Нарадзілася я на Палессі...
фальклорна-этнаграфічная спадчына
Эма Яленская
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 374с.
Мінск 2019
Калі дзіцятка хілае і баяцца, што яно можа хутка памерці, нясуць яго як мага хутчэй да святара; калі здаровае чакаюць нядзелі. Тады прыходзяць запрошаныя бацькамі кумы і забіраюць з сабою дзіця, спавітае ў чыстыя пялюшкі і абвязанае чырвоным паяском. Святару нясуць намётку, булку хлеба і кварту гарэлкі. Святар прапануе бацькам некалькі імёнаў на выбар, звычайна з тых святых, якія прыпадаюць на гэты тыдзень. Вярнуўшыся дадому, кума прыходзіць да маткі і, аддаючы ёй дзіцятка, цалуе яе і гаворыць: «Нехай жэ Бог гадуе хрэсьніка». Усе п’юць гарэлку і жадаюць узаемна ўсялякіх поспехаў.
Матка дорыць куму і куме па намётцы ўласнае работы, а тыя даюць для свайго хрэсніка па пары манет. Потым падаюць абед, на якім выстаўлены галоўным чынам прынесеныя суседкамі падарункі. На заканчэнне абеду бабка прыносіць сваю кашу, гэта так званая бабчына каша — звычайная прасяная каша, звараная з мёдам. Кум бярэ ад бабкі гаршчок і кідае яго на сярэдзіну стала гаршчок разбіваецца. Тады бабка здымае вяршок, кладзе на яго залатоўку ці саракоўку і, абвярнуўшы хусткаю, па чарзе падае яе ўсім прысутным, і тыя сыплюць наверх грошы, хто колькі хоча і можа. Сабраныя ад прысутных грошы бабка хавае для сябе, а залатоўку ад бабкі належыць аддаць для дзіцяці. Потым усе ядуць кашу, і на гэтым урачыстасць заканчваецца.
Дзіця гадуецца больш-менш як Гасподзь Бог даў, без асаблівых клопатаў пра яго і старанняў. Зімою яно ляжыць у лубяной калысцы, якая мае форму квадратнай ці падоўжанай каробкі, падвешанай на шнурах, прымацаваных да бэлькі пад столлю, і адхінутай палатняным покрывам. Калыска выслана мяккім сенам, а падушачка, набітая пер’ем, часцей за ўсё абшыта чырвоным паркалем; дзіця ляжыць на так званай прасцілцы. Яно моцна спавітае пялёнкаю і абвязанае некалькі разоў паяском. Як толькі дзіцятка закрычыць, матка адразу ж дае яму грудзі, каб супакоіць. Калі ж ёй трэба на даўжэйшы час пакінуць хату, яна завязвае ў анучку кавалачак хлеба і кладзе яму ў роцік. Старэйшы брацік або сястрычка калыша калыску і манатонна спявае калыханку: «О ты, коцік, не хадзі і г. д.». Вельмі часта ў якасці ўсыпляючага сродку ўжываюць мак: вараць у малацэ лупінне макавых галовак і даюць дзіцяці на ноч дзве малыя лыжачкі адвару. У большасці выпадкаў не дапускаюць, каб гэта магло нашкодзіць і гавораць: «Калі паганэ дзіця, так што ж ему зрабіць». Некаторыя больш дасведчаныя жанчыны кажуць, што гэтага рабіць не трэба, бо потым дзіця будзе неразумнае. Купаюць яго два разы на тыдзень, а калі матка дбае пра здароўе свайго дзіцяці, то кладзе ў гарачую ваду пучкі засушаных зёлак: прыбытнік, макрыцу, мяту, браткі, папараць, і гэта, напэўна, павінна адагнаць усе хваробы яшчэ ў самым зародку. Дзіця кладуць у начоўкі з цёплаю вадою, у якой гэтыя зёлкі заварваліся, пакрываюць пялёначкаю і ўвесь час паліваюць вадою; потым памыюць яму галоўку і выціраюць. Нарэшце, хвілін праз 15 пасля такога купання яго загортваюць у цёплую, нагрэтую ля агню пялёнку, даюць яму грудзі і толькі потым надзяюць кашульку і кладуць спаць.
Наогул жа як мала відаць старанняў каля дзяцей. Па большай частцы яны худыя, бледныя, часта абсыпаныя рознымі болькамі, ходзяць у брудных кашулях з вечна бруднымі насамі. Прусакі і блохі, якімі перапоўнены хаты, пакідаюць знакі ўкусаў на іх целе. Летам матка, адыходзячы на поле, забірае з сабою дзіцёнка. Яна вешае сабе за плечы «каробку» з дзіцем і акрывае ўсю яе палатняным покрывам. Рухам пры хадзьбе яна хутка ўсыпляе дзіцё, а калі яно пачынае плакаць, матка пачынае трэсці плячыма і гэтакім спосабам зноў закалыхвае яго, аж пакуль тое не засне. Потым, калі дойдзе да месца, яна стаўляе тры кіі ў козлы, якія падтрымліваюць калыску, а сама час ад часу заглядвае да дзіцяці і, калі трэба, трохі калыша яго. Часам, аднак, здараецца і нядобрае з беднымі,
безабароннымі немаўляткамі: неаднойчы яны аказваюцца пакусаныя сляпнямі, камарамі і мошкамі, часам нават змеямі, якія могуць лёгка праслізнуць у калыску. Чула я нават і пра такое здарэнне. Маленькае спавітае дзіцянё ляжала ў калысцы на полі, а матка дзесьці далёка адышла. Вароны, заўважыўшы лёгкую для сябе здабычу, зляцеліся да калыскі і пачалі дзяўбсці дзіцятка. Матка не пачула крыку, а калі пасля работы вярнулася да дзіцяці, то знайшла ўжо толькі нежывое крывавае месіва, над якім ляталі драпежныя птушкі.
Калі ўжо дзіця пачынае прама трымаць галоўку і яго можна насіць на руках, малое даручаюць старэйшым браціку ці сястрычцы, і разам са сваім апекуном яно доўгія гадзіны сядзіць у пяску перад хатаю, у акружэнні равеснікаў, сабак і свіней. Праходзячы па вёсцы, можна бачыць такія групкі дзяцей, з якіх старэйшаму, можа, не больш за шэсць гадоў. Летам, калі бацькі на полі, дзеці застаюцца самі сабе і так праводзяць большую частку дня. Вядома, што могуць здарыцца самыя разнастайныя выпадкі. Яны забаўляюцца пяском, палкамі, дражняць свойскіх жывёл.
Трэба заўважыць, што маткі даволі доўга кормяць дзяцей грудзьмі часткова з-за іх слабасці і часткова, каб зноў не зацяжарыць. Часам яны не адлучаюць іх ад грудзей да двух год і больш, што, аднак, не перашкаджае дзіцяці ўжываць і іншую ежу і есці ўсё, што трапіць яму ў руку. Нарэшце, калі матка вырашыць адлучыць дзіця ад грудзей, дык звычайна чакае першай нядзелі пасля маладзіка. У гэты дзень яна згатуе яму кашку, зварыць яечка, купіць у яўрэя кавалак булкі ці абаранак, апошні раз накорміць грудзьмі, а потым, даючы іншую страву, гаворыць: «На табе хлеб і соль, ужэ годзі матчыной ласкі патрэбоваць». Пры гэтым часам варожаць пра будучы лёс дзіцяці, падаючы яму ў адной руцэ яечка, а ў другой кавалак хлеба. Калі дзіця возьме хлеб будзе ўсё жыццё багатым, а калі яечка будзе бедным і голым да смерці. Апрача таго, кормячы апошні раз, матка садзіць дзіця на кажух, вывернуты воўнаю наверх, каб было багатае.
Наогул, ці з вялікай стараннасцю даглядаюць дзяцей? Гэта тое пытанне, на якое цяжка адказаць, бо ўяўленне пра старанны догляд даволі шырокае, і можна з пэўнасцю сцвярджаць, што спосаб абыходжання з вясковымі дзецьмі на Палессі і іх гадаванне не адпавядаюць нават дастаткова памяркоўным патрабаванням. Несумненна, нараджэнне дзяцей у палескай хаце з радасцю вітаецца ўсёй сям’ёю. Жанчына, у якой няма дзяцей (з’ява даволі рэдкая) ужывае разнастайныя сродкі, каб зацяжарыць. Самае меншае дзіцятка звычайна бывае пестуном і ўцехаю для ўсёй сям’і, аднак часта і яе дэспатычным гаспадаром. Псаванне малых дзяцей і дагаджанне ўсім іхнім прыхамацям і капрызам з’яўляюцца тут звычайнай з’яваю. Датуль дзіцяці не даюць нейкую цацку або ласунак, пакуль яно моцна не заплача, а тады ўжо найхутчэй даюць тое, чаго яно дамагаецца. Звычка гэтая настолькі пашырана, што нават перайшла ў вераванне: матка, у якой на працягу года памерла дзіця, усё лета, аж да Спаса (6-га жніўня) не бярэ ў рот ніякай садавіны, бо яе дзіцятку на тым свеце не дадуць ні грушкі, ні яблычка. А кожнаму на небе даюць яблычка для забавы; але калі матка на зямлі есць садавіну, то яе дзіцятку гавораць: «Табе не дадзім, бо твае яблоч-
ко сьвіня з’ела». Кожны поспех у авалоданні моваю, кожную прыкмету развіцця розуму вітаюць з радасцю. I хоць часта здараецца, што матка не дбае пра сваё дзіця, кідае на Божую ласку, калі ідзе на гулянку або пагаварыць з суседкамі, пакідае яго на доўгі час дома адно, або пад вельмі ненадзейнай апекаю, тым не менш любіць яго па-свойму, песціць, прыхоўвае для яго лепшыя кавалкі і з захапленнем гатова кожнаму шмат пра яго расказваць: «Якое ж ано разумніньке! А поцешнэ, поцешнэ!» Я ведала адну маладую жанчыну, якая, пахаваўшы адзіную двухгадовую дзяўчынку, доўгі час ніяк не магла суцешыцца, кожны раз бачыла яе ў сне, і нават удзень чула яе голас і шчабятанне недзе зусім блізка каля сябе, а на чужых дзяцей без слёз глядзець не магла.
Чысціня ў хаце даволі сумніцельная, а дзеці, вядома, яшчэ больш брудныя, чым дарослыя. Пакуль дзеці малыя, іх купаюць часта; потым гэты хвалёны звычай паступова неяк знікае, і з цягам часу маці здавольваецца мыццём і часаннем па нядзелях; тады ж дзіця атрымлівае чыстую кашулю. Вядома, гэтага недастаткова, і з вялікай прыкрасцю трэба заўважыць, што сялянскія дзеці надзвычай брудныя, а іх валасы, звычайна даволі густыя і падстрыжаныя вакол галавы, кішаць агіднымі насякомымі. Адзежа малога гадоў прыкладна да пяці як зімою, так і летам кашуля з хатняга палатна. Гадавалая і нават да двух год малеча носіць на галаве чэпчык, пашыты часцей за ўсё з чырвонага паркалю. Потым хлопцы атрымліваюць старую бацькаву шапку, якая спаўзае ім на твар (але і яе надзяваюць толькі ва ўрачыстыя моманты), і чырвоны паясок, якім пры неабходнасці падвязваецца кашуля. Дзяўчынкі павязваюць на галаву паркалёвую хустачку і калі-нікалі надзяваюць лёгкую саматканую спаднічку сіняга і белага колеру ў клетку. Здараецца таксама, што хтосьці з сям’і спляце для малога лапцікі, а матка зашнуруе іх чырвонымі аборамі. Гэта лічыцца выключна прыгожым убраннем. Старэйшыя хлопцы з узростам пераапранаюцца ў суконную камізэльку, палатняныя споднікі, якія носяць пад кашуляю, і світку з даматканага сукна, пашытую краўцом. Дзяўчаткі, падрастаючы, паступова пачынаюць насіць андарак і фартух, а хустку ніколі не здымаюць з галавы. Дома яе завязваюць канцамі ззаду, а на выхад падвязваюць пад барадою.
Хваробы ў дзяцей, гэтаксама, як і ў старэйшых, лічацца ўсімі як непазбежныя, якім нельга даць рады. Напачатку на хваробу часцей за ўсё ніхто не звяртае ўвагі, і толькі тады, калі яна набывае пагражальныя формы, пачынаюць непакоіцца і шукаць паратунку спачатку ў баб, потым у фельчара альбо ў панскім двары. Вядома, што ратаваць у такім выпадку часта ўжо проста немагчыма, што таксама выклікае страту веры да лекара і ўзмацняе павагу да баб і знахароў. Звычайна нечаканую слабасць дзіцяці прыпісваюць пярэпалаху: «Улякнуўса», кажуць. I ў такім выпадку ёсць два спосабы лячэння. Трэба ўзяць у якую-небудзь пасудзіну вады, і праз рэшата прасеяць на яе накрыж попел, потым у той вадзе выкупаць дзіця і ваду выліць дзе-небудзь як найдалей, у такім месцы, дзе ніхто не ходзіць. Калі гэта не дапаможа, дык другі спосаб такі: трэба спячы шэсць маленькіх булачак хлеба, пакласці іх хвораму дзі-