Нарадзілася я на Палессі...
фальклорна-этнаграфічная спадчына
Эма Яленская
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 374с.
Мінск 2019
Ёсць таксама і Злыдні малыя гарбатыя, скручаныя стварэнні, у вялізных ботах і ў шапках; час ад часу нападаюць яны на пэўную хату, і тады ўжо там
нічога не вядзецца. Звычайна яны пасяляюцца ў падпеччы, адтуль робяць выхады па ўсёй гаспадарцы і адбіраюць ўсялякі прыбытак (спор). Яны і ў гаршкі з ежаю заглядваюць, і ў лепшую кашу пяску падсыплюць, у самае тлустае малако вады дальюць, у дзяжы хлеб папсуюць, у курэй яйкі павыкрадаюць, не даюць збіцца маслу, ва ўсім шкодзяць і надакучаюць. У выніку хата, дзе яны пасяліліся, бяднее, і ў яе закрадваецца галеча. З’яўляюцца яны часам без усялякае прычыны, але можна іх таксама наклікаць празмернай пагоняй за прыбыткам, нястрыманасцю ў працы. Калі, напрыклад, хто, падсілкоўваючыся, працуе, дык можна быць упэўненым, што на яго «злыдні» нападуць.
Калі я гаварыла пра дзяцей, то згадвала пра Начнікоў, якія адбіраюць у немаўлятак сон, б’юць іх, казычучы ці шчыплючы іх уночы.
У лесе жыве Лесный Дзед. Ён хаваецца ў глыбокіх і недасягальных балотах і вабіць да сябе заблукалае быдла, так што часта бедная карова, хоць і ведае дарогу ў вёску і адчувае, што трэба вяртацца, аднак усё далей накіроўваецца ў лес і, нарэшце, гіне ад ваўкоў, якія нападаюць на яе. Але супраць гэтага ў знахароў ёсць свае сродкі: яны ўмеюць рабіць на дрэвах такія знакі («засекі»), што згубленая жывёліна не зможа далей кроку ступіць, і стаіць, як укапаная, хоць бы і цэлы дзень, пакуль яе не знойдуць. Але часам і такое адшукванне сярод лясных прастораў бывае вельмі цяжкім і непасільным. Тады можна ўпрасіць знахара, каб той накіраваў жывёліну дадому. Знахары не любяць выкарыстоўваць такі сродак, напэўна, баючыся помсты ляснога дзеда. Аднак у крайнім выпадку, калі ўсе пошукі засталіся безвыніковымі, хапаюцца і за гэты. Якім спосабам карыстаецца знахар у такім выпадку гэта ахутана глыбокай таямніцай; ён толькі перасцерагае, каб вароты ў двор і дзверы ў абору былі шырока адчыненыя, бо жывёла, гонячыся што ёсць духу, можа разбіць сабе аб іх галаву, бо не зважае тады ні на якія перашкоды. Трэба падпільноўваць яе, і як толькі жывёліна ўскочыць на падворак, як мага хутчэй зачыняць за ёю дзверы. Прыбягае згубленая карова спацелая, дрыжачая, спалоханая, і ўжо ў аборы доўга яшчэ з трывогаю азіраецца, нібыта нешта страшнае бачыць за сабою. Расказваючы пра гэта, дадаюць ад сябе: «Недобрэ так рабіць».
Русалка гэта дзяўчына, якая, быўшы нарачонаю, памерла, не дачакаўшыся шлюбу. На працягу ўсяго года яна хаваецца дзесьці па лясах, а вясною выходзіць са свайго сховішча і, перапоўненая прагаю кахання, шукае сярод маладых мужчын свайго нарачонага. Аднак, яна і іншых мужчын прыварожвае да сябе, адбіваючы ад жонак і нявест, таму ў жанчын і нянавісць да іх. Расказваюць, што русалка гэта вялізных памераў жанчына з поўнымі і пукатымі грудзямі, з расплеценымі валасамі, прыбраная ў раскошныя строі з блёсткамі, вельмі чапурна. Яна бегае па палях сярод жыта з пранікам у руцэ; схопленага забівае гэтым пранікам альбо прытуляе да грудзей і казыча да смерці. У некаторых мясцовасцях Палесся яшчэ захоўваецца вельмі арыгінальны звычай выгнання Русалкі. Выбіраюць сярод вясковых дзяўчат самую прыгожую, адмыслова апранаюць і раным-рана са смехам і крыкам выганяюць яе з вёскі пры ўсеагульнай весялосці. Трэба памятаць, што выганяюць яе адны толькі
жанчыны і дзяўчаты; мужчыны не бяруць удзелу. У Камаровічах, аднак, я не чула пра гэты звычай. Ёсць некалькі песень пра Русалак, але няшмат з іх можна даведацца пра тое, як уяўляюць сабе гэтую постаць у народзе.
Наколькі ўсе гэтыя вераванні шчырыя, меркаваць цяжка. Мне здаецца, што ў свядомасці жанчын не ўзнікала дагэтуль ніякіх сумненняў, і забабонныя абрады яны выконваюць з непахіснай вераю ў паспяховасць іх вынікаў. Мужчыны, маючы большыя сувязі з навакольным светам, пачынаюць больш крытычна глядзець на існуючыя звычкі, часам нават зняважліва адгукаюцца пра старадаўнія ўяўленні асабліва тыя з іх, хто пабываў у далёкіх краях і доўгі час жыў там у зусім іншым асяроддзі людзей; яны адкрыта насміхаюцца над мясцовай адсталасцю. Аднак, і яны не ўхіляюцца ад абрадаў, бяруць ва ўсім удзел і паступова, з надыходам старасці, у іх пачынаюць забывацца ўражанні з далёкага свету, і прыроджаны кансерватызм бярэ верх над нейкімі часовымі ўплывамі, і яны вяртаюцца да таго, чым былі ззамаладу. Уплыў асяроддзя настолькі моцны, і асяроддзе гэтае мае такі маналітны і значны характар, што супраціўляцца яму не можа не толькі просты цёмны вясковец, але нават цывілізаваны і адукаваны чалавек. Я ведаю мясцовых жыхароў з універсітэцкай адукацыяй, якія, калі захварэе жывёліна, пасылаюць па знахара, і свой зубны боль яны лечаць замовамі, а на могілкі не пайшлі б увечары ні за якія скарбы на свеце. Я ўжо не кажу пра цэлы клас аканомаў, ляснічых, гаспадынь, забабоннасць якіх знаходзіцца на ўзроўні самага цёмнага люду.
Пра народнае лячэнне вельмі цяжка атрымаць дакладныя звесткі. Перш за ўсё з вялікай неахвотаю сяляне раскрываюць спосабы лячэння перад тымі, хто можа крытычна паставіцца да іх. Даволі далёкія стасункі з панскім дваром парадзілі іх пэўны недавер, а пастаянная боязь выглядаць смешнымі не дазваляюць ім быць адкрытымі: «Ой, паны, усюды насьмеюцца!» Калі запытаеш пра параду, як трэба лячыць, яны неахвотна дзеляцца ёю, перакананыя, што яна не будзе скарыстаная. Самі ж, аднак, часта прыходзяць з просьбаю памагчы пры хваробе, але больш пажаданым для іх у гэты час становіцца які-небудзь прысмак, чым лякарства; просяць заўсёды варэння або яблык, часам віна, і за гэта вельмі ўдзячны. Ахвотна потым шукаюць паратунку у вядомым ім ужо лякарстве, як, напрыклад, у хініне. Бо з усіх хвароб, можа быць, ліхаманка больш за ўсё іх і мучыць. Увосень і вясною яна пануе паўсюль і бывае такая цяжкая для лячэння, што парою на працягу некалькіх месяцаў не дае спакою і нярэдка заканчваецца сухотамі або поўнай вычарпанасцю арганізму. Завуць яе трасца. Найгоршым тыповым праклёнам бывае: «Трасца тваей маці!» Часта таксама здараюцца тыф і рэўматычныя гарачкі. Затое воспа і іншыя высыпкі сустракаюцца вельмі рэдка. Часам лютуе сярод дзяцей шкарлятына. Славуты палескі каўтун таксама не мае ахвяраў у Камаровічах, хоць у наваколлі ёсць цэлыя вёскі, заражаныя гэтай хваробаю. Адносна вялікая смяротнасць пануе сярод дзяцей, хоць дакладных звестак пра гэта мы не маем, бо валасная статыстыка вельмі адвольная. У Камаровіцкай воласці з яе насельніцтвам прыкладна 4 500 чалавек памірае кожны год 80-100 душ.
Дадам тут яшчэ пару агульнаўжываных лекавых сродкаў.
Ад болю зубоў выкарыстоўваюць адвар з дубовае кары, якім палошчуць рот па некалькі разоў, нават калі ўжо зуб перастане балець. Кладуць на пульс рукі з хворага боку цёрты хрэн, ён шчыпле і на нейкі час прыносіць палёгку. Часцей, аднак, звяртаюцца да замаўлення. Адбываецца яно наступным чынам. Калі выйдзе месяц (без месяца замаўленне зусім не дапамагае), хворага выводзяць з хаты і загадваюць яму ўглядацца ў дыск свяціла. Шаптуха ж, паклаўшы палец на хворы зуб, паціху гаворыць такія словы: «Як дуб у лесе далёко, як месяц у небе усоко, як камень у моры глубоко. Як гэты тры браты зберуцца, то нехай табе зубы разболяцца». I тройчы дадае малітву «Багародзіца». Можна таксама і самому сабе дапамагчы. Першы раз убачыўшы ў небе месяцмаладзік, трэба ўзяць крысо адзежыны ў руку, перахрысціцца ім і, гледзячы на месяц, пераказаць прыведзенае вышэй закляцце.
Ад болю галавы яе перавязваюць хусткаю, намочанай у воцаце. Калі галава баліць ад чаду, кладуць у вушы свежыя журавіны і часта іх змяняюць.
Калі саспявае скула, яе абкладваюць пшанічнай мукою, змяшанаю з мёдам, што і дапамагае ёй хутчэй прарваць.
Ад рэўматызму і ламаты ў касцях ужываюць смажанае конскае сала на спірце. Гэтай маззю націраюць балючыя месцы кажуць, што вельмі хутка дапамагае.
Ад хваробы св. Валянціна вялікай хваробы даюць піць вынутыя з-за вуха парасяці костачкі, сцертыя на парашок і звараныя.
Калі павінен з’явіцца каўтун, тады суставы баляць, у галаве шуміць і ўсё ные. Тады не трэба перашкаджаць каўтуну, а наадварот, трэба яму дапамагчы. Дзеля выпрабавання, ці гэта сапраўды каўтун збіраецца звівацца, носяць на шнурку ягнячую воўну, увязаную нізка на грудзях, пад ямкаю. Калі каўтун мусіць звіцца, то гэтая воўна зблытаецца і скруціцца за некалькі дзён. У такім выпадку трэба піць настоеныя на гарэлцы сушаныя і сцертыя мухаморы, і валасы адразу пачнуць звівацца. Дапамагае таксама барвенак: яго запарваюць у вадзе і п’юць. Каўтун нельга зразаць самавольна. Альбо здараецца, што ён сам спадзе, альбо яго можа ў Вялікую суботу зняць знахарка, пры гэтым яна ўжывае разнастайныя шэпты. Тады яго трэба занесці на ваду і ўтапіць. Кажуць, што паколькі ў гэты дзень у царкве здымаюць Хрыста, то і каўтун можна зняць.
Пры нястраўнасці ў жываце з вялікай прыемнасцю ўжываюць рыцынавы алей, лічачы яго вельмі смачным лякарствам.
Жанчынам адразу пасля нараджэння дзіцяці часта даюць звараны ў віне ці нават у гарэлцы перац і карыцу, што павінна служыць дзеля хутчэйшага ачышчэння. Потым пояць іх рамонкам. Дзіцяці таксама ў першыя два дні нічога акрамя рамонку не даюць. Калі здарыцца, што пасля родаў недастаткова хутка надыходзіць ачышчэнне, ад чаго ўзмацняецца гарачка і нападаюць розныя болі, рыхтуюць для хворай моцнае, але часам эфектыўнае лякарства: мурашнік разам з мурашкамі заварваюць у вадзе, потым выварочваюць на палатно і прыкладваюць да страўніка. Я ведаю адну маладую жанчыну, якая
пасля такога лячэння хутка ачуняла, хоць перад гэтым, здавалася, была блізкая да смерці. Яшчэ пры такіх самых выпадках даюць адвар з жытніх ражкоў.
Ад няплоднасці лечацца па-рознаму. Наступны сродак, як сцвярджаюць, беспамылковы: трэба знайсці ў лесе бярозу, што зраслася з дубам, перад поўняю сашкрэбці трохі кары з аднаго і з другога дрэва, заварыць і выпіць. Другі сродак агульнавядомы: пупавіну ад нованароджанага здаровага дзіцяці сцерці на парашок і выпіць з вадою ці гарэлкаю. Выкарыстоўваюць яшчэ і такі спосаб: выразаюць па кавалачку з кашулі жонкі і мужа, шматкі гэтыя спальваюць, і попел даюць выпіць разам з вадою мужчыне. Адна жанчына расказвала мне, што 12 год не мела дзяцей, за што яе муж біў, і ўся сям’я здзеквалася, думаючы, што яна сама сабе наўмысна шкодзіла нейкімі сродкамі, каб не раджаць, і толькі пасля ўжывання гэтага сродку зацяжарыла і мела потым аж дзевяцёра ўцех, і сярод іх трох дзяўчынак за адзін раз нарадзіла. Аднак ёсць выпадкі, калі ніякія лекі не могуць дапамагчы; можна нават па знешнім выглядзе зразумець, што пэўная асоба патомства мець не будзе «нема ў ней народу». Такія людзі, якія не могуць мець дзяцей, самі звычайна нараджаюцца пад час другой квадры. Народжаныя ў поўню, на маладзіку ці ў апошнюю квадру заўсёды плодныя.