка. Да яе звяртаюцца пры кожнай хваробе, пры любой бядзе, і трэба прызнаць, што часта вера вылечвае і робіць цуды.
Ведзьма ж надзелена вялікай, амаль неабмежаванай уладаю і звычайна выкарыстоўвае яе на зло. Яна ўмее набываць разнастайныя постаці, але часцей за ўсё падкрадаецца да аборы ў выглядзе чорнай жабы і адбірае ў чужых кароў малако. Найбольшыя крыўды яна чыніць суседкам у купальскую ноч, і тады трэба вельмі сцерагчыся, бо ведзьма ўсю ноч па свеце валочыцца, вышукваючы ахвяры. Каб уберагчы карову ад яе чараў, трэба абсеяць абору вакол крапівою і макам. Перш чым ведзьма ўвойдзе ў абору, яна павінна пазбіраць мак і апячы сабе рукі крапівою. Тым часам заспявае певень, і яна ўжо не зможа шкодзіць. Трэба таксама павесіць на дзвярах грамнічную свечку. Тады яна не асмеліцца пераступіць парог і са злосці так пакусае свечку, што на ёй і назаўтра выразна застануцца сляды ад яе зубоў. Ставяць таксама барану пры дзвярах; калі нейкае стварэнне наблізіцца да яе, напрыклад, жаба ці мыш, то іх забіваюць. Адразу пасля гэтага сапраўдная ведзьма пачынае хварэць, і па гэтым можна яе пазнаць. Было адзін раз такое здарэнне. Гаспадыня, пільнуючы ў купальскую ноч сваю маёмасць, заўважыла, што да аборы набліжаецца чорная свіння. Яна здагадалася, што гэта, мусіць, ведзьма, і, схапіўшы вялізны кол, пачала яе біць з усяе сілы. Свіння не магла ні абараняцца, ні ўцякаць, а толькі жаласна вішчэла. На наступны дзень адна з жанчын у вёсцы, якую ўжо падазравалі ў чарадзействе, захварэла, а праз тыдзень, калі выйшла з хаты, была яшчэ ўся распухлая ад атрыманых удараў. Тады ўсе пераканаліся ў сваіх здагадках, а тая жанчына мусіла спыніць сваю шкодную дзейнасць. Дбайная і прадбачлівая гаспадыня ўсю купальскую ноч варыць у вадзе цэдзілку (палатно, праз якое цэдзяць малако) з уторкнутымі ў яе шпількамі і іголкамі. Ведзьма адчувае ў гэты час уколы, вельмі мучыцца і прыходзіць у хату папрасіць агню, кавалак лучыны і да т. п. Але нічога не трэба ёй даваць. Па начах ведзьмы з некалькіх вёсак злятаюцца на агульныя нарады, садзяцца на вяршынях дубоў і дамаўляюцца, адкуль якая будзе сабе здабываць багацце. Ведзьме заўсёды шанцуе, бо яна на ўсё ўмее ўздзейнічаць. У той час як навокал здыхае жывёла, яе статак застаецца ў добрым стане. Яна адбірае малако ў кароў сваіх суседак («цягне малако»), Але такое малако нядобрае, у ім ніякага смаку, і яно моцна смярдзіць. Затое смерць ведзьмы бывае вельмі цяжкая. Канае яна некалькі дзён і так мучыцца, што нават пакрыўджаныя ёю злітваюцца і даруюць ёй усё яе зло. Яна кідаецца на пасцелі, махае рукамі; часам робіць такія рухі, нібыта доіць карову. Здара-
лася, што зграі чорных птушак з неспакойным крыкам зляталіся на дахі. Калі душа з яе вельмі доўга не можа выйсці, то часам блізкія вымушаны зрываць дах і столь; тады яна памірае больш спакойна.
Жыве ў Камаровічах даволі вядомая ўсім жанчына, якой прыпісваюць велізарную ўладу і веды. Яна валодае тысячамі сакрэтаў, якія, на жаль, часцей ужывае на нядобрыя справы. Яна замяшана ў кожнай крымінальнай справе ў наваколлі; некалькі разоў была абвінавачана ў забойстве, але заўсёды ўмела выйсці непакаранаю. Яна гатуе розныя лекі і нават атруту, прычым настолькі моцную, што дастаткова малой дозы, каб ёю забіць чалавека. Я чула, хоць прызнаць гэта за поўную праўду і не магу, што тую атруту гатуюць такім спосабам: спайманую «годзіну» моцна звязваюць, вешаюць за хвост на сцяне і б’юць яе з усяе сілы, пакуль не здохне. Гадзіна шалее, выпускае пену і шмат яду. Той яд капае на спецыяльна падкладзеныя кавалкі хлеба, якія потым сушаць і пераціраюць на паршок. Каб каго атруціць, гэты парашок можна насіць пад пазногцем. Падаючы гарэлку, дастаткова намачыць у ёй палец, і яна стане смяротнаю. Таму пры частаванні каго-небудзь гарэлкай, заўсёды трэба спачатку самому надпіць пару кропель з кілішка. Такі звычай тут існуе паўсюдна. Жанчына гэтая, Малання, мае велізарны вопыт. Да яе звяртаюцца дзяўчаты, якім пагражае непажаданае мацярынства. Яна так добра ўмее даць ім рады, што амаль не было яшчэ выпадку, каб дзяўчына стала маткаю. Лечыць яна таксама і ад бясплоддзя, і ад няшчаснага кахання, і ад здрады хлопца, і ад мужавай нявернасці. Калі ж яна не можа распазнаць нейкую хваробу, то прыпісвае яе сурочванню. Адзін малады чалавек, што служыў у панскім двары, часта пакутваў ад мігрэні. Жадаючы пазнаёміцца з Маланняй, ён пайшоў да яе параіцца. Доўга яна прыглядалася да хлопца, не давяраючы яго шчырасці, нарэшце, вынесла прыгавор, што хтосьці, зайздросцячы ягонай маладосці і прыгажосці, сурочыў яго. Дала яму нейкае вады жаўтаватага колеру і загадала кожныя тры дні перад узыходам сонца абмываць ёю твар, беручы спачатку ваду ў рот і потым выліваючы яе на далоні. Наколькі гэтае лякарства магло быць карысным, не ведаю, бо засталося невыкарыстаным.