Нарадзілася я на Палессі...
фальклорна-этнаграфічная спадчына
Эма Яленская
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 374с.
Мінск 2019
На любоўныя справы ведзьмы і знахаркі таксама аказваюць немалы ўплыў. Існуе мноства спосабаў, накіраваных на з’яднанне сэрцаў каханага або каханай. «Вілкі і кручок» гэта косткі кажана, схопленага жыўцом і ноччу занесенага ў новым гаршку ў мурашнік, дзе ён мусіць ляжаць тры дні, пакуль мурашкі не абгрызуць яго цалкам з’яўляюцца беспамылковым сродкам, каб прываражыць любога жаданага, ці адпрэчыць нялюбага чалавека. Дзеля гэтай жа мэты служыць і нітка, якую працягнулі праз вочы жывога вужа і якую трэба неўпрыкмет працягнуць праз адзенне таго, каго прагнуць мець за мужа ці каханка. Аднак, мне здаецца, што такія жорсткія спосабы існуюць найбольш у фантастычных мроях, чым у сапраўднасці, і сумняваюся, каб калі-небудзь яны былі ўжываныя. Ёсць таксама разнастайныя напоі, якія знахаркі ўмеюць прыгатаваць, і раяць, каму патрэбна, у якасці прываротнага сродку, але сваіх сакрэтаў нікому не давяраюць, і вельмі цяжка нешта пэўнае пра гэта даведацца.
Вера ў незвычайныя сродкі настолькі моцная і такая шчырая між людзей, што яны без найменшага вагання ідуць да знахаркі ці да знахара пры любой патрэбе і самыя звычайныя з’явы прыпісваюць іх уздзеянню. Адна замужняя жанчына, якую моцна любіў і шанаваў муж, расказвала мне, што пасля доўгага сямейнага жыцця той не захацеў ні глядзець на яе, ні знаць, і нават зусім пакінуў яе і падаўся за іншаю ў далёкі край. Са сваёю бядою адправілася яна да знаёмага знахара, які пасля зробленых ім закляццяў і замаўлення сказаў ёй, каб чакала свайго мужа ў вербную нядзелю пасля заходу сонца. Як толькі сцямнела, пачалася страшэнная бура са снегам і шалёным віхрам (было гэта ранняй вясною). Пад хату пад’ехаў воз, а ў ім няверны муж; ён расчулена кінуўся да жонкі, гэтак жа чула быў прыняты ёю, і ад тае пары ў шчырым каханні шмат гадоў пражыў з ёю. Калі хтосьці зычыць зла з’яднанай пары, то дастаткова кінуць на іх жменьку пяску, калі тыя вяртаюцца ад шлюбу дадому, і тады яны перастануць кахацца, і ніколі ім дабра не павядзецца. Калі хочуць нашкодзіць нейкай пары, то дастаткова пакласці перад коньмі маладых, што едуць да шлюбу, дзевяць струкоў гароху, у якіх знаходзіцца па дзевяць зярнятаў. Коні, нягледзячы на ўсе намаганні вазніцы, не зрушаць з месца.
Аднак, самая страшэнная помста гэта завітка. Яна выклікае панічны страх і неапісальную пагрозу. Трэба быць невераемным зайздроснікам, мець вельмі злое сэрца, каб зрабіць каму-небудзь завітку. Тым не менш, гэта здараецца часта і прыводзіць да жахлівых вынікаў. Калі завітка зроблена толькі са злосці, несправядліва, без прычыны, то ўсе яе вынікі ўпадуць на таго, хто яе рабіў. Калі ж, наадварот, яна мела слушныя прычыны для гневу, то бяда вінаватаму! Нішто не зможа дапамагчы яму, і лёс будзе помсціць яму за зробленыя злачынствы. Завітка робіцца наступным чынам: жанчына, якая мае крыўду, напрыклад, на суседку, вырашае зрабіць на яе полі завітку. Туды яна ідзе апоўдні, распранаецца дагала, расплятае валасы і выбірае ў жыце суседкі 7 каласоў, звязвае іх чырвонай ніткаю, прыгінае да зямлі і гаворыць: «Кручу, кручу на опакі, штоб не було у N. ні хлеба, ні мукі», або якія іншыя злосныя пажаданні, напрыклад, каб расхварэлася ўся сям’я, каб павыдыхала ўся жывёла і г. д. Суседка, знайшоўшы на сваёй ніве такую завітку, упадае ў роспач, бо прадчувае пагрозу бяды і не ведае, як ад яе пазбавіцца. Калі яна зусім не вінаватая, то можа вырваць каласы і занесці іх уночы на могілкі, там пакласці на якой-небудзь магіле, і няшчасці адвернуцца ад яе. Але пайсці адной у цёмную ноч на могілкі страшная выправа. 3 усіх бакоў высоўваюцца жудасныя прывіды, яны пужаюць, гукаюць, чапляюцца, нават хапаюць за адзенне. А азірацца нельга, бо ўсё прападзе, і зноў трэба будзе ісці. Калі ж яна сапраўды мае грэх на сумленні, то нічога ёй не дапаможа, і ўсе беды будуць пераследаваць яе. Пару гадоў таму назад адна жанчына з Заполля, Аксеня Лабачова, украла ў свае суседкі пару вязак ільну; тая зрабіла ёй на полі завітку, жадаючы ёй смерці. Бабуля, якая жала непадалёку ад яе загону, расказвала мне, што калі Аксеня дайшла да завіткі на сваёй ніве, то збялела, як труп, і хоць старалася яшчэ жаць, але рукі ў яе трэсліся, галава круцілася, і яна мусіла вярнуцца
дахаты. Потым на працягу трох дзён яна ў цяжкіх пакутах канала. Усіх баб склікалі, але нічога яны не маглі парадзіць. Прыбыў і фельчар, але, уражаны, паспяшаўся як мага хутчэй знікнуць, бо гарачка была такая моцная, што проста кідала яе на пасцелі, яна адпіхвала ўсіх так, што вымушаны былі яе звязаць, і толькі тады яна сканала. Звычайна ж, калі ўбачаць завітку, то нават і не спрабуюць абараняцца, і з абыякавай пакорлівасцю чакаюць прызначанай ім бяды. На маё пытанне, чаму ўжо некалькі месяцаў хворая жанчына не лечыцца, муж яе адказаў з поўным спакоем: «Да не, панейко, уж яна будзе хварэць да Петра, так уж ей задалі». I сапраўды, каля свята Пятра ёй зрабілася лепей, і цяпер яна зусім здаровая.
Мне здаецца, што ва ўсім гэтым істотным фактарам часта з’яўляецца моцна ўзбуджаная фантазія і вера ў тое, што як зроблена, то так і павінна быць і што ніякая сіла не пераможа таго, што прызначана. А гэтая фантазія настолькі жывая, яскравая, што яны дакладна бачаць і чуюць, адчуваюць і дакранаюцца да звышнатуральных, чыста духоўных рэчаў. Напрыклад, людзі, якія ходзяць пасля смерці, для тутэйшых сялян такая звычайная з’ява, як і рэальныя людзі, якія ходзяць пры жыцці. Іх трохі палохаюцца, мучаюцца гэтымі наведваннямі, але палічылі б за дурнаватага таго чалавека, які не верыць у існаванне духаў, альбо ўсумніўся ў тым, што можна хадзіць пасля смерці. Ходзяць жа звычайна тыя, хто, паміраючы, не пакінуў усяго ў поўным парадку на гэтым свеце. Напрыклад, знахар, які не даверыў нікому сваіх таямніц; бацька, які несправядліва пакрыўдзіў аднаго са сваіх дзяцей. Ходзяць яны, пакуль ім гэта прызначана, і нічога тут нельга зрабіць. Парою, калі яны ўжо вельмі дакучаюць сваім няспынным снаваннем па хаце, можна іх напалохаць, нечакана запаліўшы грамнічную свечку. Тады яны знікнуць, пакінуўшы толькі густы дым альбо імглу. Але гэта дзейнічае нядоўга. Калі яны папросяць пра што-небудзь, то абавязкова трэба гэта выканаць. Просяць жа звычайна нейкую дробязь. Чула я, напрыклад, што адна баба пасля смерці доўга дакучала сваёй нявестцы, прыходзячы кожную ноч, пакуль, нарэшце, не папрасіла шчопаць маку. Гэты мак нявестка павінна была пажаваць, пагрызці; баба загадала загарнуць яго потым у анучку, завязаць чырвонаю ніткаю і закапаць на сваёй магіле. I з той пары больш не прыходзіла. Каб перашкодзіць такім хаджэнням пасля смерці, нябожчыкаў часта хаваюць босымі, думаючы, што гэта не дазволіць ім свабодна хадзіць. Аднак, не заўсёды такое дапамагае. Таму часта прывальваюць магілу вельмі цяжкой калодаю ці каменнямі. Але разумнейшыя насміхаюцца над гэтым, гаворачы, што зробленас ніяк не дапаможа, паколькі «цень усюды перэлезе». Заказваюць таксама жалобны малебен, але, на іх думку, гэта не надта дапамагае.
Трэба, аднак, прызнаць, што ўяўленне пра замагільнае жыццё нябожчыкаў набывае часамі ўзрушальныя формы. Памяць пра памерлых не знікае зусім; наадварот, яна ўвесь час працягваецца і праяўляецца ў абрадзе пад назваю Дзеды. Два разы на год, увосень і ўвесну, адбываецца гэтая ўрачыстасць з абавязковым зборам блізкіх людзей, з сапраўднай першабытнай наіўнасцю.
Вясною ў Праводную нядзелю, якая завецца Святою, з кожнае хаты ідуць на могілкі, прыносяць з сабою гарэлку, розныя стравы і яйкі, засцілаюць абрусам магілу і, пасеўшы каля яе, закусваюць. Успамінаюць сваіх памерлых са словамі: «Памяні, Божэ, майго бацька, нехай у царстве небеском соподчывае і нам з таго сьвета попрыяе». Рэшткі закускі пакідаюць на магіле. Увосень, напачатку лістапада, урачыстасць дзедоў звычайна прыпадае на суботу. Напярэдадні трымаюць строгі пост. У суботу раніцай гаспадыня нясе ў царкву на набажэнства пасвяціць за душы нябожчыкаў абавязковую на гэты дзень страву канун. Складаецца ён з разваранага ў вадзе мёду і трох булачак з пшанічнае мукі, якія завуць пампушкі; потым іх мачаюць у гэты мёд. Пасля набажэнства прыбіраюць і вычышчаюць усю хату, а пад вечар садзяцца за стол. На покуці гарыць васковая свечка, на стол выстаўляюць стравы, і кожны з прысутных адкладвае ў асобную міску першы кавалак з кожнае стравы, льюць туды таксама і гарэлку перад тым як выпіць. Пачынаючы вячэру, гаспадар хрысціць лыжкаю канун, які стаіць пасярод стала, і кажа: «Сьвятые дзеды, прыходзіце к нам вечэраць, прашу вас на вечэру!» Потым міску з ядою, адкладзеную для нябожчыкаў, адносяць на могілкі. Настрой ва ўсіх урачысты і паважны.
Апрача духаў памерлых, наш народ ведае шмат іншых звышнатуральных істот, дзейнасць якіх бывае часцей шкодная, чым карысная. Існуць, праўда, у яго разуменні анёлы (Янгалы), але гэтыя, бадай што, вельмі мала ўмешваюцца ў людскія справы; жывуць яны ў раю і служаць Богу. Анёлаў-ахоўнікаў наш народ наогул не ведае. А на зямлі найчасцей дзейнічае Злый чорт, які ўмее ператварацца ў розныя постаці, шкодзіць людзям, спакушае іх на зло, падгаворвае да п’янства і крадзяжу, чыніць розныя свавольствы, напрыклад, на роўнай дарозе выварочвае цяжка накладзеныя вазы, у зімовую пару насылае снежныя віхуры і скіроўвае на зусім не тыя дарогі і г. д. Існуе два віды гэтых чарцей: старэйшы, а можа і некалькі старэйшых, якія аддаюць распараджэнні, і ніжэйшыя, якіх вельмі шмат і якія выконваюць загады. Часамі можа здарыцца, што такі з ніжэйшага раду Злый аказваецца пасланы на службу чалавеку, а гэты, апошні, абавязкова прадае яму за гэта сваю душу. Але як такія дамоўленасці ажыццяўляюцца, пра гэта я не магла даведацца.
У кожнай хаце, у кожнай гаспадарцы жыве так званы Дамавік істота няўлоўная і вельмі шкадлівая. Ніхто яго ніколі не бачыў, але тое, што ён вырабляе, далося ў знакі кожнаму. Гэта ён уночы, калі ўсе спяць спакойным сном, заезджвае коней, гойсаючы на іх па палях і так іх вымучваючы, што пад раніцу бедныя жывёліны запарваюцца і пакрываюцца пенаю (ад гэтага дапамагае падвешаная над дзвярыма стайні забітая сарока). Дамавік так дражніць сабак, якія прыснулі, што тыя зрываюцца і жаласна выюць. Ён знянацку адгукаецца трэскам і грукатам у коміне і па сценах, палохае адзінокіх жанчын, выхоплівае зэдлік з-пад сядзячага, і той падае на зямлю. Яго ўсе ненавідзяць, але не могуць нічога зрабіць супраць яго штукарстваў і вымушаны спакойна цярпець.