Нарадзілася я на Палессі...
фальклорна-этнаграфічная спадчына
Эма Яленская
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 374с.
Мінск 2019
цятку на жываток і качаць да таго часу, пакуль не заўважыш на хлебе нейкія валаскі гэта значыць такім вось спосабам выходзіць зляк. Той хлеб даюць з’есці сабаку, а дзіця паправіцца. Часамі таксама здараецца, што дзіця, хоць і здаровае, і добра выглядае, але ўсю ноч бесперастанку капрызіць, не бярэ грудзей. Гэта так званыя «начнікі», злыя духі, якія дакучаюць дзіцяці, шчыпаюць яго, драпаюць, колюць і не даюць яму заснуць. На гэта існуе адзіная парада: трэба пад калыску паставіць міску, пакласці ў яе верацяно, нож і тры іголкі або шпількі. 3 гаршка ў міску ўліць кіпячае вады. Потым з той жа міскі назад зліць ваду ў гаршчок і прыкрыць яго міскаю. Зрабіць гэтак раз пад вечар, другі раз назаўтра з раніцы і яшчэ на другі дзень вечарам. Ваду выліць пад плот, і начнікі прападуць, а дзіця будзе вельмі добра спаць. Яшчэ перасцерагаюць, каб не калыхалі пустую калыску, бо праз гэта дзіця губляе сон.
Валасы дзецям стрыгуць вельмі рэдка і пры гэтым пільнуюць, каб састрыжаных валасоў не кідаць абы-дзе. Бо калі іх выпадкова схопіць птушка і занясе ў гняздо, то на галаве абавязкова саўецца каўтун. Тое ж самае і з зубамі, калі выпадаюць. Калі мыш зацягне іх у сваю нару, то і новыя, маладыя зубы будуць крышыцца.
Дзіцячыя забавы і гульні не надта разнастайныя. Малыя парою гуляюць наступным чынам. Двое кладуць адну руку на другую, злёгку трымаючы за скуру, тады павольна падымаюць іх разам угору, накшталт таго, як ляцяць птушкі, і гавораць: «Сарока, варона, сарока, варона!», а потым, як толькі рукі пачынаюць разлятацца ў розныя бакі, крычаць: «Шугі! Шугі!». Альбо, трымаючы ручку малога, водзяць яму пальцам па далоні і гавораць: «Сарока варона, по сьметніку скакала, дзеткам кашку збірала, на прыпечку варыла, под прыпечком студзіла, на лавочцэ карміла, і гэтаму дала...» Тут бяруць першы палец: «I гэтаму дала..і гэтак робяць па чарзе з усімі пальцамі, аж даходзячы да малога: «а гэтаму не дала...». Тады казычуць дзіця пад пахаю, прыгаворваючы: «Што вады не насіў, што дзежы не месіў, што круп не драў, да й з хаты ўцекаў!» Аднойчы я бачыла, як некалькі шасці-сямігадовых хлопчыкаў гулялі на вуліцы ў такую гульню. Кожны паасобку круціўся, расставіўшы рукі, і ўвесь час гучна крычаў: «Дзеду, дай меду, дзеду, дай меду, дзеду, дай меду» і г. д., аж пакуль не сутыкнуўся з таварышам, і тады ўжо, з закручанымі галовамі, абодва падалі на зямлю. Такое заканчэнне гульні суправаджаў выбух смеху кожнага, хто перакруціўся. Праз хвіліну гульня пачыналася спачатку.
Дзяцей вельмі рана выкарыстоўваюць у разнастайных хатніх справах: яны калышуць і даглядаюць малодшых дзетак, замятаюць хату, мыюць міскі і лыжкі, пазней пасуць свіней і птушак, і, нарэшце, загадзя прывучаюцца да палявых работ. Васьмігадовы хлопец, напрыклад, выязджае з бацькам на далёкія палеткі і там, наколькі можа, дапамагае яму на працягу дня. Дзяўчынка ў свае 10 год ужо ўмее нядрэнна прасці, пачынае жаць, і неаднойчы можна пабачыць, як 12-гадовыя дзяўчынкі наймаюцца капаць бульбу і працуюць увесь дзень нароўні са старэйшымі. Наогул для жанчыны здабыць славу добрай
работніцы вялікі скарб, які можа паўплываць хутчэй на шчаслівы лёс, чым нават на багацце. У песнях мы часта чуем словы, што працавітая жонка лепшая, чым багатая, якая «пушна ходзіць», у той час як працавітая «дзело робіць». У жыцці таксама гэтым кіруюцца: ствараючы сям’ю, маладыя людзі шукаюць перш-наперш добрую гаспадыню, «ахвочую і рабочую». Дзяўчына заўсёды стараецца праславіцца як добрая «пралля» або «жніца». I нават малыя дзяўчаткі імкнуцца да прасніцы ці да сярпа і любяць хваліцца сваім умельствам.
Бацькі і не ставяць перад сабою іншых мэт у выхаванні дзяцей. Навучыць усяму таму, што самі ўмеюць то і досыць. Яны не імкнуцца праторваць для іх новых дарог. Няхай жывуць у дастатку і спакойна ў той самай вясковай загарадцы. Гэта ўсё, пра што мараць яны для сваіх дзяцей, гэта для іх адзінае і найвышэйшае жаданне. Таксама не вельмі яны клапоцяцца і пра іх будучыню. Нічога новага не адбываецца ў гэтым маленысім замкнутым свеце. Як пражылі прадзеды, так пражывуць і ўнукі. Абы толькі дзіця выгадаваць, то яно і само навучыцца ўсяму, чаму трэба. А потым пойдзе далей спрадвеку пракладзеным шляхам. Дык навошта турбавацца? «Калі Бог дасьць, то і добрэ будзе».
VI.
У Камаровічах пры валасной управе ёсць школа. Выкладае ў ёй цяпер немалады ўжо чалавек, відаць, вельмі прыстойны, усе яго завуць «настаўнікам». Утрымлівае яго воласць. Вучні ў школе падзелены на дзве групы: пачаткоўцаў і старэйшых, ужо больш навучаных. Як там вучаць і ці ёсць для дзяцей карысць, не ведаю. Чула, што няшмат дзяцей наведваюць школу, ды і тыя без вялікае ахвоты, а бацькі, не жадаючы губляць памочнікаў у хаце, стараюцца ўсялякімі спосабамі выкруціцца ад гэтага яшчэ вельмі загадкавага для іх дабрадзейства. Таму і колькасць школьнікаў вельмі невялікая. У мінулую зіму ў камаровіцкую валасную школу (а Камаровіцкая воласць ахоплівае 13 вёсак) хадзіла ўсяго 42 хлопцы і адна дзяўчынка. Калі пасля заканчэння школы дзеці вяртаюцца дадому, то вельмі хутка настолькі забываюць усё, чаму іх навучылі, што кніжка становіцца для іх зусім не існуючай рэччу. Ніколі мне не даводзілася бачыць кагосьці за чытаннем або заўважыць у хаце хоць якую кніжку. Чытанне па-за межамі школы, як мне здаецца, зусім не практыкуецца. Сумняваюся, ці знайшлося б у вёсцы чалавек дзесяць дарослых, якія б здолелі распісацца, а пра напісанне ліста і гаворкі быць не можа. Цемра тут яшчэ вельмі глыбокая, а колькасць чараў, вераванняў, самых дзівосных забабонаў незлічоная. Уяўленні пра аддалены свет надзвычай цьмяныя і блытаныя. Шараговы селянін чуў пра Мазыр, у якім адбываюцца суды; пра Петрыкаў, адкуль прывозяць соль, гаршкі і насенне; ведае, што рака Прыпяць працякае праз абодва гэтыя гарады і што, сеўшы на параход, можна паплысці ажно да Кіева, дзе знаходзяцца велічныя і раскошныя цэрквы. Ведае ён, што ёсць горад Мінск і што туды ўжо нельга дабрацца параходам, а трэба сесці на чугунку і ехаць праз Гомель, а ў Гомелі ёсць прыгожыя і танныя тавары, а яшчэ цудоўная садавіна
і гародніна. Тою ж самаю «чугункай», едучы ў другі бок, праз Пінск, можна трапіць у Аршаву, але гэта ўжо страшэнна далёка. Ведае ён, што цар жыве ў Пецярбургу або ў Маскве, але туды цяжка даехаць, бо па дарозе сініе морэ, і гэта небяспечнае падарожжа. Ведае яшчэ, што ёсць такія горы, якія называюцца «Каўказ» такія высокія, што цалкам закрываюць неба, і наогул там сонца не свеціць. А пра больш далёкія краіны ўжо нічога не ведае. Жывуць там розныя людзі: немцы, туркі, татары (гэтыя апошнія нібыта цалкам пакрытыя валасамі). Але ўсё гэта страшэнна далёка, і ніхто нават не праверыў, ці існуюць яны на самой справе. «Мало што людзі гавораць!» Салдаты, вярнуўшыся з войска, расказваюць пра бачаныя імі краіны, але вялікай веры яны не выклікаюць. Людзі слухаюць іх гавэнды, ківаюць галовамі, але не ва ўсім ім вераць. Дапытлівасць або захапленне яшчэ спіць у іх, і тое, чаго яны самі не бачылі, нават не абуджае ў іх інтарэсу.
Паводле іх пераканання, мужык ёсць усюды, на ўсёй зямлі, ён цалкам падобны да іх і гаворыць па-беларуску, по-просту, і вызнае такую самую праваслаўную веру.
Да пана трэба звяртацца па-польску і быць католікам, інакш не быў бы ён сапраўдным панам. Іншых паноў на зямлі яны дагэтуль не лічаць за сапраўдных паноў, называюць іх толькі па прозвішчы, а пра польскіх паноў заўсёды гавораць: «капцэвіцкі пан, дарашэвіцкі пан, камароўская пані». Зразумела, аднак, што з цягам часу, паступова, па меры таго, як сюды прыбывалі і прадстаўнікі іншых народаў, такія ўяўленні змяняліся.
Даволі прыхільна згадваюць «паншчыну». Перад панамі, відаць, жадаючы ім дагадзіць, нават хваляць тыя часы, калі да пана можна было прыйсці са сваёю бядою, прыкінуцца гаротнымі бедакамі, каб не плаціць падаткаў, і калі пан «хоць крэпко наб’е, такі часам пажалуе». Аднак, калі пачуюць меркаванне, што цяпер і ім, і панам лепей, што паны цешацца ад дадзенай ім вольнасці, тады і яны пачынаюць хваліць існуючы парадак, гаворачы, што цяпер яны і шчаслівейшыя, і здаравейшыя, і багацейшыя, чым раней: «Ведомо, панейко, як дзень, так дзень, хадзі ў двор на работу, толькі ж у тыдню адзін дзянёк для себе. I як жэ тут жыці было!» Напэўна, тыя часы не былі надта цяжкія, бо згадваюць пра іх з ахвотаю і расказваюць розныя анекдоцікі пра старога пана (бацьку памерлага спадчынніка), у якіх той паўстае як патрабавальны, злосны і разам з тым дабрадушны шляхціч, які быў запанібрата з сялянамі, часта ядучы з імі з аднае міскі, палячы іх люлькі і дасканала ведаючы ўсе іх патрэбы. Ён мог раптоўна выбухнуць ад злосці і гэтак жа хутка астынуць. Расказваў мне адзін гаспадар, што калі каму-небудзь удавалася ўцячы ад непазбежнага пакарання і выкруціцца ад яго, дык сам потым смяяўся ад душы і гаварыў: «От, добрэ зрабіў, што ўцёк, а так надралі бы шкуру!» У песнях зусім не трапляюцца нараканні на самавольства і бесчалавечнасць паноў.
Наогул жа, нягледзячы на даволі прыхільнае стаўленне простых людзей да паноў, народ мае вельмі слабое ўяўленне пра іх маральныя вартасці. He вераць у іх добрую параду, падазраючы нейкія нядобразычлівыя намеры, дзівяцца
з іх ладу жыцця: доўга спяць зранку, а ноччу сядзяць, ходзяць без усялякае патрэбы то ў лес, то праз вёску, у «пакоях» у іх панастаўляна розных цацэк; саджаюць дзікія, пазбаўленыя карысці дрэвы каля дома, пры дарогах, выдумляюць «якіе-то штукі», напрыклад, ездзяць на веласіпедах, або малююць звычайныя старыя сялянскія хаты. «Нашто ім гэто? От, ведомо, паны!» Здаецца ім таксама, што паны ніколі нічога не робяць, што гэта не патрэбнае на свеце племя. У пацверджанне таго пустыя каласы, якія заўсёды высока галаву ўгору падымаюць, называюць паны\ Аднак, ніколі ў нашай мясцовасці не было ніякае варожасці да паноў, ніякіх бунтарскіх хваляванняў. Паляшук, паводле сваёй прыроды, мае абыякавы характар. Яму бывае няпроста абурыцца і выйсці з сябе; дзеля гэтага патрэбна выклікаць вялікае ўзрушэнне ці нанесці суровую крыўду. Цяпер ён усё лепей усведамляе свае правы, адстойвае іх катэгарычна, але без запальчывасці. Нядаўна камаравічане выдатна прадэманстравалі ўзровень сваёй спеласці ў такім, здавалася б, дробным, і тым не менш даволі значным здарэнні. Некалькі панавых валоў зайшлі ў шкоду на сялянскае поле, іх затрымалі і запатрабавалі законнай аплаты па рублю за штуку. Атрымлівалася гэта каля 20 руб. срэбрам, якіх пану не хацелася плаціць. У выніку ён, жадаючы памяркоўна завяршыць справу, прыслаў ім праз свайго аканома вядро гарэлкі. Сяляне не прынялі пачастунку, патрабуючы належнай аплаты, і дамагліся свайго. Трэба ведаць, чым з’яўляецца для палешука гарэлка, каб ацаніць значнасць гэтага ўчынку. Гэта, аднак, не перашкаджае ім выкручвацца, як яны толькі могуць, калі даводзіцца самім плаціць штрафы.